— У тры месяцы?!
— О, гэта ўсяго толькі дзіцячы лепет, але ўсё выдае на тое, што хлопчык будзе гаварыць. Да таго ж ён увогуле развіваецца надзвычай хутка.
Я надзімаюся ад гонару. Але Зіру абурае мой шчаслівы выгляд бацькі такога выдатнага дзіцяці.
— Няўжо ты не разумееш, што гэта катастрофа?! Цяпер яго нізашто не выпусцяць на волю!
— Мне стала вядома ад надзейнага чалавека, — кажа Карнэлій, — што праз два тыдні адбудзецца пасяджэнне Вялікага Савета, прысвечанае вашаму дзіцяці, і будзе прынята важнае рашэнне.
— Важнае рашэнне?
— Вельмі важнае. Пра тое, каб знішчыць яго, гаворка не ідзе. Ва ўсякім разе, пакуль што. Але яго адымуць ад маці.
— А я, я змагу яго бачыць?
— А гэта ўжо абсалютна немагчыма!.. Але дазвольце мне дагаварыць, — няўмольна адчаканьвае шымпанзэ. — Мы сабраліся тут не дзеля таго, каб плакаць, а каб дзейнічаць. Дык вось. Першае, што мы ўжо дакладна ведаем, гэта тое, што вашага сына ізалююць і будуць строга захоўваць. Арангутаны. Так, Заюс доўно інтрыгуе і цяпер дасягне сваёй мэты. — Тут Карнэлій гнеўна сціснуў кулакі і прамармытаў скрозь зубы некалькі слоў, прывесці якія тут немагчыма. — Заўважце, Вялікі Савет выдатна разумее, чаго варты гэты крэтын як вучоны, але ўсе робяць выгляд, нібыта вераць, што ён і праўда зможа даследаваць такі ўнікальны выпадак лепш за мяне. Робяць выгляд, бо гэты выпадак расцэньваецца як пагроза ўсёй нашай расе. Яны разлічваюць, што Заюс здолее ліквідаваць гэтую небяспеку.
Я здранцвеў. Не дай бог, каб мой сын трапіў у лапы да гэтага небяспечнага ідыёта! Але Карнэлій яшчэ не скончыў:
— Сама страшнае, што пагроза навісла не толькі над вашым сынам.
Не могучы вымавіць ні слова, я паглядзеў на Зіру, але тая адно ківае.
— Арангутаны вас ненавідзяць, таму што вы з'яўляецеся жывым доказам памылковасці ўсіх іх тэорый, а гарылы лічаць вас занадта небяспечным, каб пакідаць на волі. Яны баяцца, каб вы не сталі пачынальнікам новай чалавечай расы на нашай планеце. Але нават калі адкінуць такую магчымасць, яны ўсё роўна баяцца, што адна ваша прысутнасць на Сароры ўзбаламуціць нашых людзей. Шэраг назіранняў адзначае незвычайнае ўзбуджэнне сярод падвопытных, з якімі вы кантактуеце.
Але, гэта праўда. У час майго апошняга наведвання залы з клеткамі я сам заўважыў, што паводзіны палонных прыкметна змяніліся. Выдае на тое, што нейкі таямнічы інстынкт папярэдзіў іх пра дзівоснае нараджэнне майго сына. Яны віталі мяне доўгім улюлюканнем.
— Карацей кажучы, — падводзіць рысу Карнэлій, — я вельмі баюся, што праз два тыдні Вялікі Савет прыме рашэнне знішчыць вас… або прынамсі выдаліць частку мозгу пад выглядам навуковага эксперыменту. Што ж датычыць Новы, то думаю, што і яе пастараюцца абясшкодзіць, бо яна надта доўга была побач з вамі.
Не, гэта немагчыма! Я ж ужо паверыў у сваю ледзь не боскую місію — і раптам такое… Умомант я быў скінуты з нябёсаў на зямлю. Мяне агарнуў жудасны адчай.
— Карнэлій правільна зрабіў, што нічога ад цябе не ўтоіў, — сказала Зіра, кладучы мне на плячо руку. — Але ён не сказаў яшчэ, што мы не пакінем цябе. Мы вырашылі ўратаваць вас усіх траіх, і ў гэтым нам дапамогуць некалькі нашых сяброў, мужныя шымпанзэ.
— Але што я магу зрабіць? Я, чалавек сярод малпаў!
— Трэба ўцякаць. Трэба пакінуць Сарору, куды б табе лепей было і зусім не прылятаць. Вяртайся да сябе на Зямлю. Толькі так можна ўратаваць цябе і твайго сына.
Голас у Зіры задрыжаў, здавалася, яна зараз заплача. Усё ж такі яна ставілася да мяне яшчэ лепш, чым я мог падумаць. Смутак яе бы працяў мяне. Невыносна балюча думаць, што, пакінуўшы Сарору, ніколі больш не спаткаюся з Зіраю.
— Але як мне ўцячы з Сароры?
— Зіра мае рацыю, — пачаў адказваць Карнэлій. — Выйсце ў вас адзінае — уцячы з нашай планеты. Я абяцаў дапамагчы вам і стрымаю слова, нават калі гэта загубіць маю кар'еру. Да таго ж, дапамагаючы вам, я выконваю свой абавязак малпы. Калі нам пагражае небяспека, то яе ўжо не стане, як толькі вы пакінеце Сарору… Вы неяк казалі мне, што ваш касмічны карабель не пашкоджаны і што вы змаглі б вярнуцца на ім назад на Зямлю?
— Але, — адказаў я. — У зоркалёце дастаткова паліва, кіслароду і запасаў ежы і пітва, каб дабрацца на ім да любой планеты Галактыкі. Але як дабрацца да яго?
— Ён па-ранейшаму круціцца вакол Сароры. Адзін з маіх сяброў-астраномаў выявіў яго і вылічыў яго арбіту. А як да яго дабрацца… Слухайце! Роўна праз дзесяць дзён мы збіраемся запусціць штучны спадарожнік з жывымі істотамі, натуральна, з людзьмі, на якіх мы хочам вывучыць уплыў некаторых відаў выпраменьванняў… Не перапыняйце мяне! Згодна з праграмаю павінна быць трое падвопытных: мужчына, жанчына і дзіця.
Я адразу ж зразумеў план Карнэлія і ацаніў яго вынаходлівасць. Але колькі перашкод было яшчэ на нашым шляху!
— Некаторыя вучоныя, адказныя за выпуск спадарожніка, — працягваў Карнэлій, — мае блізкія сябры, і я здолеў пераканаць іх дапамагчы вам. Спадарожнік будзе запушчаны на арбіту вашага карабля, акрамя таго, ім можна ў пэўнай ступені кіраваць. Дарослых падвопытных навучылі выконваць прасцейшыя манеўры: у іх выпрацаваны ўмоўныя рэфлексы. Думаю, што вы будзеце нашмат больш вынаходлівыя за іх… Наш план такі: вы ўтраіх заменіце трох падвопытных. Тут асаблівых цяжкасцей не будзе. Як я ўжо сказаў, у нас верныя саюзнікі, бо забойства агіднае нам, шымпанзэ. А тыя, хто не ў курсе справы, нават не заўважаць падмены.
І праўда, гэта было верагодна. Для большасці малпаў чалавек — проста чалавек, і нічога больш. Яны нават не заўважаюць розніцы паміж асобнымі індывідуумамі.
— Вам прыйдзецца інтэнсіўна трэніравацца ўсе гэтыя дзесяць дзён. Вы ўпэўнены, што здолееце дасягнуць карабля?
Гэта таксама было магчыма. Але ў той момант я не думаў пра цяжкасці і небяспекі, якія чакалі нас наперадзе. Міжволі маёй душою авалодаў глыбокі смутак: мне ж прыйдзецца назаўсёды пакінуць Сарору, развітацца з Зіраю і маімі братамі на гэтай планеце, так, маімі чалавечымі братамі! У дачыненні да сарорскіх людзей я адчуваў сябе дэзерцірам. Аднак спачатку я павінен быў уратаваць майго сына і Нову. Але я яшчэ вярнуся! Так, я вярнуся, пакляўся я перад сабою, згадаўшы палонных людзей у клетках, вярнуся, калі на руках у мяне будуць іншыя козыры!
Я так расхваляваўся, што прамовіў апошнія словы ўголас.
— Праз чатыры-пяць гадоў вашага асабістага часу, смелы касманаўт, — усміхнуўся Карнэлій, — але толькі праз тысячу з лішкам гадоў для нас, дамаседаў. Не забывайце, мы ж таксама распрацавалі тэорыю адноснасці. Карацей… я абмяркоўваў гэтае пытанне з маімі сябрамі-шымпанзэ, і мы вырашылі рызыкнуць.
Неўзабаве мы развіталіся, дамовіўшыся сустрэцца заўтра. Зіра выйшла першая. Затрымаўшыся на хвіліну, я скарыстаўся гэтым, каб горача падзякаваць Карнэлію. Сам сабе я думаў: чаму ён робіць усё гэта? Нібыта прачытаўшы мае думкі, Карнэлій адказаў:
— Дзякуйце Зіры. Гэта ёй вы абавязаны жыццём. Калі б не яна, не ведаю, ці стаў бы я так шчыраваць і рызыкаваць. Але паспрабуй я стаць саўдзельнікам забойства, Зіра не даравала б мне гэтага ніколі… Апроч таго…
Карнэлій замяўся. Пераканаўшыся, што Зіра чакае ў калідоры, адкуль ёй нічога не было чуваць, ён нахіліўся да мяне і хутка і ціха сказаў:
— Апроч таго, і мне і ёй будзе лепш калі вы знікніце з нашай планеты.
Карнэлій прычыніў за мною дзверы. Мы засталіся з Зіраю адны. Ступіўшы побач з ёю некалькі крокаў па калідоры, я прашаптаў:
— Зіра!
Спыніўшыся, я прытуліў яе да сябе. Яна была ўсхваляваная не менш за мяне. Слёзы каціліся ў яе па пысачцы, пакуль мы стаялі, цесна абняўшыся. О божа, якая мне была справа да гэтай жудаснай цялеснай абалонкі! Душа мая злівалася з яе душою! Я заплюшчыў вочы, каб не бачыць яе жудаснага твару, які ад хвалявання стаў яшчэ больш гідкі. Я адчуваў, як яе цела дрыготка прыціснулася да майго. Прымусіўшы сябе, я прыціснуўся шчакою да яе шчакі. Але ў той самы момант, калі мы ўжо былі гатовыя пацалавацца, як двое закаханых, Зіра раптам інстынктыўна адхінулася і з сілаю адштурхнула мяне.
Ашаломлены, я стаяў, не ведаючы, што і рабіць, а яна, гэтая брыдкая шымпанзэ, схавала сваю пысу ў доўгія валасатыя лапы і з адчаем, рыдаючы, аб'явіла:
— Дарагі мой, гэта немагчыма! Даруй мне, я не магу, не магу! Дальбог, ты занадта брыдкі!
Усё скончана! Я зноў у космасе, на борце нашага зоркалёта, які, быццам камета, імчыцца да Сонечнай сістэмы з хуткасцю, што ўзрастае з кожнай секундаю.
Я не адзін. Са мною Нова і Сірыус, дзіця нашага міжзорнага кахання. Ён умее ўжо гаварыць «тата», «мама» і багата іншых слоў. Апроч таго, у нас на караблі пара курэй, пара трусоў і зерне сама рознай збажыны — усё, што вучоныя Сароры памясцілі ў спадарожнік, каб вывучыць уплыў касмічных прамянёў на розныя арганізмы і расліны. Усё гэта нам спатрэбіцца.
План Карнэлія быў выкананы адмыслова. Ніхто не заўважыў, як мы замянілі тройку паддоследных. Жанчына заняла месца Новы ў інстытуце, дзіця перададуць Заюсу. Гэты дурань хутка давядзе, што чалавечы дзіцёнак не здольны размаўляць, а значыцца, з'яўляецца звычайнай жывёлінай. Можа, пасля гэтага мяне перастануць лічыць небяспечным і пакінуць у жывых мужчыну, які замяніў мяне і які таксама ніколі не загаворыць. Малаверагодна, што малпы западозраць падмену. Арангутаны, як я ўжо казаў, не могуць адрозніць аднаго чалавека ад другога. Заюс будзе трыумфаваць. Карнэлія, магчыма, чакаюць сякія-такія непрыемнасці, але ўсё хутка забудзецца… Ды што я кажу! Усё ўжо забылася, бо за тыя некалькі месяцаў, што мы ляцім у космасе, на Сароры прайшлі стагоддзі! Нават мае ўспаміны і тыя сціраюцца, пакуль шырыцца пропасць прасторы і часу, што аддзяляе нас ад Бетэльгейзе. Спачатку вялізная зорка стала падобная на мяч, потым на апельсін і нарэшце ператварылася ў адну з маленькіх зіхоткіх кропак на бясконцым, густа ўсеяным такімі ж самымі кропкамі небе. Гэтак і з маімі сарорскімі згадкамі.
Трэба быць вар'ятам, каб пакутаваць на маім месцы ад згрызотаў сумлення. Мне ўдалося выратаваць дарагіх мне людзей. Пра што мне шкадаваць? Зіра? Але, Зіра. Толькі пачуццё, якое звязвала нас, не мае нават назвы — ні на Зямлі, ні на якой іншай планеце. Нашае расстанне было непазбежнае. Напэўна, Зіра неўзабаве знайшла спакой, выйшаўшы замуж за Карнэлія і выхоўваючы дзяцей-шымпанзэ. Прафесар Антэль? Халера з ім, з прафесарам! Я нічым больш не мог дапамагчы яму, а ён, мусібыць, здолеў нарэшце знайсці цікавае яму вырашэнне праблемы шчасця. Толькі сам я часам уздрыгваю ад думкі пра тое, што, каб не Зіра, я ў ягоных умовах таксама мог бы апусціцца гэтак жа нізка.