Здрада - Васіль Быкаў 3 стр.


Калі пачалася вайна і ў мястэчку з’явіліся немцы, прывалокся з горада і Грышка. Нейкі час ён сядзеў на матчынай шыі, швэндаўся па мястэчку і прыглядаўся да новых парадкаў. Бацька яго, мабілізаваны ў пачатку вайны, недзе прапаў (можа, адступаў на ўсход, а можа, і загінуў), а да маткі неўзабаве прыстаў прымак з акружэнцаў. Пад зімку, калі пачала стварацца паліцыя, Блішчынскага прымака таксама ўцягнулі ў гэтую зграю наймітаў. Паліцай з яго быў дрэнны, ён без просыпу піў самагонку, двойчы п’яны губляў вінтоўку, і начальства выганяла яго са службы. Але паліцыянты былі патрэбны, і яго бралі зноў. Зімой жа ў мястэчку арганізавалася інтэнданцтва; школу і ўсе лепшыя будынкі немцы занялі пад склады. У памяшканні сельмага нейкія прыезджыя паслугачы адкрылі майстэрню па рамонту амуніцыі і малярню, якая фарбавала розныя вайсковыя рэчы і пісала шыльды. Гэтыя шыльды і розныя аб’явы на нямецкай і беларускай мовах вазамі развозіліся па ўсёй акрузе, і вось у гэтай малярні пад вясну апынуўся і Грышка Блішчынскі.

Амаль год чорнай і белай фарбаю мазаў ён на фанеры, блясе і дошках крывулястыя гатычныя літары, свастыкі, стрэлкі і розныя знакі, да якіх былі вялікія аматары немцы. Амаль два гады атрымліваў ён нямецкі паёк, нейкую плату ў рублях і марках. Праўда, у розных установах і тады працавала шмат усякіх людзей (трэба ж было неяк жыць, карміцца і змагацца), і тут, бадай, папракнуць Блішчынскага нельга. Калі ж у краі разгаралася партызанская вайна і на самое мястэчка ўжо тры разы быў напад партызан, Грышка, відаць, сцяміў, што ў нямецкай майстэрні радасці яму будзе мала. У гэтую пару бадай што ўсе яго равеснікі і нават маладзейшыя хлопцы былі або звязаны з партызанамі, або як маглі памагалі ім. I Грышка надумаў. Калі ён заявіў партызанам, што хоча перайсці да іх, тыя запатрабавалі доказаў ягонай адданасці Савецкай уладзе. Тады ён заманіў дадому прымака-паліцая, які ў той час дняваў і начаваў у камендатуры, баючыся расправы, з ім яшчэ аднаго такога ж недабітка-п’яніцу, добра ўпаіў іх, затым адабраў зброю, звязаў паліцаяў і цераз сувязных пераправіў у лес. Паліцаяў, вядома, расстралялі, а Грышку паверылі, і ён з сякой-такой накрадзенай і адабранай зброяй прыйшоў у атрад. Цімошкін у гэты час таксама быў там і, чуючы, як некаторыя хлопцы хвалілі Блішчынскага, толькі абураўся. Ён згадваў фальш спекулянцкай душы былога сябра і не таіў гэтага, толькі ў блакадны той час не было каму разбірацца ў складаных адносінах гэтых двух партызанаў.

Апроч як пра сябе, ні пра каго ён не дбаў у жыцці. Некалі ў маленстве Цімошкін таксама быў патрэбны яму, каб памагаць пасвіць кароў, наглядаць за кратовымі норамі, у якія ён ставіў пасткі, каб красці ў Цімошкінага бацькі тытунь, які Грышка пасля курыў у полі. Бацька ягоны ў сям’і мала што значыў, дома ўсім распараджалася маці — упартая, сварлівая кабета, якая замуштравала ўсіх — і мужа, і трох дачок, толькі Грышка праз сваю хітрасць не паддаўся ёй. Гэтыя набытыя з маленства ўвішнасць і себялюбства на ўсё жыццё сталі яго адметнаю рысай.

Трапіўшы пасля партызанкі ў запасны полк, Грышка пачаў новае жыццё з таго, што выкрыў аднаго франтавіка-сяржанта, які поначы хадзіў у самаволку. Сяржант — разведчык па спецыяльнасці — быў хлопец разумны і з ордэнам, атрыманым яшчэ ў сорак першым годзе. Звычайна пасля вячэрняй праверкі ён выходзіў з казармы і бег цераз поле на станцыю, дзе яго чакала каханка. Да пад’ёму ён спраўляўся вярнуцца назад на сваё месца на нарах, і ўсё пакуль ішло шыта-крыта. I вось, стоячы днявальным, Блішчынскі аднойчы прыкмеціў самавольшчыка. Нейкі час ён нікому аб тым не дакладваў, маўчаў да сходу, на які прыйшлі нампаліт камандзіра палка, камандзір батальёна і іншыя афіцэры. I тады Блішчынскі, папрасіўшы слова, выступіў з палымянай прамовай наконт парушэнняў вайсковай дысцыпліны. Тады ж ён і выкрыў сяржанта, якога неўзабаве пасадзілі на гаўптвахту, а затым датэрмінова адправілі на фронт. Начальства з таго сходу «заўважыла» Блішчынскага; яго «непрымірымасць» да недахопаў і ўменне прыгожа выступаць многім спадабалася. На другім сходзе хлопцы абралі Грышку сакратаром ротнай камсамольскай арганізацыі.

Пасля ён у вольны ад заняткаў час намаляваў партрэт свайго камандзіра роты. Камандзір, відаць, не дужа што разумеў у гэтым мастацтве, але капітан на партрэце выйшаў прыгажэйшы, маладзейшы і болей зухаваты, чым на самай справе, і сэрца яго не засталося абыякавым да таго падарунка. Неўзабаве радавы Блішчынскі, уладкаваўшыся ў ленпакоі, маляваў партрэты правадыроў, ладзіў наглядную агітацыю, а ўсе іншыя байцы ў гэты час адшліфоўвалі на спякоце самую цяжкую тэму тактыкі — стралковая рота ў наступальным баі.

Прыбыўшы разам з папаўненнем у стралковы полк, Блішчынскі неяк не пайшоў у батальён. Пэўна, як мастака яго ўзяў да сябе начальнік артылерыі — там трэба было шмат што чарціць і прыгожа пісаць, а на тое Блішчынскі ўжо стаў сталы майстра. Так ён і прыжыўся пры штабе — насіў афіцэрам сняданак, уранку паліваў ім з кацялка ваду, клапаціўся пра ўтульнасць іхніх зямлянак, а астатні час знаўся з паперамі. I з усім, відаць, ён спраўляўся някепска. Калі пачалося наступленне і Цімошкін з прастрэленай голенню трапіў у медсанбат, Грышка ўжо меў медаль «За баявыя заслугі», да яго неўзабаве прыбавіўся «За вызваленне Бялграда», у які ён уехаў на штабной машыне.

Цімошкін бачыў усё гэта, абураўся ў душы, але на людзях маўчаў. Ён думаў — чорт з ім, кожнаму сваё, урэшце, не Блішчынскі, дык хто іншы сядзе на тое месца ў штабе, бо патрэбны і пісары. Зноў жа, ці добра было хадзіць да начальства, нешта даказваць, выкрываць — усё ж яны былі землякі, свае людзі. Праўда, Цімошкін не меў да яго ніякае справы, у хлопца былі свае харошыя сябры, і ён толькі хацеў, каб гэты чалавек ні ў чым не датычыў яго. Але вось недарэчны вайсковы лёс звёў іх на адной сцяжыне, і Цімошкін падумаў цяпер, што з гэтага наўрад ці выйдзе што добрае.

Ісці станавілася ўсё цяжэй. Яны набрылі на нейкі палетак, пэўна, узараны ўвосень, боты коўзаліся, ногі падварочваліся на грудах і ямках, вецер сек снегам па твары і сляпіў вочы. Было няўтульна і сцюдзёна. Снег падтайваў, ліпнуў да твару і па шыі золкай макрэддзю сцякаў за каўнер. Шчокі ўсё больш дубянелі ад сцюжы, мерзла і балела ад холаду захутаная ў бінты рука. Рукавіцы Цімошкін недзе згубіў у баі і цяпер здаровую руку хаваў за пазуху або ў кішэню. Але тады спаўзаў з пляча рэмень аўтамата, трэба было прытрымліваць яго, і пальцы так закалелі, што ледзьве згіналіся.

Наваколле звузілася, адасобілася ад іх мільготкім полагам снегу, і хлопец ледзьве мог пазнаваць наперадзе цьмяныя постаці сваіх спадарожнікаў. Ён ішоў па іхніх слядах, ужо прысыпаных снегавой пацярухай, і думаў: хоць бы не спатыкнуцца, не пакаўзнуцца, бо тады наўрад ці знайшоў бы ў сабе сілы ўстаць. Надвор’е трохі абнадзейвала. Хоць і цяжка было ісці, але яны разумелі, што пад такім снегам лягчэй будзе мінуць перадавыя нямецкія часці, і калі яны дзе нечакана не наткнуцца на немцаў, дык заўтра будуць у нашых. Толькі б дабрацца да сваіх, пазбыцца адзіноты, і там ужо нічога не было б ім страшна.

Снуюць, мітусяцца сняжынкі, шапоча, віруе, імкне ля ног снегавая віхура, цягнуцца і цягнуцца ў доле бясконцыя ямкі хлопцавых слядоў. У Шчарбака след шырокі і роўны, боты вялізныя (сорак чацвёрты памер — такіх болей ніхто не насіў у батарэі), Блішчынскі ж свае трымае трохі навыверт, наскамі ў поле…

Раптам перад Цімошкінавым тварам — Шчарбак. Пэўна на хаду прыдрамаўшы, замковы не заўважыў, як хлопцы спыніліся, каб перавесці дыханне і дачакацца яго. Ён здрыгануўся, прахапіўся з санлявасці, і ўсё — непагода, хлопцы і снег — здалося нечаканым, як бывае, калі чалавека знянацку пабудзяць.

— Кажу, прыстаў, мусіць? — пытаўся Шчарбак, стоячы перад ім, увесь абсыпаны снегам.

— Нічога, — сказаў Цімошкін, адчуўшы ў яго голасе ледзьве прыкметныя ноткі спагады. Ад гэтага клопату хлопец зноў стаў мацнейшы, нядаўняя крыўда ўраз прапала — цяпер ён ужо разумеў, што ў такіх абставінах недарэчна залішне патрабаваць ад сябра. Шчарбак падышоў да яго і крануў на плячы аўтамат.

— Дай сюды, — упэўнена, як пра нешта дробнае, сказаў ён і зняў з яго зброю. На дзязе ў наводчыка вісеў пісталет, на спіне быў рэчмяшок з клінам, на правым плячы хлопец нёс аўтамат Скварышава, цяпер на левае начапіў яшчэ зброю Цімошкіна. Блішчынскі тым часам стаяў побач, адвярнуўшыся ад ветру, і чакаў, каб рушыць далей.

— Так, хлопцы, пад вецер трымайце. Цяпер вецер — арыенцір, — сказаў ён з прывычнай сталай самаўпэўненасцю.

Зноў яны пайшлі па полі, супраць ветру, нізка ўгнуўшы галовы, каб трохі засцерагчыся ад сцюжы. I зноў Цімошкін пачаў патроху адставаць, а яны ўсе — Шчарбак, Блішчынскі і нават Здабудзька, няпэўнымі цёмнымі плямамі варушыліся наперадзе ў снегавым змроку. Добра, што ў доле заставаўся след, і хлопцу не трэба было дужа ўглядацца, каб не збіцца з кірунку.

Змораны і апанураны гэтай хадою, ён не адразу пачуў, як там, наперадзе, дзе ішлі хлопцы, нешта здарылася. Здаецца, хтосьці ўскрыкнуў, затым зусім блізка і трошкі ўбаку загрукацела чарга, да яе зараз жа далучылася другая з іншага месца — шэрую каламуць ночы над галовамі прарэзалі трасіруючыя агніста-зялёныя струмені куль. Гэта здарылася так нечакана і так блізка, што, не зразумеўшы яшчэ, у чым справа, Цімошкін распластаўся на снезе. У голаў адразу ўдарыла думка: «Прапалі!» I тады зусім непадалёк у заснежаным небе рассыпалася агаяная кветка ракеты. Яе блізкае дрыготкае святло, нядоўга патрымаўшыся ў снегавой высі, асвяціла белае пустое поле і тры цьмяныя постаці зводдаль. Па зеленаватым мільготкім снезе яны апантана беглі некуды ўбок, Цімошкін зараз жа ўскочыў і з новаю сілай ірвануў у змрок за таварышамі.

Некалькі трасіруючых чэргаў сцябалі ноч зялёнымі пісягамі куль. Ззаду засвяціла, другая ракета. У доле ад хлопцавых ног палахліва кінуўся ўбок доўгі хісткі цень. Ён упаў, пасля ўскочыў, азірнуўся — здаецца, за імі не гналіся.

Крышку адышоўшы ад перапалоху, Цімошкін зразумеў, што гэта стралялі з танкаў — гукі стрэлаў былі гулкія, нібы аддаваліся ў бочцы. Але неяк раптоўна ўсё змоўкла, пэўна, кулямёты дастралялі па стужцы і сціхлі. Ззаду яшчэ загарэлася ракета, пасля яшчэ дзве разам. Хлопец прысеў, углядаючыся ў змрок, трошкі падсветлены імі — наперадзе нешта цямнела. Калі ракеты згаслі, стала вельмі цёмна, і Цімошкін, як толькі мог, цяжка і нязграбна патрухаў туды, дзе яму паказаліся людзі.

Бегчы давялося доўга, а таварышаў усё не было, і ён ужо пачаў непакоіцца. Але вось з прыцемак невыразна пачулася: «Гэй!» Цімошкін угледзеўся — наперадзе праз снег чарнеў голы куст, і ля яго варушыліся людзі. Хлопец падышоў — ля куста стаяў Шчарбак. Ён чакаў сябра, аддаў назад ягоны аўтамат і запытаўся:

— Здабудзькі не бачыў?

Ля раскідзістай купкі галля, якое высвіствала на ветры сваю непрытульную песню, сядзеў на снезе Блішчынскі; Здабудзькі тут не было. Цімошкін таксама не бачыў яго, бо, калі пачуліся стрэлы, той ішоў наперадзе з хлопцамі.

Пакуль Шчарбак узіраўся ў ноч, Цімошкін падышоў да куста і паваліўся ў снег. Знямога, здаецца, скавала ўсё цела, хлопцу не хацелася ні думаць, ні варушыць нічым, толькі б ляжаць. Блішчынскі ж пасля хуткага бегу цяжка, зморана дыхаў, прываліўшыся на локаць к долу.

— Разумееш, ледзьве ў самыя іх лапы не ўлезлі, — задыхаўшыся, усхвалявана казаў сяржант. — Добра, што гэты салдат ваш неяк згледзеў і крыкнуў. Ось жа ліха яшчэ! Не хапала ўчарашняга…

Шчарбак, углядаючыся ў цемру, пратупаў каля куста і ціхенька, ледзьве не шэптам, паклікаў:

— Гэй! Здабудзька!

— Ды кінь ты! — усхапіўся з долу Блішчынскі. — Пачуюць яшчэ, тады будзе. Пойдзем.

Ён ускочыў на ногі, каб не даць Шчарбаку болей крычаць, але Іван без увагі на яго глядзеў сабе ў змрок і слухаў. Бо як было ісці, немаведама дзе пакінуўшы ездавога, мо нават на пагібель, пад носам у немцаў. Цімошкіну таксама было ніякавата тут, так блізка ад ворагаў, але ўсё думалася, што Здабудзька вось-вось знойдзецца і яны пойдуць.

Аднак ішоў час, а яго ўсё не было. Хлопцы ўжо трохі спачылі, Шчарбак з Блішчынскім, стоячы на нагах, углядаліся і чакалі, Цімошкін жа сядзеў у доле і яшчэ цяжка дыхаў.

— Ну, хопіць! — з канчатковай прыкрасцю сказаў Блішчынскі. — Пайшлі!

Пэўна адчуваючы сябе камандзірам, ён закінуў за плячо аўтамат і ступіў у снег, мяркуючы, што астатнія адразу рушаць за ім. Але Шчарбак адно толькі глядзеў ды слухаў і не звяртаў на яго ўвагі. Цімошкін таксама не ўстаў з долу.

— Ды пайшлі, што стаяць? Можа, яго ўжо ў палон узялі? Чаго ж чакаць?

— Ды ідзі ты! — злосна кінуў Шчарбак. — Ідзі! Хто табе не дае? — Ён ямчэй паддаў аўтамат на плячы, як кожны раз, калі выпраўляўся куды, і пайшоў у змрок. Хутка шэрая мітусня сняжынак паглынула яго.

Блішчынскі нерашуча патаптаўся на месцы і вярнуўся пад куст. Ён маўчаў і, відаць, быў злосны за гэтую затрымку. Цімошкін, яшчэ не ачуняўшы ад свае знямогі, ужо стыў на ветры і пачаў ціхенька дрыжаць.

— Трэба было яму ісці, вось дурань, — з непакоем у голасе сказаў Блішчынскі, і Цімошкін падумаў тады, што іхнія клопаты зусім чужыя яму. Ведама, што Блішчынскаму ездавы Здабудзька — нейкі незнаёмы салдат, якіх тысячы ў кожным палку. Хіба ён, пісар-штабіст, мог зразумець, што стары Здабудзька — для іх свой батарэец, нейкім чынам усё ж артылерыст, трэці з узвода, які ўцалеў у гэтым страшным разгроме. Як было кідаць яго на пагібель у тыле ворага?

— А можа, ён там паранены ляжыць, а ты тут гаўкаеш, — не вельмі дружалюбна сказаў Цімошкін. Але Грышку, відаць, непакоіла адно толькі ягонае становішча, і ён злосна агрызнуўся:

— Ну і што ж? Ты яго панясеш, параненага?

— А што ж, пакінуць?

— Ну, вядома, пакінуць — дрэнна. Непрыгожа, разумееш, неэтычна, — раздражнена замахаў рукамі зямляк. — Але ж іншага выйсця няма. Усім не дагодзіш. Трэба ж цвяроза глядзець на рэчы.

Гэтая яго цынічная адкрытасць хоць і не дужа новай была для Цімошкіна, але ўсё ж сваёю бессаромнасцю бянтэжыла яго. Хлопец ведаў, што ніхто ў іх у разліку ніколі не сказаў бы такіх слоў, усе яны гатовы былі ў цяжкую хвіліну дапамагчы адзін аднаму. Проста не верылася, што гэты чалавек — ягоны зямляк і колішні нават сябра — зрабіўся такім цынікам.

— Дзіўны ты, Блішчынскі! — падумаўшы, сказаў Цімошкін. — Чаму ж ты; калі выступаеш на сходзе, зусім не тое гаворыш. Тады ты — як усе. А цяпер вунь якія думкі ў цябе.

Блішчынскі ад прыкрасці аж пляснуў па шынялі далонню.

— Святая наіўнасць! На сходзе я прапаведаваў тое, што павінен кожны ў маім становішчы. Разумееш? Але ж тут зусім іншая справа, разумееш? Тут, брат, арыфметыка: або гінуць чацвярым, або аднаму. Што выгадней?

— Подласць тут, а не арыфметыка, вось!

Назад Дальше