Першы этап перавозкі палонных быў настолькі кароткі, што я нават не паспеў сабрацца з думкамі. Праз чвэрць гадзіны язды па вельмі дрэннай дарозе наш караван спыніўся на адкрытай пляцоўцы перад мураваным будынкам. Тут лес канчаўся, далей я ўбачыў толькі палі, засеяныя нейкай збажыною.
Дом з чырвоным чарапічным дахам, з зялёнымі аканіцамі і шыльдаю над уваходам дужа выдаваў на вялікі шынок. Я хутка скеміў, што гэта месца збору паляўнічых. Тут слугі-шымпанзэ чакалі гаспадароў, якія пад'язджалі на сваіх машынах, скарыстаўшыся, пэўна, другой дарогаю. Дамы-гарылы сядзелі гуртком у крэслах у цяні высокіх дрэў, якія нагадвалі нашы пальмы, і бестурботна балбаталі. Адна пацягвала праз саломінку нейкі напой.
Калі прычэпы выстраіліся на стаянцы, дамы наблізіліся да іх і пачалі з цікаўнасцю разглядваць здабычу і перш за ўсё дзічыну падстрэленую, якую даставілі сюды на двух вялікіх грузавіках, — слугі-гарылы ў доўгіх фартухах выцягвалі трупы і складвалі іх пад дрэвамі.
Здабыча была адмысловая! Да таго ж, малпы дзейнічалі, прытрымліваючыся строгага парадку. Яны паклалі скрываўленыя целы тварамі ўверх у адзін рад, быццам па лінейцы. А пасля пачалі пад захопленыя воклічы дам усё роўна як аздабляць забітую дзічыну, каб яна выглядала згодна з іх густам як мага больш імпазантна. Яны ўкладвалі рукі ўздоўж тулава, выпроствалі скурчаныя пальцы і паварочвалі далоні ўверх, выцягвалі ногі, размяўшы іх у каленях, паварочвалі гідка скрыўленыя набок галовы. Нарэшце яны клапатліва прычасалі забітых, асабліва жанчын, гэтаксама ж як некаторыя паляўнічыя прычэсваюць поўсць або прыгладжваюць пер'е толькі што забітым звярам ці птушкам.
Баюся, я не змагу перадаць тое, што адчуваў, гледзячы на гэты брыдотны кашмар. Не памятаю, ці казаў я пра знешнасць усіх гэтых гарыл і шымпанзэ, пра спецыфічныя грымасы і жэсты малпаў, калі не лічыць таго, што паведаміў пра чалавечы выраз іх вачэй. Ці не забыўся я згадаць, як дамы-гарылы, таксама апранутыя па-спартоваму, але з вялікай вытанчанасцю, мітусіліся і штурхаліся, вышукваючы лепшыя трафеі, і паказвалі на іх пальцамі, віншуючы сваіх кавалераў? Ці ж сказаў што-небудзь пра тую жудасную сцэнку, калі адна дама выняла з сумачкі маленькія нажніцы, нахілілася над трупам, адрэзала некалькі чорных пасмаў і, звіўшы іх у колца, прыкалола шпількаю да свайго капелюша? Усе астатнія дамы, зірнуўшы на яе, адразу ж зрабілі тое самае.
Нарэшце здабычу рассартавалі: усе трупы былі акуратна пакладзены ў тры рады, мужчыны і жанчыны ўперамешку. У небе, заліваючы гэтыю варварскую сцэну нясцерпным святлом, палала Бетэльгейзе. У жаху я адвёў вочы і ўбачыў новую дзейную асобу — малпу с трыножнікам і замацаванай на ім доўгай чорнай скрынкаю. Гэта быў шымпанзэ. Я хутка пазнаў у ім фатографа, які збіраецца зняць пышную карціну багатых вынікаў слаўнага палявання. Фатаграфаванне заняло больш за чвэрць гадзіны. Спачатку гарылы фатаграфаваліся паасобку ў сама рэспектабельных, як яны, мусіць, лічылі, паставах — некаторыя з выглядам пераможцаў ставілі нагу на ахвяру палявання, — потым усім гуртам, абняўшыся за плечы. Пасля гэтага настала чарга самак, і яны таксама доўга выбіралі сабе вытанчаныя, як на іх разуменне, паставы на фоне скрываўленых целаў, гэтак папраўляючы капелюшы з пасмамі прыколатых валасоў, каб тыя віднеліся выразна.
Жудаснасць гэтага відовішча нашмат перавышала сілы чалавечага разумення. Нейкі час я стрымліваўся, хоць кроў так і закіпала ў маіх жылах, але калі адна самка ўселася на труп, каб зняцца больш эфектна за сваіх каляжанак, калі я пазнаў рысы забітага, які ляжаў побач з іншымі ахвярамі, юначыя, амаль дзіцячыя рысы майго няшчаснага кампаньёна Артура Левэна, нервы мае здалі, і мае пачуцці зноў выліліся ў форму, такую ж недарэчную, як і гэтая жахлівая сцэна: мяне ахапіла раптам нястрыманая весялосць, і я зарагатаў.
Я і не падумаў пра сваіх суседзяў па клетцы. Я ўвогуле не мог ужо думаць. Але паніка, якая адразу ж узнялася сярод людзей, напомніла, што мне яны, відаць, яшчэ больш небяспечныя, чым нават малпы. Рукі сарорцаў пагрозліва пацягнуліся да мяне з усіх бакоў. Убачыўшы небяспеку, я пастараўся заглушыць смех, схаваўшы твар у далоні. Мяне, мажліва, усё роўна задушылі б ці парвалі на кавалкі, калі б некалькі малпаў, якія пачулі гвалт, не аднавілі парадак уколамі дзідаў. Неўзабаве ўвагу ўсіх забрала новая падзея. У шынку зазвінеў звон, запрашаючы на сняданак. Гарылы, весела перагаворваючыся, рушылі невялікімі гуртамі ў дом, а фатограф, зняўшы некалькі разоў людзей у клетках, пачаў складваць свой апарат.
Аднак і мы, людзі, таксама не былі забытыя. Я не ведаў, які лёс падрыхтавалі нам малпы, але яны вырашылі паклапаціцца пра нас. Перш чым знікнуць у дзвярах шынка, адзін пан аддаў нейкі загад другому самцу-гарыле, які, відаць, быў начальнікам атрада егераў. Той вярнуўся да клетак, паклікаў сваіх падначаленых, і неўзабаве слугі прынеслі нам карыты з ежаю — на выгляд нешта накшталт густой поліўкі — і ваду ў вёдрах. Я не адчуваў голаду, але вырашыў есці разам з усімі, каб захаваць сілу. Наблізіўшыся да карыта, вакол якога ўжо сядзелі на кукішках многія палонныя, я нясмела працягнуў руку. Яны злосна паглядзелі на мяне, але, паколькі поліўкі хапала на ўсіх, адштурхоўваць не сталі. Я даволі ахвотна з'еў некалькі жменяў досыць смачнай рэдкай кашы з нейкіх круп.
Да таго ж, мы атрымалі дзякуючы дабрыні нашых вартаўнікоў яшчэ і сёе-тое на дэсерт. Гэтыя загоншчыкі, якія нядаўна наводзілі на нас жах, пасля палявання ставіліся да нас, можна сказаць, зычліва, калі толькі мы паводзілі сябе пакорліва. Яны прагульваліся перад клеткамі і кідалі нам час ад часу розныя плады, забаўляючыся звалкаю, якая стваралася пасля кожнае іх падачкі. Тут я ўбачыў сцэнку, якая прымусіла мяне задумацца. Маленькая дзяўчынка злавіла на ляту плод, сусед кінуўся да яе, каб адабраць яго, але тут за дзіця заступілася малпа. Яна прасунула дзіду скрозь краты, груба адштурхнула мужчыну, а потым уклала другі плод у руку дзяўчынцы. Я зразумеў, што гэтым істотам бывае ўласцівае і пачуццё жалю.
Калі з ежаю было скончана, начальнік атрада і яго егеры пачалі перасяляць асобных палонных з аднае клеткі ў другую. Здавалася, нас сартуюць, але паводле якога прынцыпу — гэтага я ўцяміць не мог. Апынуўшыся ўрэшце ў адной клетцы з сама прыгожымі мужчынамі і жанчынамі, я вырашыў, што трапіў у групу выдатных прадстаўнікоў сваёй пароды, і паспрабаваў суцешыцца горкай думкаю, што малпы з першага позірку далучылі мяне да эліты.
Са здзіўленнем і бясконцай радасцю ўбачыў я сярод суседзяў па клетцы Нову. Яна ўратавалася, і я дзякаваў цяпер за гэта нябёсам Бетэльгейзе. Менавіта пра яе я згадваў, уважліва разглядаючы забітых, і пры адной толькі думцы, што сярод груды трупаў можа апынуцца яе цудоўнае цела, мяне прабірала дрыготка. Мне здалося, што я знайшоў дарагога мне чалавека, і вось, забыўшыся раптам на ўсё, я кінуўся да Новы, каб абняць яе. Гэта было сапраўднае вар'яцтва: мой жэст выклікаў у яе жах. Няўжо яна забылася пра мінулую ноч, думаў я. Няўжо ў такім дзівосным целе няма ніякае душы? Я быў проста ў шоку, калі ўбачыў, як Нова сціснулася пры маім набліжэнні ў камяк і выцягнула наперад рукі са скурчанымі пальцамі, быццам збіралася ўчапіцца ў горла, што, напэўна, яна і зрабіла б, калі б я не спыніўся.
Аднак я замёр на месцы, і Нова досыць хутка супакоілася. Неўзабаве яна ўладкавалася ў куце, я ж, ахоплены роспаччу, сеў у іншым. Улегліся і астатнія палонныя. Падаўленыя, зламаныя стомаю, яны, здавалася, скарыліся са сваім лёсам.
А малпы на дварэ рыхтаваліся да ад'езду. На нашую клетку накінулі брызент, які даходзіў да паловы вышыні кратаў, так што святла хапала. Пачуліся загадныя галасы, загулі маторы. І вось ужо нас некуды везлі з вялікай хуткасцю. Я ляжаў і з трывогаю разважаў, якія яшчэ злыя прыгоды чакаюць мяне на Сароры.
Я адчуваў сябе знішчаным. Падзеі апошніх двух дзён зламалі мяне фізічна і агарнулі душу такім глыбокім адчаем, што я нават не змог ні аплакаць гібель сваіх таварышаў, ні ўявіць сабе да канца, што значыць для мяне разбурэнне нашага катэра. Таму я ўзрадаваўся прыцемкам, а пасля з палёгкаю схаваўся ў цемры — вечар настаў хутка, і нас везлі ўсю ноч. Я абдумваў тое, што адбылося. Трэба было няспынна прымушаць розум працаваць, каб не паддацца вар'яцтву, якое ўжо пільнавала мяне. Я павінен быў гэта рабіць, каб зноў і зноў даводзіць сабе, што я ўсё ж чалавек, зямны чалавек, істота, якая жыве думаючы і прывыкла знаходзіць лагічныя тлумачэнні самым, здавалася б, фантастычным з'явам, а не жывёліна, злоўленая ў пастку высокаразвітымі малпамі.
Я перабіраў усе драбніцы, якія захаваліся ў маёй памяці.
Галоўнае было тое, што ўсе гэтыя малпы, гарылы і шымпанзэ, самцы і самкі, зусім не здаваліся мне недарэчнымі. Я ўжо казаў: яны аніводнага разу не нагадалі мне дрэсіраваных малпаў, накшталт тых, што паказваюць у нашых цырках.
На Зямлі шымпанзэ ў капелюшы для многіх відовішча дужа смешнае, хоць асабіста мяне яно засмучала. А тут не было нічога падобнага. Капелюшы пасавалі малпам, а ўсе іх рухі былі вельмі натуральныя. Самка-гарыла, якая пацягвала праз саломінку халодны напой, выглядала як сапраўдная дама. Адзін з паляўнічых, згадаў я, выняў з кішэні люльку і пачаў нетаропка раскурваць. Нішто ў гэтай сцэне не насмяшыла мяне, такія натуральныя былі ў малпы рухі.
Я спрабаваў асэнсаваць усе гэтыя дзівосы, доўга круціў сабе галаву і, здаецца, упершыню за ўвесь час палону горка пашкадаваў, што са мною няма прафесара Антэля. Яго мудрасць і веды дапамаглі б знайсці тлумачэнне ўсім парадоксам.
Што сталася з прафесарам, я не ведаў. Сярод застрэленых яго не было — у гэтым я пераканаўся. Можа, ён таксама трапіў у пастку? Гэта было досыць верагодна, бо я не паспеў разгледзець усіх палонных. Спадзявацца ж на тое, што ён здолеў застацца на волі, я не асмельваўся.
Застаўшыся адзін, я стараўся стварыць сваю тэорыю, якая, зрэшты, не надта мяне задавальняла. Магчыма, жыхары гэтае планеты, цывілізаваныя істоты, чые гарады мы бачылі зверху, здолелі так выдрэсіраваць сваіх малпаў, што тыя пасля цярплівага і працяглага адбору, які здзяйсняўся на працягу жыцця не аднаго пакалення, набылі рысы адносна разумных істот. Урэшце, і ў нас на Зямлі некаторыя шымпанзэ могуць паказваць фенаменальныя штукі. І нават той факт, што ў тутэйшых малпаў ёсць свая мова, сам па сабе не такі ўжо і дзіўны, як мне гэта спачатку здалося. Я згадаў адну размову са спецыялістам у гэтай вобласці. Ён паведаміў мне, што сур'ёзныя вучоныя трацяць багата часу, стараючыся навучыць прыматаў размаўляць. Яны сцвярджаюць, што фізічная будова іх гартані гэтаму не замінае. Дагэтуль усе іх спробы заставаліся марныя, але вучоныя не адступаюцца, бо яны ўпэўненыя, што адзіная прычына іх няўдач — усяго толькі нежаданне саміх малпаў загаварыць. Але, можа, на Сароры малпы ўсё-такі загаварылі? І гэта дазволіла гіпатэтычным гаспадарам планеты выкарыстаць іх на розных чорных работах, накшталт гэтага палявання ў джунглях, у час якога я трапіў у пастку?
Адчайна ўчапіўшыся за гэтую тэорыю, я баяўся нават падумаць, што можа існаваць іншае, прасцейшае тлумачэнне. Каб не звар'яцець, мне трэба было верыць, што на гэтай планеце ёсць сапраўдныя разумныя істоты, інакш кажучы, людзі, такія ж людзі, як я сам, з якімі я змагу знайсці агульную мову.
Людзі! Аднак хто ж тады гэтыя стварэнні, якіх забіваюць і ловяць малпы? Дзікуны, што затрымаліся ў сваім развіцці? Дык якая ж тады гэта была нечуваная жорсткасць гаспадароў планеты — дазваляць ці, можа, нават арганізоўваць такія пабоішчы?
Мае горкія разважанні перапыніла няясная постаць, што падпаўзала да мяне на карачках. Гэта была Нова. Астатнія палонныя ляжалі ўжо гуртамі на падлозе. Павагаўшыся трохі, Нова, як і мінулы раз, прыціснулася да мяне. Я зноў паспрабаваў адшукаць у яе позірку хаця б іскрынку сяброўскай спагады — дарэмна. Дзяўчына адвярнулася і неўзабаве заплюшчыла вочы. Нягледзячы на гэта, мне стала неяк спакайней ад адной яе прысутнасці, і ўрэшце я таксама заснуў, стараючыся не думаць пра заўтрашні дзень.
Абарончы рэфлекс дапамог мне пазбавіцца ад залішне роспачных думак, і я заснуў на нейкі час. Праўда, мяне мучылі кашмары, у якіх гарачае цела Новы ўяўлялася мне жудаснаю змяёю, што абвілася вакол мяне. На золку я расплюшчыў вочы. Нова ўжо не спала. Яна сядзела крыху адсунуўшыся ад мяне. У яе насцярожаных вачах бы назаўжды застыла разгубленасць. Наш фургон запаволіў ход, і я ўбачыў, што мы ўязджаем у горад. Палонныя прыніклі да кратаў. Прысеўшы на кукішкі, яны са страхам выглядалі з-пад брызенту. Я таксама прыціснуўся тварам да кратаў, каб лепш разгледзець першы горад Сароры, у які я трапіў.
Мы ехалі па досыць шырокай вуліцы з ходнікамі паабапал. Я засмучана ўзіраўся ў мінакоў: вакол былі адны малпы. Заўважыў гандляра, пэўна, бакалейшчыка, які падымаў металічную штору ў сваёй невялікай краме і з цікаўнасцю азірнуўся на нас, — і гэты быў малпа. Я стараўся разгледзець кожны твар у аўтамабілях, што абганялі нас, — але ж усе, і пасажыры, і кіроўцы, былі малпы ў чалавечым адзенні.
Знікла мая апошняя надзея сустрэць на Сароры цывілізаваных людзей, і ўсю астатнюю дарогу я праседзеў здранцвелы і змрочны. Неўзабаве наша машына яшчэ раз запаволіла ход. Я адразу ж прыкмеціў, што за ноч караван істотна скараціўся: засталіся толькі два трактарныя прычэпы, астатнія, напэўна, рушылі ў іншым кірунку. Перад намі адчыніліся глухія вароты, і мы ўехалі ў двор. Малпы адразу ж акружылі нас. Палонныя пачалі хвалявацца, і малпам прыйшлося ўтаймоўваць іх дзідамі.
Двор з усіх бакоў замыкаўся шматпавярховым будынкам з радамі аднолькавых вокнаў. Больш за ўсё будынак з яго тэрыторыяй выдаваў на бальніцу, і гэтае ўражанне толькі ўзмацнілася, калі насустрач нашым вартаўнікам выйшлі з будынка новыя малпы. На іх былі белыя халаты і маленькія шапачкі, як у нашых санітараў. Гэта зноў-такі былі малпы.
Але, усе тут былі малпы — гарылы ці шымпанзэ! Разам з вартаўнікамі яны пачалі разгружаць фургоны. Палонных па адным выцягвалі з клетак, засоўвалі ў вялікія мяхі і адносілі ў будынак. Я не стаў супраціўляцца, і неўзабаве дзве вялізныя гарылы ў белых халатах сунулі мяне ў мех. Потым мяне доўга некуды неслі: здавалася, што мы падымаемся па лесвіцы, рушым па калідорах. Нарэшце мяне бесцырымонна вытраслі з меха на падлогу і адразу ж сунулі ў другую клетку, на гэты раз стацыянарную, з саламянай падсцілкаю. Агледзеўшыся, я ўбачыў, што ў клетцы суседзяў у мяне няма. Гарыла дбайна зачыніла дзверы на замок.
Памяшканне, у якім я апынуўся, уяўляла сабою залу з мноствам аднолькавых клетак уздоўж сцен і доўгім праходам паміж імі. Амаль ва ўсіх клетках нехта ўжо быў: у адных — мае таварышы па няшчасці, у іншых — мужчыны і жанчыны, якія знаходзіліся тут, відаць, ужо даўно. Гэтых можна было вылучыць па абыякавым выглядзе. Сустракаючы новых суседзяў, яны звярталі нейкую ўвагу хіба што на якога-небудзь няшчаснага, калі той пачынаў жаласна стагнаць. Яшчэ я заўважыў, што ўсіх навічкоў размясцілі паасобку, а старажылы сядзелі ў клетках пераважна парамі. Прыціснуўшыся тварам да кратаў, я ўбачыў у канцы праходу яшчэ адну клетку, большую — з мноствам дзяцей. У адрозненне ад дарослых дзеці рэагавалі на нашае прыбыццё вельмі жвава. Яны размахвалі рукамі, штурхаліся, мітусіліся, рабілі выгляд, што трасуць краты, і сакаталі безупынку, бы маленькія малпачкі-гарэзы.
Зноў з'явіліся з чарговым мехам дзве гарылы. З яго вывалілася мая «сяброўка» Нова. Яе памясцілі ў клетцы насупраць — хоць гэта мяне трохі суцешыла. Нова была раз'юшаная і супраціўлялася як магла, стараючыся падрапаць або ўкусіць гарыл. Калі ж яе нарэшце замкнулі ў клетцы, яна, скрыгочучы зубамі, пачала трэсці краты — сэрца разрывалася, так жудасна яна ўлюлюкала. Праз нейкі час яна заўважыла мяне і замерла, выцягнуўшы шыю, як здзіўлены звярок. Я асцярожна ўсміхнуўся ёй, памахаў рукою. І калі яна нязграбна паспрабавала паўтарыць гэты жэст, душа мая напоўнілася радасцю!
У памяшканне зноў вярнуліся і забралі маю ўвагу дзве гарылы ў белых халатах. Напэўна, разгрузка скончылася, бо нікога больш яны не прынеслі. Затое яны прыкацілі гэтым разам вазок з ежаю і вядзерцамі з пойлам. Пачалася раздача прывезенага, і палонныя супакоіліся.
Неўзабаве чарга дайшла да мяне. Пакуль адна гарыла стаяла на варце, другая ўвайшла ў клетку і паставіла перада мною міску з кашаю, вядзерца з вадою і паклала побач некалькі пладоў. Я ўжо вырашыў любой цаною ўсталяваць кантакт з малпамі, якія, відаць, былі адзіныя разумныя істоты на гэтай планеце. Гарыла, якая прынесла мне ежы і пойла, выглядала досыць зычлівай. Убачыўшы, што я трымаюся спакойна, яна нават паляпала мяне лапаю па плячы. Я паглядзеў ёй у самыя вочы, пасля паднёс руку да грудзей і ветліва пакланіўся. Узняўшы галаву, я ўбачыў на твары ў гарылы збянтэжанасць. Тады я ўсміхнуўся малпе, стараючыся ўкласці ва ўсмешку ўсю сваю душу. Гарыла ўжо збіралася пайсці, але тут раптам замерла на месцы, здзіўлена ўскрыкнуўшы. Нарэшце мяне заўважылі! Жадаючы замацаваць поспех і прадэманстраваць усе мае здольнасці, я вымавіў першае, што прыйшло ў галаву:
— Як вы тут жывяце? Я чалавек з Зямлі. Мы доўга ляцелі, каб дабрацца сюды.
Сэнс таго, што я сказаў, не меў значэння. Дастаткова было проста гаварыць, каб малпа зразумела, з кім мае справу. І я дамогся сваёй мэты. Напэўна, ніколі ні ў якой малпы яшчэ не было такой разгубленай пысы! Гарыла і яе напарнік замерлі з разяўленымі ратамі, у іх ажно дыханне перахапіла. Нарэшце яны пачалі таропка перагаворвацца між сабою, але іх кароткая перамова скончылася зусім не так, як я разлічваў. Падазрона паглядзеўшы на мяне, гарыла хутка выскачыла з клеткі і зачыніла дзверы на замок з асаблівай дбайнасцю. Пасля малпы пераглянуліся — і заліліся раптам безупынным смехам. Напэўна, я быў для іх з'яваю сапраўды ўнікальнаю, бо яны доўга не маглі супакоіцца. У іх ажно слёзы выступілі на вачах, а адна гарыла нават паставіла на падлогу кацёл з кашаю і палезла ў кішэні па насоўку. Мяне ахапіла такія крыўда і расчараванне, што я ўмомант ледзь не сшалеў. Раз'юшаны, я, гэтаксама ж як і сарорскія дзікуны, трэс прэнты кратаў, скаліў зубы і лаяў малпаў на ўсіх вядомых мне мовах апошнімі словамі. Калі мой запас лаянкі кончыўся, я ўсё яшчэ рыкаў, выкрыкваючы штосьці зусім невыразнае, але тут ужо гарылы адно паціснулі пагардліва плячыма. Аднак мне ўсё-такі ўдалося звярнуць на сябе ўвагу. Перш чым выйсці, гарылы некалькі разоў азірнуліся, уважліва прыглядаючыся да мяне. Калі сілы мае скончыліся і я супакоіўся, адна малпа выняла з кішэні блакнот і нешта занатавала, зірнуўшы папярэдне на замацаваную на маёй клетцы таблічку, напэўна, з нумарам.
Гарылы пайшлі. Палонныя, устрывожаныя маім прыпадкам, супакоіліся і зноў пачалі есці. Мне таксама заставалася толькі паесці ды легчы спаць у чаканні больш плённай мажлівасці выявіць сваю высакародную сутнасць. Я паеў усё тае ж крупяной кашы, пасля ўзяўся за сакавітыя плады. А Нова ў клетцы насупраць пераставала часам жаваць і паглядвала цішком у мой бок.
Да канца дня нас больш не турбавалі. Увечары, пасля другой кармёжкі, гарылы пайшлі, патушыўшы ў памяшканні святло. Гэтую ноч я амаль не спаў, і не таму, што падсцілка была цвёрдая — тоўсты слой саломы быў досыць зручным ложкам, — а таму, што бясконца абдумваў планы, як мне ўсталяваць кантакт з малпамі. Я даў сабе слова, што не паддамся болей сляпой лютасці, а буду цярпліва, нястомна пільнаваць любую мажлівасць выявіць свой розум. Вартаўнікі былі, відаць, абмежаваныя тыпы з ніжэйшага персаналу і не маглі ацаніць і зразумець маіх намераў, але ж ёсць, мусіць, і іншыя, культурнейшыя малпы!
Уранку я пераканаўся, што спадзяванні мае не былі марныя. Я не спаў ужо больш за гадзіну. Большасць маіх суседзяў няспынна кружляла па сваіх клетках, як некаторыя звяры ў няволі. Калі я раптам усвядоміў, што даволі ўжо доўга паводжу сябе гэтаксама ж, то быў вельмі засмучаны. Я прымусіў сябе сесці перад кратамі і прыняць як мага больш асэнсаваную паставу чалавека, які задумаўся. У гэты момант дзверы адчыніліся, і ў праходзе з'явілася з вартаўнікамі самка-шымпанзэ. Па тым, як гарылы мітусіліся перад ёю, я адразу ж зразумеў, што яна займае тут досыць высокае становішча.
Вартаўнікі, вядома, далажылі пра мяне, бо шымпанзэ, ледзь толькі ўвайшла ў залу, нешта ў іх запытала, і адна гарыла паказала пальцам на маю клетку. Шымпанзэ адразу ж накіравалася да мяне.
Пакуль яна набліжалася, я паспеў яе разгледзець. На ёй таксама быў белы халат, але больш элегантнага крою, чым у вартаўнікоў, — з паяском і кароткімі рукавамі, з якіх высоўваліся доўгія рухавыя лапы. Аднак больш за ўсё мяне ўразілі яе вочы, надзіва разумныя і жывыя. Я падумаў, што гэта добры знак: у нас павінны ўсталявацца неблагія адносіны. Яна здалася мне зусім маладзенькаю, нягледзячы на тыповыя малпавы маршчынкі вакол яе белай пысачкі. У руцэ ў яе была скураная папка.
Яна спынілася перад маёй клеткаю і пачала ўважліва мяне разглядаць, адначасова вымаючы з папкі сшытак.
— Добры дзень, мадам, — сказаў я, пакланіўшыся.
Я стараўся, каб мой голас прагучаў як мага больш ласкава. На мордачцы ў шымпанзэ з'явілася неверагоднае здзіўленне, але яна захавала сур'ёзнасць і нават прымусіла кароткім жэстам змоўкнуць гарыл, якія зноў пачалі былі хіхікаць.
— Мадам ці мадэмуазель, — узбадзёраны, загаварыў я далей, — на жаль, я вымушаны паўстаць перад вамі ў такім вось становішчы і ў такім выглядзе. Паверце, не ў маёй звычцы…