Перакінуўшыся жартлівымі прывітаннямі, сябры абняліся і сардэчна пацалаваліся.
Турсевіч прыйшоў у рух і ўзбуджэнне, трос сябра за плечы, громка смяяўся.
- Ну і малайчына! Далібог, маладзец... Я, па праўдзе сказаць, і думаў, што ты павінен праведаць мяне... Ну, сядай!
Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку. У яго пакоі быў самы строгі парадак і чыстата. Уся кватэра яго складалася з аднае клятушкі, сялянскае хаты, але ён умеў надаць ёй нейкую прытульнасць. Прыводзячы ўсё ў парадак, Турсевіч увесь час вёў размову, закідаў сябра пытаннямі, хапаўся, гаварыў і за сябе і за сябра.
- Ну, вось што, Лабуня! Зараз закамандую гаспадыні самавар. Будзем сядзець, будзем піць чай і гаварыць. Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Эх, што ж я? Стой, брат! - спыніў Турсевіч самога сябе. - Мы наўперад закусім. У мяне, брат, вельмі слаўнае сала ёсць... Ну, ведаеш, чула душа, што ты прыедзеш: быў на станцыі і сала купіў. Чакай жа, брат. У нас ёсць зусім іншая музыка!
- Такія разумныя рэчы не кожнае вуха пачуе, - адказаў Лабановіч. - Адным словам, галава твая міністэрская!.. І дазволь мне, вялікі пустэльніча і мой настаўніча, сказаць колькі слоў на гэты выпадак?
- Валяй!
Лабановіч падняўся, састроіў важную міну і пачаў:
Люблю я слухаць шум ад таркі -
Дзяруць картофлю на бліны,
У печы піск люблю ад скваркі -
Прынадна пахнуць мне яны.
Няхай злуе айцец духоўны,
Няхай суліць мне пекла ён, -
Люблю я больш, як звон царкоўны,
Скаварады аб прыпек звон.
- Ха-ха-ха! - зарагатаў Турсевіч. - Ах ты, багахульнік! Толькі ў Цельшыне і можна дадумацца да гэтага:
Люблю я больш, як звон царкоўны,
Скаварады аб прыпек звон!
Лоўка, далібог, лоўка!.. Ну, я зараз!
Турсевіч выбег у сенцы, а адтуль да гаспадыні з загадам прыгатаваць вячэру і зараз жа вярнуўся.
- А ведаеш, Лабанок, - таемна прамовіў Турсевіч, панізіўшы голас, - можа б, ты выпіў чарку?
- Мілы ты мой друг! Мала таго што галава твая міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, адным словам - кудзеснік! - натхнёна прамовіў Лабановіч. - Чаму ж не выпіў бы, як кажа мая бабка?
- Дык, кажаш, добра было б выпіць? - спытаў з нейкаю сур'ёзнасцю Турсевіч.
- А які ж дурань асмеліцца сказаць, што нядобра?
- Дык няма ж, братка!
Твар Лабановіча крыху выцягнуўся.
- Ха-ха! - аж прысеў Турсевіч ад смеху, потым усхапіўся, не перастаючы смяяцца і паказваючы на сябра пальцам.
- Абязвечыў ты мяне гэтым, - прамовіў Лабановіч, спаўшы з настрою.
- На тое ж я кудзеснік, - не пераставаў смяяцца Турсевіч.
Ён падышоў да шафіка, пакапаўся ў ім і важна выцягнуў адтуль паўбутэльку.
- Не журыся, брат! - сказаў ён і патрос паўбутэлькай.
Пакуль смажыліся скваркі, Турсевіч падгатаваў стол да вячэры.
- Што, можа, твая бабка патрапіць так зрабіць? - спытаў Турсевіч сябра, як толькі Лукашыха прынесла вячэру.
- Затое ж мая бабка шаптаць умее.
- Шаптаць-то яна ўмее, але капусты зварыць не патрапіць. Ведаю тваю бабку.
Сябры селі за стол. Выпілі па чарцы.
- Ну, закусвай, брат!
Увесь час ішла самая вясёлая, самая жывая бяседа. Гаварыў, галоўным чынам, Турсевіч. У яго была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Апрача гэтага, ён меў здольнасць намаляваць і жыва паказаць той ці іншы персанаж.
Турсевіча вельмі насмяшыла адно здарэнне на чыгунцы, і аб гэтым апавядаў ён цяпер Лабановічу.
Справа датыкалася аднаго кантроля, вельмі адданага служакі. Захацелася яму злавіць аднаго старасту на чыгунцы. А стараста, трэба сказаць, быў жулік: прыпісваў лішніх рабочых, каб іх плату палажыць сабе ў кішэню. Налятае гэты кантроль. Старасты пры рабочых не было - дзесь у будцы сядзеў. Пералічыў кантроль рабочых і хацеў знячэўку на старасту наляцець, каб праверыць яго кніжку. Але выпадкова была тут дачка старасты. Дзяўчына пусцілася ў будку бацьку папярэдзіць, а каб кантроль не здагадаўся, яна бокам дарогі пабегла. Кантролю тут і цюкнула. Ён за дзяўчынаю! Бяжыць уперадзе дзяўчына, узняўшы падол, а за ёю, як ганчак за зайцам, кантроль чэша. І дабеглі яны да будкі, праве, адначасна.
- Паказвай запісную кніжку! - загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. - Я аддам цябе пад суд!
- Я на вас падам у суд, - спакойна адказаў стараста. - Бо вы ганяліся за маёю дачкою, хацелі яе згвалціць.
Кантроль вырачыў вочы, як бы яго даўбешкаю агрэлі.