Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Васіль Быкаў 4 стр.


Праз дзесятак крокаў адсюль, расцягнуўшы за сабой гусеніцы, нібы кішкі, скасабочыўся нямецкі танк. Звернуты на бок і апушчаны ў бяссіллі ствол яго гарматы бездапаможна глядзеў у гушчар, правае вядучае кола ўпіралася ў корпус другой машыны, ад якой засталася бязладная куча абгарэлага жалеза. Воддаль, у паламаным алешніку, нібы гіганцкі палонік, ляжала вежа з гарматай, адкінутая выбухам. Прагаліна ва ўсіх напрамках была ўзарана гусеніцамі, травяністы дзірван разрыты на шматлікіх паваротах. А вакол танкаў на ўтаптанай траве ў ненатуральных позах ляжалі людзі — нашы савецкія байцы. Іх было шмат, і ўсе яны былі мёртвыя. Пэўна, не засталося ў іх ніводнага жывога таварыша, каб у роднай зямлі пахаваць іх целы. I яны ляжалі цяпер, як нямыя сведкі лютай сутычкі, у якой яны прыдбалі сабе салдацкую смерць.

Чалавек спыніўся, не адважваючыся прадаўжаць шлях праз гэтую страшную пляцоўку смерці. Боль усё мацней пранікаў у яго пачуцці: сярод забітых байцоў ён з жахам пазнаваў сваіх таварышаў па службе.

Цяпер ён упэўніўся, што ніхто не адступіў адсюль, і ўсе памерлі, да канца выканаўшы свой салдацкі абавязак. Толькі ён цудам ліпіць пакуль што, і ўвасобленая ў ім адным яшчэ прадаўжае жыць іх стралковая рота. З гэтай прычыны такой дарагою здалася чалавеку рэшта яго жыцця, што ён спалохаўся нават, адчуўшы, як моцна ўхапілася смерць за яго аслабелае цела. Не, не можа ён, не мае права загінуць раней, чым зробіць тое, да чаго кліча недавершаная помста мёртвых байцоў!

У свядомасці неяк сама па сабе ўмацавалася ўпэўненасць ва ўдалы зыход яго намагання. Здавалася, святая справядлівасць апошняга абавязку з тае хвіліны ўзяла яго пад сваю ахову.

Сонца, схаваўшыся за гушчар, кранулася недзе нябачанай хмурынкі і ў апошні раз раскінула над лесам стромкія шырокія промні. Прагаліну ўжо заслаў дымчаты цень — зачынак ночы, а ў небе над лесам яшчэ было светла і ўтульна. У бязветранай цішы віселі над прасторамі рэдкія хмурынкі, падсветленыя знізу самотным вячэрнім святлом нізкага сонца.

Знемагаючы, чалавек адолеў прагаліну і спыніўся. Далей пачынаўся рэдкі беразняк, а за ім ужо пралягала дарога. Толькі паўсотні крокаў аддзяляла чалавека ад яго мэты, ад яго апошняга рубяжа. Ужо можна было адрозніць па грукаце і лязгу на дарозе, як праходзілі паасобныя машыны. Рух там не спыняўся, але дыстанцыя між танкамі прыкметна павялічылася: відаць, калона канчалася.

Чалавек ведаў, што трэба паўзці, а сіл ужо амаль не было. Некалькі доўгіх хвілін ён ляжаў ніцма, не варушачыся. Нялёгкі шлях і страшнае відовішча мёртвай прагаліны зусім знясілілі яго. На момант крануўшыся свядомасці, недзе ў адчуванні мільганула непрытомнасць, памутнела ўваччу.

Чалавек спалохаўся, што зноў пазбавіцца пачуцця, і на могся зрабіць яшчэ некалькі рухаў.

Ішлі хвіліны. Заміраючы ад бяссілля, чалавек пасоўваўся крыху наперад, а потым зноў доўга ляжаў без руху. Пачуўшы, як слабее супраціўленне, смерць зноў насела на яго, і чалавеку не было чым абараняцца. Раз — пораз урываліся ў голаў пякельныя здані, і адчуванне рэчаіснасці чаргавалася з кашмарамі. Усё больш працяглымі рабіліся правалы ў аслабеўшай памяці, чалавек забываўся аб сабе, толькі недасягнутая мэта ўпарта трымалася ў свядомасці. I, пэўна, толькі яна яшчэ давала сілы супраціўляцца смерці.

У лесе цямнела. Дол ужо затуліла змрокам, у ім схаваўся чалавек і яго шлях, поўны пакут і болю.

Цяпер чалавек больш ляжаў, нерухома распластаўшыся на зямлі. Толькі зрэдку, нібы прачнуўшыся, нязграбна ўпіраўся нагамі і пасоўваўся на крок уперад.

Розум чалавека знесіляўся ў барацьбе з нябачным ворагам, які ўсё больш адольваў яго. Нібы ўрыўкі чужых размоў, у галаве скакалі думкі-фразы, звернутыя да ўсяго, што дапякала чалавеку. Тут былі і праклёны ворагу, і сварка з назаляўшай слабасцю, і падбадзёрванне сябе. I ўсё гэта працякала адвольна, без удзелу волі чалавека, так, нібы розум меў яшчэ сілу і сам па сабе рабіў сваю справу.

Невядома, колькі прайшло часу, але ў адно з кароткіх прасвятленняў чалавек адзначыў, што стала зусім цёмна. Спачатку яму здалося, што ён аслепнуў, але, прыўзняўшы твар, убачыў зоркі над недалёкімі цёмнымі вяршалінамі. Чалавек зразумеў тады, што дасягнуў свае мэты, толькі запозна. На прыдарожную траву ўжо асеў пыл, узняты танкамі, далёка на ўсход аднеслі захопнікі новыя няшчасці. На шырокай дарожнай паласе між лесу было пуста і мірна, нібы нічога і не адбылося тут: ні вайны, ні заўчасных чалавечых смерцяў.

Вострае адчуванне няўдачы бяссільнай крыўдай прарвалася ў свядомасці. Ён заплакаў, бадай, першы раз за шмат пражытых год. Заплакаў так, як плачуць моцна пакрыўджаныя дзеці ці выжытыя з сіл старыя: ён ужо не мог заглушыць роспачы, што хлынула ўслед за крыўдай.

Не сябе было шкада яму, а крушэння той апошняй надзеі, якая мацней за слабыя сілы цела ўтрымлівала яго ў жыцці.

Усёй істотай чалавек адчуваў, што хутка ўжо наступіць хвіліна, калі канчаткова пагасне яго жыццё.

Мінула яшчэ трохі часу. Чалавек, зусім ужо пазбаўлены сіл, пераадолеў дзесятак метраў і споўз з травяністага адхону. Пульхны дарожны дол, перацёрты гусеніцамі, быў яшчэ цёплы, як попел свежага вогнішча. У ім патанулі абмяклыя рукі чалавека.

Незвычайнае напружанне, якое ўвесь час узбуджала сілы, адразу ўпала. Чалавек слабеў і ўжо не імкнуўся нічым супрацьстаяць гэтай слабасці. Розум зноў пачаў напаўняцца туманам, сталі з’яўляцца пачварныя, страшныя істоты, зноў дапякалі кашмары.

I раптам, нібы ад знешняга штуршка, чалавек схамянуўся і ачнуўся. Нейкае трывожнае прадчуванне назаляла яму, і чалавек не адразу ўцяміў, што яно азначае. А потым, не ведаючы яшчэ, тое гэта было ці не, ён намацаў рукою кішэню і выняў гранату. Прывычным рухам пальцы адагнулі чаку, а зубы, у якіх больш захавалася моцы, выцягнулі яе з запала. Зноў адчуўшы набліжэнне млосці, чалавек, не адпускаючы планкі, сунуў гранату ў пясок пад свае грудзі.

Пэўна, гэта было тое, дзеля чаго абудзілася свядомасць, бо за ім наступіў супакой.

Хутка прыйшло забыццё, і смерць, канчаткова перамогшы, назаўсёды спыніла жыццё.

Было далёка за поўнач. Ужо прастыў дарожны пясок і закалянела цела нябожчыка. Бліскучы аднабокі месяц, як заўсёды, праплыў сваім шляхам па зорным небе і схаваўся за вяршаліны дрэў.

З-за павароткі, асвяціўшы бліжнія дрэвы і дарогу, з моцным бязладным трэскатам выкаціў атрад матацыклістаў. Пук яркага святла з фары пярэдняга, праразаючы цемру, роўна слізгаў па дарозе. Нечакана, угледзеўшы перашкоду, матацыкліст крутнуў убок і спыніўся. За ім прыпынілася калона.

— Агледзець! — скамандаваў ён.

Двое падначаленых ускочылі з матацыклаў і кінуліся выконваць загад. Яркае святло з фар кінула па адхоне іх галінастыя, хісткія цені.

— Рус, — сказаў немец, які раней за іншых падбег да цела. Моцным штуршком нагі ён перавярнуў труп на спіну.

— Рус зальдат, — дадаў гітлеравец.

Пярэдні схапіўся за рычаг, каб уключыць газ, але не паспеў. Ярка-чырвоная бліскавіца рванулася з-пад нябожчыка, аглушыла, люта пырснуўшы ў бакі мноствам гарачых смертаносных асколкаў…

Так памёр Чалавек.

1951 г.

Над схаванымі ў цемры прасторамі ціха ляжала летняя ноч. Слабыя подыхі цёплага ветрыку асцярожна неслі з сабой кволыя шолахі ніў і густыя духмяныя пахі выспелых мурожных сенажацяў. У нябачным травяністым наваколлі старанным хорам верашчалі конікі, недзе ўдалечыні глухімі ўздыхамі аддавалася гарматная страляніна, угары, прыкрыты цемрай, праракатаў і сціх «кукурузнік». Павевы ветру даносілі і іншыя гукі, невыразныя і падазроныя, але тых, што намагаўся ўчуць Максім, не было ў начной цішыні.

Тады закралася сумненне, якое парушыла разважлівы спакой чалавека. Апаслівыя думкі заснавалі ў яго галаве, але трэба было або ехаць наперад, або вяртацца назад. Намаганнем волі Максім усё ж адагнаў благія прадчуванні і, разважыўшы, рашыў, што батальён павінен быць далей, наперадзе. Гэтае меркаванне хоць і не суняло ўзнікшай трывогі, але крыху супакоіла чалавека. Коні, нібы зразумеўшы намер гаспадара, ахвотна падаліся па мяккай палявой дарозе.

Максім Корань — ездавы сёмай роты. Гэтую вайсковую пасаду заняў ён нядаўна, і прычынай таму быў яго ўзрост — Корань лічыўся самым старым салдатам у роце. Максім цяпер разумеў, што з такімі гадамі хоць і давялося трапіць на фронт, але ваяваць ужо наўрад ці прыйдзецца. Есць у войску старшыны, якія заўсёды цікуюць старога, каб са строю забраць яго да коней або да кухні ці яшчэ куды, дзе патрэбны дбайны, надзейны гаспадар. Праўда, Максім не вельмі і нудзіўся па тым стралковым узводзе, у якім ён нядоўга служыў дагэтуль. «Эт, — разважаў ён, — калі нягож у страі, дык і няма чаго лезці туды. Начальству лепш відаць, дзе тваё месца». Нядаўна па загадзе старшыны прыняў ён пару спраўных трафейных коней і цяжкую, акутую жалезам вайсковую каламажку.

Так пачалася яго служба на новай пасадзе, служба спакойная і аднастайная, мала чым падобная да вайсковай. Максім ведаў толькі клопаты пра коней ды паклажу, выконваў старшыновы загады, асцерагаўся бамбёжкі ды баяўся часам задрамаць на возе, каб не адстаць ад абозу. Пад бамбёжку, праўда, трапіць не давялося, а адстаць вось здарыўся выпадак.

«і як недарэчна выйшла, — думаў Максім. — Каб ён згарэў, той вобад. Трэба ж было яму збракаваць у цемры. Даганяй цяпер батальён, шукай сярод ночы».

— Нэ-нэ, любыя, варушыся, — упаўголаса, лагодна падганяе Максім коней, седзячы на перадку, і немаладымі вачыма імкнецца разгледзець што-небудзь наперадзе. Але ноч выдалася не палетняму цёмная, у ёй і з добрым зрокам нічога нельга было ўбачыць. Зямля да раніцы старанна схавала сваё аблічча, каб заўтра сустрэць сонца новым, пасвяжэлым хараством. Толькі высокае зорнае неба, уладарна ўзнёсшыся над ёю, поўнілася бляскам і няспыннай мітуснёю зор.

Злёгку варушачы лейцамі, Максім з непрыемнасцю думаў, што цяпер, пэўна, пападзе ад старшыны. Аднойчы між імі ўжо была сутычка: старшына задаў перцу ездавому, не абышлося, вядома, і без моцнага слова.

Яно крыўдна, праўда, але, бадай, справядліва.

Максім і сам невялікай думкі аб уласных якасцях. Дый якія там якасці, калі чалавеку з паўсотні год, маладосць пражыў цёмным мужыком, без пісьменнасці, у працы ды нястачы. Нават і чыгункі не бачыў ніколі, і дзе яе ўбачыш, калі да найбліжэйшай станцыі было дзевяноста вёрст. Так, у лясной глушы, пад панскай уладай і ішло жыццё. Толькі ў 39-м з’явілася надзея, акрыяў духам, ды ненадоўга. Зноў жыццё пайшло вірам, у вайну загінуў старэйшы сын, памерла старая… Дый сам пастарэў да часу, знік былы спрыт у працы, надламаўся характар. Дзе яму цяпер раўняцца з маладымі ды разумнымі. «Ну і хай, — суцяшае сябе Максім, — хоць бы і абознік. Усё ж трэба камусьці быць і пры возе…»

А коні Максіму спадабаліся. У сваім жыцці не давялося мець добрых, дык цяпер вайсковыя не на жарт захапілі сялянскую душу байца. Што і казаць: добрыя былі коні, у гаспадарку б такіх, у плуг з накаваным новым лемехам, на ўрадлівую зямлю…

Так, крыху паспакайнеўшы, думаў ездавы, а коні ішлі як самі хацелі — дзе трушком, а дзе і крокам. Яны ўжо мінулі поле і дасягнулі хваёвага ўзлеску, які змрочнай сцяной паўстаў на Максімавым шляху. Дарога стала пясчанай, і фурманка амаль не скрыпела і не стукала. Толькі зрэдку, трапіўшы на карнявішча, яна аднабока перавальвалася пярэднімі і заднімі коламі. У гэтай таемнай лясной прыцішанасці Максіму зноў зрабілася ніякавата, і ён, сілячыся не бразнуць чым, каб не парушыць цішыні, узяў з воза вінтоўку.

Пэўна ад надакучлівай адзіноты Максім прыпомніў былы свой трэці ўзвод, камандзіра аддзялення татарына Сагітава, які вучыў яго страляць і акопвацца. З акопваннем, праўда, справа ішла паспяхова, а вось у стральбе не шанцавала Максіму. «Які ўжо там з мяне стралец, — ухмыляецца ездавы, — у жыцці ружжа не трымаў, не то што вайсковай стрэльбы». Аднак, трапіўшы надоечы да коней, ён выпрасіў у старшыны вінтоўку, а трафейны карабін аддаў назад.

— Бо ямчэй мне з ёю: усё ж руская. Ды і даўжэйшая, далей возьме, — вытлумачыў Корань.

Цяпер гэтую вінтоўку прымасціў ён на каленях, але ў такім стане яна перашкаджала кіраваць коньмі, і Максім узяў яе на рэмень. Потым, прызвычаіўшыся да лясной дарогі і крыху супакоіўшыся, баец уздзеў яе за спіну, як і належала ездавому.

Назад Дальше