Планета малпаў - Пьер Буль 3 стр.


Тады прафесар даў нам знак змоўкнуць і пачаў плюхацца ў возеры, усё роўна як і не зважаючы на яе. Паглядзеўшы на Антэля, мы сталі рабіць тое ж самае. Тактыка была выбрана ўдала: дзяўчына не толькі зноў наблізілася да нас, але і пачала захоплена назіраць за нашымі заплывамі і ныркамі, што яшчэ больш распаліла нашую цікаўнасць. Вы бачылі калі-небудзь, як паводзіць сябе на пляжы побач з гаспадаром, які купаецца, баязлівае сабачаня? Яму да смерці хочацца ўскочыць у ваду, але яно не асмельваецца. Яно кідаецца ўперад, назад, адбягае ад вады, зноў вяртаецца, атрасаецца. Акурат гэтаксама ж паводзіла сябе дзяўчына.

І тут мы пачулі яе голас! Аднак гукі з яе вуснаў адно ўзмацнілі нашае ўражанне аб ёй, як аб нейкім звярку. У гэты момант яна стаяла ля самага краю абрыву, сваёй, так бы мовіць, курасадні, і, здавалася, была гатовая нырнуць у возера. На нейкае імгненне яна перастала кідацца, бы сабачаня. Разявіла рот. Я стаяў трохі ўбаку і мог назіраць за ёю, застаючыся непрыкметны. Думаў, што цяпер яна скажа нам штосьці, крыкне. Быў гатовы пачуць словы сама прымітыўнай мовы, але толькі не тыя дзіўныя гукі, што вылецелі з яе горла. Але, менавіта з горла, бо ні рот, ні язык не маглі б утварыць пачуты намі віск ці піск, якім дзяўчына перадала сваё захапленне. Радасць звярка. Падобныя гукі можна пачуць у нашых заалагічных садах ад маладых шымпанзэ ў час гульні.

Мы плюхаліся ў возеры, з усяе сілы робячы выгляд, што не звяртаем на яе аніякае ўвагі, — і нарэшце яна рашылася. Прысела і пачала хутка спускацца да нас, чапляючыся рукамі за ледзь прыкметныя выступы. Вытанчанасць яе рухаў была проста неверагодная. Гнуткае залатаскурае цела дзяўчыны скрозь вясёлкавую смугу вадаспада здавалася нам феерычньм. Праз некалькі імгненняў яна ўжо была на самым беразе возера. Прысеўшы на камень, дзяўчына нейкі час разглядвала нас, потым нырнула і паплыла да нас.

Мы зразумелі, што яна хоча падурэць з намі, і пачалі плюхацца яшчэ з большым імпэтам, але так, каб не напалохаць яе. Дзяўчына плавала, хутка заграбаючы ваду рукамі і нагамі, як плаваюць сабакі, і яе распушчаныя валасы слаліся за ёю, быццам хвост каметы. І ўрэшце, вельмі хутка, пачалася гульня, ход якой задала незнаёмая. Сапраўды дзіўная забава, якая нагадвала гульні цюленяў у басейне: мы ганяліся адно за адным і нечакана ўцякалі ў той самы момант, калі, здавалася б, павінны былі вось-вось дакрануцца адно да аднаго. Усё гэта было, ведама ж, дзіцячае свавольства, але на якія толькі хітрыкі мы б не пайшлі, каб прыручыць чароўную дзяўчыну! Я заўважыў, што нават прафесар Антэль з непрыхаваным задавальненнем прымаў удзел у нашай гульні.

Нашы водныя забавы працягваліся досыць доўга, мы ўжо трохі стаміліся, калі мяне раптам збянтэжыў дзіўны, недарэчны ў гэтай сітуацыі выраз твару ў дзяўчыны: ён быў абсалютна сур'ёзны. Незнаёмая з відавочным задавальненнем плюхалася з намі, забаўляючыся прапанаванай ёю самою гульнёй, аднак на твары ў яе так і не прамільгнула ўсмешка. Вось ужо некалькі хвілін мне не давала спакою нейкае цяжкае цьмянае пачуццё, і толькі цяпер я зразумеў, што турбавала мяне: дзяўчына не смяялася і не ўсміхалася, хіба што час ад часу з яе горла вырываўся нягучны віск, якім яна, мусіць, перадавала сваё захапленне.

Я вырашыў зрабіць дослед. Калі дзяўчына наблізілася да мяне, я паглядзеў ёй у самыя вочы і, пакуль яна не паспела павярнуць назад, шырока ўсміхнуўся з усёй пяшчотаю і зычлівасцю, на якія толькі быў здольны.

Вынік быў неверагодны. Дзяўчына спынілася, устала нагамі на дно — у гэтым месцы вада даходзіла ёй да пояса — і выставіла наперад скурчаныя пальцы з доўгімі пазногцямі. Яна баранілася ад мяне! Потым адскочыла і кінулася на бераг. Там яна азірнулася і зноў застыла, як і на версе абрыву, насцярожана паглядваючы на мяне, бы звярок, які адчуў небяспеку. Магчыма, яна зноў даверылася б нам, бо, умомант сагнаўшы з твару ўсмешку, я зноў пачаў плаваць туды і назад з сама нявінным выглядам. Але тут дзяўчыну яшчэ мацней за маю ўсмешку ўстрывожыла новае здарэнне: спачатку мы пачулі ў лясным гушчары нейкі шум, а потым перад намі з'явіўся наш сябар Гектар. Пераскокваючы з галіны на галіну, ён спусціўся на зямлю і зачыкільгаў да возера, радуючыся гаспадарам. І тут твар у дзяўчыны скрывіўся ў звярынай грымасе лютасці і проста неверагоднага жаху! Яна ўся сціснулася, літаральна зліўшыся з каменнем, мускулы яе напружыліся, ногі падагнуліся, быццам для скачка, а пальцы скурчыліся, нібыта яна выпусціла кіпцюры. І ўсё гэта з-за маленькай смешнай малпы, якая спяшалася развесяліць нас сваім крыўляннем!

Усё здарылася імгненна. Калі Гектар, не зважаючы на дзяўчыну, параўняўся з ёю, тая выпрасталася, быццам спружына, і, скокнуўшы да яго, сашчапіла на шыі ў шымпанзэ рукі, а нагамі, бы ціскамі, абхапіла ягонае цельца, так што ён і паварушыцца не мог. Напад быў такі раптоўны, што мы не паспелі ўмяшацца. Гектар слаба тузануўся і застыў. Праз некалькі секунд дзяўчына адкінула яго — ён быў ужо мёртвы. Гэтая боскай прыгажосці істота — у рамантычным парыве я назваў дзяўчыну раней пра сябе Нова, бо з'яўленне яе перад намі можна было параўнаць хіба што з узыходжаннем зоркі на небе — узяла дый задушыла ні з таго ні з сяго бяскрыўднага ручнога звярка.

Калі мы нарэшце аправіліся ад шоку і кінуліся Гектару на дапамогу, было ўжо позна. Дзяўчына павярнулася да нас і зноў выцягнула рукі, быццам збіралася ўчапіцца цяпер ужо ў нас. Верхняя губа ў яе прыўзнялася, ашчэрыліся зубы. Выгляд у дзяўчыны быў такі люты, што мы замерлі на месцы. Потым яна гучна і працяжна ці то крыкнула, ці то ўзвыла — гук гэты можна было прыняць за кароткую песню перамогі ці папярэджанне, — і кінулася ў гушчар. Праз імгненне яе залацістаскурае цела, мільгануўшы апошні раз паміж кустоў, схавалася ў зарасніку, і мы зноў засталіся адны сярод маўклівага лесу.

— Гэта дзікунка, — сказаў я нарэшце. — Можа, яна з якога-небудзь адсталага племені накшталт тых, што знаходзяць яшчэ ў Новай Гвінеі ці ў лясах Афрыкі?

Зрэшты, я сказаў гэта без асаблівай упэўненасці. І Артур Левэн адразу ж асадзіў мяне.

— У якіх гэта прымітыўных плямёнаў бачыў ты такую дасканаласць формаў і гарманічнасць рухаў? — спытаўся ён ледзь не са злосцю.

Я не знайшоў што і адказаць: Левэн сто разоў меў рацыю.

Прафесар Антэль хоць і быў цяпер надзвычай задуменны, але пачуў усё ж такі нашую размову.

— Нават у сама прымітыўных нашых плямёнаў ёсць мова, — заўважыў ён. — А гэтая дзівачка не ведае ніводнага слова.

Мы абшнырылі ўсё наваколле, але не знайшлі ніякіх слядоў незнаёмай. Тады вярнуліся на паляну, дзе стаяў наш катэр. Прафесар Антэль хацеў адразу ж узляцець, каб апусціцца ў больш цывілізаваным раёне. Аднак Левэн прапанаваў пачакаць яшчэ хоць бы суткі і паспрабаваць наладзіць кантакт з жыхарамі джунгляў. Я падтрымаў яго, і ўрэшце Левэнава прапанова была прынятая і Антэлем. Мы не рашыліся прызнацца адзін аднаму, што нас утрымлівала тут надзея яшчэ раз убачыць незнаёмую.

Дзень закончыўся без новых здарэнняў. Настаў час захаду, і мы залюбаваліся гіганцкай Бетэльгейзе, што знікала спакваля за гарызонтам: зямлянін не можа ўявіць сабе такога фантастычна прыгожага відовішча. І тут мы адчулі, што ў джунглях нешта змянілася: яны напоўніліся таемнымі гукамі і шолахамі. Нам здавалася, што адусюль за намі сочаць скрозь лісце нейкія нябачныя істоты. Аднак ноч прайшла спакойна: мы замкнуліся ў катэры і па чарзе дзяжурылі да раніцы. На золку непрыемнае пачуццё таго, што за намі сочаць, узмацнілася. Мне нават здалося, што з лесу даносяцца кароткія прарэзлівыя крыкі, накшталт тых, што мы чулі напярэдадні ад Новы. У нашым уяўленні лес ужо кішма кішыць невядомымі істотамі, але ніводная так і не з'явілася.

Трохі пазней мы вырашылі яшчэ раз схадзіць да вадаспада. Усю дарогу нас гняло ўсё тое ж непрыемнае пачуццё, што нейкія істоты, ідучы ўслед, неадступна сочаць за намі, не рашаючыся, аднак, паказацца. Але ж яшчэ ўчора Нова выйшла ўсё-такі нарэшце да нас.

— Можа, іх палохае нашая адзежа? — сказаў раптам Артур Левэн.

Мяне, бы маланкай, працяла здагадка! Я дакладна ўспомніў, як Нова, задушыўшы Гектара, кінулася ўцякаць і наткнулася на нашу зваленую ў кучу адзежу. Яна ўмомант шарахнулася ўбок, бы спалоханы конь.

— Зараз паглядзім! — сказаў я.

І вось, раздзеўшыся дагала, мы, як і мінулы раз, кінуліся ў возера і прыняліся дурэць з сама бесклапотным выглядам.

Выпрабаваныя ўжо аднойчы хітрыкі зноў далі чаканы вынік. Праз некалькі хвілін мы заўважылі на абрыве Нову, хоць і не прыкмецілі, як яна туды трапіла. Гэтым разам дзяўчына была не адна. Побач з ёю стаяў зусім голы мужчына, на выгляд звычайны зямлянін, ужо ў гадах. Асобныя яго рысы настолькі нагадвалі твар нашае багіні вадаспада, што я прыняў мужчыну за яе бацьку. Як і яна, ён разглядваў нас з трывогаю і недаўменнем.

Паступова вакол нас пачалі з'яўляцца ўсё новыя і новыя людзі. Мы напусцілі на сябе абыякавы выгляд. Людзі выходзілі з лесу і набліжаліся да возера з усіх бакоў, акружаючы нас. Усе яны, мужчыны і жанчыны, статныя, залацістаскурыя, былі вельмі прыгожыя. Яны ўзбуджана жэстыкулявалі, зрэдку коратка ўскрыкваючы.

Кола сарорцаў самкнулася, і нас ахапіла трывога: эпізод з Гектарам міжволі насцярожыў. Аднак у паводзінах людзей не было анічога пагрозлівага: мусібыць, іх усяго толькі, гэтаксама ж як і Нову, цікавілі нашыя гульні ў вадзе.

Так яно і было! Неўзабаве Нова, якую я ўжо лічыў нашай старой знаёмаю, кінулася ў возера, а за ёй пасля больш-менш доўгіх ваганняў і ўсе астатнія. Мы распачалі нашыя ўчарашнія забавы, ганяючыся адзін за адным, быццам цюлені. Розніца была толькі ў тым, што сёння вакол нас плюхаліся і фыркалі прынамсі два дзесяткі дзіўных істот, чые сур'ёзныя твары надта ўжо не стасаваліся да іх дзіцячых паводзін.

Прайшло хвілін пятнаццаць, і мяне агарнула стома. Няўжо мы імкнуліся да такой далёкай Бетэльгейзе дзеля такіх вось дзіцячых забаў? Мне стала сорамна за сябе. Я засмучана пазіраў на нашага мудраца Антэля, які аддаваўся гэтай наіўнай гульні з відавочным задавальненнем. Але што нам, зрэшты, заставалася яшчэ рабіць? Наўрад ці хто можа ўявіць, як цяжка наладзіць кантакт з істотамі, якія не ўмеюць ні гаварыць, ні нават усміхацца. Аднак я спрабаваў дамагчыся іх разумення. Пачаў жэстыкуляваць, стараючыся ўкласці ў кожны жэст пэўнае значэнне. З сама зычлівым выглядам, на які толькі быў здольны, складваў рукі на грудзях. Кланяўся «па-кітайску». Пасылаў паветраныя пацалункі. Але ўсе мае руплівыя спробы не мелі ніякага поспеху. У вачах у сарорцаў не запалілася аніводнай іскаркі разумення.

Калі мы абмяркоўвалі ў час пералёту магчымасць сустрэчы з невядомымі істотамі, то якіх толькі стварэнняў сабе не ўяўлялі, нават пачвар, зусім непадобных на нас, але заўсёды былі ўпэўненыя, што стварэнні гэтыя абавязкова маюць розум. А тут усё было якраз наадварот: мы натрапілі на людзей, абсалютна ідэнтычных нам фізічна, але, выяўлялася, зусім без прыкмет розуму. Як інакш можна было растлумачыць неверагодна пустыя позіркі Новы і яе супляменнікаў: поўная адсутнасць свядомасці, думкі, душы…

Іх цікавіла толькі гульня. Да таго ж, гульня сама бязглуздая! Надумаўшы трохі яе ўскладніць — толькі крышачку, каб не спудзіць сарорцаў, — мы стварылі кола і, стоячы па пояс у вадзе, завялі нешта накшталт карагода: пачалі падымаць і апускаць рукі, як гэта робяць маленькія дзеці. Але выдумка наша нікога не захапіла. Большасць дзікуноў адплылася далей, а тыя нямногія, што засталіся, утаропіліся на нас такім безнадзейна пустым позіркам, што, разгубіўшыся, мы бяссільна здранцвелі.

Збянтэжанасць наша ледзь не прывяла да катастрофы. Калі нарэшце да нас дайшло, што трое самавітых мужчын, адзін з якіх — вучоны з сусветна вядомым іменем, узяўшыся за рукі, вядуць як дзеці карагод, мы не ўтрымаліся. Мы так доўга намагаліся захаваць сур'ёзнасць, што настала натуральная разрадка. Мы рагаталі як дурні, згінаючыся ад смеху напалам, — і ніяк не маглі супакоіцца.

Гэты міжвольны выбух нашай бязглуздай весялосці нарэшце выклікаў у сарорцаў рэакцыю — толькі зусім непажаданую. Над возерам бы шквал пранёсся! Людзі ў паніцы кінуліся ўцякаць ад нас ва ўсе бакі — убачыў бы хто знянацку такое недарэчнае відовішча на зямлі, аслупянеў бы, не верачы вачам. Праз некалькі імгненняў мы засталіся ў вадзе адны. Дзікуны сабраліся ў натоўп на беразе ў сама далёкім ад нас канцы возера і проста дрыжалі — хто ад страху, хто ад лютасці. Адны спалохана ўскрыквалі, другія пагрозліва размахвалі рукамі. Твары ў іх былі такія скажоныя, што мы з Левэнам устрывожыліся і пачалі падбірацца да зброі. Толькі мудры Антэль захоўваў спакой і шэптам пераканаў нас не толькі не страляць, але нават не хапацца за стрэльбы, пакуль гэтыя людзі трымаюцца ўдалечыні.

Не спускаючы з іх вачэй, мы пачалі таропка адзявацца. Але толькі паспелі нацягнуць штаны і накінуць кашулі, як узбуджанасць дзікуноў перайшла ледзь не ў істэрыку. Выдавала на тое, што яны проста бачыць не маглі без раздражнення адзетых людзей! Некаторыя кінуліся ўцякаць, астатнія наблізіліся да нас, выставіўшы рукі з пагрозліва скручанымі пальцамі. Я схапіўся за карабін. І, як ні дзіўна, гэтыя тупыя істоты зразумелі, напэўна, што гэта мусіць значыць, бо ўмомант зніклі ў лясным гушчары.

Мы спешна вярнуліся да нашага катэра. Усю дарогу назад мяне ні на секунду не пакідала непрыемнае пачуццё, што за мною сочаць — нябачна, нячутна ідуць за намі па пятах.

Напад быў такі нечаканы, што пра абарону думаць не прыйшлося. Мы падыходзілі ўжо да паляны, калі сарорцы з хуткасцю аленяў выскачылі з гушчару і накінуліся на нас раней, чым мы паспелі ўскінуць стрэльбы.

Самае цікаўнае ў гэтым нападзе было тое, што не супраць нас быў ён накіраваны. Я гэта адразу адчуў, і мая здагадка ўмомант пацвердзілася. Нас не чакаў сумны лёс Гектара: сарорцы рабілі замах не на нашае жыццё, а толькі на адзежу і рыштунак. Нас імгненна прыціснулі да зямлі. Дзесяткі рук ліхаманкава адкідвалі як мага далей стрэльбы, патроны, змесціва паходных мяшкоў, здзіралі з нас адзежу і адразу ж ірвалі яе на шматкі. Скеміўшы, што менавіта выклікае лютасць дзікуноў, я перастаў супраціўляцца, і ў выніку мяне толькі крыху падрапалі. Убачыўшы гэта, Антэль і Левэн паводзілі сябе гэтаксама ж, і неўзабаве мы засталіся ў чым маці нарадзіла сярод натоўпу сарорцаў. Тыя адразу ж супакоіліся і пачалі гарэзаваць вакол нас, не дазваляючы, аднак, аддаліцца ад іх ні на крок, каб мы не ўцяклі.

Цяпер на ўзлессі сабралася не менш як паўсотні гэтых дзівакоў. Адны акружылі нас, другія кінуліся да катэра. Дзверы хутка паддаліся іх націску. Сарорцы пачалі спусташаць катэр з той санай лютасцю, з якой толькі што рвалі адзежу. Я з адчаем глядзеў на тое, як яны нявечылі такую неабходную нам апаратуру, але думка мая тым часам не пераставала працаваць, і, здаецца, я ўцяміў галоўнае: гэтых людзей раз'юшвалі прадметы! Усё штучна вырабленае выклікала ў іх лютасць і страх адначасна. Ледзь ім трапляўся ў рукі якісьці інструмент, яны ўмомант яго разбівалі, расплюшчвалі або ламалі і адразу ж адкідвалі як мага далей, быццам гэта было распаленае жалеза, а калі хапалі зноў, дык толькі каб знішчыць канчаткова. Мне яны нагадвалі мангустаў, якія нападаюць на змей, ці кошак у паядынку з пацукамі: кошкам вялікі пацук, нават паўмёртвы, усё яшчэ можа быць вельмі небяспечны. Я ўжо адзначыў, што яны справіліся з намі голымі рукамі, не карыстаючыся ніякай зброяй, нават палкаю.

Мы ў бяссільным адчаі назіралі за тым, як сарорцы нішчаць катэр. Дзікуны зруйнавалі, разбілі ўсё, што толькі магло быць разбіта і зруйнавана, усе каштоўныя навігацыйныя прыборы, абломкамі якіх была спрэс пакрыта цяпер паляна. Пагром працягваўся досыць доўга. Нарэшце, калі ад катэра застаўся адзін металічны корпус, пагромшчыкі вярнуліся да нас. Падштурхоўваючы і тузаючы за рукі, яны павялі нас у лясны гушчар.

Становішча нашае рабілася ўсё больш безвыходнае. Абяззброеныя, раздзетыя, босыя, мы былі вымушаны ледзь не бегчы разам з усёю зграяю, не маючы магчымасці перакінуцца словам. Любая спроба загаварыць выклікала такую пагрозлівую рэакцыю, што нам прыйшлося ўрэшце тужліва змоўкнуць. А між тым вакол нас былі такія ж людзі, як і мы самі! Былі б яны адзетыя і прычасаныя, дык у нас на Зямлі на іх ніхто б і ўвагі не звярнуў. Праўда, тут кожную жанчыну можна было смела назваць прыгажуняю. Аднак ніводная з іх не магла параўнацца ў пагляднасці з Новаю, якая бегла цяпер за намі па пятах.

Кожны раз, калі мяне пачыналі падганяць залішне груба і бесцырымонна, я азіраўся ў надзеі ўбачыць на твары ў яе хоць намёк на спагаду, і аднойчы мне здалося, што Нова шкадуе мяне. Але, вядома, я прымаў жаданае за сапраўднае. Толькі мае вочы сустракаліся з яе вачыма, як яна адразу ж адводзіла позірк — па-ранейшаму пусты.

Гэтак мы беглі некалькі гадзін. Я ледзь не падаў ад стомы, ногі мае крываточылі, усё цела было падрапана калючымі галінамі, між якімі сарорцы праслізгвалі, бы змеі, без ніякай шкоды для сябе. Таварышы мае пачувалі сябе не лепш за мяне. Прафесар Антэль спатыкаўся ўжо на кожным кроку, калі мы нарэшце дабраліся да мэты гэтага вар'яцкага забегу.

Лес парадзеў, зарасці кустоўя змяніліся палянамі з невысокаю травою. Тут нашы «праважатыя» пакінулі нас і, нібыта забыўшыся на нашае існаванне, зноў пачалі ганяцца адно за адным паміж дрэвамі — выдавала на тое, што гэта быў галоўны занятак у іх жыцці. Мы ж зваліліся ад стомы на траву і скарысталіся перадышкаю, каб шэптам перагаварыцца.

Левэн, як і я, быў у поўным адчаі, і спатрэбілася мудрасць нашага патрона, які здолеў падбадзёрыць нас. Ужо вечарэла. Мы, вядома, маглі скарыстацца бесклапотнасцю дзікуноў і ўцячы, але куды? Катэр быў зруйнаваны. У нас не было больш разумнага выйсця, чым застацца тут і паспрабаваць улагодзіць гэтых варвараў. Да таго ж, нам страшэнна хацелася есці.

Мы ўсталі і нерашуча пабрылі па лесе. Сарорцы па-ранейшаму бяздумна дурэлі, не звяртаючы на нас ніякае ўвагі. Мабыць, толькі Нова не забылася на нас. Яна пайшла за намі, трымаючыся трохі ззаду, і адварочвала галаву кожны раз, калі мы азіраліся. Паблукаўшы крышку па паляне, мы ўбачылі, што знаходзімся ў чымсьці накшталт стойбішча першабытных людзей, толькі тут замест буданоў былі зладжаны з ламачча — на зямлі ці ў развілках ніжніх галін — нейкія прымітыўныя гнёзды, падобныя на тыя, што робяць буйныя малпы ў нашых афрыканскіх лясах. Некаторыя гнёзды былі занятыя. Мужчыны і жанчыны — не ведаю, як інакш можна назваць сарорцаў рознага полу, — драмалі ў гнёздах, часта парамі, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго ці скурчыўшыся, бы сабакі ў халоднае надвор'е. У большых гнёздах размяшчаліся цэлыя сем'і: мы прыкмецілі дзяцей, якія спалі ў іх, — яны здаліся нам прыгожымі і дужымі.

Але страўнікі нашы ад усіх назіранняў не папаўнелі. Нарэшце мы заўважылі пад адным дрэвам сям'ю, якая прыступіла да трапезы, але іхняя ежа не магла спакусіць нас. Зубамі і пазногцямі яны раздзіралі на часткі тушу нейкай буйной жывёліны, падобнай на аленя. Адрываючы крывавыя кавалкі, сарорцы жэрлі іх, выплёўваючы толькі шматкі шкуры. Увогуле мы не знайшлі ва ўсім стойбішчы аніводнага ачага. Нас ванітавала ад аднаго толькі віду такога абеду. Да таго ж, выявілася, што ніхто і не збіраецца нас частаваць. Наадварот, ледзь мы наблізіліся на некалькі крокаў да гэтай сямейкі, як пагрозлівае бурчанне вымусіла нас таропка адступіць.

Назад Дальше