Барада цяжка сеў на дубовую калоду, паглядзеў з-пад кусцістых чорных броваў уважлівымі вочкамі.
— Тамаш Дубыніч, — назваўся. — З Вугеркі. Князеў брат. А ты, дзеўка з Лыцавіч?
— Ільга.
Шэрыя вочкі спыніліся на Йураі. Дубыніч незадаволена цокнуў языком.
— Ідзеш па галаву цмока і цягаешся з не-людзем. Трасца, дзеўка, я нават і не ведаю, што горш.
— О, і не даведаешся, — нявінна азваўся Йурай. — Асабліва пра першае.
Ільга штурхнула языкатага паэта локцем. Дубыніч выскаліўся, паказаўшы рэдкія жаўтаватыя зубы.
— Бач, — працадзіў. — Размаўляе тут яшчэ.
— Гэта мой памагаты, — паспешліва ўклінілася Ільга. — Мой сябар.
Дубыніч засмяяўся на свой лад, сіпла і гаўкліва. Пасля пазмрачнеў.
— То гэта не-людзь напеў табе ў вушы, быццам ты зможаш забіць цмока? Ды яшчэ зусім адна?
— Не адна, — важка вымавіў Йурай. Дубыніч грэбліва звузіў вочы.
— Чаму вы тут? — спытала Ільга нецярпліва. — Цмок жа засеў у лесе.
— Думаем, — адказаў Дубыніч, скрывіўшыся.
Думалі яны, як выявілася, з заўчорашняй раніцы. Уночы ў небе над Вугеркай варта заўважыла цмока. Вырашылі: трэба прасачыць за пачварай.
— Бачылі тое папялішча на месцы Лыцавіч, — Тамаш Дубыніч патрос барадой. — Частцы сваіх вояў я загадаў застацца з пагарэльцамі. Буданы памагчы зладзіць, упаляваць там чаго.
Ільзе перахапіла сутаргай горла.
— Дзякуй, — ледзьве выціснула з сябе.
— Тут дзякуй, дзеўка, не дзякуй, усё адно, — Дубыніч пакруціў крывым носам. — У логавішча цмокава лезці — смерць, гэта ясна. Я сваіх людзей, бач ты, у цмокаву пашчу кідаць не надта ахвочы. Во і сядзім. Была адзін час думка — лес падпаліць, каб гада выкурыць адтуль.
— Глупства ж чыстае, — чмыхнуў Йурай. Дубыніч зноў ашчэрыўся на яго і з пагрозлівым хрустам размяў магутную шыю.
— Агнём звера ніяк не выкурыш, — таропка патлумачыла Ільга. — І праўда, глупства: цмокі ж цеплалюбівыя. Гэты яшчэ й вогненны.
— Цеплалюбівыя яны, трасца іх вазьмі, — недаверліва прабурчаў Тамаш. — Нос яшчэ не дарос, а, бач ты, цмокавую завядзёнку яна ведае.
Ільга падышла да мапы на стале, асцярожна адсунула ўбок княскую пячатку. Павяла па выявах і паметах пальцам, уважліва аглядаючы ваколіцу.
Цмокаў лес цягнецца далей на поўнач, далёка-далёка, сягаючы поймы навіпольскай ракі. З захаду падпіраецца парослымі травою ўзгоркамі, заступае ўвесь правы бераг звілістай Вугеры ажно да каменных парогаў.
— Вось, — Ільга тыцнула ў чарнільную пазнаку на пергаменце. — Гэта ж мост, так?
Дубыніч, крэкчучы, падняўся на ногі, у адзін крок апынуўся побач, засоп, падслепавата водзячы крывым носам па мапе.
— Калінаў мост, — пацвердзіў. — Стары, праўда, ледзь ліпее. На поўначы, бач ты, зараз ёсць больш зручная пераправа, то гэты мост і закінулі зусім.
— Ну, гэта, мабыць, і да лепшага, — Ільга засяроджана пацерла лоб. Дубыніч зноў засоп — з недаверам.
— Надумала штось, дзеўка?
Ільга ўсміхнулася:
— Ёсць такое нешта, ага.
Гэта нешта віравала і бурліла ўнутры яе, біла сярэбранымі малаточкамі. І радасна было, і трохі вусцішна — ці атрымаецца.
— Не блазнуй, дзеўка, — нахмурыўся Дубыніч. — Цмок жа зжарэ і не заўважыць нават: ты яму — што тая муха.
— Не зжарэ, — упэўнена мовіў Йурай. Дубыніч закаціў вочы, забурчаў, што з не-людзя і ўзяць няма чаго, ды і не шкада не-людзя, а вось дзеўку дурную няма чаго на такое пад'южваць.
— Табе б, трасца мяне вазьмі, яшчэ ў лялькі гуляць, — са шкадобаю дадаў Дубыніч. — Далібог, дзеўка. як там цябе, Ільга? Давай, можа, дам табе каго з сваіх малойцаў, завязуць цябе хоць у Вугерку, хоць куды хочаш.
Абражаная Ільга ўзялася ў бокі.
— Лепей дапамажы мне ўпаляваць цмока, калі такі добры.
Дубыніч гнеўна засоп, скрыжаваў цяжкія рукі на грудзях.
— То мо ты мне раскажаш, як жа, трасца яго вазьмі, таго цмока ўпаляваць, га? Калі такая, бач, разумная?
— О, вядома, — амаль весела паабяцала Ільга. — Раскажу.
Разлік быў досыць просты: не лезці ў пячоры пад лесам, а прымусіць цмока самога з іх выйсці. Завабіць у прыдатнае месца — і ўжо там з ім расправіцца.
— На мосце, значыць, — заклапочаны Дубыніч пачасаў бараду. — Хітра.
— Не зусім на мосце, — выправіла яго Ільга. Уражаны Дубыніч падняў калматыя бровы.
— То ты хочаш яго ў ваду скінуць?
— Вугера перад парогамі надта халодная, — патлумачыла Ільга. — Цмок ад холаду саслабне, здранцвее.
— Хітра, — паўтарыў Дубыніч. Слізгануў позіркам па мапе, пастукаў тоўстым пальцам па княскай пячатцы, падціснуў вусны.
— Але сваіх вояў у яго бярлог я не адпраўлю, — сказаў сурова. — Мала нас тут, каб... Пашлю каго да князя, хай яшчэ які тузін малойцаў прышле.
Кажучы так, дробна стукаў пальцамі па стале, глядзеў убок, неяк па-сабачы вінавата. Вялікі, моцны, занадта добра памятаў смуроднае папялішча ў Лыцавічах і абгарэлыя косткі пад попелам.
І — баяўся. Ільга нечакана адчула чужы страх, ліпкі, пакутлівы, перамешаны з сорамам. І падумала: хіба ў боязі можна каго вінаваціць?
— Я сама выбаўлю цмока з пячор, — сказала вельмі роўным голасам.
— Ты?..
Ільга кіўнула.
— Як жа гэта — адна?
— Табе ж сказалі, чалавечы сын, — мовіў Йурай. — Яна — не адна.
Дубыніч змерыў паэта доўгім непрыязным позіркам, пасля сустрэўся з паэтам паглядам — і, скалануўшыся, адвёў вочы, увесь надзьмуўся, наморшчыў лоб.
— Зробім так, дзеўка, — загаварыў Дубыніч, павольна, з цяжкасцю падбіраючы словы, быццам супраціўляючыся самому сабе. — Мы, я і мае малойцы, на світанні рушым да Калінавага моста. Паглядзім, што ды як, усё ўладкуем. Будзем. чакаць.
— Чакаць вы майстры, я гляджу, — мімаходзь заўважыў Йурай. Дубыніч толькі заскрыгатаў зубамі.
— Дабро, — таропка згадзілася Ільга, паціху торгаючы паэта за вышываны рукаў. — А я завяду цмока ў пастку.
— То дамовіліся, — заключыў Дубыніч, з сілаю пляснуўшы па стале, нібы прыпячатваючы ўласныя словы. — А пакуль адпачні трохі, ці што. Як толькі развіднее, рушым.
Навальніца над белымі шатрамі патроху адкотвалася прэч, бурчала ўжо далёка за зялёнымі пагоркамі. Дождж суцішыўся, і сыры вецер падымаў галаву з высокіх лугавых траў, гарэзліва абтрасаў з іх долу апошнія кроплі. Хмара мінула, адкрыла цёмнае сіняе неба, яшчэ злёгку кранутае барваю з захаду. Сонца села, зусім схавалася за ўзгор'ем, таму цемра ўсё гусцела, налівалася сінню. У нябеснай вышыні высыпаліся і заззялі частыя зоры — буйныя, касматыя. Свяціліся халоднаю нябеснаю расою, пазначаючы вялікую Птушыную Дарогу, адвечны шлях у вырай.
Іскры вогнішч віліся роем залатых пчол, падымаліся ўверх, змешваліся з зорным россыпам. Ільга ленавата сачыла за імі, закінуўшы галаву. Знайшла — як бацька вучыў калісьці — і Траіх Сясцёр, і Стажары, і Вялікі Воз. Над Лыцавічамі, яна памятала, усе сузор'і быццам бы былі такія ж самыя — а быццам і не. Паспрабуй яшчэ разбярыся.
Бязгучна вынырнуў з цемры Йурай, прысеў на бервяно побач. Пакінуў быў лютню і знік кудысь, як у ваду кануўшы, а зараз зноў з'явіўся — з самым спакойным тварам. Здымаў з доўгіх рукавоў прысталае лісце, паглядаў на агонь, ціхенька насвістваў.
— Вядома, хадзіў і глядзеў, — адказаў на Ільзіна пытанне ў сваёй звычайнай манеры. Тая адно галавой пахітала, але не здзівілася і не пакрыўдзілася: неяк прызвычаілася.
— І што ўбачыў?
— Што ж, мост там сапраўды ёсць, — адказаў Йурай, з асалодаю пацягваючыся. — Каменны. І сапраўды лядашчы. Ад цмокавых пячор вярсты тры. Але гэта напрасткі.
— То бок, гэта для ваўка там тры вярсты, — прабурчала Ільга. Паэт паківаў, зірнуў на Ільгу — і ўсміхнуўся ледзь заўважна, самым краёчкам вуснаў.
— Паспі, чалавечае дзіця. Ночы слепяць вочы, а раніца — зладзіцца.
Сонная Ільга ўпотайку пазяхнула ў кулак.
— А сам? — спытала строга. — Зноў жа бегаў ваўком абы-дзе. Стаміўся, мусіць, як... хм... сабака?
Йурай запляскаў у ладкі.
— Анічога ад цябе не схаваеш, — заўважыў весела. І дадаў мягчэй: — Спі, Ільга, спачывай. Заўтра доўгі-доўгі дзень.
Ільга сяк-так прыладзілася на пасцеленым на траву плашчы, скруцілася, падклаўшы руку пад шчаку. Прыплюшчыла вочы — і адразу ж рэзка правалілася ў сон, цёмны і глыбокі, як начное неба, без сненняў — і трывожных, і радасных. Прачнулася таксама рэзка, прахапілася ў адзін момант, быццам нехта штурхануў, быццам і не спала зусім. Вогнішча апала, полымя сышло ў вуголле, адпачывала ў прыску. Па зямлі адчувальна цягнула халадком і пахам попелу, ныла спіна, і галава была мутная ад кароткага сну. Яшчэ не развіднела як след, але па даляглядзе на ўсходзе ўжо прайшла светлая палоска, якая ўсё шырылася, ружавела, а зоры дрыжэлі, цьмянелі, знікалі. Саступалі месца новаму дню.
Йурай сядзеў тут жа, зусім побач, нібы і не кранаўся з месца, важдаўся са сваёй лютняй, схіліўшы светлую галаву. Лютня ціхенька дзынкала, шчодра рассыпаючы прыгаршчы спеўнай сярэбранай вады, а незадаволены паэт моршчыўся, хмурыўся, шаптаў засяроджана:
— Не тое. Не так! З-зараза.
І спеўная вада слухмяна адкотвалася назад, зноў звівалася ў мудрагелісты ўзор, зноў рассыпалася, вірыла, узвівалася. Мусіць, падобна гучала чароўная музыка над возерам — у Ільгі ад аднаго ўспаміну закруцілася ў галаве, бо ажыло рэха той песні пад зводам чэрапа.
Добра было ляжаць вось так, зябка скурчыўшыся пад плашчом, ля згаслага вогнішча, глядзець праз прымружаныя веі і слухаць ціхуткую музыку, заключаную ў кола бясконцых паўтарэнняў. І не варушыцца, і нават дыхаць цераз раз, каб нічым не выдаць сябе, каб ціхмяны спеў мог падоўжыцца, патрываць яшчэ хаця б трошачкі.
— Ну, добрай раніцы, — раптам няголасна сказаў Йурай, не падымаючы галавы. — Трэба ўставаць, Ільга. Час.
Яна падскочыла ад нечаканасці, паружавела і села, затрэсла галавой. Воі з Вугеркі таксама ўжо не спалі — перагукаліся, перакідваліся жартачкамі і лаянкаю, згортвалі шатры, сядлалі коней. Ільга, пазяхаючы, неслухмянымі рукамі скруціла плашч, пайшла па роснай траве да пярэстай, што пасвілася непадалёк. Кабылка заржала прывітальна, сунулася носам ёй у плячо, старанна вымагаючы пачастунак.
— Потым, — паабяцала Ільга. Пярэстая з'едліва чмыхнула — мусіць, паспела набрацца ганарыстасці ў аднаго паэта з Курганова Поля.
Дубыніч, падобны ў ранішнім паўзмроку да жывога пагорка, адно з ускудлачанай барадой, ужо ў поўным узбраенні цяжка тупаў вакол коней. Пакрыкваў, падганяў сваіх малойцаў, нават пагражаў камусь кулаком. Пабачыў Ільгу і прыпыніўся, паважна кіўнуў са сваёй вышыні.
— Будзем, дзеўка, спадзявацца, што ўсё зладзіцца.
— Будзем, дзядзька, — адгукнулася яна, пагладжваючы пярэстую па шаўковай шыі. Дубыніч гучна засоп, нават раскрыў быў рот, каб нешта сказаць, але ў самы апошні момант перадумаў.
— То стрэнемся на Калінавым мосце, — кінуў толькі, нейкі прыцішаны і пахмурны, як стылы восеньскі ранак.
Затрубілі ў баявы рог. Гарачыя шэрыя коні хрыпелі, закідваючы галовы, білі капытамі, прадчуваючы дарогу. Вершнікі з Вугеркі, усе ўкрытыя чырвонымі плашчамі, са сваімі мядзведжымі шчытамі за плячыма, урэшце крануліся з месца — з шумам, тупатам, свістам. Ехалі на захад, да зялёных узгоркаў, аб'язджаючы цмокаў лес па дузе, і хутка зніклі, расталі ў прыцемку. Ільга колькі часу глядзела ім услед, кусаючы вусны, адчувала сябе да крыўднага маленькай і слабой. Пасля прыкрыла вочы і глыбока ўдыхнула, прагна ўцягваючы ў сябе водар вільготнага лугу.
— Хадзем, — мякка мовіў Йурай, паклаўшы ёй руку на плячо. — Час.
Пайшлі.
Цмокаў лес набліжаўся быццам сам па сабе, незалежна ад Ільзіных высілкаў, быццам па сваёй волі — спачатку на крок, а там — і на два, і на дзясятак. Разрастаўся наперадзе, шырыўся, пакуль, нарэшце, не раздаўся ў бакі, распаўшыся на асобныя дрэвы — ясені, елкі, хвоі, на зараснік у падлеску — шызыя трапяткія парасткі асіны, пахкія белыя воблакі чаромхі, разное лісце малінніку. І рассыпаўся на колеры, пахі, птушыныя галасы, аглушыў і збянтэжыў. Ільга неяк падсвядома чакала жудаснага мёртвага месца, з асмаленымі галінамі, з павыпаленай зямлёй. А лес — жыў.
Матылі, белыя, пунсовыя і сінія, кружылі над чарнічнікам паабапал зарослай дарогі, падалі на ружовыя і блакітныя пралескі, на нясцерпна-жоўты чыстацел. Там — адпачывалі, паважна дыхаючы крыльцамі. За сцяною ядлоўца, сыта парохкваючы, праходзілі са сваімі вісклівымі вывадкамі дзікі. Слізгалі пад зарослыя сырым мохам карчажыны ціхія вужы, глядзелі са сваіх сховаў уважлівымі вачыма-пацеркамі. Бессаромна бразгаталі рудыя сойкі, з рэзкім свістам пераляталі з галіны на галіну асцярожныя вяхіры. Кукавала зязюля — сонна, няўпэўнена адлічвала чыйсьці гады. Заблытвалася, прыпынялася, задумваючыся на імгненне, і пачынала нанова.
Лес жыў спакойным і размераным жыццём. Як быццам і не хаваў у нетрах крыважэрнага драпежніка. Або, магчыма, гэты драпежнік таксама быў часткаю ляснога жыцця — як і любы іншы драпежнік, хоць танканогі воўк, хоць вастравухая рысь, хоць непаваротлівы мядзведзь. Ільга сутаргава павяла плячыма, толькі задумаўшыся над гэтым.
Чым глыбей у лес, тым болей было пазнак змяінай прысутнасці. Спачатку зніклі птушыныя галасы і дзелавітыя крокі звяроў — усе тыя галасы, увесь той няспынны кіпучы рух, якім толькі што быў ахоплены лес. Пасля адчувальна пацягнула гарам, і ў хуткім часе зеленаватае лясное святло адступіла. Наперадзе чарнеў прагал — той прадбачаны, выпалены, маўклівы, мёртвы, а пасля зялёнай лясной таўкатні — яшчэ больш жудасны. Быццам вяха на шляху да цмокавых пячор, быццам напамін пра злавеснага звера ў самым сэрцы леса.
— Адсюль ён узлятаў, — Йурай агледзеўся, крануўся рукою зламанай абгарэлай хвоі. Ільга, акінуўшы вачыма паваленыя, як ад буры, дрэвы, толькі сціснула кулакі і рушыла наперад.
За паласою абгарэлых дрэў зноў радасна зелянеў лес, але цішыня пад яго полагам была, здавалася, яшчэ больш густою і цяжкою. Дробныя часцінкі попелу насіліся ў паветры, пахруствалі на зубах, набіваліся ў нос, у вочы, настойліва ліплі да скуры. Падала голас вада — то зарослы багуном лясны ручай, схаваўшыся ў неглыбокім яры, бадзёра скакаў у рэчышчы з чырвонай гліны.
З асцярогаю спусціліся на дно яра і пакрочылі следам за вадою. У гліне ля звонкай плыні Ільга ўхапіла звыклым вокам і ямінкі ад капыткоў казуль, і клінапіс птушыных слядоў, і выразныя частыя адбіткі лісіных лап. І яшчэ, паверх усіх астатніх, іншыя, незнаёмыя сляды — трохпальцыя, глыбокія, у тры Ільзіны далоні даўжынёю.
— Праходзіў тут колькі разоў, мабыць, на вадапой, — прагаварыў Йурай, вывучыўшы сляды. І дадаў паўшэптам: — Ужо блізка.
— Блізка, — рэхам паўтарыла Ільга.
Пайшлі як мага цішэй па трохпальцых слядах — цмокаваю сцежкаю. Хутка ручай вільнуў, пераскочыў цераз асклізлыя альховыя карані, упарта пракладаючы сабе дарогу праз рознакалёрны друз, нанесены працавітаю вадою. За каменным россыпам маячылі чырвоныя скалы — добра ўкрытыя зелянінай, зарослыя травою ды мохам. Некалькі маладых хвоек ускараскалася на самы верх, гайдала слабымі галінкамі, быццам ад ветру.
Але ветру тут не было — гэта цяжка дрыжэла сама зямля, мерна скаланаючыся.
— Нібы. дыханне, — прагаварыла Ільга. І — зразумела.
Пад чырвонаю скалою чарнеў цмокаў ход — агромністы правал у цемру. Трохпальцыя сляды спярэсцілі чырвоную гліну перад пячораю, так што іх можна было чытаць, як кнігу. Ільга адрозніла і досыць свежыя сляды, яшчэ выразна акрэсленыя, і даўнія, з акругленым краем, паўсцёртыя, запоўненыя дажджавою вадою ды ігліцаю. На некалькіх блізкіх хваінах — на вышыні двух-трох яе ростаў — заўважныя былі сляды кіпцюроў ды падпаліны, а да смалы там і сям прысталі невялікія залатыя лускавінкі.
З цемры патыхала невыноснаю гарачынёю, ад якой спірала дух і слязіліся вочы, і душным трывожным звярыным пахам. І тое, і другое надта занепакоіла пярэстую: кабылка забілася, заржала тоненька, баязліва. Йурай ласкава пакудлаціў пярэстую па галаве, шапнуў штось на вуха — і тая вокамгненна прыціхла, супакоілася.
— А з цмокам? — шапнула паэту Ільга. — Што, з цмокам гэтаксама зрабіць нельга?
— О, хочаш праверыць? — таксама шэптам адказаў ён з заўсёднаю сваёю кпліваю усмешкаю. Ільга паціснула плячыма. Падумала: наўрад цмоку спадабаецца, калі Йурай паспрабуе яго пагладзіць. Ды і каб шапнуць штосьці змею на вуха, паэту давядзецца ўскараскацца на хвою. І, вядома, папярэдне вельмі ветліва папрасіць таго стаяць на адным месцы ўвесь гэты час.