Хутка аднак яны ўгаманіліся, апамяталіся, удала захапілі на шашы першы грузавік, што выскачыў з горада, і, пасеўшы ў яго, пад аховай пераапранутых «канваіраў» паімчалі на ўсход.
Праўда, ехаць давялося нядоўга. Праз гадзіны дзве іх ужо спрабавалі затрымаць, а яшчэ праз гадзіну, адстрэльваючыся ад пагоні, яны абярнулі ў канаву машыну і, страціўшы палову людзей, ледзь схаваліся ў лесе.
Пасля яшчэ было шмат сутычак, шмат страху і рызыкі. У шляху напаткала іх зіма, і ўсё меней заставалася байцоў. Урэшце іх стала трое.
Узысці на пагорак было дужа цяжка. На ўгладжаным завеяй касагоры выслізганыя чаравікі непаслухмяна раз’язджаліся ў бакі — Валодзькін цяжка падаў у снег. Ён стараўся ступаць у сляды маёравых ботаў, — так было крыху ямчэй лезці ўгару, толькі ад стомы не хапала дыхання і заходзілася сэрца.
Ён быў ужо на сярэдзіне касагора, калі ззаду пачуўся голас. Валодзькін здрыгануўся ад нечаканасці, спыніўся і азірнуўся на кульгавага Івашова. Зусім, відаць, выбіўшыся з сіл, старшы лейтэнант ляжаў унізе і прыцішана яшчэ разы два клікаў таварыша.
— Знямог? Ну, чакай, зараз, — прамовіў Валодзькін і ў ветраной гэтай немаце не пазнаў свайго голасу, слабага і прыдушанага. Прыўзняўшыся на руках, Івашоў чакаў дапамогі і з надзеяй пазіраў на яго.
— Зараз, зараз іду, — зноў крыкнуў Валодзькін таварышу, а сам усё стаяў на касагоры, не маючы сілы выцягнуць з гурбы завязлую да калена нагу. Ён цяжка дыхаў, з рота вырываліся і знікалі на ветры белаватыя подыхі пары, а сэрца шчымела ад таго, што яны ўсе ўтраіх такія аслабелыя, бездапаможныя і маленькія ў гэтых заснежаных сцюдзёных прасторах.
Трохі спачыўшы, Валодзькін спусціўся з узгорка. Не дачакаўшыся таварышаў, на адхоне паказаўся маёр, пасля ён таксама сышоў уніз. Івашоў ляжаў на снезе, уткнуўшы твар у рукавы світкі. Яго плечы раз — пораз нервова ўздрыгвалі.
— Канец… Усё роўна канец… Усім, усяму… — чулася яго надрыўная роспачная скарга. Володзькін, учуўшы гэта, збянтэжана зірнуў на пачарнелага, аброслага сівым касмыллем маёра. Той скрыгануў зубамі, і на яго худых запалых шчоках захадзілі жаўлакі. Ён не сказаў нічога, а толькі ўздыхнуў, узняў свой позірк ад распластанага чалавека і доўга маркотна глядзеў у затуманеную завеяй далячынь.
Ці ад гэтага маркотнага позірку, ці ад тых роспачных Івашовых слоў упершыню благім прадчуваннем здрыганулася і Валодзькіна сэрца. Няўжо і сапраўды не пашанцуе ім вырвацца з няволі і дайсці да сваіх? Гэтулькі ўжо бяды стрывалі яны, што ад адных толькі ўспамінаў рабілася страшна… А колькі яшчэ наперадзе — пэўна, не меней. Відаць, памыліліся яны, пагарачыліся, і прыйдзецца ўпасці дзе-небудзь ад сцюжы ці кулі, як упалі ўжо іх семнаццаць таварышаў. Праўда, з’яўлялася часам надзея — адшукаць партызанаў і далучыцца да іх. Учора ля нейкай лясной станцыі яны бачылі, як гарэлі вялізныя склады-пакгаўзы, людзі казалі, што ўначы тут былі партызаны. Там жа яны дачуліся, што ў тутэйшай мясцовасці забіты важны нямецкі начальнік — оберштурмбанфюрар Вірт. Расклееныя ў вёсках аб’явы абяцалі 50 тысяч марак таму, хто дапаможа немцам натрапіць на след гэтых лясных змагароў. Але дзе было знайсці іх — не ведаў ніхто, а няшчасныя ўцекачы гублялі апошнія сілы.
Урэшце, Івашоў трохі супакоіўся, прыўзняўся на руках і сеў. Яго спакучаны, счарнелы ад сцюжы і стомы твар быў страшны.
— Я ўжо ўсё… выдахся, — сіпла выціснуў ён з прастуджаных грудзей і надрыўна закашляўся. — Дый вы… і вы не дойдзеце… Не трэба было… Усё роўна смерць, смерць усюды…
Маёр нездаволена павёў плячыма, нецярпліва пераступіў з нагі на нагу.
— Уздумаў паміраць? — глуха сказаў ён. — Рана. Уставай, трэба ісці. Бяры, Валодзькін.
Яны ўзялі яго пад рукі. Івашоў бязвольна паддаўся ім і, скрывіўшы ад болю твар, пакорліва паплёўся на ўзгорак.
Марудна, цяжка і доўга лезлі яны на касагор, задыхаючыся ад Стомы; маёр і Валодзькін, часта прыпыняючыся, упарта цягнулі таварыша ўгору. Івашоў туліў голаў у высока ўзнятыя плечы, зусім неяк абвяў у іхніх руках, вяла пераступаў нагамі, і, здавалася, варта было пусціць яго, як чалавек скаціўся б уніз. І яны цягнулі яго, не ведаючы, што будзе далей, сяк — так вывалаклі на пагорак і, знясіленыя, пападалі ў снег.
…Завея ўсё гаспадарыла ў бязлюдным затуманеным снегам полі. Жвавыя снегавыя языкі хутка спавілі сваёй беллю нерухомыя целы людзей, мяккі дол прыветна туліў да сябе зняможаных падарожнікаў, і не было сілы расплюшчыць вочы, варухнуцца, устаць.
Мерцвякамі ляжалі людзі і не чулі, як пад узгоркам, прабуксоўваючы, раўнулі машыны, як выніклі яны з лагчыны на дарозе, што бегла зусім недалёка ад уцекачоў. Машын было шмат, і ў іх высокіх кузавах, тулячыся ад завеі, цесна сядзелі салдаты ў мышастых шынялях.
Іх прывялі на дарогу, да пярэдняй машыны, дзе стаялі два афіцэры ў шынялях з футравымі рудымі каўнярамі. Узняўшы ўгору рукі, Валодзькін ішоў сам, ззаду кульгаў Івашоў, прастрэленага ў грудзі маёра двое салдат цягнулі па снезе. Наўкола гаманілі дзесяткі ворагаў, калолі з усіх бакоў ненавісныя позіркі, а Валодзькін не прыкмячаў нічога. Усеабдымная журбота ад гэткай няўдачы прыдушыла яго, скавала волю, і пагібель, не далёкая і ўяўная, а ўжо блізкая і рэальная, ва ўсёй сваёй жахлівай велічы паўставала над ім.
Ля машыны ўсе спыніліся, параненага паклалі ля ног афіцэраў. Ён трохі варушыўся, зацята пазіраў на ворагаў і, сцяўшы сківіцы, з натугай перасільваў у сабе, відаць, немалы боль. Панылы, разгублены Валодзькін не зводзіў з яго позірку, але дапамагчы чалавеку не было як.
Іх гаманлівым колам акружылі салдаты. Гоман аднак разам спыніўся — афіцэр у акулярах нешта сказаў доўгаму пласкагрудаму салдату ў кароткім шынялі. Той паслухмяна выступіў наперад.
— Національ? Полякі? Рускі?
— Рускія, — з натугай гучна сказаў маёр і прыўзняўся на локці. — Рускія! — паўтарыў ён мацнейшым і трошкі дрыготкім ад напружання голасам. Немец буркнуў афіцэру, той, гідліва крывячы вусны, сказаў нейкую доўгую фразу.
— Что ві дзелаль? Откуд бежаль? Ваш чын і фаміль?
Маёр на гэта горка ўсміхнуўся.
— Шмат вы хочаце ведаць, — сказаў ён. — Цікава, што рабілі? Дык ведайце: білі фашыстаў!
Немец пераклаў і гэты адказ, і раптам наўкола выбухнуў з’едлівы салдацкі рогат. Валодзькін упершыню ўзняў галаву, абвёў позіркам вясёлыя нахабныя твары. Сытыя, добра апранутыя і ўзброеныя ворагі пагардліва іржалі вакол траіх абадраных знясіленых валацуг. Ім было дужа смешна, што адзін з гэтых нікчэмных небаракаў уздумаў так недарэчна пажартаваць. Валодзькін зразумеў гэты рогат, убачыў зняважлівую пагарду, што шчэрылася на кожным твары, і яму стала вельмі прыкра і балюча за сваю слабасць і такое мноства вайсковых няўдач. Ён зусім звесіў галаву і глядзеў толькі на маёра, які злосна бліскаў вачыма.
— Пан ротэнфюрар гавары сумнень о ваш боеспасобнасць, — абыякава перакладаў салдат. — Ві, рускі свіньі, дзеляйце блягадарнасць гэр гот, что ешчо не подыхаль у этот снег.
Валодзькін убачыў, як пабялелі шчокі на маёравым твары, той варухнуўся, спрабаваў, відаць, узняцца, але затым з неадольным болем зноў апусціўся на снег.
— Дарма так думае ваш ротэнфюрар, — сказаў ён і злосна крыкнуў: — Мы станцыю Баркі спалілі! Мы вашага оберштурмбанфюрара Вірта забілі! Што, мала? Ну, страляйце нас!
Ад тых маёравых слоў нешта здарылася ў варожым коле. Акулярысты афіцэр раптам збянтэжана заміргаў белабрысымі вачыма, салдаты наўкола заварушыліся. Валодзькін чуў за спіной, як шмат вуснаў забубнілі знаёмыя, відаць, словы: «О, банхоф Боркі…Оберштурмбан-фюрар Вірт…». Хлопец не зразумеў яшчэ, што адбылося, але ён ведаў ужо, што смелыя маёравы словы зрабілі ворагам нешта непрыемнае і шкоднае. І, адагнаўшы ад сябе паныласць, Валодзькін, здаецца, знайшоў надзею на нейкую незразумелую сілу, нейкую няпэўную яшчэ перавагу над гэтымі вылюдкамі.
І варожая грэблівасць на твары акулярыстага змянілася тады трывожнай зацятасцю. Афіцэр выняў з кішэняў рукі і ступіў да маёра:
— Что ты сказаль, сабака?
— Тое, што чулі. Мы забілі Вірта, спалілі Баркі.
Немец сцяў вусны і ўдарыў параненага ботам у грудзі.
Маёр глуха войкнуў, і з яго рота на снег хутка выслізнуў вузкі струменьчык парнай крыві. Валодзькін знячэўку ўскрыкнуў, гарачае абурэнне і спалох за чалавека шыбанулі ў яго пачуцці — ён кінуўся да таварыша. Але нехта ззаду выцяў яго, і хлопец з размаху грымнуўся на дарогу.
А наўкола ўсё замітусілася, злосцю скрывіліся касцістыя твары ворагаў, яны накінуліся на траіх знясіленых бездапаможных людзей. Іх білі ботамі, таўклі кулакамі, прыкладамі; рвучыся, трашчала вопратка. Валодзькін толькі сашчапіў сківіцы і трываў, стогнучы, — чакаў канца. Дзіўна было, але гэтае варожае шаленства, народжанае помслівай злосцю, здалося куды лягчэйшым, чым той пагардлівы салдацкі рогат. «Біце, біце, трэскайцеся ад злосці, знайце, хто мы, — нема крычала хлапечае сэрца, — забівайце, усё роўна цяпер вам не будзе лягчэй». Але раптам між злоснай лаянкі чужынцаў прагучаў спалоханы крык Івашова:
— Ой, завошта!!! Завошта!!! Ён хлусіць! Маёр хлусіць! Не білі мы нікога, не бачылі…
Афіцэр скамандаваў нешта, і валтузня навокал спынілася. Валодзькін аднак усё курчыўся на снезе ад балючага ўдару ў жывот.
— Что ві хацель сказаць? — звярнуўся пласкагруды перакладчык да паваленага Івашова. Той нязграбна ўзняўся і хуценька, нібы баючыся, што яго не выслухаюць як трэба, загаварыў акулярыстаму афіцэру.
— Пан афіцэр… пан афіцэр… Няпраўда. Маёр знарок. Ён выдумляе… Не бачылі мы ніякага оберштурмбанфюрара… Мы ледзь жывыя, а ён… камандзір…
Валодзькіну здалося, што ён трызніць. Спачатку ён здзівіўся ад тых Івашовых слоў, але неўзабаве неспатольная злосць на таварыша ўзбунтавала хлапечыя пачуцці. Ён імпэтна рвануўся да афіцэраў, да гэтага труслівага Івашова, якога ўжо абступалі немцы. І, нечакана адчуўшы, што гэты агідны чалавек вырве ад іх такую неспадзяваную перавагу над ворагам і зусім прынізіць іх годнасць, Валодзькін з усяе моцы закрычаў у варожы натоўп:
— Няпраўда! Гэта ён хлусіць! Ён трус! — тыцкаў ён пальцам у Івашова, які, выціраючы ад снегу твар, усё казаў нешта. Перакладчык, афіцэры, салдаты азірнуліся на яго і змоўклі, пэўна, не ведаючы, як іх разумець. А Валодзькін на здзіўленне ім кінуў новыя словы — кінуў цвёрда і з перакананнем сваёй праўдзівасці, з годнасцю чалавека, далёкага ад хлусні.
— Не слухайце яго! Ён сам страляў у вашага обера.