Янка МАЎР
ДЗЯЎЧЫНА-МАЦІ
Раман (урывак)
З любоўю да дзяцей і кніг
11 мая 2018 года споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра — Івана Міхайлавіча Фёдарава — вядомага пісьменніка, аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратуры для дзяцей і юнацтва. Яго творчая спадчына мнагазначная і разнастайная: аповесці, апавяданні, першы дзіцячы раман, фельетоны, публіцыстычныя творы. Янка Маўр — пачынальнік прыгодніцкага і фантастычнага жанраў у беларускай літаратуры.
У 1934 годзе на ўсебеларускім конкурсе на лепшую кнігу для дзяцей яго аповесць «ТВТ» была адзначана першай прэміяй. У гэты час у Расіі, ва Украіне таксама пачалі больш звяртаць увагі на дзіцячую літаратуру.
«Тады і нашы дарослыя пісьменнікі, — пісаў Янка Маўр, — часцей сталі пісаць для дзяцей, і літаратурная грамадскасць адзначала гэта як з’яву дадатную; творы гэтыя абгаворваліся, улічваліся, папулярызаваліся. На жаль, гэта не датычылася прафесіянальных дзіцячых пісьменнікаў. Паміж іншым, нікому не магло прыйсці ў галаву, каб дзіцячы пісьменнік мог мець, скажам, такое самае снабжэнне, як дарослы, пры аднолькавым літаратурным багажы». Да дзіцячай літаратуры Янка Маўр ставіўся вельмі сур’ёзна, бо менавіта ў дзяцінстве фарміруецца любоў да кнігі і літаратуры. Аднак, статус дзіцячых пісьменнікаў і тых, хто пісаў для дарослых, быў зусім розны.
«У гэтым сэнсе, — пісаў Я. Маўр, — цікавым быў мой прыезд у Маскву ў 1943 годзе. Сакратар ЦК БССР Гарбуноў сустрэў мяне славамі: «Наш дзіцячы карыфей прыехаў». Сказаны былі гэтыя словы жартаўліва, але без насмешкі. У сталоўцы пісьменнікаў «карыфея» запісалі ў лік пачынаючых. З беларускіх пісьменнікаў у гэтай катэгорыі быў толькі адзін Краўчанка. Што абед для нас быў трохі горшы — не бяда. Больш непрыемным было сустракацца са сваімі рускімі, украінскімі, літоўскімі калегамі, гутарыць з імі за сталом, але абедаць з імі не мець права. Пры гэтым я ведаў, што ўсе гэтыя мае калегі і стаж мелі меншы за мой і напісалі менш як я. У гэты час у мяне зарадзілася думка перакваліфікавацца на дарослага пісьменніка. На новагоднім банкеце (на 46 год) я нават «афіцыйна» абвясціў аб гэтым».
Гэтыя словы падаюцца з тонкім маўраўскім гумарам, і, сапраўды, Янка Маўр напісаў некалькі апавяданняў для дарослых, але гэта былі апавяданні аб дзецях, у лёс якіх увайшла вайна. Сярод іх — апавяданне «Завошта», у аснову якога пакладзены сапраўдны факт — гібель жонкі і сына Міхася Лынькова, драматычнае і хвалюючае апавяданне «Максімка» і іншыя.
Ваеннай тэме прысвечана і значная частка ненадрукаванай спадчыны пісьменніка. Незавершаным і неапублікаваным застаўся твор «Дзяўчына-маці» (1946—1947), рукапіс якога знаходзіццаў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. У гэтым творы, адзначала Эсфір Гурэвіч, найбольш выявілася здольнасць Янкі Маўра як псіхолага, ён змог паказаць рух пачуцця дзяўчыны, яго дыялектыку, калі агульначалавечае пачуццё становіцца сваім, балюча асабістым, выпакутаваным, кроўна-мацярынскім. На жаль, гэты твор быў адкладзены, відаць у сувязі з той вялікай працай Янкі Маўра па падрыхтоўцы да выдання славутай кнігі «Ніколі не забудзем». Прапануем сёння гэты твор нашым чытачам.
Марыя МІЦКЕВІЧ, унучка Янкі Маўра.
І
На дварэ бразнулі варотцы. Маці і дачка ўздрыгануліся. Чаго — самі не ведалі. Дагэтуль іх ніхто не трывожыў, і небяспекі яны не бачылі. Але такі ўжо час.
— Паглядзі, Ліза, хто там...
Дачка кінулася да вакенца, што выходзіла на двор. Праз восеньскі туман ледзь вызначаўся спарахнелы плот з голай вішняй, чарнеўся бульбянік на маленькім гародчыку, а хата суседа Максіма зусім расплылася ў імгле.
Ля вакна мільганула галава дзяўчыны ў чорнай шапачцы.
— Дзяўчына? Да каго? — здзівілася маці.
— Можа, да Варапаіхі, а можа, і да нас, — спакойна адказала Ліза.
— Хто ж такі можа ісці да нас? — пачала меркаваць маці. — А да Варапаіхі, здаецца, ніякая дзяўчына не ходзіць.
Тым часам у сенцах пачуліся крокі, затым стук у дзверы — і дзяўчына ўвайшла ў пакой.
— Маня?! — усхапілася Ліза і кінулася абдымаць госцю. — Якім чынам?
— У мяне ёсць да цябе справа, — сказала дзяўчына такім тонам, што Ліза адразу спахмурнела.
— Хадзем тады ў мой куток, — сказала яна.
Куток гэты быў за перагародкай, якая нават не даходзіла да столі. У ім маглі змясціцца толькі ложак, маленькі стол, крэсла ды яшчэ скрыня. Як і належыць дзявочаму кутку, ён быў чысценька прыбраны і ўпрыгожаны па густу і мажлівасцях гаспадыні: два вазончыкі з кветкамі, стаячае люстэрка, каробачкі, стосік кніжак, у тым ліку некалькі падручнікаў для ІХ класа. На сценах, з падранымі блакітнымі шпалерамі, некалькі партрэтаў, фотаздымкаў і ілюстраваных паштовак. Звычайна такі прытулак маюць адзіныя, любімыя дочкі ў сціплых сем’ях.
Відаць было, што Ліза — вучаніца старэйшага класа сярэдняй школы. Яна была невысокага росту, але з развітай акруглёнай фігурай. Светлыя валасы, блакітныя вочы, белы мяккі твар ды яшчэ светлае плацце рабілі яе ўсю нейкай светлай, сонечнай. Прыдзірлівае вока магло б заўважыць, што носік яе мог і крыху большым быць, а рот крыху меншым, што было б лепш, каб твар яе быў больш авальным, але звычайны чулы чалавек гэтага не заўважыў бы. Ён проста сказаў бы, што прад ім прыгожая і надзвычай мілая дзяўчына гадоў сямнаццаці. Ён яшчэ заўважыў бы, што яна адначасова здаецца і вясёлай, і сур’ёзнай, а як гэта выходзіць — пэўна не мог бы растлумачыць. Не бярэмся і мы.
Яе сяброўка больш высокая і строгая, здавалася старэйшай за яе, хоць яны вучыліся ў адным класе. Відаць было, што яна ўсхваляваная, устрывожаная. Сцішыўшы голас, сказала:
— Ведаеш, я бачыла Рэню.
— Дзе? Як? — зацікавілася Ліза.
— Там... У гэта... Я ішла па вуліцы — і раптам чую: «Маня!». Гляджу — за дротам яна, і з дзіцём на руках. Я азірнулася — немца не відаць. Падышла. А яна са слязьмі кажа: «Мне засталося жыць можа якія гадзіны... Але страшней за самую лютую смерць — ведаць, што загіне яно, маё нявіннае дзіця... Каб хто выратаваў, узяў яго... Падумай, Маня!» Я скамянела і не ведаю, што казаць. У нас у хаце поўна дзяцей. Сама ведаеш, як мы жывем... Што скажуць бацькі?... Слёзы пакаціліся ў мяне з вачэй, а я не магу нічога сказаць. А тут немец павярнуўся і ідзе да нас. Тады яна кажа: «Я разумею цябе... Скажы Лізе. Яна для мяне самы блізкі чалавек. Можа заўтра не будзе позна... Заўтра, тут, у гэты час...» Яна заплакала наўзрыд і шпарка пайшла прэч.
Маня гаварыла дрыжачым шэптам, апусціўшы вочы, сутуліўшыся, нібы адчувала на сваіх плячах цяжар.
— Я не вінаватая... Я не магла адразу... І не паспела — немец падыходзіў. У нашай халупе мы змясціцца не можам, спім на падлозе... А яму толькі тры ці чатыры месяцы. Я сама не магла адразу...
Ліза, не варухнуўшыся, глядзела некуды ў кут і, мусіць, сама не ведала, што з вачэй яе павольна коцяцца слязінкі. Маня нясмела падняла на яе вочы.
— Што рабіць, га?
Ліза павярнулася да яе і строга сказала:
— Заўтра ты правядзеш мяне на тое месца.
— Добра, — пакорна адказала Маня.
І яны, дзве добрыя сяброўкі, адчулі, што ім больш няма аб чым гаварыць. Маня ўстала.
— Заўтра аб адзінаццатай гадзіне буду чакаць цябе на Мясніковай вуліцы, там, дзе бензінавая калонка, — сказала яна, выходзячы за дзверы.
Ліза нічога не адказала і засталася сядзець на месцы.
Перад яе вачыма паўстаў вобраз Рэні, жыццярадасны, блізкі. Асабліва яе вялікія чорныя вочы, такія глыбокія, ласкавыя. Так хацелася тады глядзець у гэтыя вочы. Рэня была старэйшая за Лізу на два гады, яна працавала піянерважатай у іхняй школе. Але розніцы ў гадах яны не адчувалі. Колькі задушэўных гутарак было ў іх! Шмат цікавага і каштоўнага для сябе вынесла Ліза з гэтых гутарак.
Летась Рэня выйшла замуж і перайшла на другую работу. Сустракацца яны сталі радзей. Хоць Рэня была тая ж самая, шчырая і ўважлівая, але адчувалася ўжо, што ў яе ёсць свае асаблівыя інтарэсы, для сяброўкі больш далёкія. Тады Ліза ўпершыню адчула, што яна значна маладзейшая за Рэню, нібы малая дзяўчынка перад старэйшай сястрой. Апошнія месяцы яны зусім не бачыліся. На лета Рэня кудысьці выехала. Ад знаёмых Ліза чула, што ў Рэні нарадзіўся сын, якога назвалі Феліксам. А калі пачалася вайна, Ліза ўжо нічога не ведала пра сваю сяброўку. І вось цяпер даведалася...
Яна там, куды загнаны тысячы людзей, і адкуль выхаду няма... Яна думае цяпер пра Лізу і спадзяецца на яе... Лізе здавалася, што яна сама чула голас Рэні: «Скажы Лізе...» Трэба пагаварыць з мамай.
Але матчына сэрца ўжо само нешта адчула.
— Што ты зашылася там, як мыш? — пачуўся яе голас. — Што яна табе сказала?