Ведзьміна тоня - Гапеев Валерий 3 стр.


Гэта, напэўна, быў самы доўгі і самы хуткі ў яго жыцці крос.

І вось ён падбягае да дома, з каменем у руцэ, сэрца б’ецца, як у таго сабакі, яшчэ троху, і ён думае, будзе дома, вось ён ужо бачыць свой пад’езд, ён азіраецца — ззаду нікога няма… І тут з іншага боку з’яўляецца сілуэт, ён набліжаецца да яго пад’езда, становіцца ўсё бліжэй і бліжэй, Вадзім бачыць, што гэта дзяўчына, у карычневым паліто ды без шапкі, чамусьці менавіта такія дробязі запамінаюцца ў такія моманты, ён нават не разумее, заўважыла яна яго ці не… ён думае, што калі паскорыцца, то можа быць, яна не паспее зайсці ў сваю кватэру… дзяўчына спыняецца каля дзвярэй, адчыняе… ён выкідвае камень з рукі, наўрад ці яшчэ ён спатрэбіцца, дзяўчына заходзіць у пад’езд, праз пару секундаў ён дабягае да дзвярэй, азіраецца, пасля таго як на яго напалі, ён ніколі не ўваходзіць у пад’езд, не праверыўшы ці не ідзе хто за ім, — здаецца, усё спакойна, ён зачыняе дзверы, двума шырокімі крокамі пера адольвае пралёт у 8 прыступак, прыціскае руку да яе рота і кажа: — Паспрабуй толькі піскнуць, шлюха.


Выпадак на здымачнай пляцоўцы

Сёння мой першы дзень на новай працы. Сумоўе я прайшоў досыць лёгка і цяпер прыглядаюся да людзей навокал. Часы, калі я хваляваўся на новым працоўным месцы, засталіся ў мінулым, за гэта дзякуй маім дваццаці месцам працы і тром гадам псіхатэрапіі. Мая новая пасада — памочнік кінарэжысёра. Гэта я так сябе называю, але фактычна я хлопчык на пабягушках — падношу каву акторам, сачу за рэквізітам… Цікавы досвед, цікавыя людзі. Ёсць, праўда, маленькая акалічнасць, якой я не тое што надаю вялікае значэнне, але пра якую хачу папярэдзіць. Будучы фільм называецца «Рыцар вярхом на даме». Атмасфера тут творчая. Рэквізіт не багаты.

Усім акторкам з масоўкі я мушу раздаць гарсэты. Маю ўвагу прыцягвае адна дзяўчына, бачна, што яна ўдзельнічае ў гэткім упершыню. Яе завуць Юля, і яна мне сімпатычная, бо пазнаю ў ёй сябе год 12 таму… Юля спрабуе сябе на ролю ў масоўцы і хвалюецца так, нібыта гэта яе галоўная роля ў фільме Таранціны.

Канешне, гэта цяпер я — вялікі, спакойны і няголены. Мне ўсё па калена. І таму мне смешна і разам з тым прыемна назіраць за тым, як мітусіцца Юля, як не ведае, куды сябе падзець. Людзі — гэта ўвогуле тое, за чым я сюды прыйшоў, я люблю назіраць за людзьмі, і я ведаю, што калісьці здыму пра іх свой уласны фільм.

Пакуль я заварваю каву і раздаю гарсэты, паспяваю ахарактарызаваць для сябе ўсіх людзей на пляцоўцы. Галоўны тут — рэжысёр, пасля ідуць «зоркі» — такія крутышы, якія размаўляюць толькі з сабе падобнымі, задзіраюць насы, а пасля ў фільме будуць задзіраць свае дзюбкі… Дзюбкі ў іх доўгія і прыгожыя. Зрэшты, іншых сюды і не запрашаюць. Юля тут «новенькая».

Я назіраю за Юляй… Сюжэт фільма зусім просты. Нашмат цяжэй нацягнуць на сябе гэты дурацкі гарсэт. Юля ходзіць разгубленая, і нават яе прыгожыя грудзі ёй не дапамагаюць — бачна, як яна разгубілася побач з усімі гэтымі сталымі, дасведчанымі і вядомымі ў вузкіх колах акторамі. Яна мітусліва азіраецца па баках, сціскае ў руках свой гарсэт, кусае пазногці… Яе вочы — круглыя і вялікія.

Да пачатку здымак застаецца пяць хвілін.

Мы сустракаемся з Юляй позіркамі. Кажуць, у мяне добрыя вочы.

Чатыры хвіліны.

Тры.

Больш адцягваць — няма як. Яна падбягае да мяне, хапае за руку сваёй мокрай рукой, адводзіць у цёмную і сырую каморку, суе ў рукі гарсэт. І бледная, разгубленая дрыжачымі вуснамі ледзьве чутна шэпча:

— Дапамажы мне, калі ласка.

І распранаецца.

   ***

Шмат хто мне кажа, што калі б не было смерці, не было б сэнсу і жыць, што ўласна ў смерці і ёсць сэнс жыцця, што калі ведаеш, што гэта павінна скончыцца, яно не назаўсёды, — пачынаеш ца ніць больш і жывеш асэнсавана, а значыцца, на поўную; і я гатовы з усім гэтым пагадзіцца адразу, але я ведаю, што калі я п’ю сваю бутэльку піва каля тэлевізара і ведаю, што гэта мая адзіная на сёння бутэлька піва, і бачу, як з кожным глытком яго становіцца меней, калі я еду ў метро і ў навушніках грае мая ўлюбёная песня, і я дакладна ведаю колькі акордаў засталося да фінальнага яе акорда, а плэер ляжыць на самым дне заплечніка, і да яго ў такую гадзіну пік не дабярэшся, калі я сплю ў абдымку са сваёй каханай дзяўчынай і ведаю, што гэта ў апошні раз яна мяне абдымае, што гэта наша апошняя ноч, прычыны бываюць розныя, — усё гэта не дае мне магчымасці расслабіцца і атрымаць ад жыцця асалоду, і, як вынік, сказаць сябрам, што я шчаслівы; і вось калі я пра гэта думаю, то бываю вымушаны адзначыць, што людзі, якія так кажуць пра смерць, — дурні, і што апошні раз я быў шчаслівым у шэсць гадоў, калі з вакна дзіцячага пакоя падгледзеў, як хаваюць суседа-алкаголіка.


***
Вілейка. Дубаўка. Раніца.
Ён сказаў у нудзе:
«Сэ ля ві»,
і мы селі ля Віліі.
Запалілі.
Каменьчыкі ў рэчку кiдалі,
глядзелі, як распаўзаюцца
кругі ад іх па вадзе…


***
Галава-жбан
Мая галава — як пусты жбан,
там нічога няма, што б магло зацікавіць.
Пустата — гэта нуль,
бездажджовасць хмар,
безнаяўны разлік
без прысутнасці марак
у кішэні.
Што ж ты будзеш рабіць?
Нарадзіўся такім,
больш дакладна — мяне нарадзілі.
Сам нічога гэтым жыцці не зрабіў,
нарадзіцца не змог — нарадзілі,
не падумаўшы.
Галава — жбан,
галава — бот,
балюча галаве, бо
галава навучылася марыць.


***
Маляваць усю ноч
легчы пад раніцу
легчы пад коўдру
заплюшчыць вочы…
і зразумець
што ўсім «да задніцы»
што ты і дзе
вымалёўваў ноччу…
Раніцай устаць
папаўзці да возера
камень на шыю
і ўніз…
вось так.
На шыльдзе магільнай
будзе напісана
ні больш і ні менш:
«Непрызнаны мастак».


***
Сяджу каля тэлевізара
ем цукеркі
паперкі
слінай прымацоўваю
да сценкі.
Адначасова дакладна — у перапынках
калупаю пальцам
у шкарпэтках дзірку.
Размалёўваю «А4»
уздоўж і ўпоперак
упоперак і ўздоўж.
Я
злосны калючы вож
іголкі растуць
на спіне.
Ты патэлефануеш
ці не?


***
Непазбежна вясны наступства:
што ні дзеўчына, то распуста,
з Менску, з Горкі, з-пад самай Ніцы,
што ні дзеўчына, то ў спадніцы.
Захіснула вясна мне вочы —
агаляюць паненкі грудзі.
І з цырульні павольна крочыць
ці то дзеўчына, ці то пудзель.


***
Што мне рабіць з табою,
такой прыгожаю?
Калі ты стаіш на кухні
ў адных шкарпэтках
і варыш каву. мне.
у маёй кватэры, —
Глядзець на цябе.
Што мне рабіць з табою,
такой разумнаю?
Калі ты расказваеш
мне. з захапленнем
пра фільм, які паглядзела,
пакуль я была на працы, —
Слухаць цябе.
Што мне рабіць з табою,
такой пяшчотнаю?
Калі ты ўсміхаешся
і кратаеш мяне за руку
сваёю рукой
пяшчотнай, як ты ўся, —
Абдымаць цябе.
Што мне рабіць з табою,
такою дзікай?
Калі ты ператвараешся
ў ваўчыцу, і я
імгненна
ператвараюся ў ваўка, —
Спаць з табой.
Што мне рабіць з табою,
такою зменлівай?
Кожны дзень рознаю,
Непасрэднаю,
пазбаўленай логікі, ды
Нявечнаю, —
Быць з табой.


Мілан. Вечар
Частавалі нас кавай
ветліва і ласкава,
налівалі гарэлку…
ці то ангельскі ром?
Ля кавярні «Ла Скала»
лашчыла-мілавала,
абурыўшы суседзяў
справа,
каленку яе пад сталом.


***
Мы крочылі побач
рука ў руку
да пляча плячо
твар у твар
вочы ў вочы
ў рот рот.
Так мы ступалі, крочылі
нага ў нагу,
пакуль ты не збочыла.
І цяпер вока за вока,
цяпер — зуб за зуб.
Усё, што ты з сабою забрала,
я выскубу, адгрызу —
вярну сабе ўсё,
да сябе вярнуся…
Забяру сабе свае вочы,
з твару змыю твой твар,
адляплю ад вуснаў твае вусны,
вырву руку з рукі.
І калі сэрца сціснецца ад адчаю,
я буду шаптаць, як мантру,
што ты — родная,
баючыся паверыць,
што ты чужая.


***
Я называў цябе заяц,
ты мяне называла лапка
мы былі разам — заяч’я лапка
Зая, чыя лапка
цяпер я?


***
Забяры мой боль
працягні далонь
я табе адсыплю
яго з гакам
а пасля свой сум
ў скрутку прынясу
Забяры яго
бо я сам
не ў стане
забяры мой цень
абдымі мяне
паглядзі як моцна
мяне хістае
Забяры мой цень
Забяры мой сум
Забяры мой боль
І мяне не стане


***
Я ведаю, што так будзе,
што я прачнуся 1-га студзеня
адзін дома
адзін у горадзе
адзін на дварэ
до рэ мі фа мі до рэ
спяваюць за вокнамі п’яныя,
а я ныю, ныю, я завываю,
а ты сцябешся, з цябе ж усё
роўна ўзяткі гладкі, усё-ткі
я сам вінаваты, што так
адбываецца з года ў год.
І гэта не лечыцца, і не лічыцца,
што быццам бы ёсць нагода —
дзве тысячы сем нагод!
Я і гарэлка «дзяржава» —
такое вось дэжа вю,
такі, бляха, новы год.


***
Калі недасканаласць свету
заб’е апошнія мары ў маёй галаве
І я прачнуся рана ад шуму
дажджу за вакном
Ну вось і усё, як кажуць,
Game is over. Капец. Гамон.
Вазьму тэлефонную слухаўку,
пазваню дамоў — я нармальна, мама,
нармальна…
усё ў мяне. А як там ты?
Глядзі, кладзіся спаць рана,
перад сном пагуляць схадзі.
Пакладу слухаўку.
Пагалюся.
Раздам даўгі.
Гэй! Дайце мне цыгарэту
І жоўты шалік даўгі.


***
Калі ў вачох цямнее,
мне хочацца проста ўкленчыць:
«О Божа, хачу да мамы!
да таты хачу на плечы…»
каб апынуцца ў дзяцінстве,
як колісь —
хавацца ў шафе
сярод кажухоў і шапак,
цукеркі цягаць з буфета
ды красці ў суседа слівы
…і быць маленькім і лёгкім,
і, ёб вашу маць,
Шчаслівым.
А мне хочацца жыць,
нават калі не хочацца жыць
Калі снег пачынае падаць
калі лепіцца ў горле ком
не таму што ты хочаш плакаць
а таму што зіма вакол
калі снег перастаў на вейках
таяць, людзі пад ліхтаром
танчаць рэгі на слізкіх рэйках
і дарма што зіма кругом
ты глядзіш з-за высокіх кратаў,
а ў вачох ўсё дрыжыць дрыжыць
не таму што ты ўжо заплакаў
а таму што жыццё імжыць
не ідзе, не вальсуе ў танцы,
не бурліць, не цячэ-бяжыць.
разумееш, што нават зараз
хочаш жыць

Назад