- А хiба ёсць яшчэ адна далiна? - здзiвiўся я.
I тады Джанатан расказаў пра дзве зялёныя далiны ў гарах Наджыялы. Пра Вiшнёвую Далiну i Далiну Дзiкай Ружы, мiж высокiмi гарамi, якiя цяжка пераадолець, але калi ведаць таемныя сцяжынкi, то можна трапiць з адной далiны ў другую. Жыхары гэтых мясцiн ведалi сцяжынкi i спакойна пераадольвалi горы, каб пабачыцца адзiн з адным.
- Але, калi быць дакладным, то так было калiсьцi, - сказаў Джанатан. Цяпер жа нiхто не мае права пакiнуць Далiну Дзiкай Ружы i нiхто не мае права трапляць у яе. Толькi галубы Сафii.
- А чаму? - запытаў я.
- Таму што цяпер Далiна Дзiкай Ружы не свабодная, яна ў руках ворагаў.
Ён паглядзеў на мяне так, быццам яму было шкада гаварыць мне горкае.
- А цяпер невядома, што будзе i з Вiшнёвай Далiнай.
У словах брата было адчуванне бяды. Мне жылося так весела i бесклапотна, што ад пагрозы гэтаму жыццю мяне агарнуў жах.
- А хто нам пагражае? - запытаўся я.
- Яго iмя Тэнджыл, - адказаў Джанатан, i ў гэтым iменi была нейкая злавеснасць.
- А дзе той Тэнджыл? - дапытваўся я.
Джанатан расказаў мне пра Карманьяку, краiну Старажытных Гор за Старажытнай Ракой, дзе некалi валадарыў Тэнджыл, жорсткi, як той змей.
Мне стала яшчэ больш жахлiва, але я стараўся гэтага не паказаць.
- Чаму ён не хоча заставацца ў сваiх Старажытных Гарах? - не вытрымаў я. I чаму ён павiнен прыйсцi ў Наджыялу i разбурыць усё тут?
- Ну, ведаеш, той, хто зможа адказаць на гэта пытанне, мог бы адказаць на мноства iншых. Я не ведаю, чаму ён павiнен разбурыць усё тут. Проста так адбываецца, i ўсё. Ён зайздросцiць таму жыццю, якое выпала людзям гэтых далiн. Яму патрэбны рабы.
Ён замоўк, разглядваючы свае рукi, потым штосьцi прамармытаў, але я не пачуў - што.
- Так, яшчэ ў яго ёсць страшыдла, Катла! - паўтарыў Джанатан.
Катла! О, я не ведаю чаму, але гэта слова гучала больш жахлiва, чым што-небудзь на свеце.
- Хто гэта - Катла?
У адказ Джанатан толькi пакiваў галавой.
- Не, Сухарык, ты такi напалоханы. Я не буду расказваць пра Катлу, бо ты сёння ноччу не заснеш.
Замест гэтага ён расказаў сёе-тое цiкавае пра Сафiю.
- Яна - галоўная ў нашай тайнай барацьбе супраць Тэнджыла, - сказаў Джанатан. -Мы, каб ты ведаў, змагаемся супраць яго, каб дапамагчы Далiне Дзiкай Ружы. Але мы павiнны рабiць гэта ў тайне.
- А чаму менавiта Сафiя?
- Таму што яна моцная, шмат ведае i нiчога не баiцца.
- Не баiцца? Але ж ты таксама не баiшся, хiба не?
Ён крыху падумаў, потым сказаў:
- Гэта праўда, я нiчога не баюся.
Эх, як бы мне хацелася, каб я мог нiчога не баяцца, як Сафiя i Джанатан! Але замест гэтага я сядзеў такi напалоханы, што ледзьве мог што-небудзь думаць.
- А тое, што галубы Сафii лётаюць з тайнымi лiстамi, гэта вядома ўсiм?
- Толькi тым, каму мы сапраўды можам давяраць. Але сярод iх аказаўся здраднiк. I гэтага дастаткова.
Вочы ў Джанатана зноў пацямнелi, i ён з сумам сказаў:
- У Вiяланты, калi яе падстрэлiлi мiнулай ноччу, было сакрэтнае пасланне ад Сафii, i калi гэта пасланне трапiць у рукi Тэнджыла, то гэта прынясе няшчасце многiм жыхарам Далiны Дзiкай Ружы.
Я падумаў: "Як гэта жахлiва, што хтосьцi забiў галубка - такога белага i невiнаватага, нават калi ён нёс сакрэтны лiст".
Раптам мне згадалiся таямнiчыя лiсты, якiя захоўвалiся ў нас у шафе. Я запытаўся ў Джанатана, цi бяспечна захоўваць iх у нас?
- Так, гэта небяспечна, - адказаў Джанатан. - Але было б яшчэ больш небяспечна захоўваць iх у Сафii. Шпiёны Тэнджыла, калi б яны прыйшлi ў Вiшнёвую Далiну, пачалi б шукаць iх перш за ўсё ў яе, а не ў хлопчыка-садоўнiка.
Мне было прыемна чуць, што Джанатан не проста хлопчык-садоўнiк, якi працуе ў Сафii, а яе блiзкi таварыш па барацьбе супраць лiхадзея Тэнджыла.
- Сафiя так вырашыла сама, - сказаў ён. - Яна не хацела, каб хто-небудзь у Вiшнёвай Далiне ведаў пра гэта. I ты паклянiся, што нiкому нiчога не скажаш, пакуль Сафiя не скажа пра ўсё гэта сама.
Я пакляўся, што хутчэй памру, чым скажу што-небудзь пра пачутае.
Мы паснедалi ў Сафii, а потым паехалi дадому.
Але быў яшчэ адзiн чалавек, якi выязджаў з дому ў гэту ранiцу. Мы сустрэлi яго, калi выязджалi з Далiны Цюльпанаў. Гэта быў чалавек з рыжай барадой. Як жа яго называлi? Губерт?
- Вы, здаецца, наведвалi Сафiю? Што вы ў яе рабiлi, цiкава?
- Я палоў у яе агарод, - адказаў Джанатан, паказваючы яму свае рукi. - А вы што, палюеце? - запытаў ён у сваю чаргу ў рыжабародага, звярнуўшы ўвагу на лук, прывязаны да яго сядла.
- Так, хачу падстрэлiць пару зайцоў, - адказаў Губерт.