Джын і Філіс бавілі час, вандруючы ў космасе ўдалечыні ад населеных сусветаў.
Міжпланетныя вандроўкі сталі ўжо звычайнай справай, дый міжзорныя пералёты не лічыліся сенсацыйнымі. Зоркалёты рэгулярных ліній дастаўлялі турыстаў у казачныя гарады Сірыуса, а фінансавых тузоў — на знакамітыя біржы Арктура і Альдэбарана.
Але Джын і Філіс, гэтая пара нічым не занятых дзетак мультымільянераў, былі вядомыя сваёй эксцэнтрычнасцю і схільнасцю да рамантыкі. Шукаючы задавальнення, яны падарожнічалі ў бязмежнай прасторы пад ветразямі.
Іх касмічная яхта ўяўляла сабою нешта накшталт сферы, знешняя абалонка якой — незвычайна тонкі і лёгкі ветразь — надзімалася пад уздзеяннем светлавых промняў. Калі б гэты міні-карабель застаўся без кіравання непадалёк ад якойсьці зоркі — аднак на дастатковай ад яе адлегласці, там, дзе сіла прыцягнення не надта вялікая, — ён бы памкнуўся назад ад гэтай зоркі па прамой лініі. Але зорная сістэма, жыхарамі якой былі Джын і Філіс, мела не адно, а ажно тры сонцы, даволі блізка адно ад аднаго, таму сонечныя вятры ў ёй дзьмулі з трох бакоў пад рознымі вугламі. І вось Джын прыдумаў сапраўды дзіўны спосаб перамяшчэння. На сферычным ветразі яго карабля было мноства чорных шторак, якія згортваліся ці разгортваліся ў залежнасці ад жадання рулявога — пры кожным яго манеўры мянялася здольнасць адбіцця, а адначасова з ёю і накірунак раўнадзейных сіл светлавых патокаў. Апроч таго, эластычная сфера-ветразь магла расцягвацца або скарачацца, і калі Джын хацеў паскорыць ход, ён павялічваў дыяметр абалонкі да максімуму — тады велізарная плошча ветразя надзімалася пад націскам светлавых патокаў, і яхта імкліва ляцела ў неабсяжнасць з фантастычнай хуткасцю, ад якой у Джына і яго сяброўкі кружылася галава; захопленыя палётам, яны абдымаліся і заміралі, гледзячы ў таемную бездань бязмежных абсягаў, што несліся насустрач ім. Калі ж Джын хацеў запаволіць ход, то націскаў другую кнопку. Сферычны ветразь сціскаўся настолькі, што ў кабіне можна было сядзець, толькі шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго. Ціск светлавых промняў амаль не ўплываў на малюпасенькі шар, і, вольны ў сваім руху, ён быццам павісаў у пустэчы на нябачнай нітцы. Маладую пару забірала салодкае ап'яненне, і яны бавілі доўгія гадзіны ў сваім цесным, створаным толькі для іх маленечкім свеце, які Джын параўноўваў з паруснікам у неабсяжным акіяне, а Філіс — з бурбалкай на павуцінцы вадзянога павука.
Джын выдатна выконваў і іншыя манеўры, нават такія, што лічыліся ў касмічных яхтсменаў найскладанейшымі, напрыклад, паварот оверштаг з выкарыстаннем ценю ад планеты ці якогасьці спадарожніка.
Ён вучыў свайму майстэрству і Філіс, і неўзабаве тая магла ўжо кіраваць яхтай не горш за яго, нават была смялейшая. Але варта было ёй узяць у рукі руль, як, захапіўшыся, яна выбірала такі курс, што яхта падыходзіла да самых межаў Сонечнай сістэмы, а там магнітныя буры разбуралі светлавыя патокі, і іх карабель пачынала кідаць, бы арэхавую шкарлупіну. Ужо некалькі разоў Джын, прачнуўшыся ў такую штармавую хвіліну, ускокваў бы ашпараны і вырываў у сяброўкі руль. Іншы раз, каб дабрацца да бліжэйшага порта, яму нават прыходзілася ўключаць дадатковыя ракеты, прадугледжаныя на выпадак крайняй небяспекі.
У той дзень Філіс і Джын бесклапотна ляжалі побач у яхце і загаралі пад промнямі трох сонцаў іх роднай сістэмы. Джын драмаў і думаў пра Філіс і пра сваё да яе каханне. Філіс глядзела ў неабдымны космас, загіпнатызаваная бясконцасцю пустэчы. Гэта быў адзін з любімых яе заняткаў.
Раптам Філіс уздрыгнула і прыўзнялася. Недзе наперадзе бліснула дзіўная іскарка. Прайшло колькі секунд, і іскарка бліснула зноў. Філіс адразу ж сказала Джыну, што светлавы прамень сустрэў, напэўна, нейкі зіхоткі прадмет. Інтуіцыя, набытая Філіс у касмічных падарожжах, не магла падмануць яе. Згадзіўся з сяброўкай і Джын, а ён у такіх выпадках не памыляўся. Непадалёк ад яхты — вызначыць адлегласць было цяжка — у космасе плыло нейкае зіхоткае цела. Джын схапіў бінокль і стаў углядацца ў таямнічы прадмет. Філіс нецярпліва прытулілася да пляча свайго прыяцеля.
— Рэч невялікая, — сказаў Джын. — Здаецца, шкляная… Пачакай, дай угледзецца!.. Яна набліжаецца… Хуткасць большая за нашую… Слухай…
На твары ў Джына было здзіўленне. Ён нават выпусціў з рук бінокль, які Філіс адразу ж падхапіла.
— Дарагая, гэта ж бутэлька.
— Бутэлька?
Філіс таксама паглядзела ў бінокль.
— Але, бутэлька… Ну, вядома. Са светлага шкла… Заткнутая: бачу корак. А ўсярэдзіне штосьці белае. Напэўна, папера… Цыдулка! Джын, трэба яе злавіць!
Джын, відаць, думаў пра тое самае, бо адразу ж пачаў спрытна лавіраваць, каб перахапіць бутэльку. Яму ўдалося амаль імгненна змяніць курс і зменшыць хуткасць — з такім разлікам, каб бутэлька прайшла акурат побач з яхтаю. Пакуль ён манеўраваў, Філіс паспела надзець скафандр і выйсці праз перадабалонкавую камеру на вонкавы бок сферычнага ветразя. Учапіўшыся за трос, з сачком на доўгім дзяржанні ў другой руцэ, яна рыхтавалася да сустрэчы з бутэлькаю.
Філіс і Джын ужо не раз удавалася злавіць сачком у космасе розныя рэчы. Плаваючы паціхеньку альбо амаль нерухома павісаючы ў пустэчы, яны ўбачылі багата дзіўнага і зрабілі цікавыя адкрыцці, якімі не пахвалішся ў звышхуткіх палётах на зоркалёце. Філіс вылоўлівала кавалачкі былых планет, рэшткі метэарытаў з іншых галактык і нават спадарожнікаў, запушчаных яшчэ на самым пачатку касмічнае эры. Яна ганарылася сваёй калекцыяй, але бутэлька, ды яшчэ з рукапісам — а сумненняў у гэтым ужо не было, — сустракалася ўпершыню! Філіс ажно дрыжала ад нецярпення. Пагойдваючыся на тросе, бы павучыха на павуціне, яна аддавала сябру па тэлефоне загады:
— Цішэй, Джын!.. Не, крыху хутчэй, а не то яна нас перагоніць… Левы борт… правы борт… Уперад… Усё, злавіла!
Радасна крыкнуўшы, Філіс вярнулася ў кабіну.
У руках у яе сапраўды была вялікая, дбайна закаркаваная бутэлька. Усярэдзіне можна было разгледзець тоўсты папяровы скрутак.
— Разбі яе, Джын, хутчэй! — ледзь не калацілася Філіс, умольваючы сябра.
Аднак Джын адкалупваў кавалачкі воску спакойна і акуратна. Ды толькі ён адкаркаваў нарэшце бутэльку, як выявілася, што дастаць з яе скрутак зусім немагчыма, такі ўжо тугі ён быў. Тады прыйшлося ўступіць нецярплівым просьбам сяброўкі і разбіць бутэльку малатком. Скрутак адразу ж разгарнуўся сам. Гэта быў стос танюткіх аркушаў, спісаных дробным почыркам. Мова запісаў была зямная — Джын валодаў ёй дасканала, бо некалькі гадоў вучыўся на Зямлі.
Але раптам Джына апанавала незразумелая трывога, і ён ніяк не хацеў пачынаць чытання рукапісу ўголас. І каб не просьбы ўзбуджанай Філіс, якая дрэнна разумела зямную мову і не магла, як ні жадала, прачытаць рукапіс сама, ён, магчыма, так і не адкрыў бы сяброўцы тайну гэтых запісаў, што так выпадкова трапілі ім у рукі.
Джын зменшыў памеры ветразя да мінімуму, каб яхта павісла ў прасторы, упэўніўся, што вакол няма ніякае небяспекі, і, выпрастаўшыся побач з Філіс, пачаў чытаць.
«Я давяраю гэты рукапіс космасу не дзеля таго, каб паклікаць некага на дапамогу, а спадзеючыся адно на тое, што змагу прадухіліць жудасную пагрозу, якая навісла над родам чалавечым. Няхай бог злітуецца з нас!..»
— Пагрозу над родам чалавечым? — здзіўлена спыталася Філіс.
— Але, так тут напісана. Не перапыняй мяне больш, — сказаў Джын і пачаў чытаць далей.
«…Што ж да мяне, Уліса Меру, то я са сваёй сям'ёю на борце касмічнага карабля, дзе мы зможам жыць яшчэ доўгія гады. У нас ёсць агарод, сад, жывёла. Мы ні ў чым не адчуваем недахопу. Магчыма, калі-небудзь мы знойдзем якуюсьці гасцінную планету. Але пакуль што гэта толькі мара. А зараз я праўдзіва і падрабязна раскажу ўсё, што са мною здарылася.
У дзве тысячы пяцісотым годзе я падняўся разам з двума маімі старэйшымі таварышамі на борт касмічнага карабля, каб даляцець да планет, над якімі велічна ззяе звышгіганцкая зорка Бетэльгейзе.
Гэта была смелая задума, сама грандыёзная з усіх, на якія толькі калі-небудзь адважваліся ў космасе зямляне. Зорку Бетэльгейзе, альфу Арыёна, як называюць яе нашы астраномы, аддзяляюць ад нашай планеты амаль трыста светлавых год. Зорка гэтая мае цэлы шэраг асаблівасцей.
Перш за ўсё памеры: дыяметр яе пераўзыходзіць дыяметр нашага сонца ў чатырыста пяцьдзесят разоў, інакш кажучы, калі б яна стала на ягонае месца, то распасцерлася б ажно да Марса.
Па-другое, сіла святла, бо Бетэльгейзе — зорка першага класа, сама яркая ў сузор'і Арыёна, бачная з Зямлі голым вокам, нягледзячы на велізарную адлегласць.
Па-трэцяе, спектр выпраменьвання: ні з чым не параўнальныя ў надзвычайнай сваёй прыгажосці чырвоныя і аранжавыя промні.
І нарэшце, зорка гэтая — пераменнае яркасці. Яна ўвесь час пульсуе, і інтэнсіўнасць свячэння бесперапынна мяняецца ў залежнасці ад змянення яе дыяметра.
Але чаму ўсё ж такі, калі было высветлена, што ўсе планеты Сонечнай сістэмы ненаселеныя, абралі мы мэтаю першага міжзорнага пералёту такую далёкую Бетэльгейзе? Рашэнне гэтае прыняў прафесар Антэль, галоўны арганізатар, кіраўнік і фінансіст экспедыцыі. Ён сам стварыў праект нашага касмічнага карабля, сам назіраў за яго пабудоваю. Свой выбар ён растлумачыў мне ў час палёту.
— Шаноўны Уліс, — сказаў ён, — палёт да Бетэльгейзе, па сутнасці, зусім не цяжэйшы і хіба што крыху далейшы, чым пералёт да любой бліжэйшай зоркі, напрыклад, да Проксімы Цэнтаўра.
Але тут я рашуча запратэставаў, пахваліўшыся набытымі нядаўна астранамічнымі ведамі:
— Толькі крыху далейшы?! Да Проксімы Цэнтаўра ўсяго чатыры светлавыя гады, у той час як да Бетэльгейзе…
— …цэлых трыста, — перапыніў мяне прафесар, — не думайце, што я на гэта забыўся. Аднак да Проксімы Цэнтаўра нам прыйшлося б ляцець амаль столькі ж ці толькі крышачку менш, чым да Бетэльгейзе, куды мы даляцім праз нейкія два гады. Вы не даяце мне веры, бо прывыклі да нашых міжпланетных пералётаў, гэтых блышыных скачкоў, калі дапушчальнае максімальнае паскарэнне доўжыцца ўсяго толькі некалькі хвілін, а крэйсерская хуткасць у параўнанні з нашай смеху вартая… Час ужо, бадай, растлумачыць вам, як рухаецца наш зоркалёт. Дзякуючы ўдасканаленым ракетам, якія мне ўдалося вынайсці, наш касмічны карабель здольны перамяшчацца ў прасторы з найвышэйшай хуткасцю, якую толькі можа набраць матэрыяльнае цела. Па сутнасці, яна амаль роўная хуткасці святла. А калі мы рушым з такой хуткасцю, наш час істотна адрозніваецца ад зямнога, і чым хутчэй мы ляцім, тым большая гэтая розніца. Напрыклад, цяпер вось, пакуль мы гаворым, у нас у зоркалёце прайшло ўсяго толькі некалькі хвілін, а на Зямлі — некалькі месяцаў. Калі ж мы набяром гранічную хуткасць, час для нас амаль спыніцца, хоць мы гэтага і не будзем заўважаць. Тады некалькі секунд для вас і мяне, некалькі ўдараў сэрца для вас і мяне будуць раўняцца многім гадам жыцця на Зямлі.
— Разумею. Менавіта гэта дае нам надзею дабрацца да мэты раней, чым мы памром ад старасці. Але чаму ў такім выпадку нашае падарожжа зойме два гады? Чаму не некалькі дзён ці некалькі гадзін?
— Якраз да гэтага я вас і падводжу. Усё вельмі проста: каб набраць максімальную хуткасць, калі час амаль спыняецца, нам спатрэбіцца каля года, бо наш арганізм проста не вытрымае большага паскарэння. І яшчэ год пойдзе на тармажэнне. Цяпер вы ўяўляеце графік палёту? Год на паскарэнне, год на тармажэнне, а ў сярэдзіне ўсяго толькі некалькі гадзін, але за гэтыя гадзіны мы пройдзем найвялікшую частку нашага маршруту. Думаю, у вас не будзе больш пытанняў, чаму гэта пералёт да Бетэльгейзе зойме ў нас толькі крышачку больш, чым пералёт да Проксімы Цэнтаўра. У апошнім выпадку нам усё роўна прыйшлося б правесці ў зоркалёце год, неабходны на паскарэнне, і яшчэ год — на тармажэнне, хіба што паміж імі было б некалькі хвілін замест некалькіх гадзін, як у нашым палёце. Розніцы ніякай. Я ўжо старэю і наўрад ці змагу калі-небудзь яшчэ выправіцца ў такую экспедыцыю, таму і абраў далёкую мэту — спадзяюся адшукаць сусветы, якія вельмі адрозніваюцца ад нашага.
Падобныя гамонкі дапамагалі нам бавіць вольны час, і пасля кожнай з іх мной апаноўвала ўсё большая павага да мудрасці прафесара: не было ў навуцы вобласці, яму незнаёмай, і мне заставалася толькі радавацца, што нашу рызыкоўную экспедыцыю ўзначальвае гэтакі эрудыт. Як і прадбачыў прафесар Антэль, дарога да Бетэльгейзе заняла два гады нашага ўласнага часу, за якія на Зямлі прайшлі тры з паловай стагоддзі. У гэтай вось акалічнасці і быў адзіны недахоп такой далёкай экспедыцыі: калі нам нават і ўдалося б шчасліва вярнуцца назад, то апынуліся б мы ўжо на планеце, якая пастарэла на семсот — восемсот гадоў. Але пра гэта мы пакуль што не думалі. Падазраю нават, што мажлівасць збегчы ад свайго пакалення зямлян таксама вабіла прафесара. Ён часта прызнаваўся, што стаміўся ад людзей…
За ўвесь палёт у нас не было ніводнай сур'ёзнай непрыемнасці. Стартавалі мы з Месяца. Зямля і ўсе астатнія планеты хутка зніклі з поля зроку. Сонца імкліва змяншалася, пакуль не ператварылася ў аранжавы шар велічынёю з апельсін, потым стала меншае за сліву і нарэшце зрабілася маленькай зіхоткай кропкай, толькі адной з мільярдаў зорак нашай галактыкі, распазнаць якія ўдалечыні мог хіба што эрудыт Антэль.
Так што жылі мы без Сонца, але нічога непрыемнага праз тое не адчувалі: на караблі было штучнае святло, эквівалентнае сонечнаму. Не ведалі мы і нуды. Прафесара можна было слухаць гадзінамі. Чаго толькі я не ўведаў за гэтыя два гады — больш чым за ўсё папярэдняе жыццё! Займеў я і неабходны вопыт у кіраванні зоркалётам. Гэта было досыць проста: давалася заданне электронным прыборам, і яны самі рабілі ўсе разлікі і дакладна вызначалі курс.
Багата радасці прыносіў нам сад, які займаў на караблі шмат месца. Апроч усяго іншага, прафесар Антэль цікавіўся батанікай і сельскай гаспадаркай і імкнуўся праверыць некаторыя свае тэорыі развіцця раслін у касмічных умовах. Вопытным участкам была аранжарэя ў дзесяць кубічных метраў. Дзякуючы шматлікім стэлажам аб'ём нашай аранжарэі выкарыстоўваўся цалкам. Грунт пастаянна абнаўляўся хімічнымі ўгнаеннямі, і ўжо праз два месяцы з дня адлёту на градках пачала спець на нашую радасць усялякая гародніна, так што мы мелі здаровай свежай ежы колькі было трэба. Клапоцячыся пра карыснае, не забыліся мы і на прыемнае: адвялі адну секцыю аранжарэі пад кветнік — прафесар даглядаў яго асабліва дбайна. Гэты арыгінал захапіў з сабою яшчэ і некалькі птушак, матылькоў і нават адну малпу, маленькага шымпанзэ, якога мы назвалі Гектарам, — гарэза бавіў нас усю дарогу.