Здрада - Васіль Быкаў 8 стр.


Блішчынскі тым часам устаў на ногі, крыху прыгнуўшыся, абышоў сцірту, аглядаючы наваколле. Немцы на выспе снавалі ўсё, як мурашкі, ззаду па дарозе імчалі аўтамабілі ў кірунку да фронту. У снегавым прасторы яшчэ паяснела, але неба было скрозь захутана шэрасцю хмар: дзьмуў сцюдзёны марозны вецер. Грышка зноў сеў, уціснуўся спіною ў салому, падкурчыў ногі і сцішыўся. Прыцярпеўшыся да болю ў руцэ, Цімошкін заплюшчыў вочы — у галаве салодка закружылася, паплыло, і неяк раптоўна ўсё сціхла.

Ён задрамаў, сам таго не заўважыўшы, бы праваліўся ў якую бездань — без сноў і адчування часу. Праўда, спаць, здаецца, давялося нядоўга. Пастаянная ўнутраная насцярожанасць хутка скаланула акалелае цела, ён спалохаўся, каб чаго не здарылася, і расплюшчыў вочы.

Ля сцірты ўсё было па-ранейшаму, скуголіў, шалясцеў саломаю вецер, Блішчынскі зябка скурчыўся побач, уткнуўшы твар у калені. Поле скрозь ляжала пустэльнае, на дарозе ззаду сюды-туды поўзалі аўтамабілі, ды на ўзгорку ўсё тырчалі немцы. У полі, навокал, на ўсю сілу кружыла мяцеліца, снегавыя вужакі віліся, матляліся, распаўзаліся па роўнядзі; вылізваючы прастор, няспынна імкнулі ўдалячынь шырокія хвалі завеі. Ад пакінутай бочкі са штампаваным у дне надпісам «Wehrmacht» выцягнулася ў полі выгінастая снегавая гурбіна. У ёй напалову схавалася нерухомая конская спіна, ногі, толькі пасмы чорнае грывы трапяталі, біліся на ветры, нібы ў іх яшчэ асталіся некія рэшткі жыцця. Не тое каб Цімошкін спачыў, але драмаць болей не адважыўся, тым больш што трэба было глядзець, каб не трапіць у горшае ліха.

Блішчынскі спаў, соладка пасопваючы сабе ў калені, нанерваваўшыся і, пэўна, першы раз па-сапраўднаму адчуўшы крушэнне ўласных разлікаў.

Трэба ж было даўмецца да такога нахабства, думаў Цімошкін, каб палезці нават у партыю. Хлопец заўжды лічыў, што такім, як Блішчынскі, не месца нават у камсамоле, што для гэтага ў яго не вельмі чыстыя рукі і бруднае сумленне, а ён — на табе — ужо здабыў рэкамендацыі ў партыю. I першы рэкамендуе яго непасрэдны камандзір, начальнік артылерыі маёр Андрэеў.

Цімошкін пакутліва згадваў, як усё гэта магло здарыцца, і тады з забыцця нечакана выплыў адзін Грышкаў учынак, які некалі непрыемна ўразіў яго. Тое адбылося яшчэ ў абароне ў Малдавіі. Неяк трапіўшы ў штаб, Цімошкін захацеў пабачыць свайго земляка і пайшоў шукаць яго па камандным пункце. Блішчынскі, пэўна, вяртаўся з хутара, і хлопец спаткаў сяржанта з поўнай пілоткай абрыкосаў, якую ён нёс перад сабою між штабных зямлянак. На яго, вядома, накінуліся пісары, што з вясны сядзелі тут у зямлі і, апроч кукурузы і свіное тушонкі, не бачылі іншае ежы. Але Блішчынскі, смеючыся, адбіўся, выкруціўся і неўзабаве нырнуў са сваёю пілоткай у зямлянку маёра Андрэева. Цімошкін чуў праз завешаныя палаткаю дзверы, як маёр няёмка аднекваўся, а пасля гэтак жа нязвыкла дзякаваў пісару, відаць, узяўшы тыя абрыкосы. Хутка Блішчынскі выйшаў адтуль, задаволена ўсміхаючыся, надзеў на голаў парожнюю ўжо пілотку і хітра падміргнуў земляку. Хлопцы на перадавой не мелі такой раскошы, Грышка ведаў гэта, але, як і ўсіх, ён абышоў Цімошкіна, несучы свой пачастунак маёру. Відаць, гэта было не адзін раз, і, вядома, сэрца чалавечае — не камень. Блішчынскі ўмеў падладзіцца, лісіцай падпаўзці да чалавека і паказаць сябе зусім іншым, чым быў сапраўды. Доказ таму — гэтая вось рэкамендацыя.

Цімошкін захутаў шынялём калені, глыбей у каўнер схаваў падбародак і зноў сказаў сам сабе: ліха яго бяры! Хацелася не думаць аб гэтым, забыцца, выкінуць земляка з галавы, але думкі самі сабой настойліва таўкліся ў свядомасці.

Бач ты яго, нацэліўся на афіцэрскія курсы. Вядома, разлік тонкі: праз некалькі месяцаў вайна скончыцца, і ён гэты час перабудзе дзе-небудзь у тыле, будзе вучыцца. Ён клапоціцца ўжо цяпер, як уладкавацца ў пасляваенным жыцці (у тым, што выжыве, ён быў упэўнены), у яго ўсё разлічана на шмат год, спланавана, абдумана. А Цімошкіну з Ванем Шчарбаком трэба толькі адно — дажыць да канца вайны. Толькі б адужаць як гэтае крыважэрнае фашысцкае кодла, дачакаць перамогі, выжыць, убачыць хоць бы адзін мірны дзень без страху і крыві, і болей, здаецца, нічога не трэба. Яны згодны на ўсякую працу, на любое месца ў жыцці, ім усюды быў бы жаданы рай пасля таго пекла, якое яны перажылі на фронце.

Балела, ныла, торгала Цімошкінава рука, адубелі ногі ў закасцянелых ад марозу ботах; вецер, здавалася, наскрозь пранізваў яго несамавіты шынелак. Скрозь шархацела, віравала завея, у сцірце, пэўна, ад сцюжы, папісквалі мышы. У хлопца ўсё скалянела, але ён ужо прывык да холаду, голаду і болю, наставіў каўнер, трываў і думаў. Спакой і развагі аб Блішчынскім разварушылі ў Цімошкіна затоеныя мары пра далёкае, недасяжнае пасляваеннае жыццё.

Дзіўна ўсё ж уладкаван чалавек. Іхнія жыцці ледзь не на валаску віселі ў той час, скрозь былі ворагі, цяжка было дажыць да вечара, каб як ратавацца далей, а яго думкі забягалі далёка наперад — у той запаветны час, калі ўжо не будзе вайны. I ведаў жа ён, што сёння кожную гадзіну іх магла напаткаць смерць, але ўсё роўна не меў сілы ўтрымаць свае думкі-клопаты толькі на тым, як здабыць паратунак. Думалася, што будзе ж некалі — і мабыць ужо недалёка — канец вайны, перамога, і настане іншае, не падобнае на вось гэта — звычайнае людское жыццё. Хацелася ўжо цяпер асэнсаваць яго, даўмецца, што трэба яму ад таго жыцця і якім ён хоча яго для людзей і сябе?

Цудоўныя, пэўна, гэта будуць часы, думаў Цімошкін. Людзі стануць з людзьмі як браты, знікнуць фанабэрыя, пагарда, хцівасць і зайздрасць. За час вялікіх пакут людзі навучыліся спагадваць чужому гору, падпарадкоўваць свае імкненні вялікай мэце, у асабістым задавальняцца малым. Усё ж такіх, як Блішчынскі, няшмат, а мільёны франтавікоў уведалі на вайне вялікае пачуццё братэрства — тое цудоўнае і светлае, што людзі набывалі, не трацячы, у гэтую ліхасць. I захаваць бы, зберагчы на доўгія гады гэты франтавы набытак, не даць бы на яго забыцца, не дазволіць яго збэсціць такім трутням вайны, як Ёлішчынскі. Гэта было б цудоўна, і — верыў Цімошкін — людзі зразумеюць і дамогуцца свайго.

Яго ж дачыненне да тае будучыні ўяўлялася хлопцу дужа няпэўна. Калі, можа, пашанцуе выжыць яму, дык, мабыць, ён пойдзе вучыцца. Вядома, трэба будзе працаваць, але дзе і кім — ён не ведаў яшчэ і думаў, што ўрэшце гэта не так ужо і важна. Знойдзецца недзе кавалак хлеба, будзе таварыш побач, спакой мірнага дня — і хіба гэтага мала для звычайнага людскога шчасця? Праўда, можа здарыцца так — і гэта вельмі магчыма, — што побач апынецца Блішчынскі. Але чорт з ім. Рана ці позна людзі ўбачаць, які ён, зразумеюць і выкрыюць яго; у Цімошкіна цяпер лаяцца з ім не было ніякай ахвоты. Агідная гэта справа — лаяцца з чалавекам, ды яшчэ земляком, хадзіць, на яго даказваць ці нават выступаць на сходах, выкрываць, тым больш што вельмі нават могуць і не паверыць яму. Урэшце, ці варта ўжо так непакоіцца з-за якога аднаго вырадка, калі навакол столькі харошых хлопцаў. Так думаў Цімошкін, трошкі супакоіўшыся ў адзіноце і спачыўшы.

Яшчэ ён думаў, што пасля гэткай суровай барацьбы за жыццё на зямлі ўсё, і благое і добрае, у людзях у свой час стане выразным і зойме сваё пэўнае месца; будзе як трэба ацэнен і гэты Блішчынскі, — час і гісторыя дамогуцца свайго, і чалавек урэшце паўстане перад людзьмі ва ўсёй яго праўдзівай сутнасці. Бадай, нікому яшчэ не ўдалося ніколі выдаць за белае чорнае, і наадварот. Не ачарнілі ж, не збэсцілі ні недарэчны лёс, ні подлыя людзі другога яго земляка і аднавяскоўца Адама Ждановіча. Колькі ён стрываў у жыцці, але ж ад таго не змяніўся, не азвярэў, захаваў у сабе ўсё найлепшае, а можа, нават і яшчэ болей палепшаў. Тыдзень назад хлопцу напісалі з вёскі, што знайшоўся, аб’явіўся знікшы на восем год Адам, ваюе цяпер на Першым Беларускім фронце, камандуе танкавай ротай, і шэсць ордэнаў, кажуць, блішчаць на яго грудзях. А чаго не перажыў толькі гэты чалавек, і вось жа адступілася сто разоў насядаўшая на яго смерць.

Ён быў у іх першым актывістам, пасля сакратаром сельсавета, арганізоўваў калгасы, хадзіў і ездзіў па ўсёй акрузе, ніколі не ведаючы ні сну, ні адпачынку. Аднаго разу яго падстрэлілі з драбавіка, аднойчы хацелі ўтапіць. Пасля нейкага сходу парнулі нажом, і ён пасля таго кульгаў цэлае лета… Затое як любілі яго дзеці! Ставіўся ён да іх весела, гулліва, заўжды жартаваў і часам апавядаў, якое будзе жыццё ў краіне праз шмат-шмат гадоў. У такі час ён станавіўся задуменналірычны і ветлы.

У трыццаць сёмым ён ужо быў сакратаром райкома камсамола, прыязджаў калі ў іхняе мястэчка і, як і раней, ездзіў па вёсках. Толькі ў гэты час яго не было каму ненавідзець, і ніхто яго ўжо не спрабаваў забіць. Людзі паважалі яго — і маладыя і старыя — і болей за якое іншае начальства ведалі ў раёне. Да яго хадзілі калгаснікі са сваімі бясконцымі клопатамі, ён заўжды ўсім памагаў як мог. Іх маленькая, не болей чым за дзесятак кіламетраў вядомая вёсачка праз яго стала славутай у раёне. Усе ведалі, што ён іх, — гэты камсамольскі сакратар Ждановіч. А ён усё жыў нежанаты, без гаспадаркі ці якога набытку.

Ягоны стары за пятнаццаць кіламетраў вазіў яму харч, маці мыла бялізну. I тады знайшліся ўсё ж ненавіснікі, якія рашылі знішчыць яго. Восенню неяк прывалокся з раёна стары Ждановіч, прынёс сякі-такі сынаў набытак і на ўсе роспыты толькі ўздыхаў; маці ж плакала. У той час нярэдка здаралася гэта, але ніхто ніколі не мог падумаць, што страшныя словы «вораг народа» будуць прылеплены да Адама Ждановіча. I вось так сталася. На доўгія гады, бы ў ваду, знік чалавек без следу і слыху.

Вясковыя падлеткі дзіваваліся не менш за дарослых і ніяк не маглі зразумець, што гэта дзеецца ў свеце. Некаторыя мужыкі былі цвёрда ўпэўнены, што адбылася памылка, казалі, разбяруцца недзе і Адам неўзабаве вернецца. Але міналі гады, а ён не з’яўляўся. Цімошкіну ж душу доўга вярэдзіў незагойны боль па ім, і колькі хлопец сабе ні казаў, што Адам — вораг, калі так з ім зрабілі, сэрца яго не хацела пазбыцца шчырай прыхільнасці да чалавека. Шмат у тую пару было ім прачытана кніжак, паўставалі ўваччу і знікалі вобразы невядомых смелых людзей, а гэты свой хлопец Адам Ждановіч пакутным няўцямным болем доўгія гады жыў у ягоным сэрцы.

I пэўна, даўно ўжо не адчуваў ён такой радасці, як у тым вузкім ровіку ля кукурузы, калі даведаўся з пісьма, што сэрца не ашукала яго.

Скалелы і ўшчэнт змардаваны, ён зноў, здаецца, заснуў. Невядома, колькі цягнуўся той сон, але раптам нехта тузануў яго за плячо — хлопец здрыгануўся, прахапіўся і ўбачыў над сабой Блішчынскага. Той нешта казаў, але Цімошкін, не разумеючы, бачыў толькі, як бязгучна варушацца яго тонкія вусны, трывожна раздзімаюцца ноздры і ў акругленых рудых вачах сцюдзянее страх.

— Цімошкін, ідуць!.. Чуеш, ідуць!.. Сюды!..

Хлопец прыўзняўся ў саломе, ахоплены прадчуваннем бяды, але ўсё яшчэ не мог зразумець, што здарылася і што яму трэба рабіць. Пасля ўскочыў на балючыя, акалелыя ногі, схапіў аўтамат і ўгледзеўся ў снежнае поле, куды тыцкаў рукою сяржант.

Іхнім ранішнім следам па полі ад дарогі ішоў чалавек. Было яшчэ далёка, і Цімошкін не мог згледзець, хто гэта быў: свой, немец або, можа, венгр, але ўжо цяпер можна было ўгадаць, што кіраваў ён якраз да гэтае сцірты. Добра, што Блішчынскі прачнуўся і згледзеў яго. Відаць было па ўсім: пісар спалохаўся і цяпер бегаў вачмі па абшары, шукаючы дзе паратунку. Але ратавацца не было куды — наперадзе і збоку ўдалечы імчалі па дарозе нямецкія аўтамабілі, на гузе-ўзгорку ўжо акапаліся і чагосьці чакалі немцы. Добра, што на гэтай шырокай роўнядзі ворагі былі далёка ад іх і, мабыць, не дужа ўглядаліся ў свой тыл — пэўна, уся іх увага была скіравана ў бок фронту.

Чалавек у полі падыходзіў усё бліжэй. Блішчынскі прытуліўся за рогам сцірты; дрыжучы ўсім целам ад сцюжы, Цімошкін прысеў побач, і яны пазіралі з ім, імкнучыся як-небудзь дазнацца, хто ён. I тады стала відаць, што ён ідзе неяк дужа цяжка, хістаючыся ў бакі, як п’яны, калі-нікалі спыняючыся. Пасля ім здалося, што ён нешта нясе на сабе — цяжкае і вялікае, што прымушае яго так няроўна ступаць і схіляць голаў.

Нейкі час яны да слёз у вачах углядаліся ў гэтага пешахода. Было вельмі холадна, навокал у доле вірыла завея, вецер шкуматаў у сцірце салому, вурчаў, шархацеў і раз-пораз шалёна кідаўся ў іх трохі зацішны падстрэшак. Грышкаў афіцэрскі шынель ажно іскрыўся, абсыпаны срабрыстым снегавым пылам. Цімошкінава нутро, здаецца, наскрозь пракалела ад гэтае сцюжы і балюча самотна ныла. I раптам ад нейкага незразумелага, няўцямнага пачуцця Цімошкін падаўся з застрэшка. Здалося яму — выразна, абнадзеена радасна, — што гэта Іван Шчарбак. Яшчэ нічога ў ім нельга было разгледзець — нічога характэрнага ні ў постаці, ні ў адзенні, а ўжо ўдарыла ў голаў спадзёўка — канец адзіноце, цяпер будзем удвух! Ледзьве стрымліваючы сваю радасць, ён настойліва казаў сабе: гэта Іван нясе параненага Здабудзьку, таму такая незнаёмая яго хада і такая пастава.

— Блішчынскі! — гукнуў ён земляку. — Гэта ж Шчарбак!

Блішчынскі прыціх, насупіўся, памеркаваў і асцярожна зазначыў, углядаючыся ўдалячынь:

— Адкуль ён возьмецца?! Так нехта.

Цімошкіну стала прыкра, што зямляк не пацвярджаў яго радасці.

— Дзівак, ты паглядзі: у ватоўцы, вялікі і ідзе валюхаючыся. Пэўна, Здабудзьку нясе. Хіба не?

Блішчынскі яшчэ паўглядаўся ў далёкую, знямоглую, відаць, ад хады постаць і вылаяўся:

— Ну ведама ж, дурня кавалак! Якога д’ябла прэцца сюды! Не было яму іншай дарогі, ці што? От жа балда.

— А куды ж яму ісці! — здзівіўся Цімошкін. — Бачыць сцірту, да яе і ідзе.

— Бачыць! А таго не разумее, што нас выдасць. Яшчэ немцаў за сабой прывядзе.

Іван падышоў яшчэ бліжэй, і хлопец ужо не толькі адчуваў, але бачыў і пазнаў яго кароценькую з адтапыранымі кішэнькамі ватоўку, схіленыя дужыя плечы, на якіх ляжала нейкая ноша; пад грудзямі на рамяні боўтаўся яго ППШ.

Блішчынскі ўстрывожаным поглядам зноў акінуў далягляд, але, здаецца, нідзе ніхто на сачыў за імі. Тады ён паставіў на ахоўнік аўтамат і сказаў:

— Не мог дзе пачакаць да ночы. Трэба ж было перціся на віду ў немцаў… I ты гэта вось што, Цімошкін… Хочаш уратавацца — трымайся ля мяне. Разумееш? Ты не слухай яго. Зноў жа, я камандзір, а не ён. Я сяржант, разумееш? А ён радавы.

— Ну, гэта ўжо дудкі, — сказаў акрыялы Цімошкін.

— Як гэта — дудкі?

— А так.

Блішчынскі коратка зірнуў на хлопца і змоўк, нешта стаіўшы на сваім пачарнелым ад сцюжы і маладога шчаціння твары. Затым быццам прыпамятаў што, сунуў за пазуху руку, дастаў пляшку, пабоўтаў, але там, пэўна, было пуста, і ён шпурнуў ёю ў бочку. Звонка бразнуўшы, пасудзіна адскочыла ў снег.

— Чорт з табой! — сказаў Грышка. — Прападзеш — сам будзеш вінаваты.

Ён злаваў, але Цімошкіну ўжо пляваць было на ягоную злосць. Іван падышоў ужо зусім блізка і цяжка тупаў па снезе, вельмі сагнуўшыся і трымаючы на спіне чалавека. Пасля ён зірнуў наперад, убачыў іх пад сціртай, спыніўся, угледзеўся і, відаць, пазнаўшы, засігаў шпарчэй. Цімошкін быў вельмі рады ў той час, што ён жывы і ўрэшце знайшоўся і што яны будуць разам, толькі…

Толькі каго гэта ён валачэ на сабе ў шызым афіцэрскім шынялі? Не, то зусім не Здабудзька. У Здабудзькі звычайны, як і ва ўсіх, салдацкі шынель, а ў гэтага чалавека нястрыжаная голаў, на якой вецер шкуматае святлявыя валасы, і доўгія ногі ў ботах звісаюць ледзь не да самага снегу.

I тут Цімошкін зірнуў на свайго земляка. Той пэўна таксама ўжо згледзеў незвычайную Шчарбакову ношу і насцярожыўся, трывожна прыжмурыў блізарукія вочы, раздзьмуў ноздры. Пальцы ягоных рук нервова забегалі па грудзях, бы шукаючы штось, намацалі рэмень сумкі і ўчапіліся ў яго.

Назад Дальше