Маленькая балерына - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 9 стр.


Напэўна, слёзы захаплення і парыў не былі прадугледжаныя інструкцыямі. Магчыма, нават людзі ў шэрых гарнітурах спужаліся. Яны, якія сеялі жах перад замахамі, самі ўрэшце паверылі ў сваю здань. Сярод лікуючага натоўпу мог знайсціся адзін з "гарматай" у кішэні. Выбух энтузіязму мог быць небяспечным.

"Маленькая" зразумела гэта потым. Зараз яна толькі бачыла праз сваё вочка рукі, працягнутыя да ложы.

І таму яна не паверыла сваім вачам, калі пабачыла, што ланцужок шэрых людзей пачаў адштурхоўваць тых, што лезлі наперад.

Пярэднія, можа, і рады былі б стрымацца, але ззаду напіралі іншыя. Крык захаплення каціўся над галовамі. І тады шэрыя, зразумеўшы, відаць, што стрымаць націск будзе цяжка, пачалі біць пярэдніх, адганяючы іх назад.

Пачалі нязлосна, але потым пах бойкі ўдарыў у нос. Пярэднія непаразумела крычалі, закрываючы твары, але іхнія крыкі губляліся сярод агульнага ляманту захаплення.

"Зараз ён заступіцца, хвалявалася "маленькая", зараз ён скажа. Ён не зможа глядзець на гэта".

Яна бачыла грэблівую складку пад яго вусамі, ведала, што ён зараз… зараз спыніць гэтую агіднасць.

"Маленькая" закрыла на хвіліну вочы, а калі зноў прыўзняла пушыстыя вейкі, яго не было, ён знік з ложы.

Але людзі не бачылі гэтага. Крык ірваўся з глотак, і невядома было, чаго галасуюць пярэднія: ад болю ці ад

захаплення. Невядома было, чаго цякуць па іхніх тварах слёзы: ад энтузіязму ці, можа, ад таго, што іх б'юць.

І тады "маленькая", адчуваючы, што здарылася нешта непапраўнае, што ўвесь яе маленькі свет любові да гэтага чалавека даў трэшчыну, раптам сціснула далонькамі скроні і разрыдалася так нясцерпна і несуцешна, як можна рыдаць толькі на мяжы юнацтва, калі жыццё ўпершыню пакрыўдзіць цябе.

Яна плакала ў кутку так, быццам душа яе разрывалася на кавалкі. І гэта было сапраўды так. І па-сапраўднаму жахліва было глядзець на яе мокрыя веі. Яна плакала аб гэтых людзях, аб ім, што памёр у яе сэрцы, аб Віцьку, які так пакутуе. І аб сабе плакала яна, аб сваім даверы і чысціні.

Калоцячыся ў рыданнях, яна адчула спіною чыйсьці пільны позірк і павярнулася.

Стораў стаяў непадалёк і глядзеў на яе халоднымі жорсткімі вачыма. Стаяў і глядзеў, больш нічога.

Але яна не магла ўтрымацца і плакала, і гэта было як развітанне з маладосцю.

Стораў глядзеў на яе ледзянымі празрыстымі вачыма. Потым дзіўная, упершыню за ўвесь час, што яна яго ведала, усмешка расшчапіла яго вузкі, як шчыліна, рот. Расшчапіла і згасла.

Ідзі, дзяўчынка, сказаў ён, ідзі. Табе нельга глядзець на гэта. Гэта не для тваіх вачэй. Ідзі ў прыбіральню, адплачся там… Ну.

Яна павярнулася і пайшла, як параненая, адчуваючы спіною халодны позірк яго вачэй.

Роў радасці і захаплення гучаў у зале.

А ў пустой прыбіральні горка плакала, паклаўшы галаву на грымёрны стол, маленькая балерына, якая пераставала быць маленькай. Рыданні глуха адбіваліся ў пустым пакоі.

У кастрычніку сорак першага, цераз паўтары гады пасля гэтых падзей, яна добраахвотна пайшла на фронт і гераічна загінула пад час апалчэнцкай атакі на танкі.

Міна выбухнула занадта блізка ад яе маленькага сэрца.

Назад