Як звяргаюцца ідалы - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 2 стр.


— Пыласос! Пыласос!! Пыласос!!!

Проста невыносна. Дарослы — і той бы з'ехаў з глузду ад такога, а тут жа маляўка.

Дзядзька сядзіць і думае. У кожнага ёсць свой Пыласос. І гэты Пыласос робіць з разумнай, гордай, прыгожай істоты, створанай для радасці і мастацтва, — пакорлівую жывёліну.

А сад такі гожы, столькі ў ім нябачных пладоў, столькі хмызнякоў і травяных зараснікаў. Ідзі па ім, тупай пакуль яшчэ слабымі нагамі. А ягады такія празрыстыя, такія сагрэтыя сонцам. Сонца пранізвае іх навылёт, нараджаючы ў каламутнай глыбіні невыразныя контуры семачак. Куст кліча да сябе, як дрэва пазнання. Ідзі ж, ідзі!

— Пыласос!!!

І закладваюцца назад рукі. А родныя вочы, сінія — як у той — застываюць. Напэўна, і тую, іншую, многа палохалі. Якіх жа намаганняў каштавала ёй вырасці такой, як яна ёсць!

І вось аднойчы, калі брат і сястра сядзяць поруч і брат выказвае свае невясёлыя думкі, з-за вугла дома выплывае касалапым упэўненым крокам круглая Алёнка.

Жывот — наперад, рукі за спіною, на тварыку стрыманы і прытворна раўнадушны выраз.

Яна тупае гаспадарскім, паважным крокам.

Вось падышла зусім блізка да маці, паклала ёй на калені кулачкі, расшчапіла іх.

На яе далонях ляжыць дзесятак зялёных парэчак.

І адразу яе мордачка робіцца круцельская, хітрая.

— Мама. Пасёсь.

І тут дзядзька не вытрымлівае. Ён хапае яе на рукі і шалёна цалуе ў брудныя лапкі, у шчокі, у хітрыя вочы.

— Дачушка ты мая! Дзіця ты маё чалавечае!

Назад