Адна ноч - Васіль Быкаў


«Юнкерсы» з'явіліся раптоўна.

Іх крыжастыя імклівыя цені нечакана выслізнулі з-за стромкіх, разбітых мінамі чарапічных дахаў і абрынулі на горад імпэтны грымотны рэў. Запаволіўшы бег, Валока ўстрывожана глянуў у задымленае пажарамі неба і, заўважыўшы, што ад бліжэйшага самалёта ўжо адваліліся першыя бомбы, скочыў пад чыгунную агароджу, збоч вуліцы. Некалькі доўгіх секунд гэты немалады ўжо, крутаплечы і рукаты баец у шапцы і цеснай старой гімнасцёрцы, сціснуўшыся нутром, чакаў. Бомбы рванулі ў скверыку за агароджай, зямля сударгава скаланулася, тугая гарачая хваля ўдарыла Валоку ў спіну, балюча аддалася ў вушах, нешта коратка і звонка бразнула побач, і затым вуліца, шэрыя дамы і сквер патанулі ў віхуры шызага пылу.

«Паўтонная, не меней», — падумаў Валока, выплёўваючы з рота пясок. Наўкола лапацела — ляскала аб дол каменне, цэгла, кавалкі асфальту; у паветры пыльнымі струменямі церушыла зямля; паволі асядаючы, доўга матляліся дробныя лісткі акацый, шматкі паперы, нейкае паленае рыззё. Недзе ўгары сярод дыму і рэву матораў прагрукацеў кулямёт — ад пашкрэбанага з балконамі дома насупраць сыпнула жарствой, і вялікая, з бабовы струк, жоўтая куля, цокнуўшы па камянях, шалёна закруцілася на тратуары. На чарговым заходзе зноў раўлі пікіроўшчыкі.

Трэба было бегчы далей.

У скверы між тоненькіх дрэўцаў ужо замільгалі прыгнутыя спіны, нехта выскачыў з-за агароджы і адразу кінуўся на другі бок вуліцы. Па цёмнаму лапіку на спіне Валока пазнаў сяржанта, аддзялённага з іхняга ўзвода. Узрадаваўшыся, што наперадзе чалавек, баец ускочыў і, прыгнуўшыся, падаўся следам.

Сяржант у некалькі скачкоў перабег вуліцу і пад новы скогат бомбаў шаснуў убок, у падваротню. Валока ж трошкі адстаў, ззаду рванула, і калі, задыханы, ён уляцеў пад скляпенне, дык ад збянтэжанасці аж спаткнуўся: з двара на яго выскачылі два немцы. Валока ажно прысеў, але і немцы тут, відаць, не чакалі яго, пярэдні нешта гергетаў задняму, на імгненне ў яго расшыраных вачах бліснуў спалох і здзіўленне. У той жа момант Валока, не цэлячыся, ціскануў на спуск — аўтамат тузануўся, немец выпусціў з рук карабін і ляпнуўся тварам на брук. Яго новенькая блішчастая каска, забразгаўшы, крыва пакацілася на тратуар.

Куды знік задні, Валока не згледзеў.

Будынкі зноў скалануліся, захісталіся ад блізкіх выбухаў, недзе з грымотным грукатам рухнула сцяна, ззаду ў пад'езд шуганулі клубы рудога цаглянага пылу. Валока ўгнуўся, скокнуў цераз адкінутую немцаву руку, на якой яшчэ торгаліся кашчавыя, з пярсцёнкам, пальцы, і кінуўся ў нейкія расчыненыя дзверы. У дзвярах паката хілілася столь, і некуды ад парога ўніз беглі прыступкі; спяшаючыся, Валока не патрапіў на іх, аўтамат загрукацеў па прыступках, наверсе яшчэ раз ірванула, і, баец, трываючы боль у назе, паляцеў у цемру.

Тут было ціха і цёмна. Засень і халодны бетон падлогі прыемна студзілі яго разгарачанае, потнае цела. Валока сцішыўся, услухаўся, ступіў раз, другі, мацаючы ў доле ўпушчаную зброю, шырэй загроб ля сябе рукамі і знячэўку жахнуўся: пальцы шкрэбнулі па нечых пыльных і яшчэ цёплых ад надворнае гарачыні ботах. Баец унутрана скалануўся, а боты тузануліся з-пад яго рук, і ў той жа момант нешта тупое і цяжкае гахнула яго ў спіну. Валока войкнуў, ухапіў ротам паветра і з усяе сілы рвануў у цемру тыя ногі. Свядомасць разанула здагадка — немец!

Вораг не ўтрымаўся, хіснуўся, але яго рукі паспелі ўхапіць Валоку за галаву і сашчапіліся на шыі. Баец напружыўся, ірвануўся, ды марна. Вораг, сагнуўшы яго, гнуў голаў уніз і, шкрэбаючы па падлозе падкутымі ботамі, намагаўся апынуцца наверсе. Валока, крыху супакоіўшыся, ухапіўся за вопратку немца, напяўся і са злосцю падумаў, што лёгка яму не паддасца. Сам намацаўшы падэшвамі апору, ён усім целам рынуў на ворага.

— Ы-ых!

Валока, задыхаючыся ад болю ў шыі, адчуў, як грукнулі аб бетон варожыя косці. Ён цяпер апынуўся наверсе і кідаў туды-сюды свае ногі — шукаў апору. Рукамі ж ён учапіўся ў варожыя рукі, што сціскалі яго шыю, і пачаў выдзіраць з іх галаву.

Праз хвіліну ці меней, натужваючыся, як толькі можна было, і ледзьве адольваючы варожую сілу, ён вызваліў галаву, дужа падаўся наперад плячом і з натугай распластаў немца ў доле. Няпэўна яшчэ, але Валока адчуў, што сам дужэйшы за яго, цяжэйшы; толькі, відаць, той быў больш спрытны, бо не паспеў баец саўладаць з пругкасцю яго ўчэпістых рук, як тыя зноў ухапілі яго за горла.

Немец гэта зрабіў нечакана і хвацка. Валока толькі крэкнуў ад неспадзеўкі і болю, на момант абвяў і разгубіўся, а немец крутнуўся пад ім, брыкнуў у бок нагамі і рвануўся наверх.

— А-а-а! Сволач! Ы-ых! — хрыпеў Валока.

Ён не ведаў ужо, як супраціўляцца, і інстынктыўна ўчапіўся ў тыя рукі, што сціскалі яго шыю. Ён ірваў іх ад сябе, стараючыся разняць мёртвую хватку і не даць кіпцюрастым пальцам ашчаперыць глотку. Урэшце, выкручваючыся з апошніх сіл на падлозе, Валока ўсё ж ададраў адну руку, але другая тады спаўзла ніжэй і ўчапілася ў каўнер яго зашпіленай гімнасцёркі.

Баец пачаў задыхацца. Грудзі распірала ад нястачы паветра, — здавалася, вось-вось хрусне горла, і Валоку апанаваў страх, што вось так недарэчна даў загубіць сябе. З роспачнай нечалавечай сілай ён ірвануўся, як мог упёрся ў падлогу каленямі, напружыўся і дзвюма рукамі моцна крутнуў убок адну, найбольш учэпістую руку ворага. Каўнер байца затрашчаў; зноў нешта глуха стукнулася аб падлогу, вораг засоп, размашыста шоргнулі па бетоннай падлозе ягоныя боты.

Ад некалькіх роспачных рыўкоў палепшала; Валока вызваліў шыю і, здаецца, пачаў асільваць немца. Тады ў пачуцці шыбанула злосць і недзе ў свядомасці мільгануў люты намер забіць адразу ж, — ён набавіў сілы. Баец цяпер зразумеў, што яму можа дапамагчы тут. Валтузячыся і сапучы, ён намацаў нагамі сцяну, зноў упёрся ў яе і пхнуўся ўсім целам на ворага. Той зноў апынуўся ўнізе — Валока нешта замычаў ад зларадства і, усе больш заходзячыся ад лютасці, урэшце дабраўся да варожае шыі.

— І-і-і, э-э! — мычаў немец, і Валока адчуваў, што перамагае. Вораг прыкметна збавіў імпэт і толькі абараняўся, хапаючыся за разлютаваныя Валокавы рукі і шалёна тузаючыся. Валоку, аднак, вельмі замінала сумка з дыскамі, якая перакруцілася на баку, трапіла пад немца і почапкай трымала яго, як на прьшязі. Пасля, змагаючыся, Валока зноў страціў апору, у валтузні недзе прапала сцяна; ногі шкрэблі па слізкай падлозе, але баец з усяе сілы трымаўся наверсе і не выпускаў варожае шыі.

Немец роспачна затрапятаў, заенчыў, захрыпеў, ірвануў аберуч ягоныя рукі, ляпнуўся аб бетон галавой, напружыўся, кінуўся ўбок выгнутым целам. Толькі Валока не выпускаў яго, ямчэй прыналёг плячом, ухапіў пяцярнёй горла і ціскануў.

Але ў той момант здарылася штосьці страшнае.

Грымотны пярун ударыў у вушы, здрыганулася і рухнула ў нейкае бяздонне падлога, чорнае падзямелле громам і грукатам абрушылася на чалавека. На галаву, спіну, плечы рынула цэгла, зямля, пясок, задушыла нейкім смуродам, балюча ўдарыла ў голаў, навалілася і прыціснула… Валока інстынктыўна хіснуўся ад немца, ускінуў над сабою рукі, затуліўся, бездапаможна падставіўшы абвалу потную, пабітую спіну.

Грымоцце, аднак, хутка спынілася, сціхнуў абвал, але ўсё Валокава цела скавалі цесната і цяжар. Нельга было ні выдыхнуць, ні варухнуцца, і толькі ў свядомасці бліскала кароценькая і радасная думка: «Жывы». Але не было паветра, і ён задыхаўся ад пяску і нейкага смярдзючага ўдушша. Адчуўшы, што гіне, Валока рвануўся з тае магілы; нешта туга, але падатліва рассунулася над ім, ён шпарка задыхаў і расплюшчыў запарушаныя пяском, балючыя вочы.

Дзіва, як ён уцалеў.

Навокал ужо не было ранейшай цемры, разам з ею знік недзе і халаднаваты прастор склепа. Было душна, і скрозь грувасціўся цагляны ды бетонны друз. Спачатку Валоку здалося, што выбухам ён адкінуты кудысьці з таго месца, дзе біўся з немцам, але, угледзеўшыся ў прыцемкі, пазнаў абсыпаныя шчэбнем уцалелыя крутыя прыступкі, з якіх ён зваліўся сюды. Іх было толькі шэсць; вышэй разламаная бетонная пліта, як крыга ў паводку, касабочыла са столі і, упершыся рабром у лесвіцу, загароджвала выхад. З другога боку, наўкось ад Валокі, урэзалася канцом у завалены цэглай дол шырокая двухтаўровая бэлька. Яна была сагнута, — пэўна, ад выбуху, і калі б упала на якіх паўметра бліжэй, дык наўрад ці давялося б цяпер Валоку бачыць яе.

Павярнуўшыся, баец вызваліў ад завалля рукі, прыўзняўся, але ногі былі яшчэ моцна нечым прыціснуты. Ці ён аглух, ці сапраўды было зусім ціха, толькі ў вушах нешта віскліва, працягла і балюча звінела. Пакрысе ён павярнуўся на бок і паспрабаваў устаць. Ногі, здаецца, уцалелі, рукі таксама, толькі адна вельмі балела ў плячы. Ссыпаючы з сябе пыл і абломкі, ён прыўзняўся на руках, выцягнуў з-пад друзу адну нагу, пасля другую і сеў. I тады з грудзей яго прарваўся сударгавы нястрымны кашаль. Валока аж захліпаўся ад ўдушша, грудзі разрываліся; пыл і пясок забілі, мусіць, усе лёгкія. Уздрыгваючы ўсім целам, некалькі пакутных хвілін чалавек кашляў і адплёўваўся і пасля, калі палегчала, зноў агледзеўся наўкола.

Так, яго добра заваліла тут. Заваліла лесвіцу і склеп, уцалеў толькі змрочны закутак за прыступкамі ды якіх метры са два ля выхаду. Той бок склепа, насупраць ад увахода, быў зусім забіты цэглай, бетоннымі глыбамі; столь над ім скасабочылася, разламаўшыся на кавалкі, і з чорных шчылін дзе-нідзе тырчала ржавая арматура. З адной такой шчыліны ў паўзмрок сутарэння цадзіўся знадворку тоненькі мільготкі праменьчык. У ім, роячыся, густа бліскалі пылінкі, і ён ледзьве прабіваўся да долу, дзе клаў на цагляны зломак прыцьмелую плямку святла. Ад гэтай яго кволай спробы прабіць змрок і было тут трошкі відна.

Паматаўшы галавой, Валока вытрас з вушэй пясок і ўчуў, як глухімі ўздыхамі з-пад зямлі данесліся сюды гукі вайны — выбухі, далёкі маторны гул і глухаватыя кулямётныя чэргі. Гэта насцярожыла і заклапаціла; падумалася, што трэба хутчэй вылазіць, бо рота, мусіць, ужо адышлася далека. Баец падняўся на ногі і, спатыкаючыся, пабрыў было да прыступак. Там ён агледзеўся, убачыў і выцягнуў з-пад шчэбня свой згублены аўтамат, рукавом выцер яго ад пылу. Тое, што знайшлася зброя, трохі супакоіла яго; чалавек аддыхаўся і адчуў, што болей за іншае баліць плячо. Упершыню ён успомніў тады пра немца. Вядома, таму ўжо капец; прыбіла, напэўна, у куце; так, дзякаваць Богу, не давялося і душыць, падумаў Валока. Да немца, мёртвага, у байца злосці ўжо не было.

Угары зноў прыглушана загрукацелі чэргі, то наш «дзягцяр»; Валока пазнаў бы яго дзе хочаш. Гэта ўзбадзёрыла байца. Прыгнуўшы голаў, ён абмацаў навіслую над прыступкамі глыбу, паднатужыўся, паштурхаў, аднак нічога нідзе не кранулася. Мусіць, зверху яго тут добра прываліла нечым. Але як жа тады выкараскацца? Пакутуючы ад болю, ён сышоў з прыступак, угледзеўся ў змрок пакарэжанага падстолля. Нідзе ніякае дзіркі, ніякай адтуліны, здатнай для таго, каб можна было пралезці. Зрушваючы абломкі цэглы, баец ускарабкаўся на кучу друзу пад промнем і ў другім месцы памацаў рукамі скасабочаную патрэсканую столь. Адзін кавалак бетону кратаўся, але толькі ледзь-ледзь — хоць і быў разламаны, ды ўсё ж трымаўся, пэўна, на арматуры. Валока зазірнуў у шчыліну, але там, апроч добра асветленых на зломе тоўстых яе краёў, нічога не было відаць.

Што ж рабіць, — як вылезці, няўжо няма ніякага ходу? А можа, трэба крыкнуць, паклікаць на дапамогу? А калі тут паблізу немцы? Хто ведае, ці ўтрымалі нашы той сквер? Такая бамбёжка, мусіць, дала немцам якую карысць. Ён злез з друзу, зазірнуў у цёмны куток збоч лесвіцы — скрозь пыльнае цаглянае завалле. Колькі трэба перакапаць яго, каб дабрацца да якой праломіны! Дык што ж рабіць!

Раптам на кучы цэглы і ламачча варухнуўся кавалак цагліны. Пасля, крануты аднекуль знутры, заварушыўся друз і яшчэ некалькі кавалкаў ссунулася ўніз. Валока здрыгануўся, сумеўся і ажно прыгнуўся, углядаючыся. «Вось табе і на!» — без страху, поўны аднаго толькі здзіўлення, сказаў ён сабе. I у той жа час згледзеў край чорнага, акаймаванага галуном пагона, засыпанае глінай плячо мундзіра, і раптам нечакана акрэсліўся дагэтуль не заўважаны ў паўзмроку твар немца. Яго немаладыя, вільготнага бляску вочы чамусьці вельмі напружана, быццам збянтэжана глядзелі на байца.

Валока ўнутрана сцяўся («Ах ты, пракляты, уцалеў!») і левай рукой падхапіў ствол аўтамата. Але былы страх знік, цяпер баец не дужа і баяўся гэтага недадушанага ворага. Немец, аднак, не варушыўся, яшчэ трохі паўзіраўся ў байца і затым тузануўся з ламачча. Твар яго пры гэтым скрывіўся ад болю, вораг прастагнаў і немачна заплюшчыў вочы.

«Забіць!» — бліснула думка. Валока прывычна скіраваў на ворага аўтамат, гатовы вось-вось націснуць на спуск; гэта было так лёгка зараз і так проста. Але, мабыць, гэтая лёгкасць і прытрымала яго рашучасць. Немец зноў аслабела заварушыўся, намагаючыся вызваліцца з-пад абломкаў. «Ну лезь, паспрабуй! Падыдзі! — казаў сабе баец, пільна назіраючы за кожным аслабелым рухам ворага. — Вылезеш, тут жа і ляжаш!»

Гэта быў чацвёрты вораг, які трапіў яму пад аўтамат. Першага ён падстрэліў у сорак трэцім пад Прохараўкай з акопа, у часе нямецкай атакі. Той упаў тады на траву, павярнуўся, неяк здзіўлена паглядзеў на Валоку і сціх. З другім давялося трохі пазмагацца. Баец даганяў яго ў акопе, той страляў з парабелума, параніў яго сябра Макіўчука, — то быў нейкі афіцэр у фуражцы з кукардай, і Валока, загнаўшы яго ў тупік, прыкалоў штыхом. Трэцяга расстраляў там, у пад'ездзе. Цяпер вось гэты.

Але страляць яго ў доле было неяк няёмка. Вакола чакаў, калі ён вылезе і што будзе потым.

Толькі вылезці яму было нялёгка. Немец патузаўся плячыма, разварушыўшы цагліны, выцягнуў з-пад завалля руку, пакрывіўся тварам ад болю. Затым застагнаў, умольна зірнуў на байца і зноў бяссільна абвяў.

«А, даняло, сабака!» — прабурчаў Валока, усе напружана сочачы за ім. Але аўтамат ён апусціў. Немец пакутна торгаўся, разварушваючы драбязу і ўсё не могучы выдраць ногі, прываленыя нейкай бетоннай глыбай. Валока яшчэ пастаяў насупраць, назіраючы за марнымі намаганнямі ворага. Мусіць, ад таго, што немец страціў ужо былую небяспеку для яго, паволі асядала ў байцу злосць і мякчэла, адступала кудысьці рашучасць забіць. Немец застагнаў, апусціў голаў, кусаючы вусны. «Пераломаны ногі, ці што?» — падумаў Валока. Бачачы, што немцу не выбрацца без дапамогі, ён неяк не ў лад са сваім пачуццём ступіў бліжэй і, упершыся абцасам, адваліў убок вялізны пляскаты кавалак сцяны.

Затым сам аж здзівіўся, навошта зрабіў тое, — немец вальней заварушыўся, абапёрся аб дол рукамі і, схіліўшы ўніз галаву з разматлянымі пыльнымі космамі, паволі выцягваў з-пад друзу ногі. Ага!.. Цэлы… Ён ужо апынуўся на волі, але чамусьці не спяшаўся скарыстаць яе, — мусіць, яго добра прыбіла ў часе абвалу. Тоячы ў душы супярэчлівую, перамешаную са спачуваннем зласлівасць, Валока стрымана назіраў за ім.

Абапіраючыся рукамі на загрувашчаны дол, немец нейкі час сядзеў, не могучы, відаць, саўладаць са слабасцю і болем. Побач, сцяўшы над пераноссем запарушаныя пылам бровы, з аўтаматам напагатове чакаў Валока. Немец усё мацаў сваю нагу ў калене, варушыў ботам. Затым, нібы чагосьці здзівіўшыся, зірнуў на байца і ўслухаўся. Знадворку глуха даносілася далёкая страляніна; грымнула некалькі выбухаў; праз шчыліны ў столі сям-там прасеялася крыху пяску. Немец паглядзеў угору і, нібы прыпамятаўшы штосьці, таропка ўстаў і, кульгаючы, падаўся да лесвіцы.

Валока не бачыў у яго ніякае зброі, ведаў, нікуды яму не вырвацца адсюль, і таму спакойна сеў на цагляны зломак, з перавагай пазіраючы на ворага. Аўтамат ён трымаў між калень. «Ага, паспрабуй», — з'едліва падумаў баец, гледзячы, як немец штурхае пліту над прыступкамі. Той рабіў гэта, відаць, з усяе сілы, ззаду ў кароткім разрэзе аж матляліся канцы мундзіра, але пліты зрушыць не здолеў. Тады немец павярнуўся; на яго збянтэжаным твары было пытанне, але безудзельна спакойны выгляд Валокі, мусіць, даў яму зразумець, што выйсця адсюль няма.

Ён вяла саступіў з прыступак і сеў, абхапіўшы рукамі нагу. Валока з прытоенай цікавасцю агледзеў яго пакамечаную, абсыпаную пылам постаць з яфрэйтарскім шаўронам на разадраным да локця рукаве і ўпершыню ўбачыў на яго баку кабуру. Гэта зацікавіла і насцярожыла, з'явіўся новы клопат: што рабіць, калі вораг ажыў ды яшчэ ў дадатак да ўсяго і ўзброены?

Немец тым часам, відаць, паволі спакайнеў, правай нагой спіхнуў з левай бот, закасаў штаніну і насоўкай пачаў перавязваць калена. Калена было скрываўлена, кроў паўзла і паўзла з нейкае невялічкай, але вельмі крывацёчнае раны, і хутка насоўка стала ўшчэнт мокрая. Па ўсім выглядзе немца нельга было заўважыць, каб ён збіраўся ратавацца ад байца або нападаць, і гэта супакойвала. Неяк міжвольна пранікшыся спачуваннем да яго болю, Валока адставіў убок нагу і намацаў у кішэні пацёрты, даўно ўжо ношаны там перавязачны пакет. Баец мог і не даваць яго: не так ужо і шкада яму было гэтага падбітага гітлераўца. Аднак нейкае чалавечае велікадушша штурхнула дапамагчы, бо была ў тым патрэба.

Немец не чакаў, пэўна, гэтага, і пачак упаў у друз ля яго ботаў. Спярша салдат сумеўся, але затым зразумеў — погляд яго адразу праясніўся. Ён нават буркнуў «данке» і, праз боль усміхнуўшыся, дастаў пакет. Твар у яго быў ужо немалады, загарэлы лоб перарэзалі маршчыны,і над скронямі блішчалі залысіны. На абсівераных няголеных шчоках шархацела русявае шчацінне.

Валока ўсё глядзеў на ворага, не ведаючы, што рабіць далей, і толькі інстынктыўна адчуваючы, што трэба асцерагацца. Немец вышэй закасаў штаніну і пачаў ашчадна абкручваць бінтом калена. У гэтым занятку ён мерна гойдаўся, раз-пораз падстаўляючы святлу са шчыліны зашчаціненую шчаку з шырокім косым рубцом каля вуха, — мусіць, колішнім следам асколка. Валока ўбачыў тое і сам сабе ўсміхнуўся: гэткі ж самы рубец насіў і ён на левым баку — то была памятка баёў пад Курскам. Немец відавочна ачуньваў і насцярожаным позіркам шэрых вачэй зрэдку пазіраў на байца.

Дальше