- калі будзеш чакаць тлумачэння, так і памерці табе нецалаванай.
- Пакажыце мне, - сказаў міхал і пряцягнуў руку.
Пальцы яго, калі ён браў рэч, сутыкнуліся з пальцамі Мар’яны, і ён адчуў сябе так, быццам нейкая стрэмка мякка ўвайшла ў яго сэрца, напоўніўшы хваляваннем.
У Міхала ў руках была невялічкая штучка з рога: круг, перасечаны, перпендыкулярна па плоскасці, квадратам. І ў тым і ў другім былі прабітыя невялічкія дзірачкі. Мала таго, было прасвідравана нават месца перасячэння плоскасцяў, на ўсю даўжыню.
Міхал сядзеў на кукішках і моршчыў лоб. Усе глядзелі на яго, большасць з усмешкаю.
- Кінь, Міша, - сказаў Лёвачка, - гэта галава яшчэ спатрэбіцца для вырашэння праблема аб месцы, дзе паміраюць сланы.
Кругом відны былі ўсмешкі. Белазубыя, шырокія. І яшчэ панавала цішыня.
- Ведаю, - вельмі проста адказаў Міхал.
Нехта войкнуў.
- Што? - уся падаўшыся ўперад, спытала Мар’яна.
- Жыццё дрэнна ведаеце, археолагі, - зларадна сказаў Міхал, -каб ведалі добра, дык не давялося б вам думаць, ад якой бочкі гэты шпунт.
- Не здзекуйцеся, - сказала яна. - Для нас вельмі важна. Што
гэта?
- Я ж і кажу: “шпунт”. Праўдзівей, дзіцячая цацка. Дзеці і цяпер ёю гуляюць. У некаторых вельмі глухіх вёсках Палесся. Бяруцца тры бутэлькі з гарбуза. У адной дзірка круглая, у другой - квадратная, у трэцяй - крыжападобная. І трэба зрабіць для ўсіх адзін шпунт, каб праз яго можна было няпіттття з бутэлькі. І тады робіцца такая вось фігура.
- Ну добра, - сказаў Лёвачка, - ну квадрат, ну круг. Але дзе ж тут крыж? Нешта я не разумею.
- Галава яшчэ спатрэбіцца, калі акадэмікам будзеш. Кінь, Лёва, - сказаў Міхал.
І павярнуў прадмет так, што відны былі толькі бакі плоскасцяў.
- Вось табе і крыж. І дзірка, праз якую напіцца можна.
- Ч-чорт, як гэта я не здагадаўся, - пачухаў патыліцу Лёва.
- А дзеці палескія здягадаюцца. Ды і ў старажытным Кіеве, відаць, здагадваліся. Прагрэс.
- Апошні ўдар, - адмеціў нехта і задаволена зарагатаў.
Лёвачка схіліў галаву да пляча.
- Ну хлопцы, ну хлопцы, ну Міхал! Гэта ўжо забаронена: ляжачага не б’юць.
Агульны рогат заглушыў яго словы.
А яна глядзела на Міхала здзіўленымі і сур’ёзнымі вачыма.
- Каб вы толькі ведалі, Міхал, якую вы важную справу зрабілі.
- Глупства, - сказаў ён, - проста гэтыя палескія дагэтуль не далі ніводнага археолага.
- Як ваша прозвішча?
- Дарскі.
- А што, - ціха сказала яна, - “цяцка Дарскага”. Нядрэнна гучыць. І дадала: - Знойдзены дзве шыферныя прасніцы, каралі-“лімонкі” і адна “цяцка Дарскага”. Не, Міхал, вы ўсё ж малайчына. Гэта нас бог звёў.
Лёвачка зухавата стаяў на краі траншэі, абапіраючыся на рыдлёўку. Рот да вушэй, вочы хітрыя.
- Ты зубы не загаворвай, - прыжмурыў ён адно вока, - ты абяцанне выконвай.
- І сапраўды, - сказаў хлопец у акулярах.
- Абяцанне! Абяцанне! - загулі ўсе.
Зноў вакол блішчалі зубы, асабліва белыя на запыленых сонцам абліччах.
Потым ён перавёў вочы на дзяўчыну. Яна трохі зніякавела. Абое глядзелі адно на аднаго.
- Я думаю, сказаў Міхал, - Мар’яну Юр’еўну не трэба прымушаць. І лавіць яе на слове не варта. Яна пацалуе сама - каго захоча і калі захоча. І гэта будзе цудоўны чалавек, лепшы на зямлі. Яна кепскага не абярэ.
- Брава! - сказаў таўстун.
У трусіках і чырвонай з чорным каўбойцы, ушчэнт спалены сонцям, ён нагадваў афрыканца.
- Брава! - паўтарыў ён. - У наш век заняпаду рыцарскіх адносін вельмі прыемна чуць такое. Хвалю, малады чалавек!
Урэшце, нікуды Міхал не паехаў. Ні праз два дні, ні праз тыдзень. Ён адстаў ад групы і ўвесь водпуск правёў з гэтымі людзьмі. Яны вельмі спадабаліся яму, а ён - ім. Таму што ён быў вельмі кампянейскі і просты хлопец...
Міхал павярнуўся на бок і сціснуў далонямі скроні.
“Ах, божа мой, божа мой”, - застагнаў ён.
Дождж усё шумеў і шумеў за саламянай страхою. Лёгкія подыхі ветру даносілі водар абмытай лістоты, горкі павёў палыну, востры пах мяты.