Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Васіль Быкаў 20 стр.


— Мне шкодзіць скразняк.

— Але ж ён не зачэпіць вас. Акно ж у нагах.

— Усё роўна.

Прыбіральшчыца зашчапіла кручок і з пакрыўджаным выглядам узялася за сваю справу. Але тут рашуча сігануў з ложка шафёр, які маўкліва ляжаў дагэтуль, і, нічога не кажучы, злосна штурхнуў фортку.

— Вы па якому праву? — закіпеў хворы, але шафёр ужо нырнуў пад коўдру, злосна буркнуўшы:

— Па такому.

У палаце зноў запахла сваркай. Хворы сказаў доўгую, поўную абурэння прамову аб чуласці да савецкага чалавека. Трое маўчалі. Дзядзька Міхась хітравата падмігваў шафёру і стрымліваў смех. Дырэктар насуплена пазіраў на сварліўца, і яго ноздры нервова раздзімаліся. А той, відаць, зразумеў, што да яго тут ніхто спагадліва не ставіцца.

— Сястра! — закрычаў ён. Сястра хутка прыйшла і спынілася на парозе. — Перавядзіце мяне ў іншую палату, я не магу ў гэтай.

— Чаму? — здзівілася сястра. — Гэта ж самая лепшая палата.

— Стварыце мне належныя ўмовы! Я не магу з гэтымі людзьмі.

— Але ў іншых месцаў няма. Хіба ў калідор?

— Што-о-о?! — чорныя вочы хворага бліснулі лютасцю.

Праз гадзіну сястра прыйшла зноў рабіць уколы. Пакуль яна калола ў руку хворага, ён зыркімі, поўнымі падазронасці вочкамі сачыў за яе рухамі. Потым сястра яшчэ калола шафёра і затым, закруціўшы гумай руку, пачала ўводзіць глюкозу дзядзьку Міхасю. Вочы сварлівага хворага хціва бліснулі.

— А мне што, няма глюкозы?

— Не прызначана.

— Як гэта не прызначана? Я ж аслабеў вельмі.

— Не ведаю, — коратка адказала сястра.

— Безабразія! Куды глядзяць гэтыя медыкі! Паклічце доктара.

— Праз гадзіну абход.

— Што мне абход! Вы лячыць мяне павінны, гэта ваш абавязак, а вы тут бюракрацію заводзіце. Я сёння ж напішу ўсё міністру. Я гэта вам не дарую…

Сястра аднак не стала слухаць і выйшла. Зноў у палаце стала ціха, і ў гэтай цішы ўладна грымеў голас хворага. Астатнія трое ляжалі моўчкі. Шафёр уткнуўся ў кніжку, дзядзька Міхась ужо не падмігваў. Дырэктар аднак не стрываў:

— Паслухайце. Не ведаю, хто вы такі, але трэба ж быць чалавекам, а не гэткім злыднем.

Ад гэтых слоў хворы ўстрапянуўся на ложку, вочы яго ўзгарэліся нядобрай рашучасцю, і невядома, што тут здарылася б, калі ў гэты час не расчыніліся б дзверы і ў палаце не з’явіліся новыя людзі. Гэта прыбыў новы хворы ў халаце, на кастылях. Яго прытрымлівала сястра. Яны накіраваліся да пятага незанятага ложка. Убачыўшы гэтага чалавека, сварлівец ураз абвяў, а новы зірнуў на яго і здзіўлена шавяльнуў брывамі.

— І ты тут? І ўсё сварышся? Кінь, браце. Хварэць трэба ціха.

Сварлівец раптам ірвануў з сябе коўдру.

— Сястра! — закрычаў ён. — Пераводзьце ў калідор. Я не магу тут, не магу…

Дзядзька Міхась ад нечаканасці разявіў рот, шафёр апусціў на падлогу кніжку, а на твары дырэктара з’явілася горкая ўсмешка.

— Хутчэй, — крыкнуў хворы. — Хутчэй!

Сястра паціснула плячыма, выйшла. Хутка прыйшлі санітаркі з каляскай і, паклаўшы на яе хворага, выкацілі з палаты.

— Ух ты, ну і чалавек, аж замарыў усіх, — сказаў дзядзька Міхась. — Ці не ведаеце яго? — звярнуўся ён да новага хворага.

— Як жа, ведаю, — казаў той, крэкчучы і месцячыся на ложку. — Пусты чалавек. Усё толькі сварыцца ды скаргі піша.

— А дзе ж ён працуе? — цікавіўся дзядзька Міхась.

— Працаваў. У харчгандлі — зволілі, у сангігіене — судзілі, але мала далі. Ездзіў на цаліну, ды збег, а зараз не працуе. Прыжыўся ў нейкай агароднай удавы і цягне з яе патроху.

— Глядзі ты! — здзівіўся дзядзька Міхась. — А гонару колькі! Бы які міністр, не меней. А на справе — пустата.

— Язва, — сказаў дырэктар.

— Апендыцыт, — дадаў шафёр. — Апендыцыт ён у здаровым целе — вось хто!

1957 г.

Браточкі, сакратары, начальнікі, старшыні, што ж гэта робіцца? Два гады кіраваў, стараўся, гаспадарку ладзіў, пра рэпутацыю дбаў, а тут ушчалося напасце. Зняславілі, зганьбілі, раскрытыкавалі… Гаспадарцы яно нішто, але ж мой аўтарытэт…

Не падумайце благога — я не супраць крытыкі. Не, што вы! Я за яе і рукамі і нагамі. Але ж трэба разумець, якая крытыка і хто крытык. Калі, скажам, таварыш Петрушкевіч — наш першы сакратар — крытыкуе, дык яно, ведаеце, неяк аж прыемна. З аднаго боку — прыкра, а з другога — прыемна. Сядзіш гэта і старанна ў блакнот тую крытыку ўпісваеш, а на цябе суседзі пазіраюць — здаецца, што зайздросцяць нават. Скончыць сакратар, а ты гэтак ветліва і цвёрда; «Будзе спраўлена, Пётр Кузьміч. Памыліліся». I ўсё добра і ладна. Калі часам на калгасным сходзе там які стары Пятрок ці дзед Афон пачнуць што з прымаўкамі плявузгаць — трошкі ніякавата, але трываеш — хай! Ім можна прабачыць — натое і старыя. Усё гэта, як кажуць, у сваёй хаце, на людзі не прэцца, за парог не выносіцца. I ўжо іншая справа, калі які друкаваны орган зачэпіць цябе. Спакой ужо не ўтрымаеш — на тыдзень настрой страціш. Але і тое яшчэ нічога, калі гэта піша які газетны пісака — ён, вядома, адукаваны чалавек. А вось тое, што ў мяне здарылася, ніякага працадэнту не мае. Ужо такой крытыкі ніводзін знаёмы мне старшыня не стрывае — нават ціхманы Панасюк з «Кастрычніка» і той роўнавагу страціў бы.

I хто мог падумаць, што ўсё пачнецца з таго адвячорка, калі у мяне ў канторы з’явіўся той газетчык з раёна, малады, кірпаты, у шэрай кепцы. «Прывітанне, — кажа, — старшыня. Як справы з уборкай?». «Добра, — кажу, — што нам: пасеялі — жнём». «Дык можа артыкульчык напішаце пра жніво?» Вось, думаю, не было марокі. Што я, пісец які, ці што? На пісаніну ў мяне апарат ёсць. «Не, — кажу, — некалі. У нас план, а на тое няпланавае мерапрыемства часу няма».

У той момант гляджу — з вуліцы да нас Паўлюк кіруе, кульгавага Селівона хлопец, які дзесяцігодку скончыў і цяпер на ферме працуе. Сам ён з выгляду такі непрыкметны, ціхманы. Кармушкі ладзіць ці гной двойнямі кідае і ўсё маўчыць, нібы пра якую дзяржаўную справу дбае. Вось, кажу карэспандэнту, Паўлюк напіша, ён разумны — алгебру вывучаў. Пасмяяліся, а газетчык той да Паўлюка і падаўся. Я аж уздыхнуў з палёгкай, а не змікіціў, дурань, што нарабіў. Ды хіба мог я меркаваць тады, што гэты рахманы Паўлюк атруціць маё жыццё?

Не ведаю, аб чым там яны ўдвух гутарылі, дый не да таго было. Я хутка забыўся і на газетчыка, і на Паўлюка таксама. Але вось неўзабаве даходзяць да мяне людскія размовы пра нейкі артыкул. Я — за падшыўку. Гляджу — праўда: «Не зніжаць тэмпаў уборкі», чытаю — пра наш калгас. Усё добра, але ў канцы, быццам цвік у сцяне — нібыта я, старшыня, мала патрабую ад механізатараў, якія часам робяць брак. I подпіс: Павел Апенька. Падзівіўся я, што такі смаркач гэткі падвал адгэхаў, але не стаў злавацца. Хай сабе і не патрабую. Ды і як ад яго патрабаваць, калі яны сёння тут, заўтра там, ды агрызаюцца яшчэ: у нас сваё начальства на ўказкі і гэтак далей. Праўда, сустрэўшы аднойчы гэтага пісаку, я ўкалоў яго ўсё ж: што, маўляў, карэспандэнт, мо’ і ў «Правду» падвал напішаш? Людзі наўкола смяюцца, а ён усё моўчкі стаіць ды сур’ёзна гэтак пазірае.

Маўчаў, а праз нейкі час прыходзіць пісьмо з рэдакцыі — старшыні на рэагаванне, гэта значыць — мне. Чытаю. Аказваецца, гэты Паўлюк напісаў, што старой адзінокай Барысісе не аказваецца дапамога, што ў яе няма дроў і дзіравая страха.

Ну, думаю, ці не сапраўды ўявіў ён сябе карэспандэнтам — вось нарабіў на сваю галаву! Але нешта ж трэба адпісваць — яшчэ новы клопат! Выклікаў я тую Барысіху. «Ты што, — кажу, — не можаш сама папрасіць, калі што трэба?». «Прасіла, — кажа. — Вы абяцалі, дык вось не дачакаюся, мо’ забыліся». Мо’ і забыўся, што ў мяне толькі і клопату, што тая Барысіха, — у мяне вунь дзяржаўныя задачы. Ну, прывезлі дроў, залапілі страху, але я ўжо раззлаваўся на гэтага блазнюка Паўлюка і ўсё збіраўся зайсці на ферму ды як след прабраць пісаку. Збіраўся, збіраўся і дачакаўся на сваю галаву. Праз тыдзень-другі ў той жа газеце — новы артыкул: «У „Новым шляху“ марудзяць з сіласаваннем». Маўляў, засмечаныя ямы, сапсаваныя сіласарэзкі і гэтак далей. I Паўлюкоў подпіс. Ну, што тут зробіш? Я адразу ж бяжком на ферму, а ён якраз там скідае канюшыну з воза. Кажу: ці ты з глузду з’ехаў, хлопец? Не забывайся, у калгасе жывеш, пакуль я над табою начальнік. Май на ўвазе: ты — блазнюк, а я — старшыня. Ты пад лаўкай поўзаў, а я на франтах ваяваў. Словам, даў наганяй. А ён хоць бы слова. Маўчыць, стоячы на возе, і пазірае сур’ёзна, быццам не разумее, хто перад кім вінаваты.

Назад Дальше