Сэрца мармуровага анёла - Рублеўская Людміла 11 стр.


І гэты, з дазволу вашага, калекцыянер выставіў наверх, як найвялікшую каштоўнасць, штампаваную парцэлянавую пастушку, якой прыкрашала свой камод якая-небудзь нэпманша!

Ад абурэння я пачала разважаць услых, і вартаўнік сярдзіта азваўся:

— Наракаеце на дурнога дылетанта — не ўмеў ацаніць багацці, якімі валодаў, і шанаваў кіч? А вы ведаеце, што толькі дзякуючы такім «дылетантам», як Цудко, і захоўваецца большасць скарбаў нашай культуры? Не вы ж, прафесіяналы-тэарэтыкі, выкопваеце з кучы друзу чарапкі, не вы з-пад каўша экскаватара выносіце кавалкі старажытнай скульптуры… Урэшце, усе гэтыя рэчы стаяць тут, яны не выкінутыя на сметніцу, дачакаліся вас, каб вы пра свае «адкрыцці» у дысертацыі напісалі. І ўсё — дзякуючы вясковаму дылетанту.

Мой апанент распрастаў спіну, вочы яго свяціліся непадробным інтэлектам…

— Хто вы такі? — вырвалася ў мяне.

Вінцук адразу змяніўся, нібыта надзеў выпадкова згубленую маску.

— Вартаўнік я.

І адвярнуўся, пачаў старанна ўхутваць скульптуры радном. Але позна — цяпер я была ўпэўненая, што парадак у гэтым скляпенні быў невыпадковы і дрэва было адрэстаўрыраванае менавіта ім. Але паколькі ён не жадаў заводзіць са мной размовы на гэтую тэму, я мудра замаўчала і ўзяла са стэлажоў яшчэ некалькі папак. Вінцук адышоўся ў цемру далёкага кута, паваждаўся там і прынёс мне яшчэ нейкія паперы.

— І гэта пачытайце, вам цікава будзе.

Я выйшла за Вінцуком наверх, яшчэ раз падзівіўшыся фундаментальным дзвярам і адмысловаму набору замкоў.

А наверсе нас ужо чакалі. Фальстафаўская фізіяномія старшыні яшчэ больш ільснілася і расплывалася ва ўсмешцы. Мусіць, таму, што на гэты раз усміхаўся не толькі мне, але і іншым важным гасцям — найперш прыгожай жанчыне ў пясцовым футры. Калі я была ў вёсцы экзотыкай, дык гэтая кабета мусіла здавацца прыхаднем з іншага свету — не таго, адкуль прывіды, а таго, дзе ездзяць у студзені загараць на Гаваі, а ў ліпені адпачываюць на горналыжных швейцарскіх курортах… Жанчына нецярпліва пастуквала аб драўляную абдрапаную падлогу дасканалым боцікам з казачнай срэбнай скуры на высокім абцасе. Светлыя валасы гэтак жа дасканала закручваліся ў локаны, вялізныя шэрыя вочы раўнадушна-ўпэўнена пазіралі на свет. Твар з вытанчанымі рысамі здаваўся лялечным. Аднак угадвалася за гэтай лялечнай красою ўнутраная сіла, ці, хутчэй, уладарнасць. Таму я не адразу разгледзела двух спадарожнікаў прыгажуні, хаця яны таксама заслугоўвалі ўвагі,— бамбіза ў кажуху, не раўнуючы целаахоўнік, і дзядзечка ў доўгім чорным паліто з каракулевым каўняром і ў каракулевай шапцы. «Прынцэса» і яе світа… Старшыня мітусіўся:

— Вінцук, Вінцук, адчыняй хутчэй скляпенне! Вера Сцяпанаўна жадае паглядзець. Ну, хутчэй жа! Давай ключ, я сам адчыню, а то цябе не дачакаешся.

Я паглядзела на свайго нядаўняга экскурсавода і здзівілася. Ён стаяў ля сценкі, засунуўшы рукі ў кішэні ватоўкі, і такі каменны зрабіўся ягоны твар, нібыта ён сам быў часткай нейкага надмагільнага барэльефа.

— Не адчыню.

Мне падалося, што «Фальстаф» зараз лопне ад гневу.

— Ды ты ведаеш, каму адмаўляеш?

— У тым і справа, што ведаю.

«Прынцэса» толькі холадна ўсміхнулася. Бамбіза, відаць, сапраўды целаахоўнік, няспешна падышоў да вартаўніка і працягнуў далонь.

— Давай ключы. Сам дай, а то… Старшыня аж клекатаў:

— Цудко, няхай зямля яму пухам, нікога не пускаў… Цяпер гэты… Там жа адно ламачча, нікому не патрэбнае!

— Гэта не вам меркаваць.

Вінцук стаяў, як каменны рыцар. Бамбіза ўзяўся за яго ватоўку.

Не першы раз даводзілася назіраць такія сцэны… Праўда, звычайна «новыя беларусы» не сустракаюць супраціву — дый тут з боку мясцовых улад, відаць, не сустракаюць. Сунуць сто баксаў — і забіраюць бясцэнныя рэчы. А мы пасля разглядаем фотаздымкі ў каталогах замежных аўкцыёнаў, каб дапоўніць чарговы раздзел айчыннай гісторыі мастацтва. Ці яшчэ горш — забяруць старажытную скульптуру дзеля прыкрасы лецішча, скалечаць па сваім гусце, расфарбуюць, пагаблююць, не спадабаецца — знішчаць. У паціры, у якім прычасце выносілі, кактэйлі змешваюць. Спыніць іх не ў маёй уладзе, але на адкрыты скандал яны не пойдуць, дакладна. Я прадставілася, пералічыла ўсе свае рэгаліі і высокіх асоб, што мяне сюды накіравалі, і запэўніла, што пакуль не зраблю вопіс экспанатаў, якія ўяўляюць цікавасць для майго музея, пакуль не будзе складзены адпаведны акт аб перадачы азначаных рэчаў, ніякіх экскурсій не можа быць. Яшчэ што знікне, а мне пасля адказвай перад гісторыяй.

— Гісторыя перажыве, — прыгажуня працэджвала словы скрозь зубы. — Гісторыя не тое перажывала.

— Вельмі рады пазнаёміцца з вамі, калега, — гэта вылез наперад дзядзечка ў паліто. — Я таксама мастацтвазнаўца, эксперт сталічнага антыкварнага салона. Так што, думаю, мне…

— Абяцаю, калі адбудзецца інвентарызацыя, запрашу вас на агледзіны. А пакуль, выбачайце, я прадстаўляю інтарэсы дзяржавы.

Бамбіза рваўся ў бойку, але «прынцэса», відаць, перадумала, павярнулася на сваіх высокіх абцасіках і пайшла. На развітанне яна кінула доўгі позірк на Вінцука, які, аднак, аніяк не адрэагаваў.

«Фальстаф» пабег услед за гасцямі, пасля вярнуўся. Паколькі з двух аўтарытэтаў засталася толькі я, усё жаданне дагадзіць было скіравана ў адзін бок.

— Выбачайце, Кацярына Аляксееўна, за інцыдэнт. Проста людзі вельмі цікавяцца мастацтвам. А гэты… аблом… не пускае. Ну што здарылася б дрэннага, калі б людзі па-глядзелі?

— А хто гэтая аматарка мастацтва? Старшыня трохі замяўся:

— Жонка Вячаслава Бутава.

— Знаёмае прозвішча, па тэлебачанні часам рэкламны ролік круцяць. Страхавая кампанія ў яго, ці што?

— Так. Але, ведаеце, такія цудоўныя яны людзі, ну такія чулыя… Два гады таму зусім нечакана іх фірма дала нашаму пасёлку грошы на новую школу. Пяць гадоў адзін падмурак стаяў… А цяпер за год выштукавалі — не горш чым у горадзе школка!

Вінцук пачаў мыць уквэцаную нагамі сённяшніх наведнікаў падлогу, няспешна шоргаючы шэрай мокрай анучай. Чамусьці ягоныя мерныя рухі нагадалі мне Харона ў чоўне мерцвякоў.

3

Я ішла за старшынёй па рыпучым снезе — бялюткім, якога ў горадзе не бывае — і гадала, чым выкліканы інтарэс жонкі айчыннага фінансавага бонзы да сціплага местачковага музея. Тым больш да сховішча, у якім не было нічога, што магло б зацікавіць «новых беларусаў». Хутчэй яны маглі б паквапіцца на паліраваны сакрэтнік ці фальшывую кітайскую вазу. Нашто ім пашчапаная драўляная скульптура, чарапкі, надмагільныя камяні ці ржавыя краты, а тым больш мясцовыя архівы векавой даўнасці? Гэта ўсё сапраўды цікава, але толькі для спецыялістаў. Можа быць, варта было б сапраўды пусціць гэтую кампанію ў скляпенне, няхай паглядзяць і супакояцца. Надта ўжо мне не спадабаўся «прынцэсін» бамбіза.

Але я чамусьці ўстрымалася ад таго, каб выказаць слушную прапанову старшыні. З сельсавета патэлефанавала ў Мінск, дамовілася, што заўтра да мяне ў дапамогу прышлюць кагосьці з музея. Паабяцалі нават выслаць «рафік» па экспанаты, якія «мая мастацтвазнаўчая вялікасць» палічыць вартымі для перавозу ў музей сталіцы. (Мармуровага анёла і некалькі драўляных скульптур дакладна трэба будзе забіраць.) Гэта была вялікая перамога, відаць, падрыхтаваная Альбертавымі намаганнямі. Часам я нават шкадую, што вырасла ў Мінску. Прынамсі, ёсць амаль стопрацэнтная верагоднасць, што калі ты нарадзіўся ў вёсцы ці мястэчку і дасягнуў хоць невялікіх, але поспехаў у навуцы, мастацтве ці літаратуры, тваё імя будзе шанавацца на «малой радзіме», згадвацца ў рознага кшталту краязнаўчых выданнях як гонар раёна, а твой фотаздымак упрыгожыць стэнд школьнага музея. А ў нашым доме жывуць два кандыдаты навук, не лічачы мяне, доктар эканомікі, былая балерына, нават стары паэт-песеннік. І суседзі звяртаюць на нас увагі куды менш, чым на ўладальніка «форда» з другога паверха, які завёў серабрыстага колі і зрабіў у кватэры еўрарамонт. Так што пра ягоную круглую ванну з падводным масажам ведаюць усе чатыры пад'езды, а маю кнігу пра магістральныя міфалагічныя матывы ў беларускім мастацтве ХVІ стагоддзя не ведае ў доме ніхто.

Прыступы маніі вялікасці мне хаця і ўласцівыя, як і пераважнай большасці маіх калег, але звычайна не зацягваюцца. Я пачала знаёміцца са змесцівам вынесеных са скляпення папак. У адной былі стосы нудных справаздач — і тады існавала бюракратыя! Колькасць пудоў збожжа і коп сена, сабраных па губерні. Судовыя паперы, падабраныя зусім выпадкова, ніякай храналогіі ці сэнсавай сувязі, нібыта іх выцягнулі навобмацак са смеццевай кучы, хаця, хутчэй за ўсё, так і было. Некалькі «свецкіх альбомаў» павятовых паненак з бясконцымі ўклеенымі «голэмбямі,» анёлкамі і віньеткамі: «Анэля, мілая Анэля, цвіці, як ружа ў майскі дзень». На жаль, у кола знаёмстваў гэтых паненак відавочна не ўваходзілі ні паэты, ні мастакі нават сярэдняга ўзроўню. Нарэшце я ўзяла ў рукі невялікі стос жоўтых папер, перацягнуты выцвілай стужкай, які даў мне Вінцук. Калі на гэтых лістах замільгала прозвішча князёў Палецкіх, я зразумела, што натрапіла на цікавае. Гэта былі копіі афіцыйных папер і два асабістыя лісты, што тычыліся працэдуры разводу княгіні Палецкай, да шлюбу — Даратэі Вяржбіцкай, шляхцянкі, з князем Адольфам Палецкім. З запісу судовага паседжання, якое адбылося ў студзені 1910 года, вынікала, што княгіня Палецкая сама пачала справу аб разводзе. Муж здраджваў ёй з нейкай дзявіцай Ваўчок, зацята гуляў у карты, прамантэчыў усе сямейныя грошы. Так што і ў княгіні, і яе адзінаццацігадовага сына жыццё было не мёд. Да таго ж князь Палецкі ўладкаваў хлопчыка ў нейкую дабрачынную гімназію ў Вільні, і княгіня, у супярэчнасць мужу, лічыла, што дзіцяці там кепска і яго трэба неадкладна адтуль забіраць. Ну і яшчэ адзін довад — шлюб паненкі Вяржбіцкай і князя Палецкага адбыўся без згоды нявесты, але «пад нялітасцівым прымусам шляхціца Вяржбіцкага», бацькі нявесты, і самога жаніха. Паколькі няверны муж папракаў жонку-бунтаўшчыцу тым, што ўзяў яе за сябе «голую і босую», што азначала — без багатага пасагу, княгіня мусіла быць незвычайна прывабнай — іначай чаго б такі лавелас яе дамагаўся? Праўда, князь і сам даўно не меў таго багацця, якім валодаў некалі род Палецкіх, — мусіў жыць у Наўі, куды ранейшыя Палецкія выязджалі толькі на паляванне.

Чым далей я чытала паперы, тым менш сімпатыі выклікаў у мяне князь Адольф. Ён паліваў жонку брудам. І кахалася яна да вяселля з мясцовым доктарам, чалавекам «нядобранадзейным», і кепска выхоўвала сына, і не дбала аб гаспадарцы, і чытала не тыя кніжкі, і ездзіла без дазволу мужа ў вандроўкі… Чым скончылася судовая справа, з папер я не даведалася. Быў яшчэ ліст пана Вяржбіцкага, бацькі княгіні Палецкай, з папрокамі на адрас няўдзячнай дачкі, перасыпаны памылкамі і выразамі «клянуся крыжом твайго дзеда», «хай цябе ратуе ад граху крыж твайго дзеда». На канверце значыўся адрас наўеўскай паненкі Анэлі Дубоўскай з пазнакай: — «для перадачы Даратэі Палецкай». Гэта было ўсё, калі не лічыць паловы аркуша, выдранага з нейкага прыватнага ліста. Магчыма, ліста княгіні Палецкай да сяброўкі, таму што там згадваўся «бессардэчны чалавек, які не дае разводу толькі з-за жадання памучыць», а таксама «бедны хлопчык», якога маці не можа забраць дадому без згоды бацькі. Аркуш абрываўся на загадкавай фразе: «Талісман, што прыносіць нашаму роду адны няшчасці, хаця ты і раіла мне яго прадаць і скарыстаць грошы для паляпшэння майго бядотнага становішча, я нарэшце наважылася аддаць спачылым. Ім ён не прынясе таго зла, якое прыносіў нам».

Бедная княгіня… Мусіць, у яе сапраўды быў раман з мясцовым «нядобранадзейным» доктарам. Уяўленне паслужліва намалявала сцэну таемнага спаткання пад старым дубам, няўдалае выкраданне нявесты, дуэльныя пісталеты ды іншае сентыментальна-рамантычнае шалупінне. Тут жа па асацыяцыі я ўспомніла карціну, якую бачыла ў цудкоўскім музеі, «Шлюб пад прымусам». Цікава, магчыма, гэтая карціна мела рэальны прататып?

Пра ўсё гэта я думала ўвечары на мансардзе драўлянага дома, які належаў новаму дырэктару Наўеўскай школы Анатолю Андрэевічу. Менавіта тут мяне пасяліла начальства. Вядома, «умовы» знаходзіліся на двары, унізе шумна гулялі дырэктаравы дзеткі, ва унісон гулі тэлевізар і радыё… А гаспадыня з чыста беларускай гасціннасцю кожныя пятнаццаць хвілін «забягалася», каб удакладніць, ці не трэба мне чаго, ці буду я есці яешню са шкваркамі, ці лепш дастаць для мяне з каморы алею. За бяскрыўднымі гаспадарчымі пытаннямі праглядалася цалкам зразумелае жаданне бліжэйшага знаёмства. Але гэта ўсё-ткі быў асобны пакойчык, з акна якога бачыўся сярод заснежанага поля далёкі будынак былой школы. Я задуменна глядзела на цьмяны агеньчык у акне першага паверха, дзе, відаць, атабарыўся ваўкаваты Вінцук, і спрабавала ўявіць рэаліі местачковага жыцця стогадовай даўніны. Вось да ганка з калонамі пад'язджае экіпаж, падбягаюць слугі, з экіпажа грацыёзна выходзіць захутаная ў футра жанчына…

Тут мае мары перарваліся, таму што да панскага дома сапраўды пад'язджаў экіпаж, праўда, сучасны. Святло фараў выхапіла з цемры ўхутаныя ў прывідную шэрань постаці дрэў — ганаровую варту зачараванага замка… Хто і навошта ў такі час прыехаў у музей? Відаць, меў рацыю Альберт, калі казаў: — «Парасцягваюць…» Мільганула разумная думка: «Ну якая мая справа…»

…І я хуценька збегла ўніз. Не ведаю, якімі эпітэтамі ў думках узнагароджваў мяне гаспадар, дабрадушны аматар рыбалкі і Чэхава, але ўсё-ткі апрануўся і пайшоў са мною да былой школы.

Каля княскай рэзідэнцыі пабліскваў лакіраванымі бакамі шыкоўны джып. Мне падалося, што ў машыне сядзіць нехта ў серабрыстым футры. Праз адчыненыя дзверы школы чуліся галасы, дакладней, адзін злосны голас, і грукат. Я кінулася туды. Мой гаспадар сунуўся за мною, хоць я амаль фізічна адчувала ягоную неахвоту лезці не ў сваю справу. Сярод вестыбюля ўзвышаўся знаёмы бамбіза са світы шэравокай «прынцэсы». Ён, відаць, «крута» размаўляў з вартаўніком па тым жа пытанні, што і днём, таму што Вінцук, у раздзёртай на плячы сіняй кашулі, спрабаваў узняцца з падлогі, дзе, пэўна ж, апынуўся не па ўласным жаданні.

Пры нашым з'яўленні бамбіза неахвотна выціснуў усмешку:

— Трэба ж, зноў сустрэліся… А мы сюды па сумачку Веры Сцяпанаўны заехалі. Шукалі вось… Ну, добра, я пайшоў. Да сустрэчы, барадаты…

Мы не спрабавалі яго затрымаць. Аўтамабіль ад'ехаў. Дырэктар вылаяў гарадскіх бандзюг і пачаў нудна выгаворваць Вінцуку наконт дысцыпліны, відаць, спаганяючы злосць, што меў на мяне. Вінцук, не слухаючы начальніка, прамовіў мне абыякавае «дзякуй»і зноў зацяўся, як камень.

— Можа, у міліцыю паведаміць? Ці медыцынская дапамога вам патрэбна?

Вартаўнік моўчкі пахітаў галавой, а Андрэевіч ад маіх слоў усхваляваўся. Навошта шум падымаць? Вартаўнік сам вінаваты: пусціў чужых на аб'ект аховы.

Ну, не трэба дык не трэба… Сёння яны сюды наўрад ці вернуцца. Даме, напэўна, час ванну прымаць. Я не сумнявалася, што ў машыне сядзела «прынцэса».

Адыходзячы, я азірнулася на дом, які ў цемры набываў страчаную веліч. Скрозь дошкі, якія шчыльна закрывалі вокны другога паверха, у адным месцы прабіваўся праменьчык святла. Дзіўна… Можа, падалося? Не, свеціцца, праўда, толькі калі глядзець пад пэўным вуглом.

Дырэктару пра сваё адкрыццё я нічога не сказала. Па дарозе дахаты гаспадар, узрадаваны, што інцыдэнт вырашыўся, распавёў мне пра свайго папярэдніка на гэтай пасадзе. Цудко меў славу дзівака, хаця яго ў акрузе паважалі. Ён з няўрымснай энергіяй збіраў у свой музей старыя збаны і посцілкі, сямейныя архівы і рэшткі архіваў мясцовых устаноў. Калі руйнавалі царкву і касцёл з будынкам семінарыі, выцягнуў адтуль усё, што мог, дакладней, што там засталося. Драўляная скульптура, якую я бачыла, валялася ў сутарэннях касцёла, які з трыццаць дзевятага года і да свайго зруйнавання выкарыстоўваўся як склад. Андрэевіч быў яшчэ маленькім хлопчыкам, але памятаў, як бурылі касцёл, як Цудко ўгаварыў трактарыста і той перацягнуў адтуль да школы некалькі мармуровых скульптур і з дзесятак магільных пліт. З усяго захаваўся ў музеі толькі бачаны мной анёл ды тры надмагільныя пліты князёў Палецкіх. Астатнія, казалі, забрала раённае начальства. Я ведала, што гэта значыць — айчынныя нуварышы купляюць старыя каменныя надмагіллі, знішчаюць надпісы і выкарыстоўваюць для ўшанавання памяці памерлых сваякоў. Добры мармур набыць цяжка. А тут яшчэ і з гатовымі малюначкамі трапляецца. Вартаўнік з'явіўся ў школе два гады таму, Цудко ўладкаваў яго перад самай сваёй пенсіяй. Адкуль той Вінцук узяўся — ніхто не ведае; Цудко сказаў, што гэта ягоны далёкі сваяк. Па Наўі адразу пайшлі чуткі, што сваяк выйшаў з псіхіятрычнай бальніцы. Дый гэта ад пачатку было відаць, што чалавек «з прыветам», — з выгляду, як бадзяга, да сялянскай працы не змусіш, толькі дровы сячэ ды ўлетку траву пакосіць вакол школы. Ні з кім не гаворыць, ніхто да яго не прыязджае. Трэба будзе пераводзіць музей у новую школу, але там усё не змесціцца. Давядзецца аддаць большую частку экспанатаў у раённы музей. Рэчы ёсць прыгожыя, шафка, напрыклад, і вазы. Але без іх спакайней. А тады што з вартаўніком рабіць? І выгнаць шкада — прападзе чалавек, забамжуе.

Назад Дальше