Сіняя-сіняя... - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 5 стр.


Яна глядзела на яго недаверліва, і ён паправіўся:

- Ну, можа, і менш.

- Якія вы шчаслівыя. Падумаць толькі, колькі ж гэта балот! І людзі з іх п'юць?

- Не, людзі гэтым грэбуюць, як «пакрытыя» - вярблюджым мясам. Людзі п'юць з крыніц.

- І доўга трэба ісці ад адной да другой?

- Найбольш гадзіну. Часам толькі некалькі крокаў ад адной да другой.

- А між імі пясок?

- Не, між імі трава. Як у аазісе ля самай студні.

- І, значыць, уся твая зямля, адхаліб, зялёная?

Яму не хацелася гаварыць пра так званую «сваю зямлю», але так дзяўчынка лепей забывалася пра смагу. І таму ён гаварыў, нібы каменьчыкі ў глотцы варочаў.

- Зялёная. А калі вясной глядзець з узгоркаў, то нават сіняя.

- Сіняя? - захоплена спытала яна. - Сіняя-сіняя?

- Сіняя-сіняя, - сказаў ён.

Не казаць жа дзяўчынцы, што гэтую сінюю зямлю залілі крывёй, выпалілі. Што яна чырвоная і чорная.

- А вярблюды? - спытала яна.

- У нас замест іх коні.

- А фінікі?

- У нас замест іх яблыкі.

- Гэта лепей, - сказала яна. - Ад фінікаў хочацца піць. А яблыкі сакаўныя.

Ясюкевіч даўно ўжо, з вялікай трывогай, чуў недзе далёка, за змрочным чырвоным гарызонтам, а потым бліжэй і бліжэй нейкія дзіўныя гукі, спявучыя, перарывістыя, нібы залатое пілавінне падала на срэбны шчыт. Нябачны хор маленькіх, з пясчынку, чалавечкаў цягнуў сваё «а-а-а-а». Спачатку весела, потым сумна, да болю, потым нібы з адчаем і галашэннем.

Што гэта было? Звінелі званочкі на дняпроўскім поплаве? Спявалі сірэны між падводных губак ля камяністых, амытых сіняй вадою скал?

І раптам ён з жахам, ад якога ўпала сэрца, зразумеў. Спявалі пяскі. Спявала сваю песню, летучы на крылах пясчанай навальніцы, Смерць.

І раптам голас пяскоў нібы нехта адсек, і знемаганне разлілося над усімі, а жах распасцёр свае крылы, таму што далягляд ужо зацягнуўся чырвона-чорнай смугой.

Закурылася верхавіна дзюны. А потым і другія, ніжэйшыя, пачалі струменіць у небе дымныя языкі. Шэрыя, яны паступова рабіліся бурымі, а потым чорнымі, цягнуліся вышэй і вышэй, да чырвонага, нібы к заходу, шара ў вышыні.

На ўсім абшары пяскоў варушыўся чорны тысячалапы павук, выпускаючы ўгору дрыготкія шчупальцы, каб спаймаць імі сонца. Цякучыя, зменлівыя, агідна жывыя, яны паўзлі і паўзлі з вяршынь, згіналіся, варушыліся, паўзлі вышэй і вось ужо амаль спляліся ля сонца, а потым рыўком спаймалі яго.

Дыхаць было нельга. Пятрок зняў верхнюю кашулю і захутаў ёю галаву дзяўчынкі.

- Прыхіліся галавою да муру, каленкі ўгору.

Ён падторкнуў ёй пад бакі вярблюджую бурду. Даваў магчымасць трохі дыхаць, калі занясе пяском. Голую шыю ярасна, як шрот, секлі пясчынкі.

«Смерць, - падумаў ён і не адчуў ніякага болю... Смерць. Афрыка». Два словы зліліся ў адно і патанулі ў знікаючай прытомнасці.

«Бяры, вялікая чараўніца, я не кіну цябе! Мне няма куды ад цябе. Хіба што туды, дзе гвалт, і шыбеніцы, і зверства, якому няма мяжы, і прыбіты народ... Да д'ябла... Я застануся. І ты прынікнеш да мяне і вып'еш мяне. Літаральна вып'еш. Хутчэй бы!»

Ён зірнуў на дзяўчынку і ўбачыў чорнае вока, што з-пад далоні глядзіць на яго. Знізу і збоку.

- Сіняя-сіняя? - з радасным недаверам спытала яна.

- Сіняя-сіняя...

Да д'ябла! Усё адно вялікая Афрыка ўзяла ягонае сэрца. Вялікая, магутная, сонная, і страшная, і пагрозлівая, калі часам устае. Сэрца. Другая радзіма.

- І балоты сінія? - спытала дзяўчынка.

- І балоты сінія. Захутай галаву.

Яна захутала. Смешны маленькі камячок, кокан, з якога ці вылупіцца яшчэ дарослы матыль. А з кокана глуха:

- І вада сіняя?

- І вада.

Ён схіліў галаву. І тут яго раптам нешта стукнула. Вада! Самум! Самуму яшчэ няма. Толькі верхавіны дзюнаў лятуць у неба і ловяць сонца. Але тыя, за дзюнамі, яны ж, напэўна, ужо рыхтуюцца. Напэўна, ляглі, напэўна, ахуталі галовы. Ах, чорт! Рызыкнуць апошні раз? Стаўка - верная смерць, на якую яму напляваць. Выйгрыш - жыццё для дзіцяці. Першаму навучыў яго сфінкс. Другому? А чорт яго ведае што!

- Ляжы ціха, - сказаў ён. - Абяцай мне, што не будзеш варушыцца. У імя неба!

- У імя неба, - сказала малая. - Дык сіняя-сіняя?!!

- Сіняя, - сказаў ён і, захапіўшы пляшку, скокнуў цераз мур.

Ніхто не стрэліў. Дый дзіва што, калі «яд паветра» быў ужо зусім блізка і ў небе стаялі ўжо не языкі, а чорныя слупы пяску.

Назад Дальше