Гэтыя думкі парушылі спакой Лабановіча і пакінулі пачуванне нейкага нездавалення і непрыемнасці.
Ён звярцеў папяросу, стараючыся не думаць зусім аб смерці, закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Гэта яму крыху і ўдалося, бо Лабановіч быў хлопец крэпкі, моцна зросся з зямлёю і жыццём, любіў гэта жыццё, на парозе якога ён стаяў і росквіт якога для яго толькі што зачынаўся.
«Чаму я пачаў думаць пра смерць? Скуль узялася гэта думка?» - запытаў сябе Лабановіч і пачаў дашуквацца сувязі, якая павінна быць паміж думкаю аб смерці і тымі думкамі, што так ці іначай былі прычынаю яе ўзнікнення. Прыпомніўшы ўвесь ход сваіх разваг, настаўнік ніяк не мог знайсці гэтай сувязі, і гэта акалічнасць яго крыху здзівіла і зацікавіла.
«Я чагось не ўзяў пад увагу, нейкі вобраз ці думка проста зніклі з памяці, і ад таго факт гэты мне здаецца крыху незразумелым і дзіўным, хоць, наогул сказаўшы, на свеце нічога дзіўнага няма».
А гадзіннік на сцяне несупынна вёў сваю справу: размерна ківаўся хадун-маятнік і кожны свой крок адзначаў кароткім «так-так!», усё так жа рыпеў перад тым, як прабіць, і ў свой час меладычна званіў.
Лабановіч патушыў лямпу.
Цемра і ціш напоўнілі маленькі пакойчык. З двара ў акно пазірала чорная ноч і завешанае густымі хмарамі-валокнамі цёмнае неба. Было ціха і глуха. Праз некалькі хвілін каля дзвярэй у кухню скрабнула мышка. Як відаць, яна знайшла дзесь скарыначку хлеба і барабаніла ёю аб падлогу.
Лабановіч стараўся заснуць, але яму штось не спалася. Як толькі заплюшчыў вочы, перад ім, як жывы, усплыў малюнак дарогі, якою ён ехаў да станцыі: несканчоныя балоты і цэлыя статкі стажкоў на іх, грэблі, брады, старыя хвоі, што горда ўзвышалі свае макушы над лесам, і наогул увесь гэты краявід, поўны свайго асаблівага хараства і невыразнай цікавасці... «Калі хворы чалавек пачынае думаць аб вялікай дарозе, то гэта ёсць прымета таго, што гэты чалавек не ачуняе», - прыпомнілася невядома калі і дзе і кім выказаная думка.
«Усё гэта - глупства», - падумаў настаўнік і павярнуўся на другі бок.
У нядзельку раненька, ледзь толькі зайграла чырвань на ўсходзе, Лабановіч сядзеў ужо на сене ў драбінах і выязджаў з вёскі. Невялічкая вёска ў адну вуліцу выглядала непрыкметна і непрытульна. На ўсім ляжала пячаць нядбаласці і нейкай недаробленасці, як бы тутэйшыя гаспадары будаваліся на скорую руку і ўсё рабілі да часу і яшчэ не ўправіліся даць той лад і парадак, якім, наогул, адзначаецца беларуская вёска. Вуліца была роўная і шырокая. Амаль што не каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвенняў і гнілі, але нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць свае хаты, каб льга было прайсці праз балота, у якім тапілася гэта вуліца. А гразь была густая, чорная, як дзёгаць, размешаная паляшуцкімі лапцямі, быдлячымі і конскімі нагамі. Але палешукі звыкліся і зжыліся з гэтай граззю і не зварачалі на яе ўвагі. Хаты былі пераважна новыя, пабудаваныя з тоўстага і гладкага лесу. У размяшчэнні гаспадарскіх будынін на дварэ таксама не было пэўнага парадку і сістэмы, а ўсё было навалена як папала.
Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут і толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцця да другой. Усе яны былі заўзятыя паляўнічыя, захопліваліся адным толькі выглядам стрэльбы і былі выдатнымі стральцамі. Сялян іншых вёсак, якія жылі больш пры палях, яны называлі палянамі і гэтым самым як бы адрознівалі іх ад сябе, жыхароў лесу. А лесу і балот тут быў непачаты край. Сама вёска стаяла на невялічкай палянцы сярод лесу і хмызнякоў, і Лабановіч усе гэтыя дні чуў сябе як бы чымся звязаным, як бы на ім была надзета цесная адзежына, бо густыя сцены пушчы адусюль націскалі на гэту вёску, насядалі з пагрозай, нібы яна намервалася на парушэнне яго законных правоў. Край палянкі прарэзваўся чыгункай. Дарога ішла каля самай вёскі, захопліваючы нават адзін канец вуліцы. Зараз жа за пераездам пачынаўся лес.
Нізкае сонца ледзь прабілася скрозь макушы лесу. Неба праяснялася, падыхаў усходні вецер; лёгкі марозік зацягаў лужынкі тонкай пялёнкай лёду. Вісеўшы ўсе гэтыя дні туман развеяўся, усюды пасвятлела і павесялела. Нават гэты пануры лес крыху праясніўся і меў больш прыветны выгляд.
- Го, падмарожваць пачало! - весела прамовіў паляшук Сцяпан Рылка і саскочыў з драбінак, выламаў лазіну і хвасянуў ёй свайго худога, але даволі шпаркага коніка.
- Эх, і лесу ж у вас многа! - сказаў настаўнік, каб разгаварыцца з палешуком і пазнаёміцца з ім бліжэй.
- О, лесу ў нас многа! - пацвердзіў паляшук і павярнуў твар да настаўніка. - Гэта вось цяпер, як правялі тут чыгунку, яго пачалі зводзіць, а даўней лес зусім не такі быў. І звяр'я было многа. Каля нашай вёскі мядзведзі вадзіліся. Яшчэ бацька нашага старасты, ведаеш, можа? - стары Грыгор, даўнейшага закалу чалавек! - жывога медзвядзёнка з лесу прынёс, ад мядзведзіцы адабраў!
- Як жа гэта ён?
- А бог яго ведае. Смелы. Дый здаровы, як дуб. Дарма што яму цяпер семдзесят год, а як забушуе часам у хаце Раман, яго сын, стараста наш, то стары, бывае, не вытрымае, возьме яго на рукі, як хлапчанё, і зараз жа ўціхамірыць, хоць Раман і не ўломак. Вось як! І завезлі таго медзвядзёнка графу Патоцкаму. Дазвол далі Грыгору паляваць у графскіх лясах, яшчэ і пораху і шроту выдалі.
- А цяпер мядзведзяў тут няма?
- Не, няма: перавяліся. Туды далей, пад Татарку, сышлі, дзе месца глушэй і лесу болей і дзе меней заглядае вока людское... Забараняць пачалі па лесе са стрэльбаю хадзіць, леснікоў паставілі, законы строгія пайшлі. Але і лес нішчыцца, і звер зводзіцца.
- А я чуў, што тут яшчэ многа зверыны.
- Ёсць, праўда, але хіба столькі, як даўней? Бабры тут калісь вадзіліся. Яшчэ і цяпер дзе-нідзе можна бачыць сляды іх будынін... На ўсё пайшоў звод, - з нейкай маркотай заключыў паляшук і змоўк, аб чымсі задумаўшыся.
- Так, дзядзька Сцяпан: жыццё не стаіць на месцы і ўсё на свеце змяняецца. Вось у вас чыгунку правялі, заработкаў прыбавілася, гандаль шпарчэй пайшоў, новыя людзі з'явіліся. Яшчэ тры гады таму назад у вас і школкі не было, цяпер пабудавалі школу, вашы дзеці вучыцца будуць, граматнымі стануць, будуць кнігі, часопісы чытаць, навучацца, як лепей каля зямлі хадзіць, каб карысці з яе болей было, бо ўсё ж паляпшэнне ў жыцці ад навукі ідзе. Пэўна, і вы, дзядзька Сцяпан, маеце дзетак, якіх трэба ў школцы вучыць?
- Ёсць Іван і Пятрук, самыя шкаляры, - уздыхнуў паляшук.
У яго адказе настаўнік пачуў нотку нездавальнення, што яго хлопцам прыходзіцца ў школу ісці.
Настаўнік з цікавасцю назіраў за палешуком. Яму падабалася паляшуцкая вопратка дзядзькі: чорная выцвіўшая суконная світка, пашытая да стану, шырокі, у чырвоныя палоскі даматканы пояс і шапка-кучомка свайго вырабу. Доўгія, як у папа, цёмна-русыя валасы, светла-шэрыя вочы, сярэдні рост, шырокія плечы, павольнасць руху і нейкая сур'ёзнасць выразу твару як не трэба лепей стасаваліся з агульным малюнкам палескай прыроды.
Дарога ўвесь час ішла лесам. Лес зрэдку разрываўся невялічкімі палянкамі, на некаторых рунела жыта, а па краях там-сям пападаліся старадрэвіны-хвоі, што пышна разрасліся на прасторы, або развіслыя таўшчэразныя дубы, як заможныя старасвецкія гаспадары; на гэтых дубах палешукі-бортнікі рабілі цэлыя пчольнікі, зацягваючы туды па дзесятку вуллёў. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройным баравым, то нізкім балотным. Высокія тонкія бярозы мяшаліся з шэрымі стваламі хвоі і прыдавалі характар маркоты і засмучэння ўсяму малюнку. Лес зноў расступаўся, даючы месца бясконца вялікім балотам. Балоты цягнуліся далёка-далёка між лесу і замыкаліся лесам, ледзь чарнеючы роўнай палоскай на далёкім небасхіле. Цэлае мора высокай парыжэлай травы засталося зімаваць тут, бо сюды не зойдзе ні гавяда, ні чалавек з касой. Незлічоныя купіны, нізкарослыя хвойкі на іх, пачарнелыя карчагі даўно адмершых дзеравяк раслі і гнілі тут спрадвеку. Сярод гэтых купін бліскучымі стужкамі павіваліся часамі палоскі вады, чыстыя, гладкія, як шліфаванае шкло. Невядома, з якіх часоў стаялі над імі засохшыя адломкі старых, спарахнелых алешын, як свечкі, і маркотна глядзелі ў неба. Ад балот патыхала нейкім невыразным смуткам, ціхім жалем веяла ад аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё ж такі жыццё стварала своеасаблівыя формы і, нягледзячы на ўбоства, мела сваю павабнасць і хараство, свой твар, поўны тужлівага задумення. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і чалавек мімаволі стараўся знайсці нешта такое, на чым можна было б адпачыць і заспакоіцца.
Пазіраючы на гэтыя балоты-пустэлі, Лабановіч часамі пачуваў у сэрцы нейкую адарванасць ад жыцця і свету, як бы гэты свет сышоўся тут клінам, і туга па тым, з чым ён разлучыўся, пачынала забіраць яго душу.
«Што пачувае, аб чым думае гэты дзядзька Сцяпан? Як адбіваюцца на ім вобразы глухога Палесся і які след пакідаюць яны ў ім?» - думаў настаўнік, і яму хацелася хоць на момант стаць тым самым палешуком, што сядзеў поруч з ім, каб зірнуць яго вачамі і зразумець увесь унутраны свет яго, яго надзеі, яго жаданні.
Балоты скончыліся; дарога пашыбавала на горку, калёсы мякка пакаціліся па жоўценькім пясочку, і лес прыняў звычайны свой выгляд. Вярсты праз дзве лес з аднаго боку дарогі зноў разарваўся вясёлаю палянкаю, агінаючы яе прыгожымі завароткамі. На гэтай палянцы, за паўвярсты ад дарогі, раскінулася чыясь пасада, як сярэдняй рукі фальварак, з усімі прыбудоўкамі, садам і прасторным дваром.
- Чыя гэта пасада? Хто жыве тут? - запытаў настаўнік.
- Гэта? А тут пан каморнік жыве. Завітанкамі пасада называецца. Адгэтуль якраз палавіна дарогі да воласці, - адказаў Рылка.
«А, гэта і ёсць той каморнік, у чыю дачку ўсе тутэйшыя кавалеры закахаліся. Дык вось дзе жыве яна, гэта красуня!»
Лабановіч прыпомніў размову са сваёй старожкай і, зацікаўлены, глянуў яшчэ раз на пасаду. Паслушнае і ўслужлівае ўяўленне ўжо рысавала яму вобраз дзяўчыны, гэту чыстую і прыгожую краску, узгадаваную ў глухіх палескіх барах. Лабановіч ніколі, нават у думках, не дазваляў сабе зняважыць дзяўчыну. Адно слова «дзяўчына» выклікала ў душы яго чысты і прыгожы вобраз, на які можна пазіраць і любавацца толькі здалёк. І цяпер ён прыпомніў два ці тры здарэнні ў сваім жыцці, калі гэтыя вобразы глыбока западалі ў яго сэрца, але ён і намёкамі не сказаў нікому пра гэта. А раз у дачку каморніка ўсе закаханы, то яна, без спрэчкі, ёсць верх хараства. Яшчэ не бачачы яе, настаўнік пачуваў, што яна ўжо мае над ім нейкую ўладу. Яму хацелася хоць паглядзець на яе, і праз усю астатнюю дарогу ён думаў аб дачцэ каморніка, ён ужо сустракаўся з ёю, зацікавіў яе і бадай што не ўсіх кавалераў яе засланіў сабою.
Апошні раз расступіўся лес, і перад вачамі настаўніка раскрылася шырокая круглая палянка, вясёлая і прыветная. Лабановіч уздыхнуў лягчэй, як бы з яго плячэй зваліўся нейкі цяжар, бо дарога, траская і караністая, і лес усё ж такі дакучылі яму. Тым прыемней зірнулі стрэхі людскіх будынін і коміны хат, з якіх яшчэ дзе-нідзе курыўся сіняваты дымок.
Вёска была досыць вялікая, цягнулася ў адну лінію, і толькі каля цэркаўкі на ўзгорку хаты гуртаваліся гусцей і шырэй. Злева, пры канцы вёскі, стаяў дом валаснога праўлення з двума высокімі чырвонымі комінамі над пачарнелым дахам. Насупраць, на другі бок вуліцы, выглядала школа з белымі аканіцамі і двума ці трыма развіслымі вязамі каля яе. Пры дарозе ў вёску, крыху наводшыбе, маркотна тулілася старэнькая драўляная цэркаўка. Цяпер яна стаяла адзінокая, закінутая, забытая, і толькі богабаязны падарожны, праходзячы каля яе, прыпыняўся і хрысціўся, набожна схіліўшы галаву. Па адзін і па другі бок вёскі стаялі ветракі, як страшыдлы, шырока раскінуўшы свае крыллі. Адны з іх былі ў жывым руху, весела падымалі і апускалі крыллі, а другія - стаялі моўчкі, нерухліва і мелі такі выгляд, як бы яны былі крэпка чымся здзіўлены і пыталіся: «А чаму ж мы стаім без работы?»
Праехаўшы невялічкую грэбельку, калёсы пакаціліся па шырокай вуліцы. Народ расходзіўся з царквы. Старыя палешукі, сустракаючыся, пачціва кланяліся, а чародкі маладых дзяўчат-паляшучак і праворных маладзіц, убраных, як макавыя кветкі ў агародзе, падштурхвалі адна другую, пераміргваліся і кідалі смяшлівыя погляды ў бок маладога настаўніка, які першы раз з'явіўся тут.
Пад'ехаўшы да школы, Лабановіч выскачыў з драбінак і ўзышоў на ганак. Дзверы былі замкнуты. Лабановіч пастукаў. У глыбі кватэры зараз жа грукнула крэсла і пачуліся крокі. Дзверы адчыніліся.
- Выбачайце. Дома настаўнік?
- Вот я. Заходзьце, калі ласка.
Лабановіч пайшоў за гаспадаром, нязграбна ступаючы занямеўшымі нагамі.
- Дазвольце пазнаёміцца: ваш калега і сусед - Лабановіч, - назваў сябе госць.
- Саханюк, тутэйшы педагог. Будзьце ласкавы, знімайце паліто, сядайце.
Госць і гаспадар селі каля стала.
- Вы - новы і ў нашых краях першы раз?