Пасля Жыццё - Васіль Быкаў 12 стр.


У Афгане інтэрнацыяналісты, у Чачні − федэралы. А ўсё на-шая моладзь гіне. Навошта яе гробіць? − разважаў Плешка, разьехаўшыся з трактарам, які валок за сабой віхлясты прычэп.

− У Чачню нашых не пасылаюць. А то б я, мусіць, зьехаў,− сказаў Ступак. − Ад жызьні такой.

− Ну і дурань! − проста адгукнуўся Плешка. − У Афгане не навучыўся?

Называецца, пагаварылі, − падумаў Ступак. Гэты пенсіянер Плешка меркаваў дужа па-свойску, маладзей-шыя ўсё ж былі інакшай думкі − што значыць розныя пака-леньні. Хаця Плешку што − ён атрымлівае пенсію, а што і дзе атрымае Ступак?

Ён добра выпіў тады ў бацькі, які жыў бабылём у край-няй ад лесу хаціне. Ды і ўсяго ў вёсцы засталіся чатыры ха-ты, у якіх ліпелі адзінокія старыя. Каровы ў бацькі даўно не было, не было нават курыцы. Ды і навошта? У двары за плотам расло некалькі баразён бульбы, хлеб прывозілі ў суседнюю вёску, давалі па дзьве буханкі на тыдзень, ста-рому хапала. I ён ня скардзіўся. Як прыехаў сын, схадзіў да суседа Петрака, прынёс бутэльку самагонкі, затым пры-клыпаў і сам сьсівелы сагнуты Пятрок. Старыя, нямоглыя, аднак, няблага выпілі з маладым, не спыняючы сваёй ня ду-жа разумнай старэчай балбатні, калі кожны цягнуў сваё, ня слухаючы іншага. Бацька захацеў, мусіць, пахваліцца пе-рад суседам і папытаўся ў сына, за што яму далі ордэн, такі ж самы, які і ён атрымаў у партызанку − «Чырвонай зоркі». Ступак без асаблівага ажыўленьня пачаў распавядаць.

− Ды пад Кандагарам было. Ехалі на маршы з батальё-нам Краўцова, толькі калона ўцягнулася ў «зялёнку», ну ду-хі і пачалі лупіць. Пярэдні БТР адразу палыхнуў, загарэўся,

хлопцы, бы гарох, − у канавы. А я, ведаеце, сьпярша прама-рудзіў, не пасьпеў выскачыць, у трэцім ехаў, а як ачомаўся, зразумеў: позна. Духі смаляць, а ў нас устаноўка «град» ста-іць пакінутая, пасьля аказалася, першага нумара забіла, а другі зьбег. Ну, я за ўстаноўку, Аньціпенка таксама пад-скочыў, стаў памагаць, як урэзалі мы па «зялёнцы», дык тыя духі − хто куды. Ураз выкурылі з зарасьнікаў, яны − у кіш-лак, канешне, а мы і туды перанесьлі агонь, ды з кулямётаў яшчэ, з зенітак − толькі ад дувалаў пыл хмарай да неба. Пась-ля тыдзень немагчыма было праз кішлак праскочыць, так сьмярдзела, хоць процігаз надзявай. Трупы людзей ды ска-ціны…

− Во, дык і мы ж, гэта самае, − у працяг сынавай размо-вы загаварыў зап’янелы бацька. − У партызанку. Ляжым у Гразкім балоце ў засадзе, ляжым і ляжым, нікога на даро-зе няма, толькі камары гудуць. Аж глядзім: едуць нямецка-фашысцкія захопнікі на фурманках. На пярэдняй немец гармонік у руках трымае, грае ці што? Але, мусіць, ня граў, так ехаў. Ну тут мы і ўрэзалі. Я ці ведаеш, з ручным куля-мётам быў, дык як лупану! Тыя − у канавы, а ў канаве так-сама кулямёт нарыхтавалі ды − па нас! А мы − па іх! А тым ча-сам ззаду яшчэ калона падышла іхняя, ну на падмогу. На-шыя і драпанулі. А я ж ня ведаў, што драпанулі, ды сяку па іх канаве са свайго «дзегцяра», ну і выбіў. I тады нашыя вярну-ліся па адным, камандзір Дзенісенка вярнуў. Ну і за тое мне праз паўгода − ордэн «Чырвонай зоркі», як палагаецца.

− Во героі! У адной сям’і бацька і сын! − п’янавата дзі-віўся Пятрок.

− А што ж, яе матары! Будзе вайна − зноў пойдзем. Проціў нямецка-фашысцкіх, чачэнскіх, мерыканскіх захоп-нікаў. НАТА гэтае прэ на ўсход…

Бацька зусім ап’янеў, сын паклаў яго на скамячаны

без прасьцінаў ложак, сам выйшаў на падворак падыхаць сьвежым вясковым паветрам. Блытаная гэта справа, вайна, думаў ён, карысьці з яе − гулькін нос. За пралітую кроў − дурацкія льготы. Як у гэтых старых − бясплатны праезд у ме-жах раёна. Куды ўжо ім ехаць, апроч як на могілкі.

З вёскі Ступак прывёз дзясятак пазычаных у суседкі яек, кавалак ёлкага леташняга сала і думаў, у каго раздабыць грошай на хлеб? Зноў давядзецца прасіць у Плешкі, хоць таму ён і так вінаваты тысячаў сто. Але, можа, дасьць і яшчэ. Сядзець увесь час у расчыненых дзьвярах гаражу было сьпя-котна і нудна, асабліва ў паўдзён, калі над падворкам наві-сала пякучае сонца. Ступак тады спрабаваў зачыняцца, але рабілася і яшчэ горш, і ён мусіў замыкаць гараж і куды-небудзь сыходзіць.

Неяк у нядзелю, дабрыўшы да прасьпекту ў цэнтры го-раду, згледзеў там штось незвычайнае, небывалае ў выход-ны дзень відовішча.

Найперш здалёк яшчэ ўчуліся шум, гамана, рух мноства людзей, што суцэльнай плыньню рушылі кудысь у напрам-ку да цэнтральнай плошчы, несучы нейкія лозунгі. Вецер угары матляў бел-чырвона-белыя сьцягі − мноства сьцягоў, аж да канца калоны, якая хавалася за перагінам вуліцы. Пачатак гэтага шэсьця ўжо мінуў завулак, дзе паявіўся Сту-пак, і хто там усіх вёў, не было відаць. Поруч жа шэсьце з абодвух бакоў атачалі міліцыянты. Адны з іх стаялі ў ня-роўных шэрагах, іншыя (мабыць, начальства) бегалі-міту-сіліся ў сваім міліцэйскім клопаце. Ступак сьпярша зьдзіў-лена прыпыніўся, уражаны відовішчам, а затым нечаканая хваля ўзрушэньня падхапіла яго з тратуара і вынесла да лю-дзей. Малады міліцыянт на краі тратуару спрабаваў засту-піць дарогу, ды Ступак плячом рашуча адпіхнуў яго і вый-шаў на асфальт − да ўсіх. Поруч на ўсю шырыню вуліцы ішлі і маладыя, і старыя, і сярэдняга веку мужчыны з жанкамі і дзяўчатамі; твары ва ўсіх былі прыемна-сьвяточныя, бяз звыклай паўсядзённай змрочнасьці ці нават нярэдкай па часе жорсткасьці. Уражвала вялікае мноства нацыяналь-ных сьцягоў, якія над людскімі галовамі паласкаў сьвежава-ты ранішні вятрыска. Трохі меней было плакатаў з розны-мі надпісамі, зробленымі часам прафесійна, а болей − ня ду-жа ўмелымі рукамі. Ступак, паазіраўшыся, прачытаў тыя, што былі бліжэй: «Беларусь − у Эўропу!», «Не − бальшаві-кам!», «Міліцэйскае пудзіла − у Менскае мора!» Якраз над яго галавой хістка калыхаўся лозунг-плакат, што нёс малады хлопец у джынсовай камізэльцы з мноствам кі-шанькоў: «Мы хочам есьці!» То было якраз пад настрой Сту-паку − ён таксама быў галаднаваты зранку, хацеў есьці і ня меў у кішэні ніводнага «зайца». I ён пайшоў разам з усімі,− ня надта борзда ступаючы ў бязладным натоўпе, стараючы-ся не наткнуцца на каго наперадзе, не ступіць на чыесьці запяткі. Грандыёзная суладнасьць людскога натоўпу нада-вала адчуваньне ладу і ўпэўненасьці, здавалася, гэткаю сілай яны дамогуцца чаго хочаш. А чаго дамагаліся, відно было з мноства плакатаў над галовамі. Хто мог адмовіць у законнасьці тых патрабаваньняў? Хто мог спыніць гэты шматтысячны паток гараджанаў?

Але неўзабаве паток чамусьці замарудзіў хаду, чым да-лей, тым болей людзі пачалі спыняцца. Некаторыя напера-дзе сыходзіліся шчыльней, рух пачаў заміраць, і было невя-дома: чаму? Пачуліся выкрыкі нязгоды ці, можа, пратэсту, і тады Ступак здагадаўся ў чым справа. Стараючыся не штур-хаць іншых, ён памкнуўся наперад, мінаючы найболей шчыльныя групы. У адным месцы прабег па тратуары пад но-сам у заклапочаных, спатнелых міліцыянтаў, якія таксама напружана ўзіраліся наперад. I тады яму стала відаць пера-шкода. Шэсьце ўперлася ў шчыльныя, бы спрасаваныя, тры шэрагі АМАПу, што ад сьцяны да сьцяны будынінаў выцяг-нуліся ўпоперак прасьпекту.

Ён і яшчэ праціснуўся наперад, каб лепей бачыць, што там робіцца. Аднак бачна было ўсё ж няшмат, чулася гама-на, мабыць кіраўнікі гэтага шэсьця спрачаліся з таўстым міліцэйскім палкоўнікам, што незразумела хрыпеў у трубу мегафону. За ім замерла сьцяна амапаўцаў − блішчастыя шчыты ля ног, шлемы-скафандры на галавах, грудзі ва ўсіх расьпіралі бронекамізэлькі, у кожнага чорная палка ў пра-вай руцэ. Але што былі гэтыя шчанюкі перад аб’яднанаю сі-лай тысячаў, акрыленых адзінаю мэтай свае праўды? Іх мож-на было сапхнуць за адну хвіліну. Нехта нават і крыкнуў з на-тоўпу штосьці накшталт «наперад». I тады раптам людзі збоч вуліцы неяк незразумела хіснуліся, воддаль страхавіта закрычала кабета. Ступак азірнуўся − з завулка ад пошты, клінам расьсякаючы натоўп, урэзаўся атрад амапаўцаў у кас-ках і са шчытамі. Гэтыя адразу ўзяліся працаваць даўжэз-нымі чорнымі палкамі − малаціць усіх без разбору, хто трапляў ім пад рукі.

Натоўп калыхнуўся ў адзін бок, у другі, некоторыя кінуліся назад − пад сьцяну будынку пачтамту, але і там не-вядома адкуль узяліся амапаўцы − ці не з дзьвярэй пачтам-та. Неўзабаве іх стала, здалося, ня меней, чым дэманстран-таў, яны расьсякалі натоўп на часткі і білі, калашмацілі, валілі на асфальт людзей − мужчынаў і жанок, хапалі, камячылі сьцягі і плакаты, якімі некаторыя спрабавалі ад іх бараніцца. Над вуліцай узьвіўся бязладны, зьдзічэлы крык і лямант; жаночы плач перамяшаўся з роспачнай мужчынскай лаянкай, і невядома было, хто лаяўся. Падоб-на, і тыя, і гэтыя.

Пасьля хвіліны зьбянтэжанасьці Ступак зразумеў, што трэба адсюль «ірваць кіпці». Ды, мабыць, зразумеў тое спазь-

нела. Першы ўдар гумовай палкай па сьпіне змусіў яго хіснуцца, ён спатыкнуўся аб кагось, хто ужо ляжаў на ас-фальце, але ўтрымаўся, ня ўпаў і пасьпеў азірнуцца на таго, хто яго выцяў. З-за выгнутага плаксіглазавага казырка ў яго ўтаропіўся счырванелы ад поту твар маладога амапаўца.

У той момант новы ўдар па плячы змусіў яго аж пры-сесьці ад болю. Ратуючыся, ён галавой наперад кінуўся праз парадзелы натоўп − прэч ад гэтых забойцаў. Але, му-сіць, ён прамарудзіў, упусьціў момант, і на яго накінуліся трое ці болей у касках. Каб уратавацца, ён з усяе сілы штур-хануў бліжэйшага са шчытом, які з металічным бразгатам паляцеў долу. Ступак што было сілы ірвануў па вуліцы да-лей − праз паблытаны ў бойцы амапаўскі шэраг на сусед-нюю вуліцу.

Сьпярша ён бег, чуючы, як там, ззаду, лемантуе, вые і лаецца нядаўна яшчэ такое мілагучнае шэсьце, і недзе за скверам равуць рухавікі міліцэйскіх «Камазаў», што, ма-быць, падвозяць падмацаваньне АМАПу. Ці адвозяць схо-пленых і пабітых. Побач абмінуў яго малады даўгалыгі хлопец у белай скрываўленай кашулі, што, азіраючыся, уз-рушана прамаўляў: «Шакалы!.. Шакалы!..». «Шакалы!», − сказаў сабе ў думках і Ступак, кіруючы сьледам па тратуа-ры. За імі, аднак, чамусьці ня гналіся, і ён пайшоў цішэй. Поруч беглі і яшчэ людзі, што вырваліся з тае пасткі, хтось з рэдкіх сустрэчных спалохана пытаўся, стоячы пад аб-дзертай сьцяной: «Што там? Што?». − «Ідзі, паглядзі!», − са злосьцю кінуў Ступак пенсіянеру з радамі каляровых планак на борце пацертага пінжака. Надта балела плячо, ён ледзьве варушыў рукой, думалася, ці не паламалі яны яму косьці? Трохі, аднак, спакайнеючы, завулкамі і пуст-камі нарэшце дабрыў да свайго падворку.

На шчасьце, ля гаражоў не было нікога, мусіць, гаражні-кі з раніцы разьехаліся па сваіх дачах-гародах. Ступак адна-руч ледзьве адамкнуў нутраны замок і, зашчапіўшыся, аб-лёг на сваю раскладуху. Самы час было расслаблена ўздых-нуць і застагнаць − так балела плячо. Але ён стрымаўся пры думцы, што яго могуць пачуць і толькі ў думках выла-яўся. Усё ж, мабыць, яго там згледзелі, можа, хто са знаё-мых, і хоць ён уцёк, знайсьці было няцяжка. Ён ведаў, што ў іх усё на ўліку: усе адрасы і прыкметы, сьведкі, стукачы, сексоты. Хіба ад іх схаваешся?

Ціха варочаючыся ад болю на рыпучай раскладусе пры зачыненых дзьвярах, ён услухоўваўся ў кожны гук-шолах знадворку. Чуў, як прыехаў на старой «Волзе» і адчыняў свой гараж Сазон. Лепей Ступак хацеў бы ўчуць траскотны гук рухавіка «Запарожца» Плешкі, ды таго не было, можа, заначуе на агародзе. Што рабіць далей − было невядома, мабыць, у гаражы доўга ня ўседзіш, паныла думаў Ступак. Зьехаць на вёску ці што? Але каб зьехаць, патрэбны грошы, хаця б на білет. Зноў жа, калі будуць шукаць, дык знойдуць і ў вёсцы — гэтыя ўсё могуць. Наконт зыску яны майстры, якіх ня ведае сьвет. Ступак прыгадаў, як некалі ў войску на дзьвярах іхняй прыбіральні нехта цьвіком надрапаў «Брэжнеў − мудак». Зьявіліся сьледчыя па асабліва важных справах, паўгода вялі сьледства, ператрэсьлі казарму, пера-цягалі ўсіх у хітры дамок контрразьведкі, а знайшлі. Пры-перлі, дык сам прызнаўся − першагодак з Мардовіі пакрыўдзіўся на старшыну і надрапаў тыя два словы − на сваю галаву.

Усё ж неяк Ступак перабыў тую ноч, спаў трывожным сном падбітага птаха − то засынаў, то прачынаўся, спрабу-ючы як зручней уладкаваць балючую руку. Душу апякала крыўда і злосьць: што ж гэта робіцца? За што? Што ён па-

рушыў, каму ён прычыніў шкоду? Завошта яго хацелі ска-лечыць? Выцялі па тым самым плячы, дзе яшчэ віднеўся сьлед-шнар ад душманскае кулі. Але ж гэтыя − не душма-ны, гэта ж свае. Хто ж іх так нацкаваў на мірны народ, чаму яны сталі карнікамі?

Але хто нацкаваў, было вядома. У гэтай краіне ўсё доб-рае і благое рабілася па камандзе аднаго чалавека. Усё за-лежала ад яго. Прачнуўшыся неяк пад ранак, згаладнелы і спакутваны ад болю ў плячы, Ступак раптам сьцяміў, што яго трэба забіць.

Як зрабіць тое, ён яшчэ ня ведаў, нават ня мог сабе ўявіць. Мусіць, для таго найперш трэба была зброя ці якая ўзрыўчатка. Але дзе яе ўзяць? Ад зброі залежаў і спосаб тэракту, значыць, найперш трэба зброя. Хаця б пісталет. Ці найлепш аўтамат, аўтамат Калашнікава, з якім ён ваяваў у Афгане. Ступак упершыню пашкадаваў, што сем гадоў на-зад прыехаў з Афгану з пустымі рукамі. Хаця з гэтай спра-вай там было строга: патрабавалі падпіску, што не вязеш ні-чога. Ды хлопцы везьлі пісталет ці гранату. Ён не адважыў-ся, думаў − навошта? Ён не зьбіраўся стаць кілерам, ён вяр-таўся на сваю родную «паштовую скрынку», дзе рабіў ней-кія штуковіны для ракетаў. Ці для космасу. Але «паштовая скрынка» накрылася адным месцам, і ён стаў беспрацоў-ным афганцам. Во лёс сабачы…

«Ну і хай! − лежачы на сваёй раскладусе, няпэўна думаў Ступак. − Кілер, па крайняй меры, гучыць. А то − тля! Я та-бе ня тля, ты яшчэ пазнаеш, хто я. Ня тое, што гэтыя дэма-краты. Наладзілі фэст, выйшлі, бы да касьцёлу. Не хапала музыкі. А ён на іх − гэтых двухногіх шакалаў у брані. Далі, аж пыл закурэў. Адлупілі, разагналі, пахапалі… Цяпер бу-дуць хадзіць да пракурора, апраўдвацца. Быццам пракурор не заадно з імі. Пракурор, можа, сам лупіў са шчытом, у камізэльцы. А што? Пад каўпаком не відно, не пазнаеш, хто цябе нявечыць. Усе яны − адно кодла. Не, так не даб’ешся нічога. Трэба яго стрэльнуць. А там будзь, што будзе. Чым так тухнуць у сьмярдзючым гаражы… Здохнеш і ня хутка здага-даюцца, што памёр. Як тая бабуся з першага пад’ез-ду, што тры тыдні праляжала ў зачыненай кватэры. Пакуль суседзі ня ўнюхалі»…

Так, яму вельмі патрэбная зброя.

Але найперш, мусіць, трэба было прыдбаць грошы. Бяз грошай ні чарта ты ня зробіш, самадзейны кілер-адзіноч-ка, нявесела думаў Ступак у ранішнім гаражным паўзмро-ку. Рашэньне, аднак, было прынятае, і ён не любіў мяняць сваіх нават і самых рызыковых рашэньняў. Такі ўжо быў ха-рактар. З тае ранішняй хвіліны ў яго паявілася мэта, што стала яго неадчэпным клопатам.

Ён яшчэ ляжаў у дрымоце, як знадворку пачуўся нягуч-ны металічны бразгат паблізу, і Ступак, счакаўшы, прыадчыніў дзьверы. Крышку ўбаку стаяла «сямёрка» да-цэнта Мінкевіча, якую той меўся загнаць у гараж. З гэтым інтэлігентам у Ступака не было ніякае дружбы, бо той тры-маўся на адлегласьці ад астатніх, асабліва ні з кім не тавары-шаваў, рэдка калі ішоў на размовы. I заўсёды кудысь сьпя-шаўся. «Сямёрка» яго заўжды была чысьценькая, бы сьве-жа памытая, хаця ўжо і ня новая, ды і сам Мінкевіч заўжды выглядаў па сучаснай модзе − з каротка падстрыжанай ба-родкай, у акулярах з тонкай аправай, ён зірнуў на Ступака і павітаўся. Ступак, каб пачаць размову, папрасіў закурыць, і той мусіў затрымацца ля расчыненых дзьвярэй гаража.

− Вы не маглі б мне пазычыць?

− Колькі? − спытаў Мінкевіч, з гатоўнасьцю дастаючы кашалёк. − На паўлітру?

− Трэба больш. Баксаў пяцьсот, − адважна вымавіў Сту-пак, аж зьдзівіўшыся сваёй адвазе.

− Ого! − шчыра зьдзівіўся дацэнт. − У мяне зарплата трыццаць баксаў у месяц.

− Дрэнна жывяцё, − паныла зазначыў Ступак. − А можа, ведаеце, каму гараж можна б загнаць?

Мінкевіч паціснуў плячыма.

− Дайце аб’яву ў газету. Цяпер жа там вунь колькі аб’яваў. Ці папытайце ў Валынца. Ён жа займаецца аўта-бізнэсам…

Валынца Ступак збольшага ведаў, той жыў у суседнім доме, нядаўна скончыў еўрарамонт кватэры, пад якую адкупіў ледзьве ня ўвесь паверх замызганай хрушчоўкі. Ця-пер любавацца на яго люстраныя, з мядовым адлівам вокны ў дзюралевых рамах зьбіраўся ўвесь падворак. Унізе ля пад’ез-ду часьцяком стаялі «Вольвы», «БМВ» ды «Мерседэсы» нярэдка з замежнымі нумарамі. Гэта быў тыповы «новы бе-ларус», і Мінкевіч меў рацыю. Гараж варта было прапана-ваць Валынцу.

Але злавіць гэтага бізнэсмэна было няпроста. Ягонага «БМВ» ля пад’езду не было відаць, у кватэру ж Ступак не пайшоў, казалі, там заўсёды ахова. Тады ён прысеў на лаўку насупроць дзюралевых вакон багацея, трохі счакаў. Рука ўсё балела, хоць і ня так як учора. Рухаць ёй Ступак усё ась-церагаўся і, сагнуўшы, далікатна трымаў пад крысом накі-нутага на плечы пінжака. Як на падворку зачасьцілі ранішнія прахожыя, неахвотна падняўся і падыбаў да сваіх гаражоў. Тут, як заўжды ўраньні, ужо паявіўся Плешка, узяў-ся ладзіць капрызьлівы «Запарожац».

− Што гэта ў цябе, − кіўнуў ён на руку, павітаўшыся.

− Ды так. Упаў.

− Выпіўшы?

Назад Дальше