Раптам ён змоўк. У яго быў пакутніцкі выгляд, як у чалавека, што навобмацак набліжаецца да ісціны, якую яго розум ніяк не можа прыняць.
— Вы казалі мне таксама, што малпы ў вас валодаюць высокаразвітым імітацыйным інстынктам, ці ж не так?
— Яны пераймаюць нас літаральна ва ўсім, я хачу сказаць, ва ўсіх дзеяннях, якія не патрабуюць асэнсаванага падыходу. Гэта ў іх развіта настолькі, што параўнанне з малпаю азначае менавіта ў першую чаргу перайманне.
— Зіра, — змрочна прамармытаў Карнэлій, — ці не здаецца табе, што нам таксама ўласцівы гэты дух пераймання?
І, не даўшы ёй нават слова вымавіць у абарону сародзічаў, Карнэлій стаў усхвалявана развіваць сваю думку:
— Гэта пачынаецца з ранняга дзяцінства. Усё нашае выхаванне заснавана на перайманні.
— Гэта ж арангутаны…
— Натуральна, іх роля велізарная: яны выхоўваюць моладзь сваімі кнігамі. Яны прымушаюць дзіцёнка паўтараць усе памылкі нашых продкаў. Гэтым і тлумачыцца замаруджанасць нашага прагрэсу. Вось ужо дзесяць тысяч гадоў, як мы топчамся на месцы!
Тут варта сказаць некалькі слоў пра запаволенае развіццё малпаў. Мяне гэта дужа ўразіла, калі я вывучыў іх гісторыю, і ў гэтым я ўбачыў галоўнае адрозненне нашых цывілізацый. Вядома, і ў нас былі перыяды амаль што поўнага застою. У нас таксама былі свае арангутаны, якія складалі ідыёцкія праграмы, было хлуслівае выхаванне — досыць доўга.
Аднак не так доўга, як у малпаў, а галоўнае, на іншай ступені эвалюцыі. Цёмны перыяд застою, на які скардзіўся шымпанзэ, зацягнуўся тут прыблізна на дзесяць тысячагоддзяў. За гэты час ні ў адной навуцы не быў дасягнуты прагрэс, за вылікам хіба што апошняга паўстагоддзя. Але сама цікавае ва ўсім гэтым было тое, што іх першыя легенды, першыя летапісы, першыя ўспаміны расказваюць пра высокаразвітую цывілізацыю, якая, па сутнасці, небагата чым адрозніваецца ад сучаснай. Дакументы дзесяцітысячагадовай даўнасці сведчаць, што агульная сума ведаў і дасягненні тых часоў — амаль тыя ж самыя, што і сённяшнія. А пра тое, што было яшчэ даўней, не захавалася ніякіх паданняў, нават ніводнага намёку. Словам, ствараецца ўражанне, нібыта малпавая цывілізацыя нейкім дзівосным чынам узнікла ўмомант дзесяць тысяч гадоў назад і з тае пары нібыта закансервавалася, амаль не змяняючыся. Сярэдняя малпа прызвычаілася лічыць гэта нармальным і ні над чым не задумвалася, але дапытлівыя вучоныя, такія, як Карнэлій, пакутліва спрабавалі разгадаць гэтую таямніцу.
— Ёсць жа малпы, здольныя да стваральнай працы, — запярэчыла Зіра.
— Вядома, — згадзіўся Карнэлій, — яны з'явіліся, асабліва ў апошнія гады. З часам думка можа ператварыцца ў дзеянне. Так і павінна быць: натуральны ход эвалюцыі… Але тое, чаго хачу я, Зіра, тое, чаго апантана дамагаюся, — гэта даведацца, як усё пачалося… Сёння мне ўжо не здаецца неверагоднай думка, што ў аснове ўсёй нашай цывілізацыі закладзена простае перайманне.
— Перайманне чаго? Ці каго?
Тут Карнэлій апусціў вочы, быццам шкадаваў, што сказаў залішне шмат.
— Я яшчэ не зрабіў канчатковых высноў, — вымавіў ён нарэшце. — Мне патрэбныя доказы. Можа, мы знойдзем іх у рэштках пахаванага горада. Згодна са справаздачамі ён існаваў не дзесяць тысяч гадоў назад, а шмат-шмат раней, у эпоху, пра якую мы анічога не ведаем.
Карнэлій змоўк — здавалася, яму было цяжка гаварыць на гэтую тэму, але і тое нямногае, што я паспеў зразумець з яго разважанняў, усхвалявала мяне надзвычайна.
Археолагі адкрылі ў пустэльні цэлы горад, пахаваны пад пяском. На жаль, ад горада засталіся адны разваліны, але гэтыя рэшткі — я адчуваў — захоўвалі вялікую тайну, і я пакляўся разгадаць яе.
У гэтым не было нічога немагчымага для таго, хто ўмее назіраць і думаць, але арангутан, які кіраваў раскопкамі, на гэта быў няздольны. Ён прыняў Карнэлія з пачцівасцю, адпаведнай высокаму рангу акадэміка-шымпанзэ, але з ледзь прыхаванай пагардаю да яго маладосці і незвычайных ідэй, якія той іншы раз выказваў.
Трэба мець цярпенне мніха, каб весці раскопкі, гразнучы на кожным кроку ў пяску, сярод камення, якое рассыпалася ўшчэнт ад аднаго толькі дотыку. Але мы займаемся гэтым вось ужо месяц. Зіра даўно ўжо пакінула нас, а Карнэлій усё затрымліваецца на гэтых раскопках. Ён такі ж усхваляваны, як і я, і ўпэўнены, што сярод гэтых рэштак даўняй мінуўшчыны знаходзіцца рашэнне вялікіх загадак, якія не даюць яму спакою.
Мяне не перастае здзіўляць дыяпазон яго ведаў. Спярша ён захацеў сам выявіць узрост горада. У такіх выпадках малпы карыстаюцца метадамі, падобнымі на нашыя, параўноўваючы геалагічныя дадзеныя з вынікамі хімічных і структурных аналізаў. Зрабіўшы гэта, Карнэлій згадзіўся з артадоксамі: горад вельмі, вельмі старажытны. Яму шмат больш, чым дзесяць тысяч гадоў, інакш кажучы, гэта ўнікальны помнік — важкі доказ таго, што сучасная малпавая цывілізацыя не ўзнікла з нічога, якімсьці звышнатуральным чынам.
Штосьці ўжо існавала на Сароры да цяперашняй гістарычнай эпохі. Але што? Прайшоў месяц ліхаманкавых пошукаў, які прынёс нам адно расчараванне. Выдавала на тое, што нават гэты дагістарычны горад мала чым адрозніваўся ад гарадоў сённяшніх. Мы знайшлі рэшткі дамоў, прамысловых збудаванняў, якія сведчылі пра тое, што ў старажытных жыхароў горада таксама былі аўтамашыны і самалёты. Значыцца, разумнае жыццё зарадзілася раней, чым дзесяць тысяч гадоў назад. Але гэта зусім не тое, чаго чакае Карнэлій, — я ведаю, — гэта не тое, на што спадзяюся я.
У тую раніцу Карнэлій выправіўся на раскопкі раней за мяне. Рабочыя адкапалі будынак з асабліва тоўстымі жалезабетоннымі сценамі, які, здаецца, захаваўся лепш за астатнія. Праўда, і ён забіты смеццем і пяском, і археолагі літаральна прасейвалі гэтае смецце скрозь сіта. Учора яны не знайшлі нічога асаблівага: як і ў астатніх дамах, зрэдку трапляліся абломкі труб, хатніх рэчаў, разбіты посуд. Сеўшы ля палаткі, у якой мы размясціліся разам з Карнэліем, я назіраў са свайго месца, як арангутан даваў указанні кіраўніку групы, маладому шымпанзэ с насмешлівым позіркам. Карнэлія не відаць: ён у раскопе разам з рабочымі. Ён сам часта бярэцца за іх справу, баючыся, што рабочыя могуць прапусціць або не ўберагчы каштоўную знаходку.
Нарэшце ён выбіраецца з траншэі, і я адразу ж разумею, што Карнэлій зрабіў нейкае фенаменальнае адкрыццё! У руках у яго якісьці невялічкі прадмет, мне яго з такой адлегласці не відаць. Без залішніх цырымоній адштурхнуўшы старога арангутана, які спрабаваў завалодаць знаходкаю, Карнэлій з вялікай асцярожнасцю апускае яе на пясок. Ён глядзіць у мой бок і энергічна махае рукамі. Падышоўшы, я бачу на твары ў яго неверагоднае хваляванне.
— Уліс, Уліс! — ледзь выціскае ён з сябе.
У такім стане я яго яшчэ ніколі не бачыў. Рабочыя, якія выбраліся за ім з траншэі, збіраюцца вакол знаходкі, і я ўсё яшчэ не магу яе разгледзець. Яны паказваюць на яе пальцамі — відаць, яна ўсяго толькі забаўляе іх. Некаторыя рагочуць. Амаль усе яны — здаравенныя гарылы. Карнэлій загадвае ім адысці.
— Уліс!
— Што там?
Цяпер я таксама бачу нарэшце на пяску знаходку і чую здушаны голас Карнэлія:
— Лялька, Уліс, лялька!
Але, гэта лялька, звычайная фарфоравая лялька. Яна проста цудам гэтак захавалася: відаць нават рэшткі валасоў і лускавінкі каляровай палівы на вачах. Спачатку я ніяк не магу зразумець хвалявання Карнэлія: ну што тут такога?.. І толькі праз некалькі секунд да мяне даходзіць… Я зразумеў! І адразу ж неверагоднасць таго, што здарылася, працінае мяне і пераварочвае душу. Гэта ж чалавечая лялька — дзяўчынка! Але я не магу паверыць у гэтую хімеру. Перш чым дакляраваць цуд, трэба праверыць усе магчымыя трывіяльныя варыянты. А такі вучоны, як Карнэлій, павінен гэта зрабіць.
У малпінай дзятвы таксама ёсць цацкі, і сярод іх хоць і нячаста, але трапляюцца ўсё-такі фігуркі жывёлін і нават людзей. Значыцца, лялька-дзяўчынка сама па сабе не магла так усхваляваць яго. Але па-першае, у малпаў такіх фігурак не робяць з фарфору, а па-другое, яны ніколі не бываюць адзетыя, ва ўсякім разе, адзетыя, як разумныя істоты. А гэтая лялька, зразумеў нарэшце і я, была адзетая ў такія ж самыя строі, як лялькі ў нас на Зямлі: на целе ў яе захаваліся рэшткі сукеначкі, гарсэціка, ніжняй спаднічкі і штонікаў. Лялька была адзетая з густам, з якім магла ўпрыгожыць дзяўчынка сваю любімую ляльку, з любоўю, з якой магла адзець ляльку-малпачку маленькая малпа, але ніколі, ніколі ні тая і ні другая не сталі б гэтак рупліва адзяваць у паменшаныя копіі сваіх строяў жывёліну! Цяпер я ўсё лепш і лепш разумеў хваляванне майго сябра-шымпанзэ.
Але гэта не ўсё. Знойдзеная лялька мае яшчэ адну вельмі дзіўную асаблівасць, якая развесяліла рабочых-гарыл і нават прымусіла ўсміхнуцца фанабэрыстага арангутана, галоўнага кіраўніка раскопак. Лялька гаворыць. Яна гаворыць як зямны чалавек. Апускаючы яе на пясок, Карнэлій выпадкова націснуў на кнопку ацалелага механізма, і лялька загаварыла. Вядома, сказала яна няшмат. Усяго толькі адно слова з двух аднолькавых складоў: «Та-та»!
«Та-та», — зноў лапоча фарфоравая дзяўчынка, калі Карнэлій падымае яе і разглядвае з усіх бакоў, абмацваючы чуллівымі пальцамі. Гэтае слова гучыць амаль аднолькава па-французску, на мове сарорскіх малпаў, дый, напэўна, на іншых мовах усіх таямнічых сусветаў і паўсюды мае адно значэнне.
«Та-та», — паўтарае лялька — маленькі чалавечак, і, відаць, таму морду майго вучонага сябра залівае румянец, менавіта гэта пераварочвае мне ўсю душу, і я з вялікай цяжкасцю стрымліваюся, каб не закрычаць, пакуль Карнэлій адводзіць мяне ўбок, несучы з сабою каштоўную знаходку.
— Ёлупень! — мармыча ён праз нейкі час.
Я ведаю, каго ён мае на ўвазе, і разумею яго абурэнне. Стары арангутан убачыў у гэтай ляльцы звычайную цацку дзіцёнка-малпы, якую дзівак-майстар з далёкай мінуўшчыны надзяліў здольнасцю прамаўляць гэтае слова. Няма ніякага сэнсу тлумачыць яму што-небудзь. Карнэлій і не спрабуе гэтага рабіць. Адзінае лагічнае тлумачэнне, якое прыходзіць у галаву, здаецца яму самому настолькі экстраардынарным, што ён выбірае маўчанне. Нават мне Карнэлій не кажа ні слова. Але ён ведае, што я ўсё зразумеў.
Да канца дня Карнэлій будзе хадзіць задуменны і не загаворыць ні з кім. Мне здаецца, яму страшна працягваць гэтыя даследаванні і ён шкадуе, што, як ні мала, але ўсё ж такі адкрыўся мне. Узбуджэнне ў яго прайшло, і цяпер яму цяжка бачыць мяне сведкам такой знаходкі.
На другі ж дзень мае падазрэнні пацвярджаюцца: Карнэлій шкадуе, што прывёз мяне сюды. Усю ноч ён думаў, а ўранку, пазбягаючы майго позірку, заявіў, што вырашыў адправіць мяне назад у інстытут, дзе мяне чакае больш важная праца. Месца на самалёт мне ўжо заказана. Я вылятаю праз дваццаць чатыры гадзіны.
Дапусцім, разважаў я, што некалі людзі былі паўнаўладныя гаспадары гэтай планеты. Уявім, што больш за дзесяць тысяч гадоў назад на Сароры квітнела чалавечая цывілізацыя, падобная да нашай…
Але цяпер гэта ўжо не проста неабгрунтаваная гіпотэза, у яе прыхільнікаў ёсць доказы. Ледзь сфармуляваўшы сваю думку, я адразу ж адчуў тое асаблівае ўзбуджэнне, якое ахапляе цябе, калі ты знаходзіш у лабірынце заблытаных сцежак адзіную правільную. Упэўнены, менавіта гэты шлях і прывядзе да раскрыцця тайны малпавай эвалюцыі. Недарма ж я заўсёды шукаў падсвядома адказ прыкладна ў гэтым напрамку.
Я вяртаюся самалётам у сталіцу разам з сакратаром Карнэлія, маўклівым шымпанзэ. Але мне і не хочацца гаварыць з ім. У самалёце заўсёды добра падумаць. Дый наўрад ці мне яшчэ выпадзе лепшая магчымасць разабрацца ў сваіх думках.
…Значыцца, дапусцім, што ў векапомныя часы на Сароры існавала цывілізацыя, падобная да нашай. Ці можа так стацца, каб істоты, пазбаўленыя розуму, прадоўжылі яе шляхам пераймання? Уявіць сабе гэта нялёгка, але чым больш я разважаю, тым больш знаходжу аргументаў, якія робяць дадзеную гіпотэзу не такой ужо і фантастычнай. Думка пра тое, што нас калі-небудзь заступяць удасканаленыя робаты, была на Зямлі, наколькі я памятаю, досыць шырока распаўсюджаная. З ёю згаджаліся не толькі паэты і раманісты, але і прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства. І, можа, менавіта таму, што гэтая ідэя так пашырылася ў масах, яна раздражняла інтэлектуальную эліту. А можа, і таму, што ў ёй была доля горкае праўды. Толькі доля, бо машына заўсёды застанецца машынаю, а сама ўдасканалены робат — робатам. Але што сказаць пра істот, надзеленых, як малпы, хаця б зачаткамі розуму? Істот, што валодаюць, як малпы, высокаразвітым пераймальным інстынктам?..
Я заплюшчваю вочы. Гул матораў закалыхвае мяне. Але мне трэба прааналізаваць усё гэта, каб вызначыць сваю пазіцыю.
Што з'яўляецца распазнавальнай прыкметаю цывілізацыі? Нейкі асабісты дух? Наўрад ці. Хутчэй за ўсё — будзённае жыццё… Ну, добра, прызнаем неабходнасць духоўнасці. Напэўна, яна выявіцца ў мастацтве, у першую чаргу ў літаратуры. Ці ж сапраўды апошняя з'яўляецца сфераю, недаступнаю нашым буйным чалавекападобным малпам, калі, вядома, дапусціць, што яны навучыліся складваць словы? А з чаго складаецца наша літаратура? 3 шэдэўраў? Каб жа толькі з іх! Калі за адно-два стагоддзі і з'яўляецца арыгінальная кніга, астатнія пісьменнікі так ці інакш яе пераймаюць, інакш кажучы, перапісваюць, і такім чынам у свет выходзяць сотні тысяч новых кніг, з больш-менш рознымі назвамі, але аднаго зместу, данесенага з дапамогаю адносна змененых камбінацый фраз. Відаць, малпы, пераймальнікі па сваёй прыродзе, маглі б ствараць такую літаратуру пры той, вядома, умове, што навучыліся б гаварыць.