- Ого, - з удаванай уважлівасцю сказаў Леановіч, - дык вы жонка Ўсяслава Грынкевіча. Таго?
- Так, - сказала жанчына, сыходзячы да чагосьці, падобнага на просьбу, - вы ж бачыце, што я вязу памілаванне. Будзьце літасцівы.
Твар яе аж ззяў.
- Замянілі пажыццёвай катаргай. Гэта такое шчасце! Такое...
Яна ўпершыню ўсміхнулася. Не было нічога прыгажэйшага за гэту ўсмешку.
- Мужу варта было б думаць раней, - суха сказаў Леановіч. - Замест саламянай падушкі ён абдымаў бы зараз адну з самых прыгожых жанчын, якіх мне даводзілася бачыць.
Жанчына ўспыхнула, але стрымалася:
- Я ўсё гэта разумею. Але зразумейце і вы. Ён будзе жывы. Толькі на той бок - і праз гадзіну я там... І ён жывы.
Леановіч маўчаў, нешта абдумваючы. Зірнуў на гадзіннік. Машынальна глянуў і Гораў. Дванаццаць гадзін. Быццам у адказ праз рык навальніцы данесліся далёкія глухія ўдары саборнай званіцы горада.
- І яшчэ адна прычына, - сказаў нарэшце Леановіч. - Вераб'іная ноч. Рака ўсхадзілася. Можна патапіць паром. І вас. І людзей.
- Зразумейце, яго кожную хвіліну могуць забіць.
Гораў бачыў: яшчэ дзесяць хвілін такога катавання і жанчына можа заплакаць. Усе другія на яе месцы плакалі б ужо.
Пора-Леановіч, усё з тым самым выразам дагаджэння на сухім прыгожым твары, накінуў на плечы жанчыне плашч.
- Выйдзем, пані... Гораў, хадзем з намі.
Дождж на дварэ пачынаў сціхаць, затое ўзняўся і абяцаў зрабіцца яшчэ больш моцным нізавы вецер. Калі яны, з цяжкасцю пераадольваючы яго імпэтныя парывы, выйшлі на адхон, - іхнім вачам адкрылася жудаснае відовішча.
Рака лютавала. Нізавыя парывы ветру развялі вялікія, у рост чалавека, хвалі. Яны каціліся супраць плыні, шоргаючы белымі грабянцамі. Хлапякі пены ля берага з цяжкасцю, з яўнай папругай пасоўваліся па плыні, падскокваючы на вадзяных гмахах. А ў прыдоннай лазе круцілася, віравала рудая пена. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільным навальнічным цямноцці.
Але і адтуль, са змроку, далятаў усхваляваны, нізкі гук вады. Рака таўклася ў берагі, імкнучыся вырвацца з іх. Праз пляму святла на вадзе слізгануў па хвалях дзіравы кошык, потым - цэлае дрэва, яблыня, вымытая з карэннем. Дзіўна было бачыць на яе апырсканых пенай галінах, якія круціліся, то знікаючы пад вадой, то зноў выплываючы, два-тры недаспелыя антоны.
Леановіч моўчкі паказаў рукою, што трэба вяртацца ў пакой. Толькі там, у разамлелай цеплыні начнога чалавечага гнязда, ён сказаў:
- Вы самі бачыце, пані. Паром немінуча знясе. Пачакайце да раніцы.
- Але ён чакае, - амаль умольна сказала яна.
- Ён чакаў два месяцы. Некалькі лішніх гадзін нічога не зменяць, - абыякава да здзеклівасці сказаў капітан.
«Не можа ж ён не разумець яе становішча, - думаў Гораў. - Што гэта? Здзек або халодная подласць».
Жанчына, здавалася, не заўважала інтанацый Леановіча.
- Для асуджанага кожная гадзіна чакання - гэта лішнія маральныя пакуты, - проста і сурова сказала яна, - вы ведаеце гэта...
- Вы можаце загінуць пры пераправе.
- Я не баюся гэтага.
- Я за вас таксама не баюся, - абыякава сказаў Леановіч. - Але я адказны за жыццё салдат. У іх таксама жонкі.
- Я магу паехаць з ёю, - раптоўна для самога сябе сказаў Гораў.
- Вы адзін не здолееце, - са спакойнай усмешкай на прыгожых і жорсткіх вуснах сказаў Пора-Леановіч. - Не звяртайце ўвагі, пані. Гэты парыў сведчыць аб добрым сэрцы, але ў капітана Горава параненая рука... у бітве з інсургентамі... Дарэчы, у гэтай бітве ён выявіў сябе героем.
То быў несумленны ўдар, але Гораў змоўчаў: ён не хацеў сказаць, што паранены пад Ракавам, а не тут, ён наогул не хацеў апраўдвацца.
- Так, - сказаў ён, - але можна спытаць у салдат, хто захоча.
- Салдацкая самадзейнасць? - Спакой тону Леановіча межаваў са здзеклівасцю. - Ну, не... А адказ - мой.
- Мне здаюцца падазронымі вашы паводзіны, - сказаў Юрый.
- Капітан Гораў, - не павышаючы голасу, сказаў Леановіч. - Я забараняю вам... Вы пакуль што падначалены.
Гораў змоўк. Ён зразумеў, што капітана не зрушыць, што ён мацнейшы за каменны мур. І такі ж раўнадушны. Гораў нават адчуў на хвіліну, што сабою ён, Юрый, пагарджае, а Леановіча пачынае паважаць за такое няўхільнае выкананне абавязку. І ўсё ж гэта быў жорсткі абавязак, непрыемны абавязак.
- Я паплыву, - сказала жанчына, - я добра плаваю.
Зірнуўшы на яе рашучы, мэтаімклівы твар, Гораў зразумеў, што гэта не пустая пагроза.
- Я не дазволю вам, - сказаў Леановіч. - Вы забылі, што я мужчына і воляй лёсу адказны за жыццё дамы, за ваша жыццё.
- Вы мужчына? - горка сказала яна. - Сапраўдны мужчына сам паплыў бы са мною, калі не хоча рызыкаваць салдатамі і паромам. Вы проста баязлівец.
- Я дзесяць разоў стаяў на бар'еры пад кулямі, - безуважна сказаў Леановіч. - Я тройчы паранены на вайне.
Яна кінулася да яго, потым бяссільна апусцілася на ўслон, упала галавою ў далоні:
- Майце літасць, пан капітан... Божа! Хоць галаву аб вас разбі!!!
- Не раю, - сказаў Леановіч.
Слухаць маўчанне, якое наступіла пасля гэтых слоў, было нясцерпна. Гораў выйшаў на ганак і доўгі час стаяў, затуліўшыся ад халоднага ветру, за рогам хаты. Потым, з цяжкасцю вырываючы ногі з раскіслага глею, пайшоў да брамы пад рэдкім, як слёзы, дажджом.