Я думаў толькі аб адным: як дабрацца дамоў; другіх жаданняў у мяне не было. Я блукаў паміж дрэваў, упаў у яму, моцна выцяў калені і вынырнуў на дарогу, якая вяла да ваеннага каледжа. Я гавару «вынырнуў», таму што па пясчаным пагорку нёсся бурны мутны паток. Тут у цемры на мяне наляцеў нейкі чалавек і ледзь не збіў мяне з ног.
Ён выкрыкнуў, палахліва адскочыў убок і знік, перш чым я паспеў апамятацца і загаварыць з ім. Парывы навальніцы былі настолькі моцныя, што я з вялікай цяжкасцю ўскарабкаўся на пагорак. Я ішоў левым бокам, трымаючыся бліжэй да плота.
Непадалёк ад вяршыні я наткнуўся на штосьці мяккае і пры святле маланкі ўбачыў пад нагамі кучу цёмнага адзення і пару ботаў. Я не паспеў разгледзець ляжачага: пагасла святло. Я нагнуўся над ім, чакаючы наступнай успышкі. Гэта быў каржакаваты чалавек у танным, але яшчэ добрым гарнітуры; ён ляжаў ніцма, прыціснуўшыся к плоту, як быццам з разгону наляцеў на яго.
Асільваючы агіду, зусім натуральную, бо мне ніколі не даводзілася дакранацца да мёртвага цела, я нахіліўся і перавярнуў ляжачага, каб даведацца, ці б'ецца яшчэ сэрца. Чалавек быў мёртвы. Магчыма, ён зламаў сабе шыю. Маланка бліснула трэці раз, і я ўбачыў твар нябожчыка. Я адхіснуўся. Гэта быў карчмар, гаспадар «Плямістага сабакі», у яго я наняў каня.
Я асцярожна пераступіў труп і стаў прабірацца далей. Я мінуў паліцэйскі пастарунак і ваенны каледж. Пажар на схіле гары патух, хоць з боку пусткі ўсё яшчэ віднелася чырвонае зарыва і клубы чырванаватага дыму прарэзалі навалу граду. Большасць дамоў, наколькі я паспеў разгледзець пры ўспышцы маланкі, уцалела. Каля ваеннага каледжа на дарозе ляжала нейкая цёмная куча.
Паперадзе, на дарозе, у бок моста, чуваць былі чыесьці галасы і крокі, але ў мяне не хапіла сілы крыкнуць ці падысці да людзей. Я ўвайшоў у свой дом, запёр даверы, замкнуў іх на ключ, павесіў засаўку і стомлены апусціўся на падлогу каля лесвіцы. Перад маімі вачыма крочылі металічныя пачвары і мільгала постаць нябожчыка каля плота.
Я прыхіліўся спіной да сцяны і, дрыжучы, так і застаўся сядзець каля лесвіцы.
Я ўжо гаварыў пра тое, што вельмі паддаўся хуткай перамене настрою. Неўзабаве я адчуў, што вымак і мне холадна. На дыване каля маіх ног сабралася цэлая лужа. Я амаль машынальна падняўся, прайшоўся ў сталовую і выпіў крыху віскі, потым вырашыў пераапрануцца.
Змяніўшы адзенне, я падняўся ў свой кабінет, а чаму менавіта туды, я і сам не ведаю. З вакна былі відаць дрэвы і чыгуначная станцыя каля Хорселскай пусткі. У мітусні ад'езду мы забыліся зачыніць гэта акно. У калідоры было цёмна, і пакой таксама здаваўся цёмным паводле кантрасту з пейзажам у ваконнай рамцы. Я спыніўся ў дзвярах як укопаны.
Навальніца прайшла. Вежы Ўсходняга каледжа і сосны вакол яго зніклі; удалечыні ў чырвоным святле была бачна пустка і пясчаны кар'ер. На фоне зарыва мільгалі гіганцкія вычварныя цені.
Здавалася, уся акруга была ахоплена агнём: шырокім схілам пагорка прабягалі языкі полымя, дрыжучы і вывіваючыся ў парывах аціхлай навальніцы, і адкідвалі чырвоны водсвет на імклівыя аблокі. Час ад часу дым блізкага пажарышча зацягваў акно і паглынаў цені марсіянаў. Я не мог разгледзець, што яны рабілі; іх абрысы акрэсліваліся няясна, яны кешкаліся над цёмнай кучай, якую я мог разгледзець. Я не бачыў і бліжэйшага пажару, хоць водбліск яго гуляў на сценах і на стале кабінета. Чуцён быў моцны пах гарэлай смалы.
Я ціха прычыніў дзверы і падкраўся да акна. Перада мною адкрылася больш шырокая прастора для агляду — ад дамоў вакол станцыі Ўокінг да абвугленых, пачарнелых сасновых лясоў Байфліта. Бліз аркі, ля падножжа гары нешта ярка гарэла; многія дамы паўз дарогу к Мэйбэры і на вуліцах блізка ля станцыі тлелі ў кучах развалінаў. Спярша я не мог разабрацца, што гарэла на лініі чыгуначнай дарогі; агонь прабягаў па нейкай чорнай кучы, направа віднеліся жоўтыя прадаўгаватыя прадметы. Потым я разгледзеў, што гэта быў пацярпеўшы ад крушэння цягнік; пярэднія вагоны былі разбітыя і гарэлі, а заднія яшчэ стаялі на рэйках.
Паміж гэтымі трыма ачагамі святла — дамамі, цягніком і ахопленымі полымем ваколіцамі Чобхема — цягнуліся чорныя палосы зямлі, дзе-нідзе перасечаныя палоскамі тлеючай і задымленай глебы. Гэта дзіўнае відовішча — чорная прастора, усеяная агнямі — напамінала мне начныя ганчарныя заводы. Спачатку я не заўважаў людзей, хоць і глядзеў вельмі пільна. Потым я ўбачыў каля станцыі Ўокінг, на лініі чыгуначнай дарогі, некалькі мітуслівых чорных фігурак.
І гэтым вогненным хаосам быў той маленькі свет, у якім я ціхамірна жыў столькі гадоў! Я не ведаў, што адбылося на працягу апошніх сямі гадзінаў; я толькі пачынаў цьмяна здагадвацца, што ёсць нейкая сувязь паміж гэтымі механічнымі калосамі і тымі непаваротлівымі пачварамі, якія на маіх вачах выпаўзалі з цыліндра. З якойсьці дзіўнай цікаўнасцю я падсунуў сваё рабочае крэсла да вакна, усеўся і пачаў назіраць; асабліва зацікавілі мяне тры чорныя гіганты, якія расхаджвалі ў святле пажарышча каля пясчанага кар'ера.
Яны, відаць, былі вельмі занятыя. Я стараўся здагадацца, што яны там робяць. Няўжо гэта адухаўлёныя механізмы? Але ж гэта немагчыма. Можа быць, у кожным з іх сядзіць марсіянін і рухае, загадвае, кіруе ім гэтак жа, як чалавечы мозг кіруе целам. Я пачаў параўноваць іх з нашымі машынамі і ўпершыню ў жыцці задаў сабе пытанне: якімі павінны здавацца разумнай, але менш развітай, чым мы, істоце браняносцы ці паравыя машыны?
Навальніца пранеслася, неба ачысцілася. Над дымам пажарышчаў бліскучы, маленькі, як шпількавая галоўка, Марс схіляўся да захаду. Нейкі салдат палез у мой сад. Я пачуў лёгкае драпаценне і, як бы апрытомнеўшы, убачыў чалавека, які пералазіў цераз плот. Маё аслупяненне адразу прайшло, і я хутка высунуўся ў акно.
— Тс… — прашаптаў я.
Ён у нерашучасці ўсеўся верхам на плоце. Потым саскочыў у сад і, сагнуўшыся, бясшумна ступаючы, пракраўся лужком да вугла дома.
— Хто там? — шэптам спытаў ён, стоячы пад акном і гледзячы ўверх.
— Куды вы ідзяце? — запытаў я.
— Я і сам не ведаю.
— Вы шукаеце, дзе б схавацца?
— Так.
— Зайдзіце ў дом, — сказаў я.
Я сышоў уніз, адчыніў дзверы, потым зноў запёр іх. Я не мог разгледзець салдацкага твару. Ён быў без фуражкі, мундзір быў расшпілены.
— О божа! — сказаў ён, калі я яго ўпусціў.
— Што здарылася? — спытаў я.
— Не пытайцеся. — Нягледзячы на цемру, я ўбачыў, што ён безнадзейна махнуў рукою. — Яны змялі нас, проста змялі, — паўтарыў ён.
Амаль машынальна ён увайшоў за мною ў сталовую.
— Выпіце віскі, — прапанаваў я, наліваючы яму добрую порцыю.
Ён выпіў. Потым сеў у крэсла ля стала, схіліў на рукі галаву і расплакаўся, як дзіця. Забыўшы пра свой нядаўні прыступ адчаю, я здзіўлена глядзеў на яго.
Прайшло даволі часу, пакуль ён супакоіўся і змог адказваць на мае пытанні. Ён гаварыў адрывіста і блытана. Ён быў ездавым у артылерыі і прыняў удзел у баі толькі каля сямі гадзінаў вечара. У гэты час страляніна на пустцы была ў поўным разгары; гаварылі, што першая партыя марсіянаў паволі паўзе да другога цыліндра пад прыкрыццем металічнай брані.
Потым гэта металічная браня ператварылася ў трыножак, відаць, у тую першую ваенную машыну, якую я ўбачыў. Зброя, пры якой знаходзіўся мой госць, была ўстаноўлена бліз Хорсела для абстрэлу пясчанага кар'ера, і гэта паскорыла падзеі. Калі ездавыя з лафетам ад'язджалі ўбок, яго конь спатыкнуўся і ўпаў, скінуўшы яго. У тую ж хвіліну пушка ўзляцела ў паветра разам са снарадамі; усё было ахоплена агнём, і ён апынуўся пад кучай абгарэлых трупаў людзей і коней.
— Я ляжаў ціха, — расказваў ён, — ледзь не мёртвы ад страху. На мяне навалілася пярэдняя частка каня. Яны нас змялі. А пах, божа мой! Як прыгарэлая смажаніна. Я выцяў спіну пры падзенні. Так я ляжаў, пакуль мне не стала крыху лепш. Толькі хвіліну назад мы ехалі, як на парад, — і раптам разбітыя, змеценыя, знішчаныя.
— Нас змялі! — паўтарыў ён.
Ён доўга хаваўся пад тушай каня, крадком паглядваючы на пустку. Кардыганскі полк спрабаваў кінуцца ў штыкі — яго мігам знішчылі. Пасля пачвара паднялася на ногі і пачала расхаджваць па пустцы, праследуючы некаторых з тых, хто ўцякаў. Каўпак, які круціўся на ёй, напамінаў галаву чалавека ў капюшоне. Нешта падобнае на руку трымала вельмі мудрагелістую металічную скрынку, з якой выляталі зялёныя іскры і біў цеплавы прамень.
Праз некалькі хвілінаў на пустцы, наколькі ён мог бачыць, не засталося ніводнай жывой істоты; кусты і дрэвы гарэлі. Гусары стаялі пры дарозе ў лагчынцы, і ён іх бачыў. Ён чуў, як застракаталі кулямёты, затым усё сціхла. Гігант доўгі час не чапаў станцыю Ўокінг і вакольныя дамы. Потым слізгануў цеплавы прамень, і гарадок ператварыўся ў кучу палымнеючых развалінаў. Пасля гэтага пачвара выключыла цеплавы прамень і, павярнуўшыся спіною да артылерыста, пакрочыла ў бок дымнага сасновага лесу, дзе ўпаў другі цыліндр. У наступны момант з ямы падняўся другі зіхатлівы тытан.
Другая пачвара пасунулася за першай. Артылерыст асцярожна папоўз па гарачых дагарках верасу к Хорселу. Яму ўдалося дапаўзці да канавы, што цягнулася ўздоўж дарогі, і такім чынам ён дабраўся да Ўокінга. Далейшы аповяд артылерыста быў амаль з выклічнікаў. Праз Уокінг нельга было прайсці. Нямногія ацалелыя жыхары, здавалася, страцілі розум; іншыя згарэлі зажыва ці атрымалі апёкі. Ён павярнуў у бок ад пажару і схаваўся ў закапцелых развалінах; тут ён убачыў, што пачвара вяртаецца. Яна дагнала аднаго з уцекачоў, схапіла яго сваім стальным шчупальцам і размажджэрыла яму галаву аб сасновы пень. Калі сцямнела, артылерыст папоўз далей і дабраўся да чыгуначнага насыпу.
Потым ён, крадучыся, накіраваўся праз Мэйбэры ў бок Лондана, думаючы, што там будзе бяспечней. Людзі хаваліся ў скляпах, канавах, і многія з уцалеўшых беглі к Уокінгу і Сэнду. Яго мучыла смага. Каля чыгуначнай аркі ён убачыў разбіты вадаправод: вада біла фантанам з лопнутай трубы.
Вось і ўсё, што я мог у яго выпытаць. Ён крыху супакоіўся, расказаўшы мне пра ўсё, што яму давялося бачыць. З апоўдня ён нічога не еў; ён напомніў мне аб гэтым у пачатку сваёй гаворкі; я знайшоў у кладоўцы крыху бараніны, хлеба і прынёс яму паесці. Мы не запальвалі лямпу, баючыся прыцягнуць увагу марсіянаў, і нашы рукі часта судакраналіся, намацваючы яду. Пакуль ён расказваў, вакольныя прадметы сталі выступаць з цемры, за акном ужо можна было адрозніць вытаптаную траву і зламаныя кусты ружаў. Здавалася, па лагчынцы праімчаўся натоўп людзей ці статак жывёлаў. Цяпер я мог разгледзець твар артылерыста, замурзаны, бледны, — такі ж, магчыма, быў у мяне.
Наеўшыся, мы асцярожна падняліся ў мой кабінет, і я зноў выглянуў у адчыненае вакно. За адну ноч квітнеючая даліна ператварылася ў папялішча. Пажар затухаў. Там, дзе раней бушавала полымя, цяпер чарнелі клубы дыму. Разбураныя і разварочаныя дамы, паваленыя, абвугленыя дрэвы — уся гэта страшная, злавесная карціна, скрытая да гэтага часу начной цемраю, цяпер, у перадсвітальных прыцемках, наглядна паўстала перад намі. Што-нішто цудам уцалела сярод усеагульнага разбурэння: белы чыгуначны семафор, частка аранжарэі, зелянеючай сярод развалінаў. У гісторыі войнаў не было такога няшчаднага ўсеагульнага разбурэння. Пабліскваючы ў ранішнім святле, тры металічныя гіганты стаялі каля ямы, іх каўпакі паварочваліся, як быццам яны любаваліся сваім апусташэннем.
Мне падалося, што яма стала шырэйшая. Спіралі зялёнага дыму няспынна ўзляталі насустрач ранішняй зары — падымаліся, клубіліся, падалі і знікалі.
Каля Чобхема ўзнімаліся слупы полымя. Яны ператвараліся ў слупы крывавага дыму пры першых сонечных промнях.
Калі зусім развіднела, мы адышлі ад вакна, адкуль назіралі за марсіянамі, і ціха спусіцліся ўніз.