Крыніца: Bach R. Jonathan Livingston Seagull. — New York: The Macmillan Company, 1970.
Сапраўднаму Джонатану Чайцы
які жыве ў кожным з нас
Была раніца, сонца толькі што ўзышло і золатам пералівалася на невялікіх марскіх хвалях.
За мілю ад берага з рыбацкага судна раскідалі прынаду; вестка пра гэта адразу данеслася да Чарады, і тысяча чаек зляцелася сюды, каб у бойцы або хітрыкамі раздабыць сабе хоць крыху харчу. Надышоў новы поўны клопатаў і турбот дзень.
І толькі чайка па імені Джонатан Лівінгстан у самотнай адзіноце воддаль ад карабля і ад берага практыкавалася ў палётах. На вышыні ста футаў Джонатан апусціў свае перапончатыя лапы, узняў угору дзюбу і, напружыўшы ўсю сілу, перамагаючы боль, стараўся трымаць крылы выгнутымі дугой. Гэтакі выгін даваў магчымасць зменшыць хуткасць, і цяпер ён ляцеў так павольна, што вецер у твар адчуваўся як лёгкі шэпт, а акіян, здавалася, замёр на месцы. Ад неймавернага намагання вочы ў Джонатана звузіліся, у яго заняло дух, ён выгінаў крылы яшчэ... яшчэ... яшчэ на адзін дзюйм, і тады пер'е на ім стала дыбам, ён быццам спатыкнуўся і... упаў.
Чайкі, як вядома, ніколі не спыняюцца ў палёце. Для іх спыніцца ў паветры — няслава, сорам і ганьба.
Але Джонатан Лівінгстан, які, ані не саромеючыся, зноў і зноў аж да напружанага трымцення выгінаў крылы і запавольваў палёт да замірання на месцы, быў незвычайны птах.
У большасці чаек палёт служыць толькі для сама элементарнага: дабрацца ад зямлі да харчу і вярнуцца назад. Для большасці чаек значэнне мае не палёт, а харч, ежа. А для гэтай чайкі менавіта палёт, а не ежа было сама важнае. Больш за ўсё на свеце Джонатан Лівінгстан любіў лятаць.
Ён зразумеў, што з такім складам думак яму не заваяваць павагі і любові астатніх птушак. Нават яго бацькі непакоіліся, што ён цэлымі днямі ставіць на сабе доследы, планіруючы на малой вышыні.
Ён, напрыклад, не ведаў, чаму так бывае, але калі ён ляцеў над вадою на вышыні меншай за палову размаху яго крылаў, дык мог з меншымі намаганнямі даўжэй лунаць у паветры. І такі палёт канчаўся ў яго не звычайным усплёскам ад удару лап аб ваду: яго моцна прыціснутыя да цела лапы пасля дотыку да паверхні мора яшчэ доўга пакідалі роўны след на вадзе. Калі ж ён пачаў з падкурчанымі лапамі планіраваць на бераг, а пасля вымяраць крокамі даўжыню следу па пяску, бацькоў проста жах ахапіў.
— Чаму, Джон, чаму? — дапытвалася маці. — Чаму ты не можаш быць такі, як усе, Джон? Чаму ты не пакінеш гэтыя палёты над самай вадой пеліканам і альбатросам? І чаму ты нічога не ясі? Сынок, ад цябе засталіся пер'е ды косці!
— Ну і хай сабе пер'е ды косці, мама. Проста я хачу ведаць, што я магу рабіць у паветры, а чаго — не, от і ўсё. Проста хачу ведаць.
— Паслухай, Джон, — спагадліва вучыў бацька. — Хутка зіма. Караблёў будзе мала, а верхаводная рыба сыдзе на глыбіню. Калі табе так трэба вучыцца, вучыся здабываць ежу, вывучай яе. Палёты — гэта добра, але ты ж разумееш, што сыты імі не будзеш. Не забывай: ты лятаеш, каб есці.
Джонатан паслухмяна кіўнуў. Некалькі дзён потым ён стараўся рабіць тое, што ўсе чайкі, шчыра стараўся: разам з усёй чарадой крычаў і біўся каля пірсаў і рыбацкіх суднаў, нырцаваў па кавалкі рыбы і хлеба. Але прымусіць сябе цалкам аддацца гэтаму не мог.
«Якая дурнота, — падумаў ён і знарок адкінуў з цяжкасцю здабыты анчоўс галоднай старой чайцы, што гналася за ім. — Увесь гэты час я мог бы вучыцца лятаць. Мне гэтак шмат чаму яшчэ трэба навучыцца».
І неўзабаве Джонатан быў зноў адзін далёка ў бязмежным моры, галодны, шчаслівы, поўны прагі да ведаў.
Тэмай яго заняткаў была хуткасць, і неўзабаве ён ведаў пра яе куды больш, чым сама быстралётная чайка на свеце.
З вышыні тысячы футаў, шалёна махаючы крыламі, ён рынуўся ў піке і сцяміў, чаму чайкі не пікіруюць гэтак крута. Ужо праз шэсць секунд ён ляцеў з хуткасцю семдзесят міляў у гадзіну, а пры такой хуткасці крылы трацілі ўстойлівасць на ўзмаху.
Так было раз за разам. Як ні стараўся ён, як ні напружваўся і як ні захоўваў асцярожнасць, але, дасягнуўшы вялікай хуткасці, ён траціў кіраванне.
Набор вышыні тысяча футаў. Спачатку на поўнай хуткасці ўперад, потым, не перастаючы працаваць крыламі, пераварот і крутое пікіраванне. І кожны раз яго левае крыло спынялася на ўзмаху, ён рэзка завальваўся ўлева, запавольваў рух правага крыла, каб выраўняцца, але шалёны паветраны паток цягнуў яго за сабой, прымушаў бязладна куляцца цераз правае крыло і пераходзіць у штопар.
Ніяк не ўдавалася захаваць асцярожнасць на ўзмаху. Дзесяць спробаў зрабіў ён, і ўсе дзесяць разоў, як толькі хуткасць дасягала сямідзесяці міляў у гадзіну, ён ператвараўся ў некіроўны, ускудлачаны камяк пер'я і плюхаўся ў ваду.
«Уся справа ў тым, — нарэшце прыйшло яму ў галаву, калі ён прамок да апошняга перца, — каб утрымаць крылы нерухома на вялікай хуткасці: махаць імі, пакуль не набяру пяцьдзесят міляў у гадзіну, а потым трымаць нерухома».
З вышыні дзве тысячы футаў Джонатан зрабіў новую спробу: ён перавярнуўся, нацэліў уніз дзюбу і з таго моманту, як набраў пяцьдзесят міляў у гадзіну, перастаў варушыць крыламі. Гэта вымагала неверагоднага напружання, але ён дамогся свайго, усё выйшла як след: праз дзесяць секунд ён імчаўся з хуткасцю дзевяноста міляў у гадзіну. Джонатан устанавіў сусветны рэкорд хуткасці для чаек!
Але нядоўга ён цешыўся перамогай. Як толькі ён пачаў выходзіць з піке, як толькі трошачкі змяніў паставу крылаў, яго падхапіў усё той жа дзікі шалёны віхор і на хуткасці дзевяноста міляў у гадзіну разрываў яго на шматкі, нібы выбухам дынамітнага зараду.
Джонатан-Чайка быццам узарваўся ў паветры і грымнуўся аб цвёрдую, як камень, паверхню мора.
Даўно ўжо сцямнела, калі памяць вярнулася да яго, і ён убачыў, што плыве пры святле месяца па акіяне. Ён адчуў свінцовы цяжар пашматаных крылаў, але груз няўдачы быў яму яшчэ цяжэйшы. «От каб гэты цяжар зацягнуў на дно і на тым усё скончылася», — падумалася яму.
Ён пачаў ужо апускацца ў ваду, ды тут раптам дзесьці ў самім сабе пачуў незнаёмы глухі голас: «Выйсця няма. Я чайка. Я абмежаваны самою сваёю прыродаю і магу толькі тое, што магу. Калі б я быў прызначаны для таго, каб так многа ведаць пра палёты, у галаве ў мяне была б спецыяльная вылічальная машына. Калі б я быў прызначаны для хуткасных палётаў, я меў бы кароткія, як у сокала, крылы і харчаваўся б мышамі, а не рыбай. Праўду казаў бацька. Трэба забыцца на ўсё гэтае глупства. Трэба ляцець дадому, да сваёй Чарады і быць задаволеным, што я такі, які ёсць, — слабая, абмежаваная ў сваіх магчымасцях чайка».
Голас змоўк, і Джонатан пагадзіўся з ім. Уночы чайка павінна знаходзіцца на беразе, а з гэтай хвіліны, пакляўся Джонатан, ён стане сама звычайнай чайкай. Ад гэтага ўсім будзе толькі лепей.
Ён стомлена адарваўся ад вады і паляцеў да берага, усцешаны ўжо тым, што навучыўся лятаць на малой вышыні, бо такія палёты дазваляюць эканоміць сілу.
«Ды не, — падумаў ён. — Скончана з усім, што было раней, з усім, пра што я даведаўся. Я такая самая чайка, як і ўсе, і лятаць буду, як усе». Перасільваючы боль, ён падняўся на сто футаў і, энергічна махаючы крыламі, заспяшаўся да берага.
Ён адчуў палёгку, што прыняў рашэнне быць, як і ўсе ў Чарадзе. Не будзе больш той невядомай сілы, што прымушала яго вучыцца, не будзе ні дзёрзкіх спроб, ні няўдач. Прыемна проста так ляцець на ўзбярэжныя агні і ні пра што не думаць.
«Цемра!.. — той самы глухі голас унутры забіў трывогу. — Чайкі ніколі не лятаюць у цемры!»
Джонатан не зважаў на яго. «Так хораша! — думаў ён. — Свеціць месяц, агеньчыкі мігцяць на вадзе, быццам праменьчыкі маякоў, і цішыня, спакой...»
«Зніжайся! Чайкі ніколі не лятаюць у цемры! Калі б ты быў прызначаны для начных палётаў, ты меў бы вочы, як у савы! У цябе была б у галаве вылічальная машына! І ты меў бы кароткія, як у сокала, крылы!»
Там, на вышыні, сярод начной цемры Джонатан Лівінгстан зажмурыўся. Знік боль, не засталося і следу ад прынятага рашэння.
Кароткія крылы. Кароткія, як у сокала, крылы!
«Вось дзе разгадка! Які ж я быў дурань! Усё, што мне трэба, — гэта маленечкія крыльцы: усё, што мне трэба, — гэта ўсяго толькі скласці крылы і ляцець на самых кончыках! Кароткія крылы!»
Ён падняўся на дзве тысячы футаў над морам і, ні секунды не думаючы пра няўдачу і пагібель, моцна прыціснуў да цела шырокія часткі крылаў, падставіў ветру ўсяго толькі вузкія, выгнутыя, як крывыя кінжалы, іх кончыкі і рынуўся крута ўніз.
У вушах жудасна зароў вецер. Семдзесят міляў у гадзіну, дзевяноста, сто дваццаць, і хуткасць усё нарастала. Пры ста сарака мілях у гадзіну вецер не адчуваўся цяпер з гэтакай сілай, як раней пры сямідзесяці, і, крышку павярнуўшы кончыкі крылаў, ён плаўна выйшаў з піке і шэрым ценем праляцеў над хвалямі, нібы гарматнае ядро.
Ад ветру ён зажмурыў вочы так, што засталіся толькі вузенькія шчылінкі, яго перапаўняла радасць. «Сто сорак міляў у гадзіну! І не страціць кіравання! Цікава, а калі паспрабаваць не з дзвюх, а з пяці тысяч футаў...»
Добрыя намеры, клятвы, якія ён даваў толькі што, былі забытыя, змецены магутным ветрам. Але, парушыўшы слова, дадзенае самому сабе, ён не адчуваў за сабою віны. Такія абяцанні могуць даваць чайкі, якія нічым не вылучаюцца сярод іншых. Для таго, хто хоць дакрануўся ў пазнанні да дасканаласці, яны не маюць значэння.
Як толькі ўзышло сонца, Джонатан зноў узяўся за свае практыкаванні. З вышыні пяць тысяч футаў рыбацкія судны глядзеліся маленькімі трэсачкамі на сіняй марской роўнядзі, а чайкі з Чарады, што кружыліся над імі, здаваліся лёгкімі пылінкамі.
Джонатан быў поўны сілы і энергіі і толькі крыху ўздрыгваў ад радасці; ён ганарыўся тым, што здолеў перамагчы страх. Потым, доўга не думаючы, ён абхапіў сябе крыламі, пакінуўшы пад вуглом самыя кончыкі, і рынуўся зверху ў мора. Джонатан праляцеў чатыры тысячы футаў і набраў гранічную хуткасць — вецер ператварыўся ў шчыльную сцяну, якая гула, вібрыравала і не давала яму рухацца хутчэй. Цяпер ён ляцеў строма ўніз з хуткасцю дзвесце чатырнаццаць міляў у гадзіну. Ад адной думкі, што, калі ён разгорне крылы, яго разарве на мільён драбнюсенькіх шматкоў, у Джонатана заняло дух. Але хуткасць — гэта сіла, хуткасць — гэта радасць, хуткасць — гэта само хараство.