Пасля Жыццё - Васіль Быкаў


Былым франтавікам − байцам і камандзірам стралковых батальёнаў, чые звычайныя чалавечыя плечы, хістаючыся, гнучыся і выпрамляючыся, вынеслі на сабе найбольшы цяжар вялікай вайны.

Атака не ўдалася.

Зблытаўшы парадзелы ротны ланцуг і парушыўшы ўсякі вайсковы парадак, пакідаючы забітых і параненых, яны беглі, падалі, уставалі і зноў беглі, стараючыся як найхутчэй пераадолець пякельную хмызняковую балацявіну, дзе лютавала смерць. У спіны ім з-пад хат маленькай лесавой вёсачкі разгоністымі гарачымі чэргамі білі нямецкія кулямёты; угары, у звечарэлым небе, скуголіла, гуло і выло ад цяжкіх фугасных мін, якія, абрыньваючы на балацявіну лютасць выбухаў, шалёна карчавалі чорнае куп’ё хмызняку, выварочвалі са дна гразкія, з травой глыбы падталага сакавіцкага лёду, ушчэнт секлі і размяталі ўбакі голае яшчэ сучча вольх і лазы.

Сяржант Жаркоў шыбаваў ззаду за ўсімі.

Прыпаўшы ад натугі ледзь не да самага шурпатага рудога лёду, які, не перастаючы, гуў, дрыжэў і дзівоснымі пісягамі трэскаўся ва ўсіх кірунках, Жаркоў з усяе сілы валок за сабой танкастволы станкач «гарунова». З самага пачатку гэтага адступлення сяржант прамарудзіў крыху і цяпер адстаў ад усіх, ледзьве паспяваючы ўхіляцца ад шалёных чэрг, што несліся паўз яго галаву. А тут яшчэ ўтрая пацяжэлы кулямёт, як на зло ў такія хвіліны, раз-пораз чапляўся за ўмерзлыя ў балота патарчакі, хамлакі ссохлай леташняй травы, цяжка перавальваўся цераз кавалкі параскіданага лёду і грукаў коламі.

Сяржант ужо добра зашыўся ў хмызняк, як раптам пакаўзнуўся і, не ўстояўшы, ніцма распластаўся ў доле. Гэта незнарок уратавала хлопца, бо ў той жа момант з варожага боку імгненна пырснула да яго трасіруючая чарга − відаць, немец заклаў новую, нарыхтаваную на ноч стужку. «Чап-чап-чап», − белыя плямы-шчарбінкі сыпанулі на лёд між кустоў. Жаркоў спазнела тузануў пад сябе выцягненыя ногі, чарга матлянулася далей і вышэй у хмызняк, туды, дзе са скрынкамі ў абедзвюх руках, азіраючыся, бег яго памагаты Тарасікаў. Жаркоў схамянуўся і крыкнуў, каб уратаваць неспрактыкаванага яшчэ салдата:

− Лажысь!!!

Распластаны ля кулямёта, ён на некалькі секунд змярцвеў, гледзячы, як Тарасікаў спалохана і няспрытна пляцнуўся за камляватай альхою. Адна яго скрынка са стужкамі, круцячыся па лёдзе, паляцела ўбок. Адразу ж там сцебанула чарга, але хлопец, відаць, уцалеў, − трапятнуўшыся з-пад куль, ён ухапіў сваю ношу. Жаркоў з палёгкай ускочыў і, учапіўшыся ў яшчэ болей пацежалелы за якую хвіліну хобат, паглядзеў назад.

Вячэрнія прыцемкі абкладвалі дол. Ускраіна той невялічкай вёсачкі, якую яны няўдала атакавалі паўгадзіны назад, грымела, бліскала і зіхацела агнём стрэлаў і зыркіх разнаколерных трас. «Ках!.. Ках!.. Ках!..» − коратка і паспешна білі аднекуль нямецкія мінамёты, і паднябессе не сціхала ад скрыгатаў мін. «Піў… Піў… Піў-у-у-у-у… − Трах! Трах! Трах!» − візжэла ўгары і ірвалі балацявіну выбухі недзе блізка каля таго месца, дзе бег Тарасікаў, пырснула ў неба фантанам чорнае гразі, патокі каламутнай вады пляснулі на кустоўе, сыпанула асколкамі і ледзяным градам. Не паспела яшчэ ўсё гэта з працяглым шорхатам абрынуцца долу, як у паветры, хутка нарастаючы, завізжэла зноў.

− Тр-рах! Тр-рах! Тр-рах!

Жаркоў зноў упаў, ледзь не адначасна ў яго твар ударыла тугой гарачаю хваляй і ледзяным крошывам, кавалкі лёду ім-пэтна ляснулі па кулямётным шчыце, пад ногі пляснула лужынай мутнай вады. «Падаб’юць усю роту!» − ударыла ў голаў жахлівая думка. Не выціраючы мокрага твару, Жаркоў кінуўся ўбок, каб не трапіць у калдобіну; непадалёк у лазовым хмызняку нехта голасна лаяўся − здалося, іх салдат Няроўны − наперадзе з купістага долу вытыркалася згорбленая, у шынялі спіна, яна няспрытна неяк памкнулася ўзняцца, але раптам бяссільна асела і знікла.

− Не спыняйсь! Бягом! Бягом! − пракрычаў Жаркоў, кідаючыся праз хмызняк. Зноў у гэтае месца скіравалі ззаду два ці тры мільготкіх трасіруючых струмені, і ў хмызняковым галлі замільгалі-запляскалі сінія агеньчыкі. «Разрыўнымі б’юць, гады!» − падумаў Жаркоў, азірнуўся і ўпаў ля кулямёта. Прывычнымі бяздумнымі рухамі сяржант хуценька адкінуў з-за шчыта канец недастрэленай стужкі, прадзетай у прыёмнік, шчоўкнуў прыцэлам і хапіўся за рукаяткі.

Праз хмызняковае голле ён хуценька азірнуў усе бліскаўкі ў вёсцы і, здаецца, вызначыў пэўнае месца. Трасіруючыя разрыўныя чэргі несліся з-пад крайняй прынізістай будыніны, здаецца, той пунькі, ад якой гэтак знянацку ўдарыў ва ўпор па іх ланцугу нямецкі кулямёт. Тады ўзмежак уратаваў Жаркова ад пагібелі, але ён жа і не даў яму расправіцца з кулямётчыкам. Цяпер хлопец поціскам вялікіх пальцаў з помслівай злосцю адмераў дзве кароткія па пяць куль чаргі. «На! На! Ага, падавіўся!». Невядома, надоўга ці не, але кулямёт сціх, а сяржант, ухапіўшы хобат, кінуўся за сваімі.

Яны ўжо дабраліся да сярэдзіны балацявіны. Вячэрнія прыцемкі і хмызнякі як-колечы прыкрылі іх ад прыцэльнага агню, і тады між грукатаў і візгу імкліва вынырнула з вёскі ракета. «Лажысь!» − усім, хто мог чуць яго, крыкнуў Жаркоў і сам стуліўся пад лазовым кустом. Ракета, дымна-агністым следам прарэзаўшы яшчэ святлявае неба, абліла балацявіну яркім дрыготкім святлом, шыпучы і траскочучы, апісала дугу і скіравала ў хмызняк. Стала вельмі відна, на разбітым мінамі доле закруцілася, замільгала дзівосная блытаніна стракатых ценяў. Жаркоў крутнуўся, агледзеўся − у яе пранізлівым святле зводдаль не бачна было нічога, толькі побач, на другі бок куста, невядома адкуль узяўшыся, ляжала нечая постаць у перакручанай на галаве вушанцы. Не паспеўшы патухнуць у паветры, ракета ўдарылася аб лёд, падскочыла і, пырскаючы, хутка згарэла. Рэшткі яе святла крывавай чырванню адбіліся ў раскрытых вачах байца, распластанага на лёдзе, Жаркоў пазнаў яго і махнуў:

− Давай сюды!

Пасля ракеты стала зусім цёмна. Трасіруючыя чэргі адвярнулі ўбок, баец ускочыў і, прыгінаючыся, сігануў да сяржанта. Гэта быў Рыбчонак.

− Ротнага забіла! − сказаў ён нейкім незнаёмым Жаркову натужным крыклівым голасам. − Лейтэнанта забіла!..

− Так. Ціха, маўчы! − загадаў сяржант, адчуўшы, што ў гэтай іх бядзе вось сталася і горшае. − Памажы вось!

− Забіла! Як ударыла і ўсё! − голасна гаманіў салдат, азіраючыся наўкола. Сяржант падазрона паглядзеў на яго.

− Ты што, кантужаны?

Рыбчонак няўцямна цепнуў вачыма і махнуў на хмызняк.

− Лейтэнант? Там ляжыць.

Усё азіраючыся некуды ў хмызняк, баец ухапіў леваю рукой хобат, і яны ўдвох скоранька пабеглі, гулка загрукаўшы коламі.

Хмызняк усё паласавалі чэргі, яшчэ ўспыхнула і згарэла ў небе ракета, за ёй узляцела другая, асвяціўшы ўгары дымную вяроўку − след першай. «Трах! Трах!» − грымелі ў балацявіне выбухі, але, здаецца, байцы ўжо адарваліся ад ворага і выходзілі з-пад яго агню. Ззаду пад звечарэлым небам тулілася ў змроку вёска, захінутая дубцаватым вяршаллем хмызняку.

Жаркоў з Рыбчонкам падкацілі кулямёт да грудка, які невысокай узаранай з восені выспай перамежваў гэтую балацявіну. Ля іх і ззаду ўжо нікога не чутна было, мабыць, яны засталіся апошнія. Лёд тут канчаўся, няроўнай паскай ля берагу датайвалі на сакавіцкім сонцы рэшткі бруднага снегу. Надвячоркам яго падкаляніў мароз, і цяпер ён суха хрумсцеў пад нагамі і пад кулямётнымі коламі, якія прарэзалі ўпоперак яго дзве вузкія каляіны.

− Ты што, бачыў тое? − крыкнуў Жаркоў у самае вуха салдата.

− Ну, − сказаў Рыбчонак, зірнуўшы ў абсівераны, яшчэ малады, але ўжо з адзнакамі нялёгка перажытага сяржантаў твар. − Асколкам. Як дало − і мазгі вон.

Яны перавалаклі кулямёт цераз снег, далей было ворыва, дзе-нідзе ў барознах цьмяна бялелі няроўныя плямы снегу. Кулямёты ў вёсцы змаўкалі, толькі раз за разам там узляталі ракеты. Шыпучы па-вужачаму, яны згаралі над хмызняком, і па падсветленаму схілу пагорка невядома ад чаго кідаліся ўбакі даўжэзныя мітуслівыя цені.

Вывалакшы кулямёт на самы грудок, туды, адкуль яны пачыналі гэтую няўдалую атаку, і дзе ўжо можна было схавацца ад варожага агню, Жаркоў апусціў на дол хобат і хрыпата крыкнуў:

− Шостая рота, сюды!

Было ўжо цёмна. На захадзе, убаку ад балацявіны, ярка блішчэла на небе адзінокая зорка, ніжэй ад яе і збоч ціхенька запальвалася на ноч другая. Высокае пагоднае неба яшчэ свіцілася рэшткамі дзённага святла, а хмызняковая балацявіна ўжо зусім стулілася ў змроку. Заліты вадою і гразёй лёд страціў сваю цукрыстую, у рудых разводах белізну і ледзьве шарэў праз хмызняк.

Рыбчонак адразу выцягся ў доле і маўчаў, адсопваючыся, а Жаркоў нейкі час у знямозе сядзеў на грудку, чакаў сваіх і думаў.

Было відавочна, што рота разбіта дашчэнту. Ад тых дзевяноста чалавек, якія тыдзень назад пачыналі наступленне, уранку сёння заставалася дваццаць тры, а цяпер вось хоць бы сабраць палавіну іх. Пэўна, што наступленне выдыхалася, нямецкія сілы пабольшалі, артылерыя паадставала, у мінамётчыкаў не хапала мін. З наскоку цяпер не дужа што возьмеш, тое даказвала апошняя гэта атака. А тут яшчэ пагінулі камандзіры, напаткала вось смерць і лейтэнанта і, відаць, прыйдзецца пакуль камандаваць яму − апошняму сяржанту ў роце.

Першы з недалёкага хмызняку на грудок вылез Тарасікаў. Жаркоў здалёк яшчэ пазнаў свайго памагатага па кашлі, які не пакідаў байца з самай зімы. Кавылястай хадой слабасільнага падлетка ён прышкандыбаў да камандзіра, усё кашляючы, паставіў ля кулямёта скрынкі з патроннымі стужкамі і пачаў знімаць з-за спіны вінтоўку. Полы яго шыняля, грудзі і рукавы, як і ва ўсіх, былі чорныя ад вады і гразі.

Прыпаўшы да падмерзлай раллі, нейкі час усе трое цяжка натужна дыхалі і маўчалі, не ў стане пераадолець знямогі і роспачы. З вёскі зноў успырхнулі ў неба дзве ракеты запар − агністыя вужакі іх святла адбіліся ў хмызняку на лёдзе. Хлопцы прыгнуліся, прыпалі да самай раллі − у маладых, шырока расплюшчаных вачах Тарасікава ўзгарэўся і прапаў затоены пакутны страх.

− Ну, нічога, − сказаў Жаркоў, каб як-небудзь прыбадзёрыць людзей. Але падбадзёрыць, абнадзеіць не было чым: дужа ўжо мала засталося іх, а баявая задача так і не была выканана.

Знізу на пагорак шкандыбаў яшчэ нехта, адчувалася ў цемры, што ён паранены, і відаць было, як кульгаў, абапіраючыся на вінтоўку. Калі ён падышоў бліжай, Жаркоў пазнаў салдата з трэцяга батальёна, што ўчора прыбіўся да іх. Цяпер ён моўчкі прыплёўся да хлопцаў, з роспачнай самотай вылаяўся і лёг побач на дол, выставіўшы ў неба абматаную бінтамі босую нагу. Неўзабаве аднекуль збоку прыплёўся Гушчын, стары рыжавусы салдат з зямлістым тварам і вельмі невыразным глухім голасам. За гэты голас яго некалі на фарміроўцы празвалі Магілай. Таго, хто даў яму гэта недарэчнае прозвішча, даўно ўжо не было на свеце, а Гушчын усё быў жывы і не дужа, здаецца, і крыўдаваў, калі яго так клікалі. Ён нетаропка прывалюхаў да сяржанта, абаперся на вінтоўку і цяжка апусціўся на дол.

− Ну от даканалі… Ах ты гора горкае!.. Без артылерыі яно вядома − пяхота-матухна…

Ніхто нічога не сказаў яму, не запярэчыў і не пагадзіўся − усе былі падкошаны стомай, няўдачай і маўчалі. Жаркоў яшчэ пачакаў, паўзіраўся ў змрок. «Няўжо ўсе?» − з болем падумаў сяржант і ўсё ж не пераставаў чакаць. І праўда, хутка цераз снегавую паску ўнізе мільганула адзінокая постаць і неяк знедужэла пачала лезці ўгору.

− Сюды, давай! Сюды!

Чалавек збочыў на голас і неўзабаве падышоў да байцоў. Гэта быў вялізны мядзведзяваты Няроўны, ён некага валок на сабе. Калі ён наблізіўся, Тарасікаў узняўся яму насустрач і рупна падхапіў яго ношу. Удвох яны паклалі чалавека на падмерзлыя глыжы ў баразне.

− Вось, прынёс, − зморана сказаў Няроўны. − Пахаваць трэба…

Гэта быў лейтэнант Патапенка − камандзір іх роты. Раскінуўшы полы паўшубка, гэты некалі крыклівы нахрапісты афіцэр, цяпер абыякавы да ўсяго, ціха ляжаў у разоры. Усе, хто тут быў, прыўсталі з долу, паглядзелі на непрывычна сцішанага камандзіра, уздыхнулі, але ніхто не сказаў нічога. Адзін толькі Гушчын прастадушна закрэхтаў і, месцячыся за сяржантавай спіной, пачаў ладзіць закурку. Ён згарнуў цыгарку, дастаў з-за пазухі красала, трут і заляскаў у цемры. Некалькі слабых сініх іскрынак-зорачак зляцела з яго пальцаў. Яны, вядома, былі вельмі слабыя, каб іх убачылі ворагі, але раздражнёных панылых байцоў палохала і тое.

− Кінь іскрыць, Магіла дурная! − надтрэснутым голасам закрычаў Рыбчонак. − Усадзяць міну, тады накурышся!

Дальше