У палескай глушы - Колас Якуб Михайлович 10 стр.


Баранкевіч вельмі ўспагадна ўспамінаў настаўніка, якога змяніў Лабановіч.

- Што мне падабаецца ў пана Турсевіча, дык гэта тое, што ён умеў паставіць сябе ў кожным коле грамадства і меў свой асабісты гонар, - сказаў падлоўчы.

- Турсевіч - гэта мой настаўнік і мой зямляк, аднае воласці. Я лічу яго адным з выдатнейшых настаўнікаў і працаўнікоў. Ён не толькі вядзе добра справу ў школе, але і многа працуе над самім сабою; чалавек многа чытаў і многа думаў. Гэта адзін з тых маіх сяброў, якіх я вельмі шаную і паважаю.

- Як жа, паночку, ён быў панскім настаўнікам? Здаецца, розніца ў вашых гадах не такая вялікая? - запытаўся Баранкевіч.

- Ён старэйшы ад мяне гадоў на чатыры. Калі ён скончыў першую школку, то я яшчэ пачынаў толькі вучыцца. Ён цэлую зіму быў маім дарэктарам, маім і маіх братоў.

- А, хіба што так.

- Дык пан добра знае пана Турсевіча? - спытала пані падлоўчая. - Ах, які гэта быў рэдкі чалавек! - дадала яна і зірнула на мужа, як бы хочучы прачытаць на яго твары, ці добра яна сказала.

- Пан Турсевіч у школе быў строгі, - адгукнуўся малы Чэсь з-пад кахлянае печы.

Баранкевіч павярнуў галаву ў бок сына і, смеючыся, прамовіў:

- А што ж з вамі іначай зробіш? Дай вам волю, дык вы і школу павернеце, і толку з вас ніякага не будзе.

Паненкі засмяяліся.

- Я вось буду прасіць пана настаўніка, каб цябе часцей на калені ставіць ды яшчэ грэчкі падсыпаць.

- У пана настаўніка і грэчкі няма, - сказала Ядвіся і ўскінула на настаўніка свае вясёлыя смяшлівыя вочы.

Лабановіч зірнуў на яе. «Слаўная дзяўчынка», - падумаў ён.

- Ну, то я прышлю, цэлую асьміну прышлю, - сказаў падлоўчы.

- Чэсь будзе такі добры ў мяне вучань, што да грэчкі ў нас не дойдзе. Праўда, Чэсю?

Сёстры зноў засмяяліся. Чэся яны зналі лепей і, як відаць, схіляліся да погляду таткі наконт грэчкі.

Чэсь жа ўгнуў галаву, не зусім пэўны ў тым, што для яго справа можа абысціся без грэчкі.

- Ну, як там гарбата? - спытаў Баранкевіч жонку.

Пані падлоўчая зараз жа ўстала, кіўнула Габрыні і выйшла разам з ёю.

Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю, якую так добра ўмеюць прыгатаўляць у Беларусі, і селі піць чай. Лабановіч пачуваўся добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Пан падлоўчы, выпіўшы шклянку, устаў, папрасіў прабачэння, што не можа больш заставацца, што ён мусіць ехаць па службе, і выйшаў.

Пасля гэтага паненкі пачулі сябе вальней. Яны смяяліся, жартавалі, распытвалі настаўніка аб усім: ці быў ён у воласці, з кім там пазнаёміўся і як каго знаходзіць.

- А вы не знаеце панны Марыны? - запытала настаўніка Ядвіся.

- А хто яна такая? - спытаў Лабановіч.

- А тут на будцы ёсць адна панна.

- Я сёння спаткаў адну вельмі прыгожую дзяўчыну якраз на чыгунцы. Можа, гэта і ёсць панна Марына?

- Так, гэта яна, - прамовіла Ядвіся, распытаўшыся, як яна выглядае.

Паненкі на развітанне колькі разоў напаміналі Лабановічу, каб ён часцей заходзіў да іх.

Якраз за дзень да Уводзін Прасвятое Багародзіцы, свята, якое прыпадае на 21 лістапада, у вёсцы Цельшына паўстала вельмі важнае пытанне аб тым, калі святкаваць гэта свята: сёння ці заўтра? І паўстала гэта пытанне, як зазвычай усе важныя пытанні, выпадкова.

Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Прыйшла яна якраз у той час, калі трэба ўжо тушыць у хаце агонь. Аўгеня зразу ж звярнула ўвагу, што ў хаце суседкі былі ўсе адзнакі свята: прасніцы вынесены вон, мужчыны не ўсе яшчэ былі абуты, а сама Югася падбівала цеста на аладкі і печы не падпальвала.

- Што ж гэта ў вас, дзеўка, як бы свята?

У Цельшыне быў такі звычай, што адна старая жанчына, зварачаючыся да другой, казала ёй «дзеўка».

- А хіба ж не свята? - прамовіла Югася і зірнула на суседку.

- Як свята? Што ты, дзеўка, гаворыш?!

- А так што свята! - цвёрда і пэўна адказала Югася.

- Ах, Божачка мілы! А я ж думала, што заўтра! - ускінула рукамі Аўгеня. - Лукаш мой даўно пайшоў у клуню малаціць грэчку!.. І сама я ўсю раніцу прала!.. А-а, як жа я гэта думала, што свята заўтра? Ах, матачкі мае родныя!

Аўгеня борздзенька павярнулася і выйшла з хаты, нават і падсітак забылася пазычыць. Выйшаўшы на вуліцу, яна на хвілінку прыпынілася, а потым раптоўна кінулася да Нупрэя Бабка.

- Што я прыйшла ў вас спытаць: сёння свята ці заўтра? - запыталася Аўгеня і акінула вачамі хату.

Нупрэй зусім яшчэ не падымаўся, ляжаў спіною на печы і грэўся, як кот, падкурчыўшы доўгія ногі, бо яны, хоць печ была і прасторная, не маглі на ёй як мае быць змясціцца.

- А пэўне, сёння, - адказаў ён з печы.

Праўда, Нупрэеў голас вялікага аўтарытэту нідзе наогул не меў, а ў пытаннях свята тым болей, бо Нупрэй Бабок нічога не меў проці таго, каб святкаваць і будныя дні. Але і Малання, жонка яго, таксама пасведчыла, што свята сёння.

- Ах, матухны, - зноў пляснула рукамі Аўгеня. - Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу. - І яна ледзь не бягом вымелася з хаты і пабегла дамоў.

Надта знаёмае тухканне ў Міколкі Стукача адразу затрымала Аўгеню на месцы: калі сёння свята, дык чаму ж у Стукача таўкуць ячмень?

Не думаючы доўга, Аўгеня кінулася да Стукачовых. Першае, што ўбачыла яна там, была ступа і дзве маладзіцы, нявесткі дзеда Стукача: маладзіцы стаялі адна насупраць другой з таўкачамі і заложна таўклі куццю. Міколка Стукач, лысы дзед з сівою бародкаю, падплятаў лапаць. Бабка Стукачыха прала кудзелю. Грук таўкачоў глуха аддаваўся па хаце, і пасля кожнага ўдару штось бразгацела на паліцы, дзе стаялі міскі з лыжкамі.

Назад Дальше