Паром на бурнай рацэ - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 11 стр.


- Пі-іць, пі-ць, - крычала адна, але Гораву здавалася, што гэта яна ў смяротнай скрусе плача «жы-ыць, жы-ыць».

Няўжо можна проста хадзіць па лугах, не думаючы, што чакае смерць? Вось качка ўзнялася з сітнягоў, паказала рабое брушка. Напэўна, сэрца яе ўпала ад жаху, калі яна ўбачыла за спінамі людзей трубкі, што вывяргаюць полымя і смерць. Адкуль ёй было ведаць, што людзі занятыя больш важнай справай.

- У вас правая не ў парадку. Не пужайцеся, я таксама буду левай.

- Я не пужаюся, - адказаў Гораў і, хоць зусім не думаў пра гэта, сказаў з паважнасцю, - я хачу толькі хутчэй стрэліць у вас. Вы мне абрыдлі.

Недзе далёка скупы прамень сонца прабіўся праз хмары і зрабіў на мокрай траве ізумрудную пляму. Каржакаватыя дубы над Камарынам патыхалі блажэннай вільгаццю. Бліснула стужка затокі.

Здзічэлы конь - іх многа было ў тое лета - старожка ўзняў галаву ад вады (з цёплых шэрых губ падалі кроплі) і кінуўся прэч. Коні баяліся людзей. Ад людзей пахла не хлебам, а крывёю, як ад ваўкоў.

- Досыць, - сказаў Пора-Леановіч, - далей не пойдзем. У выпадку чаго будзем казаць, што забілі з хмызоў пад дубамі.

Хмызы былі крокаў за дзвесце. А вакол мокрыя лугі з высокай, перастаялай травой.

Леановіч дастаў з ягдташа скрыначку з дуэльнымі пісталетамі.

- Мае, - сказаў ён, - дагледжаныя, выбірайце першы-лепшы.

І, кінуўшы на зямлю плашч, пачаў мераць ад яго крокі.

- Дзесяць крокаў, спадзяюся, не многа? - са злоснай іроніяй спытаў ён.

І хоць гэта была адлегласць смерці, - бледны Гораў сурова хітнуў галавой.

- І ад бар'ера яшчэ пяць крокаў, на падыход, - сказаў Леановіч.

Яны разышліся на крайні след.

- Па першым крыку кнігаўкі, - крыкнуў Леановіч.

За дваццаць крокаў, зусім блізка, Гораў бачыў постаць ворага з пісталетам у апушчанай руцэ. Бачыў страшныя блакітныя вочы, прыгожы рот, сціснуты ў змрочнай і жорсткай усмешцы. І ён ведаў, што, як бы ні хацелася жыць, ён, Гораў, не стане на бар'еры бокам да ворага, не заслоніць грудзей пісталетам - хоць правілы дуэлі і дазваляюць гэта. Таму што было нешта большае за страх, які жыў у ім.

- Па першым крыку кнігаўкі, - паўтарыў Леановіч.

Кнігаўкі, спуджаныя крокамі, стаіліся, але потым пачулі цішыню і пачалі ўзлятаць. Каўкнула першая.

- Пара, - сказаў Леановіч.

Гораў пайшоў, уздымаючы пісталет. Як праз сон, ён бачыў усё бліжэй і бліжэй пустыя сінія вочы.

Крок. Яшчэ адзін. Яшчэ.

Мокрыя травы пакідалі на ботах бледна-зялёныя сцяблінкі і пялёсткі перастаялых кветак. І Гораў з жахлівай выразнасцю, як ніколі ў жыцці, бачыў гэта.

І яшчэ бачыў, як са спакойнай усмешкай ішоў на яго вораг і ягоны пісталет быў ужо амаль на ўзроўні грудзей.

І тады, ведаючы, што даволі ісці, што гэта апошняя хвіліна жыцця, і пакутуючы гэтым, і не шкадуючы ні аб чым, Гораў удыхнуў гаркаватае паветра і, не цэлячыся, націснуў курок.

Лёгкі дымок празрыстым камячком вэлюма паплыў на ўзроўні яго вачэй. Праз гэты дымок здзіўленыя вочы Горава ўбачылі, як Пора-Леановіч таргануўся ўперад, быццам наткнуўся грудзьмі на нешта нябачнае, і стаў.

Хіснуўся, неяк дзіўна заводзячы руку з пісталетам і гледзячы на Горава. А потым страшэнна моцным узмахам рукі адкінуў свой пісталет у балоціну.

Нейкая страшная сіла хіліла да зямлі яго нечалавечы моцнае цела. Ён змагаўся, але яна паставіла яго на дрыжачыя калені і потым шпурнула на траву сваёй магутнай рукой.

І Гораў кінуўся на дапамогу, забыўшы ўсё; прыўзняў галаву, ірвануў мундзір, раздзёр сарочку на грудзях і пабачыў нізка, пад левым саском, маленькую круглую ранку.

Гэта было зусім нястрашна, толькі адна-дзве кроплі крыві. Але Горава здзівіла не гэта. Яго здзівілі вочы Леановіча, у якіх зараз не было пустаты, а было смяротнае здзіўленне і яшчэ нешта.

Леановіч варухнуў вуснамі.

- Пісталет... пісталет у багну, - заспяшаўся ён.

Здзіўленыя, неяк па-дзіцячы светлыя вочы спыніліся на Гораве, які тросся ад непапраўнасці зробленага.

Пора-Леановіч заварушыў рукамі па грудзях і раптам, на апошнім дыханні, сказаў ясным і чыстым голасам:

- Дзякуй вам... Дзякуй...

І паймаўшы руку Горава, пацалаваў яе дрыжачымі вуснамі.

Потым гэтыя вусны замёрлі, а позірк здзіўлена і безуважна спыніўся на шэрым небе, пад якім усё яшчэ лёталі і енчылі аб літасці кнігаўкі.

- Усё, што я вам расказаў, - праўда, - сказаў Гораў.

Гэта было праз два дні пасля двубою. За кардонам, у лугах, непадалёк ад той вярбы, ля якой яны стрэліся ў дзень дуэлі, стаяла на Збароўскай дарозе знаёмая параконная брычка. Жанчына ў чорным сядзела на заднім сядзенні, прыклаўшы да рота чорную карункавую хустачку. Гораў стаяў адной нагою на прыступцы брычкі. У абаіх былі празрыстыя ад бледнасці твары.

- Вам не варта насіць жалобу, - сказаў Гораў, - вы ж ведаеце, што Мураўёў забараніў нашэнне жалобных убораў, ён і тут бачыць жалобу не па забітых, а па радзіме. Вас могуць з гэтай прычыны абразіць на дарозе...

Ён убачыў вялізныя змучаныя вочы. Амаль на паўтвару.

- Мне ўсё адно, - сказала жанчына.

- І ўсё ж накіньце паўзверх плашч другога колеру. Пасты на дарогах падвоены з прычыны забойства афіцэра.

- Вы расказалі мне жахлівую рэч, - сказала жанчына, - я і сама здагадвалася, што з гэтым мураўёўскім загадам не ўсё добра. Цяпер я пераканалася ў гэтым. Але чаму зараз менавіта вы начальнік кардона?

Назад Дальше