Чайка па імені Джонатан Лівінгстан - Бах Ричард 6 стр.


— Ты не зразумеў. Маё крыло. Я не магу паварушыць крылом.

— Мэйнард-Чайка, ты вольны, каб стаць самім сабою, найсапраўднаю чайкаю Кірк Мэйнард, і нішто не мае сілы табе перашкодзіць. Такі Закон Вялікай Чайкі, такі Закон.

— Ты хочаш сказаць, што я магу лятаць?

— Я кажу, што ты вольны.

І Кірк Мэйнард лёгка і хутка, без аніякіх намаганняў, распасцёр крылы і ўзняўся ў цёмнае начное неба. Ад яго крыку з вышыні пяцьсот футаў прачнулася ўся Чарада.

Я магу лятаць! Слухайце! Я МАГУ ЛЯТАЦЬ!

На досвітку вакол гурту вучняў Джонатана стаяла каля тысячы чаек, усе яны з цікаўнасцю глядзелі на Мэйнарда. Ім было ўжо ўсё роўна, бачыць іх хто-небудзь ці не, яны слухалі і стараліся зразумець Джонатана.

А ён гаварыў пра рэчы зусім простыя: пра тое, што лятаць для чайкі — гэта яе звычайны занятак, што воля, свабодны палёт дадзены ёй самой прыродай, а ўсё, што перашкаджае волі, павінна быць адрынута і адкінута — звычаі, забабоны, забароны — усё, што абмяжоўвае волю.

— Адкінута, — пачуўся голас з натоўпу, — нават калі гэта Закон Чарады?

— Адзіны правільны Закон гэта той, што вядзе да волі, — адказаў Джонатан. — Іншага не існуе.

— Хіба можна спадзявацца, што мы навучымся лятаць не горш за цябе? — пачуўся другі голас. — Ты — асаблівы, таленавіты, незвычайны, не падобны на астатніх птушак.

— Паглядзіце на Флетчара! На Лоўэла! На Чарльза-Роланда! На Джудзі Лі! Яны таксама асаблівыя, таленавітыя і незвычайныя? Ані не больш, чым вы і чым я. Адзіная, адна-адзіная розніца ў тым, што яны пачалі ўсведамляць сябе, разумець, хто яны такія, і трэніравацца ў гэтым усведамленні.

Усе вучні Джонатана, апрача Флетчара, памуляліся ад няёмкасці. Дагэтуль яны яшчэ самі не ўразумелі, што займаюцца менавіта гэтым.

З кожным днём натоўп павялічваўся; прыходзілі, каб распытаць, каб выказаць сваё захапленне, прыходзілі і каб пакпіць.

— У Чарадзе кажуць, што калі ты не Сын Вялікай Чайкі, — загаварыў Флетчар да Джонатана аднойчы раніцай пасля трэніроўкі ў хуткасных палётах, — дык, значыцца, ты на тысячу гадоў апярэдзіў свой час.

Джонатан уздыхнуў. «Вось яна — цана неразумення, — падумаў ён. — Цябе называюць або д'яблам, або богам».

— А як думаеш ты, Флетч? Апярэдзілі мы наш час?

Флетчар доўга маўчаў.

— Гэтак лятаць, як лятаем мы, можна было навучыцца заўсёды і любому, хто пажадаў бы зрабіць такое адкрыццё, — прамовіў ён. — А да часу гэта не мае ніякіх адносін. Хіба што мы апярэдзілі моду. Апярэдзілі той спосаб, якім лятае большасць чаек.

— Гэта ўжо нешта значыць, — сказаў Джонатан, перакуліўся і паплыў у паветры дагары нагамі. — Гэта ўжо напалову лепш, чым апярэдзіць час.

Гэта здарылася роўна праз тыдзень. Флетчар паказваў прыёмы хуткаснага палёту групе навічкоў. Ён якраз выходзіў з піке, якое рабіў з вышыні сем тысяч футаў, і тонкай шэрай палоскай праносіўся за некалькі дзюймаў ад пляжа, калі на дарозе ў яго апынулася нейкае птушаня, што з крыкам «Мамачка!» выконвала свой першы ў жыцці палёт. Птушаня ляцела наперарэз. Каб пазбегнуць сутыкнення, Флетчар Лінд за дзесятую долю секунды рэзка рвануўся ўлева і на хуткасці дзвесце міляў у гадзіну ўрэзаўся ў гранітную скалу.

Яму здалося, што гэта была не скала, а вялізныя акаваныя дзверы ў іншы свет. Удар — і выбух страху, шок, цемра, а потым ён кудысьці плыў у дзіўным незнаёмым небе, памяць то вярталася да яго, то знікала, ён чагосьці баяўся і нечага шкадаваў, страшэнна шкадаваў.

Як і ў дзень першай сустрэчы з Джонатанам Лівінгстанам, ён пачуў голас:

«Сакрэт заключаецца ў тым, Флетчар, што мы стараемся пераадолець межы нашых магчымасцей паступова і цярпліва. Калі прытрымлівацца праграмы, дык нам яшчэ рана прабівацца праз скалы».

— Джонатан!

— Той самы, якога ведаюць як Сына Вялікай Чайкі, — суха абазваўся яго настаўнік.

— Што ты тут робіш? А скала? Няўжо я не... хіба я не памёр?

— Ды ну, Флетч! Падумай сам. Калі ты цяпер са мною гаворыш, дык, відаць, не памёр, хіба няпраўда? А адбылося вось што: табе ўдалося даволі рэзка змяніць узровень свядомасці. Цяпер ты мусіш выбіраць сам. Ты можаш застацца тут і вучыцца на гэтым узроўні — дарэчы, куды больш высокім, чым той, які ты пакінуў, — або можаш вярнуцца і весці далей заняткі з Чарадой. Старэйшыны спадзяваліся, што ўрэшце здарыцца якое-небудзь няшчасце, але нават яны здзівіліся, як здорава ты ім дагадзіў.

— Вядома, я хачу вярнуцца ў Чараду. Я толькі-толькі распачаў заняткі з новай групай.

— Цудоўна, Флетчар. Ты памятаеш нашы размовы пра тое, што цела — гэта не што іншае, як думка?

Флетчар страсянуў галавою, распрастаў крылы і адплюшчыў вочы: ён ляжаў каля падножжа скалы, а наўкол сабралася ўся Чарада. Пры першым жа яго руху ў натоўпе пачуліся пранізлівыя злосныя крыкі і лямант:

— Ён жывы! Ён памёр, і ён — жывы!

— Дакрануўся да яго крылом! Ажывіў! Сын Вялікай Чайкі!

— Не, ён кажа, што не сын! Ён — д'ябал! Д'ЯБАЛ! З'явіўся, каб загубіць Чараду!

У натоўпе было чатыры тысячы чаек, усе былі перапуджаны тым, што яны ўбачылі, і крык «Д'ЯБАЛ!» пранёсся сярод іх, як ураган. З агністымі вачыма, з востра нацэленымі дзюбамі, ахопленыя прагай крыві, яны плячо ў плячо падступалі ўсё бліжэй і бліжэй, каб знішчыць усё на сваёй дарозе.

— Як па-твойму, Флетчар, ці не лепей нам пакінуць іх? — спытаў Джонатан.

— Магу сказаць упэўнена, што я не адмовіўся б...

У той жа момант яны апынуліся за паўмілі ад таго месца, дзе толькі што былі, і нацэленыя ў іх дзюбы раз'юшаных птушак уткнуліся ў пустату.

— І чаму гэта так бывае, — разважаў Джонатан, — што цяжэй за ўсё прымусіць птушку паверыць у тое, што яна вольная? Кожная ж з іх можа пераканацца ў гэтым сама, калі патраціць крыху часу на трэніроўкі. Чаму гэта павінна быць так складана і цяжка?

Флетчар усё яшчэ здзіўлена міргаў ад нечаканай змены месца і абставін.

— Што гэта ты толькі што зрабіў? Як мы тут апынуліся?

— Ты ж сам сказаў, што не адмовіўся б быць далей ад натоўпу? Хіба не так?

— Так, але як табе...

— Гэтак жа, як і ўсё астатняе, Флетчар. Трэніроўка.

Назад Дальше