Выбранае - Васіль Быкаў 3 стр.


— Я дык мала і ведаў яго,— прызнаўся я.— Так, сустракаўся некалькі разоў. Чуў, што неблагі настаўнік, добра дзяцей вучыў.

— Вучыў! Вучылі і яшчэ некаторыя не горш за яго. А ён сапраўдным чалавекам быў. I такімі дзяцей выхоўваў. Рабяты за ім табуном хадзілі.

— Цяпер гэта рэдкасць.

— Цяпер рэдкасць, а даўней так часта было. I ён таксама ў табуне за Марозам хадзіў. Як пацаном быў.

— Зрэшты, а хто гэты Мароз? Ці не той, што на помніку?

— Ну. Настаўнік з гэтай жа школы. Некалі разам тут пачыналі. Я ж сюды ў лістападзе трыццаць дзевятата прыехаў. А ён у кастрычніку школу гэтую адкрыў. Тады на чатыры класы ўсяго.

— Загінуў?

— Да, загінуў,— коратка адказаў Ікачук. Са старэчай развалкай нетаропка ён крочыў поруч па навошчанай каляіне асфальткі. Пінжак яго быў распшілены, вузел гальштука з'ехаў набок пад ражок каўняра. На цяжкім, не дужа старанна паголеным твары прамільгнуў ледзь улоўны цень смутку.

— Мароз быў нашаю болькай. На сумленні ў абодвух. У мяне і ў яго. Ну але я што... Я здаўся. А ён не. I вось —перамог. Дабіўся свайго. Шкада, сам не ўтрываў.

Здаецца, я нешта пачаў разумець, аб чымсьці здагадвацца. Нейкая гісторыя з вайны. Ткачук надта скупа тлумачыў, можа трэба было б папытаць настойлівей, але я баяўся зноў разгнявіць яго І толькі каб падтрымаць размову, устаўляў свае банальныя фразы.

— Так ўжо заведзена. За ўсё добрае трэба плаціць. Часам дарагую цану.

— Ды ўжо ж. Куды даражэй. Шкада, харошая была пераемнасць. Цяпер жа столькі размоў пра пераемнасць традыцый бацькоў... Праўда, Мароз яе быў яму бацькам, але пераемнасць была. Проста на дзіва! Бывала, гляджу калі і не магу нарадавацца: ну нібыта брат гэтаму Марозу Алесю Іванавічу. Усім: і характерам, і добрасцю, і прынцыповасцю. А цяпер... Хаця не можа быць, нешта там ад яго застанецца. Не можа не застацца. Такое не прападае. Прарасце. Праз год, пяць, дзесяць, а нешта праклюнецца. Пабачыш.

— Магчыма.

— Не магчыма, а пэўна. Не можа быць, каб праца такіх двух людзей марна прапала. Тым больш пасля такіх смерцяў. Смерць — яна, брат, свой сэнс мае. Вялікі, я табе скажу, сэнс. Смерць — гэта абсалютны доказ. Саамы неабвержны аргумент. Памятаеш, як у Някрасава: «иди в огонь за честь отчизны, за убежденье, за любовь, иди и гибни безупречно, умрешь недаром, дело прочно, когда под ним струится кровь!» Во! А тут крыві пралілося ого колькі! Не можа быць, каб дарма. Ды і Мароз даказаў гэта самым красамоўным чынам. Хаця ты ж не ведаеш...

— Не ведаю,— шчыра прызнаўся я.— Некалі Міклашэвіч збіраўся расказаць...

— Памятаю. Ён гаварыў. Ён тады да каго толькі не звяртаўся. I да цябе хацеў. Ды во, не паспеў.

Гэтыя яго словы адгукнуліся ўва мне непрыемнасцю, балючым дакорам сабе. Сапраўды, чула маё сэрца, што, сам таго не жадаючы, я ўсё ж дапусціў тут памылку. Ну але хто ж ведаў! Хто мог прадбачыць, што ўсё гэта абернецца такім горкім чынам.

— Ты ж з рэдакцыі? — скоса паглядзеў на мяне Ткачук. — Ведаю. Фельетончыкі пішаш і так далей. За праўду-матку ваюеш. Вось ён тады і надумаў падключыць цябе да гэтае справы — заступіцца ў друку за Мароза. Не, Мароз не асуджаны, не палохайся. I не які там паслугач нямецкі. Тут іншая справа...

— Цікава,— сказаў я, калі Ткачук ненадоўга змоўк.—Каб жа я раней ведаў!

— Цяпер ужо ўсё зроблена, знайшліся дзе трэба і заступнікі. Цяпер ужо можна расказваць. I напісаць можна. Нават патрэбна. Міклашэвіч дамогся праўды. Толькі вось сам... У цябе закурыць няма? — запытаў ён, лапаючы па сваіх пустых кішэнях. Я даў яму сігарэту, мы закурылі абодва, пастараніліся, прапускаючы чорную, з нікелем «Волгу», якая порстка прашмыгнула міма. Мусіць, «Волга» ішла ў горад, але цяпер ні ён, ні я не зрабілі ніякай спробы яе спыніць — я прадчуваў, што Ткачук нешта раскажа, а той на хвіліну неяк роздумна-засяроджана паглыбіўся ў сябе, пазіраючы ўслед машыне.

— Можа б узяла? А, ліха з ёй! Хай едзе. Пойдзем памалу. Табе колькі гадоў? Сорак, кажаш? Ну, гэта малады яшчэ век, яшчэ многае наперадзе. Не ўсё, канешне, але многае яшчэ засталося. Калі здароўе, вядома, нішто сабе. У мяне здароўе таксама не сказаць каб кепскае, яшчэ і чарку магу часам узяць. Але ўжо не тое, што было раней. Раней я, брат, аўтобуса гэтага рэдка і чакаў калі.А што, у тыя, даўнейшыя часы дык і аўтобусаў ніякіх не было. Трэба ў горад — бярэш палку і айда. Дваццаць кіламетраў — за тры з паловай гадзіны і ў горадзе. Цяпер, мусіць, болей спатрэбіцца, даўно не хадзіў. Ногі яшчэ нішто. Вот горай — нервы здаюць. Знаеш, не магу глядзець кіно, каторае жаласлівае ці пра вайну асабліва. Як убачу тое гора наша, хоць і даўно ўжо ўсё перажыта і памалу забываецца, а знаеш, душыць нешта за горла. Ды яшчэ музыка прытым. Не кожная, вядома, не джазы якія, а песні, што тады спявалі. Як пачую, ну проста нервы пілой пілуе.

— Падлячыцца б трэба. Цяпер жа няблага лечаць.

— Не, мае ўжо не вылечаць. Шэсцьдзесят два гады,што ж ты хочаш! Жыццё іх удрызг пашкуматала, вяроўкі з іх віло. А тым болей вучоныя кажуць, што нервовыя клеткі не аднаўляюцца... Да. А некалі таксама малады быў, нежанаты, здаровы, як Жабацінскі які. У трыццаць дзевятым пасля ўз'яднання наркамат асветы накіраваў у Заходнюю арганізоўваць школы. Арганізоўваў школы, калгасы, круціўся, матаўся, сам у школах рабіў. Тут во, у Сяльцы, пасля вайны сем год адбухаў...

— Так. Час ідзе.

— Не ідзе, а імчыцца. Знаеш, некалі ўсё думаў: ну год, два, тры папрацую, а там у Мінск падамся, у педінстытуце вучыцца хацеў. Я ж да вайны толькі настаўніцк двухгадовы скончыў. Ну а жыццё інакш закамандавала, вайна ўсчалася, ніякага педа не выйшла, тут во на ўсё жыццё і прыкіпеў. Раней райком не пушчаў, школа, кватэра, а цяпер во, калі можна каціцца на ўсе чатыры бакі,нікуды ўжо і не цягне. Так, відаць, і прыйдзецца застацца ў гэтай зямліцы, як Марозу. Хіба з некаторым спазненнем.

Ён змоўк. Я дакурыў цыгарэту і таксама маўчаў, не хочучы парушаць яго зразумелага мне настрого і ладу думак. Мы ўжо міналі гаёк, дарога ішла ў выемцы, па абодва бакі высіліся пясчаныя адхоны з хвоямі. Зачынаўся вечаровы прыцемак, і нават вяршыны хвой ахінаў цень, толькі бясхмарнае неба ўгары яшчэ адсвечвала развітальным святлом нябачнага сонца.

— Сёння якое чысло? Чатырнаццатае? Во акурат у гэтую пару першы раз наведаўся ў Сяльцо. Цяпер ужо прывычная справа — усе гэтыя куткі-дарогі, а тады ўсё тут было новае, цікавае. Маёнтак гэты, дзе школа, тады быў не такі абшкрэбаны — спраўны, стары, але дагледжаны дом, расфарбаваны, як лялька. Пан Габрусь у верасні ўцёк, пакінуўшы ўсё, падаўся, казалі, да румынаў, ну а тут Мароз школку адкрыў. На школьным двары перад парадным высіліся два нейкія дрэвы, не тутэйшыя, дужа сукаватыя, з нейкім серабрыстым лісцем. Гіганты, як тыя амерыканскія секвоі. Такія цяпер яшчэ дзе-нідзе на былых маёнтках засталіся, дажываюць век. А тады іх многа было. У кожнага пана, лічы.

Той першы год я рабіў у райана загадчыкам. Школы амаль усе новыя, маленькія, наспех прыстасаваныя — то ў асадніцкіх сядзібах, то ў панскіх, а то проста ў вясковых хатах. Абсталявання, падручнікаў, інвентару не хапала, ды і з настаўнікамі таксама туга было. У гэтым Сялъцы разам з Марозам рабіла Падгайская, пані Ядзя, як мы яе звалі. Старая кабета жыла тут і пры Габрусі, вунь у тым самым флігелі. Нотная была пані, старая дзеўка. Рускую мову амаль не ведала, трохі разумела па-беларуску, але што датычыць астатняга — ого! Выхавання была самага гжэчнага.

I вось аднойчы пад вечар сяджу ў сваім кутку ў paйaна, зашыўся ў паперы — справаздачы, планы, ведамасці. Ездзіў па раёне, тыдзень не быў на месце, усё запусціў — страх! Не адразу пачуў — хтось шкрэбае ў дзверы. Заходзіць гэтая пані Ядзя — маленькая, шчупленькая, але з лісой на шыі і ў шыкоўным такім капялюшыку. «Проша звініць, пан шэф, я, проша пана, па педагагічнай справе».— «Што ж, калі ласка, сядайце, слухаю».

Сядае на краёчак крэсла, аберуч папраўляе свой такі пекны капялюшык і пачынае сыпаць амаль скрозь па-польску — ледзь разбіраю. Усе манеры старанна выхаванай паненкі, а самой гадоў за пяцьдзесят — такі зморшчаны, хітранькі тварык. Што ж аказваецца? Аказваецца, мае канфлікт на педагагічнай аснове са сваім школьным шэфам у Сяльцы калегам Марозам. Аказваецца, гэты Мароз не падтрымлівае дысцыпліны, як роўны паводзіць сябе з вучнямі, вучыць без неабходнай строгасці, не выконвае наркаматаўскіх праграм і самае галоўнае — кажа вучням, што не трэба хадзіць да касцёла, хай туды ходзяць бабулі з дзядулямі.

Ну, наконт касцёла я, вядома, не дужа спалохаўся,— правільна робіць Мароз, калі так раіць. А вось што датычыць панібрацтва, дысцыпліны, непавагі да наркаматаўскіх праграм, гэта ўжо затрывожыла. Але хто такі гэты Мароз — паняцця не маю, у Сяльцы ні разу не быў. Дай, думаю, пры першай магчымасці махну, пагляджу, што там у яго за парадкі.

Магчымасць надарылася аднак не дужа хутка, ды праз. тыдні два ўсё ж вырваўся, узяў у гаспадара, дзе кватараваў, ягоны веласіпед, «ровар» па-тутэйшаму, і рвануў во па гэтай шашы. Шаша, вядома, не такая як цяпер была — брук. Ехаць па ім хоць на фурманцы, хоць на ровары — кішкі вытрасеш. Але паехаў. Добра ціскануў на педалі і праз гадзіну ўкаціў у тую самую алейку з вязамі. Хацеў папасці на ўрок, ды прыпазніўся — урокі ўжо скончыліся, але здалёк яшчэ бачу — поўны двор дзетвары. Думаў, гульня якая, але не гульня — ідзе праца. Аказваецца, нарыхтоўваюць дровы. Бура паваліла тое заморскае дрэва ў двары, цяпер яго пілуюць, сякуць і носяць у хлявок. Мне гэта спадабалася. Дроў тады не хапала, кожны дзень скаргі са школ наконт холаду, а транспарту ў раёне ніякага — дзе ўзяць, адкуль прывезці? А гэтыя, бач, сцямілі і не чакаюць, калі там у раёне надумаюцца забяспечыць іх палівам — самі аб сабе клапоцяцца.

Злез у двары з веласіпеда, усе на мяне глядзяць, я на іх — дзе ж загадчык? «Я загадчык»,— кажа адзін, якога я не адразу і заўважыў, бо стаяў ён за таўшчэзным паваленым камлём — пілаваў яго з хлопцам, мабыць, пераросткам, ніштаватым такім хлопцам гадоў на пятнаццаць. Ну, кідае пілу, падыходзіць. I адразу бачу: кульгае. Адна нага неяк вывернута ўбок і быццам не разгінаецца, таму ён здорава прыпадае на яе і здаецца нібы недарослы. А так на выгляд плячысты, ладны з твару, позірк смелы, упэўнены. Мусіць, здагадваецца, хто перад ім, але ніякай замінкі ці там спалоху ў паводзінах. Прадстаўляецца: Мароз Алесь Іванавіч. Руку паціскае так, што адразу зразумела: дужы хлопец. Далонь шурпатая, цвёрдая, мусіць, такая работа яму не ўпершыню. Той напарнік яго стаіць з пілой і спрабуеяе аднаруч тузаць, але нічога ў яго не выходзіць, якраз на сук трапіла, ды і таўшчыня — больш метра ўпоперак. Мароз папрасіў прабачэння, узяўся, каб скончыць зарэз, але і ўдвух справа не дужа лепшае — пілу чым далей, тым больш заціскае ў распіле. Я стаю, гляджу, кажу: трэба нешта падкласці. Але каб падкласці, трэба прыўзняць. Мароз кінуў пілу, пачаў паднімаць за камель — ды адзін не дужа паднімеш. Тут хлапчукі, каторыя большыя, тожа папрыліпалі да бервяна, а тое ні з месца. Карацей кажучы, паклаў я на траву свой ровар ды таксама за той камель узяўся. Тужыліся, тужыліся, здаецца, прыўзнялі, яшчэ б сантыметр, можна б падапхнуць палку, але гэты апошні сантыметр, як заўжды, самы трудны. I тут, як на ліха, з-за рога выплывае тая самая пані Ядзя. Убачыла ровар, мяне ля камля, ды так і аслупянела.

Пасля, калі я гаварыў з ёй, зразумець нічога не магла, усё ўспамінала матку боску ды дзівілася: што гэта за настаўнікі ў Саветаў, ці маюць яны якія паняцці аб педагагічным такце і гонары? Кажу, не бяда, пані Ядзя, гонару ад таго не ўбавіцца, а дровы ў школе будуць. У цяпле працаваць будзеце. Ну але гэта пасля. А тады ўсё ж распілавалі мы тую чортаву калоду, і я ўжо забыўся, чаго прыехаў, скінуў свой адзінюткі пінжак і разам пілаваў з Марозам, пасля секлі. Папацеў уволю. Дзеці перанеслі дровы ў хлявок, і Мароз адпусціў усіх дадому.

Вядома, у той раз заначаваў у школе. Мароз жыў у баковачцы пры класе, спаў на цудоўнай, у стылі барока, канапцы з выгнутымі накшталт ільвіных лап ножкамі. Накрываўся, вядома, палітом, коўдры не меў. На тую ноч канапка дасталася мне, накрыўся сваім пінжачком. Перад тым як легчы, паелі бульбачкі, маці аднаго вучня на такі выпадак прынесла з хутара кавалак каўбасы і гарлач прастаквашы. Вячэралі і знаёміліся. Хоць пакуль пілавалі тыя дровы, адчувалася мне, што я ведаю яго ўсё жыццё. Родам ён быў з Магілёўшчыны, ужо гадоў пяць настаўнічаў пасля педвучылішча. Нага такая з дзяцінства, доўга балела, ды так і асталася. Я асцярожненька завёў размову пра нашы звычайныя рэчы: праграмы, паспяховасць, дысцыпліну. I тады пачуў ад яго нешта такое, што спярша выклікала ў ва мне нязгоду, а пасля роздум. А пасля я пачаў думаць, што, можа, ён і правы. Як цяпер гляджу з вышкі майго пенсійнага ўзросту, дык быў ён абсалютна правы.

Да, ён быў правы, бо глядзеў шырай і, можа, далей, чым гэта прынята глядзець, абмяжоўваючы свой кругагляд прафесійнымі нормамі. Нормы, яны, брат, харошая справа, калі не закасцянелі, не засохлі ад часу і не прыйшлі ў супярэчнасць з жыццём. Словам, ужываць іх, як і ўсякія догмы, трэба з розумам, гледзячы па абставінах. А ў нас як бывае? Цяпер усе прадметы за спецыялістамі, а ўсім спецыялістам трэба як мага лепшыя веды па іх спецыяльнасці. I таму, скажам, матэматычцы яе біном Ньютана ў сто разоў даражэй за ўсю паэтыку Пушкіна або чалавеказнаўства Талстога. А моваведу адасабляць ягоныя дзеяпрыслоўныя звароты — мера ўсяе годнасці вучня. За гэтыя свае коскі ён гатовы дзіця на другі год пакінуць і ў ВНУ не даць ходу. Матэматычка — таксама. I ніхто не падумае, што гэты біном таму вучню можа — і пэўна — ніколі ў жыцці і не прыгадзіцца, нават не прыгадаецца, ды і без косак пражыць можна. А вот як пражыць без Талстога? Ці можна ў наш час быць адукаваным чалавекам, не чытаўшы Талстога? Ды і наогул, ці можна быць чалавекам.

Цяпер, праўда, ужо прыгледзіліся і да Талстога, і да многага іншага, і гэта не так ужо кідаецца ў вочы. А тады ўсё тое выглядала інакш, відавочней, і Мароз гэта зразумеў, відаць, раней за мяне. Хоць я і быў старэйшы за яго год на пяць, і быў член партыі, і загадваў усім райана. I ён мне сказаў тае ноччу, калі мы ляжалі побач — я на яго канапцы, а ён на стале,— прыкладна так:

— З праграмамі ў школе сапраўды не зусім лады, паспяховасць не дужа бліскучая. Рабяты вучыліся ў польскай школе, многія, асабліва католікі, кепска спраўляюцца з беларускай граматыкай, іх пачатковыя веды не адпавядаюць курсам нашых праграм.

Але не гэта галоўнае. Галоўнае, каб яны цяпер зразумелі, што яны — людзі, не быдла, не нейкія там недалугі, якімі лічылі паны іхніх бацькоў, а самыя паўнапраўныя грамадзяне. Як і ўсе. I яны, і настаўнікі, і іх бацькі, і ўсе кіраўнікі ў раёне — усе роўныя ў сваёй краіне, нікога не трэба баяцца, трэба толькі вучыцца спасцігаць тое самае значнае, што далучае людзей да вышынь агульначалавечай і нацыянальнай культуры.

У тым ён бачыў свой самы найпершы настаўніцкі абавязак. I ён з іх рабіў не выдатнікаў вучобы, не паслухмяных зубрылак, а найперш — чалавекаў.

Сказаць такое, вядома, проста — трудней было да таго дадумацца і яшчэ трудней дамагчыся таго. Такое ў праграмах і методыках не дужа распрацавана, гадзіны на гэта на прадугледжаны. I Мароз сказаў, што найперш дамагчыся таго можна толькі ўласным прыкладам у працэсе ўзаемаадносін настаўніка з вучнямі.

Мабыць, мы ўсё ж мала ведаем і кепска вывучаем, чым было наша настаўніцтва для народа на працягу ягонай гісторыі. Духавенства — гэта вядома, тут яшчэ ёсцъ нейкі малюнак, больш або менш даставерны. Роля папа, ксяндза на кожным гістарычным этапе больш-менш вядома. А вось што зрабіла сельскае настаўніцтва ў нашых школах, што яно значыла для нашай некалі цёмнай сялянскайг краіны ў царскія: часы, пры Рэчы Паспалітай, у вайну, нарэшце, ды і пасля вайны? Гэта цяпер запытай якога падшыванца, кім ён будзе, калі вырасце, і ён скажа табе: інжынерам, урачом, лётчыкам, а то і касманаўтам. Да, цяпер ёсць такая магчымасць. I сапраўды так і бывае аж да касманаўта, уключна. А раней? Калі рос, бывала, харошы хлопчык, добра вучыўся, што пра яго казалі дарослыя? Вырасце — настаўнікам будзе. I гэта была найлепшая пахвала. Не ўсім вартым, вядома, удавалася дабіцца настаўніцкага лёсу, але да гэтага імкнуліся. Гэта была мяжа жыццёвае мары. I правільна. I не таму, што пачотна ці легка. Ці заробкі харошыя — не дай бог настаўніцкага хлеба, ды яшчэ ў вёсцы. Ды ў тыя даўнія часы. Галеча, беднасць, чужыя куткі, вясковая глуш і ў канцы — ранняя магіла ад сухотаў... I тым не менш, скажу табе, не было нічога больш важнага і карыснага, як тая штодзённая, ціхая, непрыкметная праца тысяч бязвесных сейбітаў на гэтай духоўнай ніве. Я так думаю: у тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне,— найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў. Хай, можа, я і памыляюся, але так лічу.

I тут, як часта бывае, не абыходзіцца без сваіх энтузіястаў. Мароз быў менавіта адзін з такіх, хто ў гэтым сэнсе зрабіў для людзей найбольш. I зрабіў свядома, часам на свой страх і рызыку, праз труднасці і непрыемнасці. А непрыемнасцяў і розных канфліктаў у яго заўсёды хапала.

Памятаю, паехаў неяк у Сяльцо інспектар з вобласці — праз дзень вяртаецца ў раён абураны і гняўлівы. Аказваецца, чарговы скандал. Не паспеў таварыш інспектар увайсці ў Габрусёў палац, як на верандзе яго атакавалі сабакі. Адзін чорны, на трох лапах, а другі — ваш такі, дробны вяртлівы шчанюк (паліцаі пасля іх пастралялі). Да. Дык пакуль абаранілі інспектара, сабакі і распаласавалі яго калашыну. Ну, Мароз, канечне, прасіў прабачэння, а Ядзя зашывала пану інспектару штаніну, пакуль той сядзеў у пустым класе ў падштаніках. Аказваецца, сабакі былі школьныя. Менавіта так. Не вясковыя, не адкудь з хутара і нават не асабіста настаўнікавы, а агульныя, школьныя. Дзеці недзе знайшлі шчанят, бацькі загадалі ўтапіць, але перад тым у класе чыталі тургенеўскага «Муму», і вось Алесь Іванавіч рашыў пасяліць шчанюкоў пры школе, каб усім па чарзе іх даглядаць. Так у Сяльцы завяліся школьныя сабакі.

Назад Дальше