Сахно буркнуў нешта ад здзіўлення, скрывіў вусны, але хуценька перахапіў трубку і далажыў, што слухае. У варонцы замерлі, насцярожыліся. Люся прыўстала на каленях і, ссунуўшы пад самую шапку тоненькія светлыя броўкі, упілася позіркам у квадратны твар намесніка камандзіра батальёна. Сахно тым часам дастаў з палявой сумкі карту, аднае рукой няспрытна разгарнуў яе і паўзіраўся ў аднае месца, трымаючы яе пад цьмяным святлом рацыі. Камбат устаў у рост і, відавочна нервуючыся, палез у кішэню за куравам.
Размова ў Сахно неўзабаве скончылася. Замкамбат далажыў, што зразумеў, кінуў: «Ёсць! Ёсць, таварыш дваццаты, ёсць» − і таксама ўстаў у варонцы, шоргаючы плашч-палаткай.
− Дакамандаваліся, − плюнуў убок камбат. − А ты што думаеш?
− Што ж падумаеш, калі загадана. Трэба атакаваць, − змрочна сказаў Сахно, зашпільваючы пад палаткай сумку. − Вайна не фунт ізюму.
− Цябе прызначыў?
− Так, − ваўкавата, без ранейшай шчырасці адказаў Сахно і гучным, сваім заўсягдашнім камандзірскім тонам аб’явіў у цемру:
− Падрыхтавацца да атакі. Ты, сяржант з шостай роты… як тваё прозвішча?
− Сяржант Жаркоў, − падказаў кулямётчык.
− Жаркоў? Камандую батальёнам я. Слухай задачу. Атрымаеш сувязістаў, яшчэ сапёраў дам, колькі будзе, ездавых, і атакуеш гэтыя праклятыя Ручайкі. Цераз балота. Чацвёртая і пятая роты − ад лесу. Сігнал атакі − чырвоная ракета. Гатоўнасць праз гадзіну. Зразумеў?
− Зразумеў, таварыш капітан.
− Шагам марш, − уладарна распарадзіўся новы камбат. − Цярэшкін, камандзіраў чацвёртай і пятай рот ка мне. Мінамётчыка таксама. Жыва!
Застаўшыся ў варонцы ўтраіх, яны нейкі час нялёгка і насцярожана маўчалі. Люся выключыла рацыю і развінчвала антэну, Сахно моўчкі і зацята стаяў у дне на льдзіне, Васілевіч адышоўся ўбок і сеў на краі варонкі.
Наўкола ляжаў чорны начны абшар. У небе высыпалі зоркі, з-за зубчатых верхавін хвойнікаў вылезла на небасхіл сцёртая палавінка месяца. Падмарожвала. Над хмызняком за пагоркам, недзе далёка на фланзе, міргалі, затухалі і зноў міргалі нябачныя адсюль ракеты, і шырокія размашыстыя водсветы гулялі ў небе. З вёскі − тых самых злашчасных Ручайкоў, якія не мог узяць батальён, − выпырхнула ў неба чарада трасіруючых куль, данеслася прыглушанае «тр-р-р-р-р-р-р-р».
Капітаны, зацяўшыся адзін на аднаго, маўчалі. Нешта раптоўна і нечакана здарылася між імі − нядаўнім камбатам і ягоным намеснікам, − яно нябачнаю сілай адразу раз’яднала гэтых нядаўна яшчэ, здавалася, блізкіх людзей. Недамоўленае і, можа, недадуманае тое адчувалі абое, але яны па-рознаму адносіліся да яго і таму маўчалі. Капітан Васілевіч, трохі пакрыўджаны і збянтэжаны тым, што адбылося, не ведаў, як лепей паставіцца да Сахно, каб выклікаць яго шчырасць, без якой яны ніколі б не маглі дамовіцца.
− Слухай, ты не спяшайся, − знарок супакоена сказаў Васілевіч. − Пад ранак, можа, артылерыя падыдзе, тады лягчэй будзе.
− А загад? − зашархатаў палаткай Сахно. − Загадана ж да ранка ўзяць.
− І думаеш возьмеш?
Сахно незадаволена патупаў на месцы, паварушыўся і, не адказаўшы, сеў на схіле варонкі па другі бок ад Васілевіча. Былы камбат з нейкім здзіўленнем паглядзеў у змроку на яго. Здалося капітану, што ягоны нядаўні намеснік неяк наўмысна адасобліваўся ад яго, замыкаўся і нешта таіў у сабе ад усіх. Такая няшчырасць не сказаць, каб была нечаканай у гэтым чалавеку (Васілевіч і раней прыкмячаў нешта затоена-уласнае ў Сахно, у стаўленні яго да іншых людзей − і падначаленых, і начальнікаў), але пакуль Васілевіч быў камандзірам батальёна, а ён − ягоным падначаленым, здавалася, усё між імі было добра. Праўда, цяпер вось становішча змянілася, мусіць, з ім змяніліся і іх узаемаадносіны. «Ось ты які!» − падумаў пры сабе капітан. Але тая новая рыса ў характары Сахно болей здзіўляла, чым непакоіла Васілевіча. Куды болей важна было, як дамагчыся, каб не трапіць з батальёнам у яшчэ горшую бяду з гэтай скараспешнай атакай.
− Слухай, звяжыся яшчэ раз і растлумач яму, − настойваў Васілевіч, маючы на ўвазе камандзіра палка. − Інакш загубіце батальён.
Люся, учуўшы гэта, перастала збіраць сваё начынне і запытальна зірнула на Васілевіча.
− Дык што, выклікаць?
− Няма чаго выклікаць! − з прыкрасцю азваўся Сахно, дачы тым зразумець радыстцы, што гаспадар рацыі ўжо ён, а не Васілевіч. − Прасіць яшчэ, угаворваць… Не дзеўкі! Загадана − атакуем.
Ён нервова ўскочыў і зноў затупаў ботамі ў дне варонкі. Люся ж яшчэ перапытала Васілевіча:
− Уключыць, таварыш камбат?
− Я ўжо не камбат, − сумна ўсміхнуўся ў цемры капітан. − Пытайце вун капітана Сахно.
− Згортвайце рацыю, малодшы сяржант! − афіцыйна загадаў Сахно. Люся без асаблівай увагі на яго словы, сваім чынам, не спяшаючыся, пачала збіраць антэну, шнуры, упакавала скрынку і паставіла яе на край ільдзіны, а сама скорчылася побач, наставіўшы каўнер кажушка і зябка захінуўшы калені.
Капітан Васілевіч кусаў у цемрадзі вусны і думаў, што калі ён не прадпрыме нечага найважнейшага, то быць заўтра самаму благому, што можа здарыцца на вайне − іх напаткае разгром. Немцы паспелі ўжо арганізаваць супраціўленне, батальён выдыхся за тыдзень наступлення па гразі і балотах, тылы адсталі, артылерыя таксама, − вядома, што сходу арганізаванай абароны ім не прабіць, тым больш, што і прабіваць ужо няма чым. Ён думаў, што калі б спакойна давесці ўсё гэта да камандзіра палка і прымусіць яго ўнікнуць у становішча батальёна, ён бы зразумеў і да часу адмяніў бы атаку. Камандзір палка быў упарты і наравісты чалавек, ззаду яму ўсё здавалася, што батальёнам не хапае ініцыятывы, што камандзіраў трэба прымушаць, прыкрыкваць на іх і што, калі добра паднаціснуць, дык можна дабіцца ўсяго, што трэба. Тое, што ён адхіліў Васілевіча ад камандавання, не вельмі турбавала камбата, ён ведаў, што камандзір дывізіі не пагодзіцца на тое, ды і сам камандзір палка адумаецца і праз які дзеньдругі зноў верне да яго ўладу. Так ужо было не адзін раз і не толькі з ім.
Капітан Васілевіч другі год ваяваў у гэтым палку і перажыў чатырох, розных па характары, яго камандзіраў. Некалі з паўгода ён быў камандзірам шостае роты, той самай роты, рэшткамі якой камандуе цяпер сяржант Жаркоў, пасля стаў камандзірам батальёна. Ён ведаў тут характары ўсіх афіцэраў і ўсіх старых салдат і сяржантаў, якіх, як умеў, вучыў і выхоўваў, і якіх хутка і няўхільна менела за час наступлення. Батальён быў нядрэнны, ротныя падабраліся ўсе смелыя дзелавітыя хлопцы, Васілевіч хоць і не на шмат апярэдзіў іх па гадах, але быў ім за старэйшага ў добрым сэнсе, яго паважалі і яму верылі, а ён давяраў. І цяпер вось камбат вельмі непакоіўся, што ад былога складу і ад былых добрых традыцый, аснаваных на ўзаемаразуменні і вайсковым узаемападначаленні, хутка нічога не застанецца. Сённяшняя атака пераканала яго, што няўдалае яе паўтарэнне прывядзе да пагібелі ўсяго батальёна. Вядома, нумар застанецца, прыйдуць і людзі − і камандзіры, і салдаты, батальён адновіцца, але калі ён, капітан Васілевіч уцалее, дык гэта ўжо будзе чужы, не яго, а іншы батальён. Таго ж, які ён скалочваў, як кажуць у войску, і палюбіў за стойкасць пад Ржэвам і ўпарты гераізм пад Дзямянскам, − таго ўжо не будзе ніколі.
Яшчэ Васілевіч быў упэўнены, што калі б Сахно дзейнічаў, як і ён, і праявіў бы настойлівасць у адносінах да камандзіра палка, дык той бы ўрэшце ўступіў. Але Сахно неяк дзіўна і раптоўна перамяніўся, заўпарціўся, відаць, нейкія іншыя, не зразумелыя Васілевічу намеры з’явіліся ў галаве яго былога намесніка.
Над хмызняком зноў пыхнуў шырокі водсвет, раздалася «кахках» і адначасна завізжэла ўгары. Васілевіч только паспеў прыжмурыць вочы, як непадалёк грымнула раз і другі. Цвёрдая змёрзлая зямля здрыганулася, і пагадзя некалькі асколкаў пляцнуліся ў траву непадалёк ад варонкі. Тым часам у небе зноў пыхнула і зноў завірашчэла ўгары. Васілевіч стрывожана паглядзеў у бок вёскі, Сахно неахвотна прысеў у варонцы. Адна Люся не кранулася з месца.
У гэты раз выбухі ірванулі ў тым месцы, дзе збіралася шостая рота.
− Каб не накрылі хоць, − заклапочана сказаў Васілевіч, услухоўваючыся ў ноч. − Заўважылі, мабыць. Яно і канешне: без камандзіра…
Але некалькі хвілін было ціха, пэўна, немцы проста трывожылі агнём. Тады Васілевіч, ачнуўшыся ад сваіх думак-клопатаў, устаў, ускочыў у варонку і стаў побач з Сахно.
− Слухай, Сахно! Ты разумееш, што будзе заўтра, калі атака зноў праваліцца? Батальён прабегае ноч і, вядома, не акапаецца? А калі заўтра контратака?
Аднак на Сахно і гэта не падзейнічала, ён бокам павярнуўся да свайго былога начальніка і з хвіліну маўчаў.
− Атака не захлібнецца, − пасля не дужа ўпэўнена аб’явіў ён. − Накручу хваста ротным − будуць старацца. А то ліберальнічалі з імі.
− Хто гэта ліберальнічаў?
− Дык было, − ухіліўся ад адказу капітан. Васілевіч нахмурыўся і засунуў рукі ў кішэні.
− Ты што маеш на ўвазе?
− А тое, што вы ўсё імкнецеся па-добраму, усё каб лады. А гэтыя лады да ладу не прывядуць. Ось што!
Люся, якая, здавалася, драмала дагэтуль, абыякавая да ўсяго, раптам ускочыла ад свае рацыі.
− А што ж, так як вы з усімі мацюгом ды мацюгом! На мацюгах, як на біцюгах, хочаце да Берліна даехаць?
Сахно павярнуўся і здзіўлена паглядзеў на яе.
− А ў вас хто пытае, малодшы сяржант?