Сотнікаў - Васіль Быкаў 6 стр.


Гаспадыня, пэўне, мала што разумеючы ў яго стане, здзівілася:

— Чаму ж гэта? Мо грэбуеце нашым? Можа, яшчэ чаго хочаце?

— Не, дзякуй. Нічога не трэба, — рашуча сказаў Сотнікаў і сашчапіў у рукавах рукі.

Гаспадыня занепакоілася:

— Божачка, можа, я не дагадзіла чым? Дык даруйце… Я ж не хацела…

Рыбак добра ўмясціўся на лаве, трымаючы між каленяў карабін, узяў лыжку, лусту счарсцвелага, з кменавым пахам хлеба і не заўважыў, як у поўным маўчанні выеў усю вялікую гліняную міску. Стараста нязрушна сядзеў у куце, гаспадыня стаяла збоч ад стала са шчырай гатоўнасцю дагадзіць госцю.

— Так, хлебушка я прыбяру. Гэта на яго долю, — сказаў Рыбак.

Гаспадыня ахвотна згадзілася:

— Бярыце, бярыце, дзеткі.

Стараста нечага моўчкі чакаў — якога слова ці, нарэшце, гаворкі пра справу. Вялікія яго парэпаныя рукі ляжалі на чорнай вокладцы кніжкі.

Засоўваючы акраец за пазуху, Рыбак кіўнуў з неадабрэннем:

— Кніжачкі пачытваеш?

— А што ж, пачытаць нікому не шкодзіць.

— Савецкая ці нямецкая?

— Біблія.

— Цікава. Ану? Ніколі не бачыў Бібліі, — крыху пасунуўшыся за сталом, Рыбак пакруціў у руках кнігу, адгарнуў вокладку. Аднак ён тут жа адчуў, што не трэба было рабіць гэтага — выяўляць нейкую сваю недасведчанасць хай сабе і ў другараднай справе.

— Не лішне б і пачытаць, — прабурчаў стараста.

Рыбак рашуча загарнуў кнігу.

— То наша справа. Не табе вучыць. Ты немцам служыш, стала быць — нам вораг, — сказаў Рыбак з таемным задавальненнем ад таго, што знайшоў прычыну пазбегнуць удзячнасці і перайсці на болей адпаведны абставінам тон. Ён вылез з-за стала на сярэдзіну хаты, паправіў на кажушку трохі тугаватую цяпер дзягу. Менавіта гэты паваротак у размове даваў яму падставу перайсці да справы, хоць гэты пераход і патрабаваў яшчэ некаторай псіхалагічнай падрыхтоўкі.

— Ты вораг. А з ворагам у нас — ведаеш, які разгавор?

— Сматра каму вораг, — нібы не адчуваючы кепскага, ціха, але цвёрда пярэчыў стары.

— Сваім. Рускім.

— Сваім я не вораг.

Нязрушная ўпартасць старасты пачынала злаваць Рыбака. Не хапала яшчэ даказваць гэтаму паслугачу, чаму ён — хоча таго ці не — вораг Савецкай дзяржаве. Весці з ім такую размову Рыбак не меў намеру, ён толькі падумаў, што, можа, той мае які невядомы ў сваю карысць довад, і болей правакуючы, чым усур'ёз, запытаў:

— Што, можа, сілай прымусілі? Проці волі?

— Не, чаму сілай? — падумаўшы, сказаў гаспадар.

— Значыць, сам?

— Як сказаць? Пахожа, сам.

«Тады ўсё зразумела, — падумаў Рыбак, — няма чаго і гаварыць». Ён ужо выразна адчуў злосць да гэтага чалавека, на спрэчку з якім ён бавіў патрэбны ім час, тады як і без таго з самага пачатку ўсё было зразумела.

— Так! Пайшлі!

Ускінуўшы рукі, да Рыбака кінулася старасціха.

— Ой, сыночак, куды ж ты? Не трэба, пашкадуй дурнога! Стары ён, па дурноце сваёй…

Стары, аднак, не прымусіў паўтараць загад і няспешліва падняўся за сталом. Быў ён зусім ссівелы і, не зважаючы, што ў гадах, вялікі і мажны — як устаў, загарадзіў сабой увесь покуць з абразамі.

— Сціхні! — загадаў ён жонцы. — Ну!

Відаць, старасціха прывыкла слухацца — хліпнула і адразу ж падалася за шырмачку. Стараста ашчадна, бы баючыся што зрушыць, надзеў у рукавы кажух і вылез з-за стала.

— Вашая воля. Біце! Не вы, дык другія. Вунь, паглядзіце, — ён коратка кіўнуў на прасценак, — ставілі, стралялі ўжо.

Рыбак міжвольна зірнуў, куды паказаў дзед, — сапраўды ў белай сцяне ля акна чарнела некалькі дзірак, падобна — ад куль.

— Хто страляў?

Гаспадар, гатовы да ўсяго, нерухома стаяў на сярэдзіне хаты, падцяўшы сівыя пашчэнкі.

— А такія… Гарэлкі трэбавалі.

Рыбак унутрана паморшчыўся: ён не хацеў на кагось быць падобным. Свае намеры лічыў справядлівымі, але, згледзеўшы нечыя, падобныя да сваіх, бачыў свае ўжо ў трошкі інакшым святле. І не падобна было, каб стараста яго ашукваў, — такім тонам не хлусяць. Ціхенька пахліпваючы, з-за шырмачкі выглядвала старасціха. На ўслоне, згорбіўшыся, кашляў Сотнікаў, але ён не ўмешваўся ў яго справу з гаспадаром — здаецца, бедалагу рабілася не да таго.

— Так. Карова ёсць?

— Ёсць. Пакуль што, — без усякай цікавасці да новага павароту гаворкі адказаў стараста.

Старасціха перастала хліпаць, затаіла дыханне. Рыбак трохі разважаў: вядома, карову надта добра было б прыгнаць у атрад, але, мабыць, адсюль будзе далекавата; можна не паспець да ранку.

Назад Дальше