Акраец хлеба - Янка Брыль 8 стр.


А тая Анечка нібы і не чуе, не бачыць нічога — вядзе сабе, смыкае з усёй пацешнай сур'ёзнасцю чатырохгадовай памочніцы.

Стары памалу, нібы непрыкметна ды так сабе, здымае сваю ягнячую шапку-каўпак, прыплюшчвае вока, прыцэльваецца і спрытна кідае на праллю. Папаў! — нітка перарываецца паміж кудзеляй і ручкай. Гэта ўжо не ўпершыню, і ўчора так было, і Анечка злуецца, смешна, «па-даросламу»:

— Алісей ты! Ты мне ніколі прасці не даеш!

— А я цябе, Гануся, не баюся! — нараспеў пацвельваецца дзед.

Тады яна ўстае са свае прасніцы, ставіць яе каля ножкі стала і не на жарты прыступае да свайго перашкаджальніка. Неўзабаве дзед ужо ляжыць, «павалены» на падлогу. Анечка то ляпае яго далонькай па пухкім кажусе, то верхам сядзіць на яго жываце і пераможна смяецца. Потым яна ўстае, поўнасцю здаволеная і стомленая, а ён садзіцца на падлозе і пачынае пакрыўджана «плакаць». Як малы, выціраючы кулакамі вочы.

— Набіла, шапку за печ закінула, ы-ы-ы!..

Спачатку Анечка прымае гэта як працяг гульні, а потым у яе маленькім сэрцы абуджаецца далёка-далёкае, будучае матчына шкадаванне.

— Устань! — спачатку крычыць яна на старога. — Сказала табе, устань! — І нават мякка тупае валёначкам.

Гэта яшчэ ўсё толькі гульня.

Дзед плача — зусім як плача. І Анечка пачынае яго шкадаваць:

— Алісеечка мой, сыночак маленькі! Я больш не буду. Я табе малачка.

Гэта — таксама яшчэ ўсё з іхняга рэпертуару.

— І шапку тваю знайду, вушкі твае не памерзнуць.

Дзед плача горка і няўцешна. І тут ужо Анечка бянтэжыцца: а можа, ён і папраўдзе?.. Яна глядзіць на яго, і вочы яе пачынаюць большаць і вільгатнець. Стары яшчэ ўсё хныкае, закрыўшыся рукой, аднак і глядзіць праз карэлыя пальцы і, адчуўшы, убачыўшы, што ўжо тым часам годзе, што і малая можа заплакаць, аднімае ад твару далонь і смяецца:

— Што, Гануся, спалохалася?

І малая таксама смяецца.

— От вы, дзядзько, які! — гаворыць пралліна мама, а ў голасе яе і маладая весялосць, і сталая матчына ўдзячнасць.

Бабуля перастала прасці і ціха смяецца, нічога не кажучы. Да «вычварання» гэткага і іншага яна па-суседску прывыкла даўно.

Задоўга да таго, як на свеце з'явілася Анечка, здарылася аднойчы такое.

У канцы лета, пад вечар, у вёску ўтупацеў, убразгацеўся потны, запылены эскадрон уланаў. Не так, як некалькі гадоў перад гэтым, калі і салдаты разам з паліцыяй шукалі па нашых прыпушчанскіх вёсках чырвоных паўстанцаў, і не так, як гэта пазней рабілася ў Заходняй Украіне ці на Берасцейшчыне, дзе войска ставілі ў сёлах на карны пастой, — цяпер былі проста манеўры. Па двух, па трох, па чатырох, спешыўшыся на вуліцы, уланы з коньмі разышліся па дварах і — усякая праца ў Ніжніх Бандунах спынілася.

Здымаліся сёдлы з танканогіх узмакрэлых коней. Коні, усе аднамасныя, задаволена пырхалі. Бразгацелі, звінелі страмёны, цуглі, шпоры. Былі сапраўдныя шаблі, пікі, карабіны, якія можна было нават пачапаць. Чулася польская гамана — то каманда якая, то проста гутарка, жарты, нязлосная лаянка, смех. Рассядланыя, расцугляныя «ганчакі» зусім па-конску хрупалі сена і, як свае, глядзелі добрымі, глыбокімі вачыма. Перад Качкамі, дзе шырэйшая вуліца, спачатку толькі дыміла, а потым і незвычайна духмяніла кавай палявая кухня. Кіславата пахла хлебам, пабразгвалі кацялкі. Уланы, вызваліўшыся ад усіх сваіх патранташоў ды рамянёў, сталі з ваякаў звычайнымі хлопцамі з розных далёкіх вёсак і гарадоў, асабліва свойскімі тады, калі захацелі «купіць» малака, а «наша мама» (бо так было ледзь не на кожным двары) вынесла ім цэлы збан і грошай, вядома ж, не ўзяла.

У дваццаць чацвёртым — дваццаць пятым гадах, ганяючыся за «бальшавіцкімі бандытамі», ніякае войска ў Ніжнія Байдуны не заходзіла, крыўды ад яго ніхто не памятаў. І раней, у польска-савецкую вайну, нашу вёску абмінулі і бітвы, і ваенны пажар. А цяпер, ужо даўно не на першым годзе пасля крывавага ліхалецця, многа і нашых хлопцаў служыла ў польскім войску, і ў кавалерыі, і ў пяхоце, — служылі і раней, і ў тое лета, далёка ад роднага дому...

Таму яны, матчыны сэрцы, і раскрываліся.

Цётка Катрына не была яшчэ тады бабуляй Анечкі. Будучы бацька малое праллі ў салдаты пойдзе яшчэ не хутка. Ды матчын клопат, яе трывога, насцярожанасць даходзяць у прадбачанні вельмі далёка. І цётка, вядома ж, таксама вынесла гэтым уланам непачаты збан малака і паўбохана хлеба — проста як нечым сынам.

А ўсё ж, калі пачало сутуняцца, яна, руплівая ўдава, паклікала меншага сына-падлетка і ў сенцах, каб ніхто не чуў, сказала:

— Пойдзеш спаць у аўсяныя мэндалі за Алісеева гумно. Чорт ім верыў, яшчэ снапы пакрадуць сваім коням.

Хлопец, як яму ні хацелася застацца дома, на вуліцы, зблізку пачуць, як трубач зайграе «цапштык» — адбой, паслухмяна пранікся матчынай асцярожнасцю. Ніхто не чуў, няхай жа ніхто і не бачыць. Загарнуўшы кажушок у посцілку, нібы так сабе клунак нейкі нясе, ён перайшоў цераз вуліцу, цераз Цівунчыкаў двор, міма аціхлых там людзей і коней, заўважыў, што ні самога дзядзькі Алісея, ні цёткі Зосі, ні Шуры іхняга, ні дзевак там няма, перайшоў цераз загуменную дарогу і ціха пашамацеў мяккім аўсяным іржышчам да першых мэндлікаў. Паслаўся паміж імі на цёплых яшчэ снапах, лёг і накрыўся посцілкай і кажушком.

Хлопец успомніў, як ён нядаўна, гэтай вясною, вяртаючыся познім вечарам з Плёхава, ад цёткі, свіснуў на скрыжаванні за сваёю вёскай. Кажуць, што, калі там свіснуць апоўначы, — з'явіцца чорт. Хлопец свіснуў, а чорт не з'явіўся. Можа, таму, што яшчэ не поўнач была? Яму, аднак, стала страшна, ён спачатку пайшоў памалу, а потым не вытрымаў — азірнуўся, пайшоў хутчэй і, нарэшце, пабег. І толькі ўжо на вуліцы, а яшчэ больш на сваім двары падумаў, што вось і не вельмі спалохаўся.

Успомніў хлопец таксама і тое, як летась у жніво была вялікая навальніца, а пад вечар, калі яна сціхла, маці паслала яго на далёкае поле, паправіць паваленыя ветрам і ліўнем жытнія мэндлі. Уранні таго дня, яшчэ задоўга да навальніцы, у Ніжніх Байдунах было накідана «афішак» (так у нас называлі лістоўкі), у якіх не па-польску, але па-нашаму было надрукавана, каб не плаціць панам-пілсудчыкам падаткаў, дамагацца школы на роднай мове, свабоды зняволеным палітвязням, дамагацца, каб і тут, як у Савецкім Саюзе, была ўлада рабочых і сялян. Хлопец ціха ішоў па мокрым бадылістым жытнім іржышчы, набліжаўся да мэндляў, адны з якіх былі абернуты, а з іншых толькі пазбівала шапкі, ішоў і думаў, што тыя смелыя і таямнічыя, хто раскідаў «афішкі», цяпер — сядзяць у мэндлях... Яму было сцішнавата, і ён пачаў ціха напяваць. З дзвюх песняў, якія ўжо трохі ведаў — «Ад веку мы спалі» і «Вставай, проклятьем заклейменный». Спяваў не так для смеласці, як дзеля таго, каб пачулі тыя, што недзе тут сядзяць у мэндлях, а ноччу зноў пойдуць па вёсках, спяваў, каб пачулі і зразумелі, што ён ім — свой...

А што ж ён будзе рабіць цяпер, калі прыйдуць уланы — па іхні авёс? Няўжо толькі крычаць? Няўжо яны тады адразу вернуцца, уцякуць?..

Навокал сакаталі конікі, у небе паміргвалі, таксама незлічоныя, зоркі, у вёсцы амаль зусім аціхла гамана, вось-вось павінен быў пачуцца горн адбою... Лета гарачае канчалася, але дні былі яшчэ ўсё па-летняму доўгія. Хлопец, пастух, устаў вельмі рана, за дзень набегаўся, а потым, пад вечар, і нагледзеўся. На цёплым аўсе, пад дзяругай і кажушком, нядаўна павячэраўшы, было так цёпла, што песню горна хлопец пачуў ужо як праз сон. А потым — каб і стралялі яны, з усіх сваіх карабінаў — і таго не пачуў бы...

Уранні ён прахапіўся раней, чым у вёсцы пачуўся сігнал вайсковай пабудкі. Мэндляў абапал яго — не было!.. Нейкі момант ён, яшчэ седзячы, лыпаў вачыма, тужыўся разгадаць, што ж гэта адбылося, а потым, устаўшы, убачыў свой авёс. Крокаў за трыццаць далей, трохі за ўзгорачкам, відаць толькі крайнія шапкі. Падбег туды, палічыў. Усе пятнаццаць, без таго, шаснаццатага, на якім спаў. І пастаўлены хораша, нібы тут яны і стаялі.

Спачатку хлопец занёс туды і паставіў шаснаццаты, потым ішоў дахаты і на Цівунчыкавым двары, дзе спалі і ўланы і коні, сустрэў дзядзьку Алісея.

— Здароў, Іванко, — адказаў той на прывітанне, нібы нічога ніякага, як і заўсёды. Але па ўсмешцы дзядзькавай малому стала ўсё ясна, хоць і смяяўся Рыўка «навыварат», гаворачы за ўланаў «па-польску»:

— Як богем кохем, ніц не вем!..

...Анечка прала на маленькай прасніцы гадоў... хутка сорак таму назад. Нядаўна мы з ёю, Ганнай Андрэеўнай, тэхнікам на льнозаводзе, весела ўспаміналі тое прадзенне. Я бачыў яго тады разам з яе бабуляй і мамай, адна з якіх мая маці, а другая братавуха.

Снапы я вартаваў яшчэ на некалькі гадоў раней.

Дзядзька Алісей быў тады, на аўсяным іржышчы, пад зоркамі зусім адзін. Але я дагэтуль бачу, хоць і не бачыў, як ён стаіць над сонным хлапчуком і сам сабе ўсміхаецца...

Ёсць такая пара, на стыку вясны і лета, калі нядзеля ў мужыка свабодная, калі ён можа не ў працы, але «па-панску» палюбавацца прыродай. Тым больш што яна тады — у самым росквіце.

Мы, пастушкі, занятыя былі і ў нядзелю. Ды ў нас, у хлопцаў, былі ж і сяброўкі, якія маглі «адпусціць», калі ўжо такая патрэба. Час мы мералі не гадзіннікам — на ўсю вёску іх са два, можа, і было — а даўжынёю ўласнага ценю. «Пусці мяне на ступак, на паўтара, на два...» У самы поўдзень каровы, прыгоненыя «з ранак», былі дома, але і тады, калі мы іх зноў выганялі на пашу, цень быў яшчэ ўсё кароткі, мы мералі яго з дакладнасцю да палавіны і да чвэрткі ступака, у хлопцаў невялікага, а ў дзяўчатак яшчэ меншага. А што да патрэбы, дык дзе там ужо большая за тую, калі з вёскі па выгане, цераз падсохлае балота, на луг да рэчкі ідзе вялікая грамада — мужчыны, хлопцы, свабодныя ад пасты хлапчукі! Ясна, што будзе...

Калі грамада збіралася ў вёсцы на выхад трохі раней, а нашы каровы яшчэ стаялі ці ляжалі кожная на сваім двары, мы дамаўляліся з дзяўчатамі дома; калі ж трохі пазней, дык мы ўжо на пашы мералі цень ступакамі і з крыкам, у падскоках даганялі тую грамаду.

Рэчка наша спакойная, з тарфяністым дном, шмат крутых (у нас кажуць «прыткіх», а то і «спрытных») берагоў, пад берагамі многа падрэзаў, а на дне — вялікага куп'я.

Гэта якраз і трэба, гэта, па-сучаснаму кажучы, і абумовіла даўні мясцовы від маладзецкага спорту.

Над рэчкаю, на мурагу, што расквітнеў купаллем, рамонкамі, кашкамі, вогнікамі, смолкай, браткамі і процьмай іншых кветак, усе мужчыны, ад найстарэйшых да найменшых, распранаюцца. Ні трусоў, ні трусікаў — не было яшчэ такога звычаю. Малыя распранаюцца хутчэй, як быццам баючыся не паспець на самае галоўнае. А мужчыны і дзецюкі не спяшаюцца. Раздзеўшыся, сядзяць у сонцы, абменьваюцца заўвагамі наконт таго ці іншага, ахвотна адводзячы тэму ў той бок, дзе малым асабліва цікава, ласа слухаецца.

Назад Дальше