- Ёсць тут цікавіцца чым, - зноў буркнуў а. Кірыл.
Матушка ўстала, узяла папяросы, сама закурыла і гасцей патрактавала. Айцец Кірыл не курыў, але набіваць папяросы любіў і цяпер узяўся за гэту работу.
У пакой увайшла служанка - паляшучка, крэпкая чырванашчокая дзяўчына.
- Да вас, бацюшка, Апанас Каваль прыйшоў; просіць хворую прычасціць.
- Хто ў яго хворы?
- Жонка.
- Скажы, зараз іду, - сказаў а. Кірыл. - Я скора вярнуся - тут блізка, а вы, калі ласка, пачакайце мяне, - звярнуўся ён да гасцей.
Айцец Кірыл надзеў цёплую расу, узяў крыж і ўсе патрэбныя рэчы і выйшаў.
- Эх, папоўская служба! - уздыхнула матушка. - Нават і адпачыць няма калі. А ён слабы, хворы, ногі чуць цягае. Народ у нас, вучыцелька, грубы, дзікі. Вось вашы, вучыцелька (слова «вучыцелька» матушка выводзіла ласкальна ад «вучыцель»), цельшынцы зусім іншыя людзі. А нашых вам ніхто не пахваліць. Вы ведаеце такое здарэнне? Айцец Кірыл - гэта ўжо гады два таму назад - быў на сенакосе. Распусціў сена, сушыць. А едзе адзін наш - ёсць тут такі грубіян - проста па бацюшкавым сене! Айцец Кірыл і кажа, падышоўшы: «Ці табе, кажа, дарогі няма, ці не можаш аб'ехаць, што ты па сене з канём топчашся?» А той, нічога не гаворачы, схапіў бацьку за валасы і давай церабіць! Прыходзіць мой бацюшка; як глянула ж на яго - аж у яго каўтунікі павырываны! Так і лезуць, так і лезуць!
Матушка апавядала гэта проста, нават з нейкім гумарам.
- Народ наш, трэба сказаць праўду, грубы, дзікі. Аднаго толькі ўрадніка і баяцца, аднаго яго паважаюць. А хто ўжо лепш можа дагадзіць ім, як не а. Кірыл? - зноў казала матушка. - І зямлю ім аддаў, і сенакос, і лякарствы дае, і добрым словам памагае. Ніколі ні ў чым ім не адмаўляе.
Праз паўгадзіны вярнуўся а. Кірыл, утомлены і хмурны.
- Ну, як жа іх, гадаў, не лаяць? - у гневе прамовіў а. Кірыл. - Чорт ведае чым кормяць хворую, і гаворыш ім, прыказваеш, не - сваё робяць!.. А гразь!.. Свінні, свінні!
Крыху супакоіўшыся, а. Кірыл сказаў да матушкі ціха:
- Зашлі ты ёй цераз Параску чаго.
- А ўсё-такі, а. Кірыл, вы многа лепшы за тых, хто пра народ гаворыць высокія словы.
Айцец Кірыл махнуў рукою:
- Вось што, дрэгі: будзем абедаць.
Дзервяная сцяна аддзяляла кватэру Лабановіча ад школьнае залы, і, каб папасці туды, трэба было толькі адчыніць нізкаватыя дзверы. Як толькі разднела і ўзышло сонца, пачалі збірацца вучні. Кожны іх крок, кожны рух і вымаўленае слова чуліся ў кватэры настаўніка.
Яшчэ ўчора прайшоўся стараста Раман Круглы па вёсцы, заказваючы сялянам пасылаць у школу дзяцей. То таму, то другому, спаткаўшыся на вуліцы, гаварыў ён:
- Пасылайце заўтра дзяцей у школу!
Пры гэтым стараста рабіў сур'ёзную міну і, наогул, меў начальніцкі выгляд. Яго чырвоны кажух з шырокім, як засланка, каўняром з'яўляўся ў розных месцах вуліцы. Калі патрэбныя старасту асобы не сустракаліся, ён падыходзіў да акна, стукаў пальцамі ў шыбы:
- Гэй, Кандрат! Падыдзі-тка сюды!
Калі Кандрата не было ў хаце, стараста падзываў Алену або Параску і таксама строга казаў:
- Пасылайце заўтра дзяцей у школу!
Выпаўніўшы свой абавязак, Раман зайшоў у школу.
- Дома паныч? - ціха запытаў Раман старожку.
- Дома, стараста, дома! - крыху нараспеў прамовіла бабка.
Лабановіч чуў гэту размову.
- Заходзьце, стараста, заходзьце!
Стараста разоў два затрубіў носам. Дзверы ад кухні рыпнулі. Адна палавіна іх адчынілася, а другая затрэслася ад націску шырокага пляча старасты.
Ступіўшы крокі два, Раман перайшоў увесь пакоік-спальню і апынуўся на парозе другога. Кожны яго крок адбіваўся на падлозе мокраю плямаю, а на велізарных лапцішчах ён нёс столькі гразі, што добраму гаспадару і на сахор не выбраць.
- Ну, як маецеся, стараста?
- Хвала Богу; паныч як здароў?
- Вось што, стараста: не называйце вы мяне панічом, бо я не паніч, і бацька мой такі ж самы мужык, як і вы.
Лабановіч папрасіў старасту прысесці на канапу, бо кволае крэсла, якіх тут было ўсяго толькі два, наўрад ці вытрымала б яго связістае і дзябёлае тулава.
Стараста, па звычаю ўсіх палешукоў, меў доўгія валасы. Рыжая бародка, вузкая і выгінастая, і крыху хмурны погляд спадылба рабілі старасту падобным да званковага караля. Звярнуўшы ўвагу на яго здаравецкі склад, на шырокую расхлістаную грудзіну, на якой яшчэ значыліся сляды летняга загару і адбіткі вятроў, Лабановіч мімаволі ўспомніў яго бацьку Рыгора, які, як зазначыў Сцяпан Рылка, браў старасту на рукі, як хлапчанё.
«Крэпкі народ, хоць і жыве ў балотах», - падумаў Лабановіч.
- Дык ужо вучыцімеце?
- Так, стараста, трэба пачынаць.
- Ну, я ўжо заказаў, каб пасылалі хлопцаў у школу.
- Чаму ж толькі хлопцаў? Трэба, каб і дзяўчаткі хадзілі.
- Дзе яны пойдуць? - махнуў рукою стараста. - Скажы ім пра школу, дык будуць смяяцца; вельмі дзіўным ім гэта пакажацца. Хоць бы хлапчукі ўсе пайшлі.
Лабановіч, наколькі мог, тлумачыў старасту, што і дзяўчаткам таксама вучыцца трэба, і даводзіў, скуль гэта патрэба вынікае.