Мы агледзелі надмагіллі. Пад адным з іх, чорным, з выявай перакуленай паходні, некалі спачывалі Ганна Даратэя Палецкая з роду Кішак і Антоній Валенты Палецкі, яе муж. Абое жылі ў васемнаццатым стагоддзі. Яшчэ адна пліта, з прыгожага шэрага, з ружовымі жылкамі мармуру была з магілы іх дачкі, Агнесы Палецкай, памерлай у шаснаццацігадовым узросце. Пліта была трэснутая напалам, відаць, таму яе і не забралі сучасныя марадзёры. У цёмным куце ляжала яшчэ адно надмагілле, на якім некалі, па старым звычаі, быў высечаны барэльеф у выглядзе статуі нябожчыка. Каму перашкаджала выява памерлага — невядома, але ад статуі добра захаваліся толькі ступакі ног, па якіх было зразумела, што тут ляжаў рыцар у поўным узбраенні. Відовішча жудаснае, нібыта сапраўдны зганьбаваны труп.
— Ну, дасць Бог, сёння збольшага ўсё агледзім, — прагаварыла Нюта, падвязваючы шчыльней вакол галавы стракатую хустку ў кветкі.— Заўтра і дахаты. Табе добра, ты вольны птах, а ў мяне дома кіндэры. Пакінь іх надоўга — невядома, што вытвараць. І бацька не ўпільнуе.
Вінцук павесялеў — цудкоўская калекцыя набывала афіцыйны статус. Заставалася агледзець анёла. Ён быў вялікі, у рост чалавека. Здавалася, яго немагчыма скрануць з месца — анёл схіліў калені ў самым куце, упёршыся крыламі ў сцены, там, дзе пачыналіся стэлажы. Вінцук памармытаў у бараду, прынёс тоўстую вяроўку і абкруціў анёла, які ў жаху пазіраў на свайго катавальніка белымі вачыма.
— Ён што, адзін збіраецца яго зрушыць? — прашаптала мне Нюта.
Та-ак, відаць, з мазгамі ў майго Монтэ-Крыста сапраўды не таго… Між тым Вінцук нацягнуў вяроўку, напружыўся… і анёл скрануўся з месца. Нюта таксама ўхапілася за вяроўку, учапілася і я. Анёл пасоўваўся наперад рыўкамі, нібыта грэшнік поўз на каленях да месца пакарання. Нарэшце ён спыніўся, якраз пад лямпачкай пасярэдзіне скляпення. Нюта па-сяброўску пхнула Вінцука ў плячо:
— Ну ты, Геркулес, спецыяльна трэніраваўся, ці што?
— А гэта я, каб пацвердзіць прымаўку — сіла ёсць, розуму не трэба, — прабурчэў задыханы Вінцук.
— Як, ты яшчэ і гаварыць умееш? — не прапусціла «ўшчыкнуць» наўеўскага мізантропа мая сяброўка.
Вінцук зачырванеўся, закашляўся…
І мы ўтраіх пачалі абмяркоўваць скульптуру. Відаць па ўсім, шаснаццатае стагоддзе. Вінцук заўважыў, што хаця майстар і мясцовы, і адчуваецца адсутнасць школы, аднак за ўзор узятая італьянская скульптура. У Гародні ў касцёле ёсць анёл дакладна ў такой самай позе.
— На жаль, — замагільным голасам абвесціў Вінцук, — мы, беларусы, вельмі любім наследаваць чужым узорам, замест таго каб працаваць, як Бог паклаў на нашу, беларускую, душу. Таму й атрымліваецца ў нас усё наперакасяк.
— Глядзіце, тут нешта напісана! — падала голас Нюта.
Сапраўды, злева, там, дзе засталіся рэшткі ад п'едэстала, на якім некалі стаяў анёл, віднеліся літары… Верхняя частка надпісу. Мы пачалі разбіраць яго, і ў нас атрымалася нешта накшталт «Segitur Nemupodus ultor atergo deus». На жаль, знаўцаў латыні сярод нас не было, і мы пачалі гадаць.
— «Deus» — гэта зразумела, Бог, «ultop», здаецца, ці то «гнеў», ці «помста»…
Вінцук уздыхнуў і наважыўся прызнацца пры Нюце:
— У мяне тут лацінскі слоўнік ёсць… Праўда, маленькі…
Па Вінцуковым слоўніку мы вызначылі, што «ultор» сапраўды значыць «помста», «seqatur» — «пераследуе». Слова «tergo» мы вызначылі як форму ад «tergum» — «спіна». У спалучэнні з прыназоўнікам «а» гэта мусіла значыць прыблізна «за спінай». Значыць, гнеў Божы пераследуе нейкага «немвподуса». Нічога падобнага на таямнічага «немвподуса» ў слоўніку не было.
— Або гэта значыць «грэшнік» ці «злачынца», або гэта нейкае асабістае імя або мянушка… — стомлена сказала Нюта.
— Можа… — пагадзілася я. — Немвподус… А можа, мы нешта не так прачыталі?
Вінцук зноў нахіліўся з ліхтаром да анёла, пашкроб літары пазногцем.
— Па-мойму, тут не «p», тут «r». Цяжка прачытаць, кавалак адбіты.
— Значыць, «немвродус»…
— Ну і што нам гэта дае? — скептычна зазначыла Нюта.
— Немвродус… Немврод… — мяне асяніла. — Радуйцеся, што я такая інтэлектуальная! Так называлі Ісава, брата Іакава, з біблейскай прыпавесці. Таго самага, які прадаў брату права першародства за талерку супу! Нават цытату памятаю: «Немврод — моцны паляўнічы перад Госпадам Богам!» Паляўнічы! Паляўнічы… Лоўчы! І помста Божая за неадплачанае злачынства!
Я пераможна зірнула на Вінцука. Анёл некалі вартаваў магілу лоўчага Грыня Вяржбіцкага!
— Ну вось і сапраўды знайшлі ключ ад таямніцы. Цяпер пастараемся высветліць, дзе раней гэты анёл быў. Андрэевіч, на кватэры якога я жыву, кажа, што памятае, як яго трактарам сюды валаклі.
— Які ключ? Што ты зноў за таямніцы развяла? — накінулася на мяне Нюта. Але я моўчкі складала паперы.
Андрэевіч, якога я нахабна выцягнула з утульнага кабінета новай школы, доўга вадзіў нас па заснежанай пустцы між прадуктовай крамай і нарыхтоўчым пунктам, дзе некалі знаходзіўся касцёл. Правільней, вадзіў адну мяне — Вінцук, які змяніў галёшы-пантофлі на валёнкі, моўчкі цёгся за намі, нібыта ў якасці носьбіта майго мальберта, а здарожаная Нюта пажадала мне хутчэй угаманіцца і пайшла адпачываць.
Мы знайшлі месца, дзе некалі знаходзіўся анёл, — не ў самім касцёле, а звонку, у нішы. Там захаваліся рэшткі сцяны. Што ж, месца вядомае. I што цяпер рабіць? Раскопваць гурбы?
7
У дырэктаравым доме Нюта пасябравала з гаспадыняй і дапамагала ёй чысціць бульбу. У такія моманты я заўсёды востра адчуваю сваю недасканаласць. Ну чаму я не здольная вось так нязмушана сыходзіцца з людзьмі, гэтак спрытна ўпраўляцца са спрадвечнымі жаночымі справамі… Ды яшчэ не ўмею схаваць, што ад гэтых спрадвечных… мяне нудзіць. На кухні накрылі стол. Нюта спявала народныя песні, на што яна вялікая майстрыха. Андрэевіч з жонкай на ўвесь голас падцягвалі. Дзеці смяяліся. Паласатая котка вуркатала і церлася аб ногі. Весела было… Як на хрэсьбінах у багатага суседа. Я ледзь выпрасілася да ложка, атрымаўшы ад Нюты абвінавачванне ў адарванасці ад народу.
Я стаяла ў цёмным пакоі і глядзела на будынак панскага дома. Снег блішчэў у блакітным святле месяца, як атлас. Я ўспомніла карціну Вінцука, і падалося, што над вёскай сапраўды ляціць прывідная кавалькада… Сэрца сціснула туга. Я ўявіла, як мой новы знаёмец сядзіць цяпер адзін у пустым доме сваіх продкаў, куды штохвілю могуць завітаць нягоднікі… Але, хутчэй за ўсё, ён — у сваёй майстэрні і працуе, адасоблены ад свету, недасяжны для зямнога і жорсткага. Я машынальна круціла ў руках ліхтарык. Націснула кнопку… Уявіла, як прамень ляціць, паступова рассейваючыся ў цёмным паветры, бяссілы асвятліць тое, што аддзелена ноччу… Раптам у далёкім акне былой школы таксама загарэўся і згас агеньчык ліхтара. Як быццам стукнуўся ў маё сэрца… Значыць, мы цяпер глядзім адно на аднаго, самотныя ў гэтай начы, у гэтым холадзе, у гэтым свеце…
Знізу даносілася песня пра Касю, якая пайшла воду браці. Я раптам адчула такую тугу, такую адвержанасць ад гэтага месца — са мной бывае, — што апранула футра і кінулася ўніз. Нюта, занятая размовай з Андрэевічам, няўважна зірнула на мяне праз прыадчыненыя дзверы кухні.
На ўсялякі выпадак я прагаварыла:
— Я хутка…
Няхай думаюць, што пайшла ў прыбіральню. Услед даносілася:
Ціха… Толькі снег парыпвае пад нагамі, злятае срэбнымі мятлушкамі з чорнага неба. Зоры, знізаныя ў каралі сузор'яў, ажно сляпілі вока. Адчуванне дзіўнай волі пад гэтым цёмным небам, пад гэтымі вострымі зорамі, пах дыму, брэх сабак, светлыя адбіткі на снезе ад вокнаў зліваліся ў адну неверагодна жывую карціну, якую б я хацела — але ніколі не здолею напісаць.
За маімі плячыма не было магутнага дырэктара, таму я думала толькі асцярожна падысці да музея і паглядзець, ці няма слядоў новага нападу. Наблізілася да варотцаў і ціха стаяла, углядаючыся ў цёмныя вокны. Здаецца, усё нармальна. Снег замятаў ледзь бачную сцяжынку да дзвярэй. Раптам яны расчыніліся. На парозе стаяў Вінцук і моўчкі глядзеў на мяне. Я адчула сябе няёмка. Падумаеш, князь…
Пракрычала ад варотцаў:
— У вас усё ў парадку?
Ён падбег да мяне, заграбаючы снег галёшамі. Чамусьці выглядаў усхваляваным, нават голас дрыжэў.
— Я так часта доўгімі начамі стаяў перад акном, углядаўся ў цемру… Марыў, што да мяне вось-вось нехта прыйдзе. Нечая постаць выплыве з вераснёвага дажджу ці студзеньскай завірухі… І ведаў, што гэта толькі мары. І вось — вы…
Я не была падрыхтаваная да такіх рамантычных слоў і зусім разгубілася.
Вінцук, відаць, зразумеў, уздыхнуў і зноў загаварыў звыкла спакойна і крыху іранічна:
— Ведаеце, Кацярына Аляксееўна, я ціхі не толькі ўзімку. Абяцаю схаваць рамантычныя настроі ў кішэню ватоўкі. Князь Палецкі запрашае вас у свой палац, і можаце быць спакойныя за сваю рэпутацыю.
І раптам неяк па-дзіцячы пакрыўджана:
— Слухайце, я зараз змерзну.
Мы зноў сядзелі сярод карцін і старой мэблі. І… сварыліся. Я сцвярджала, што трэба найхутчэй абнародаваць інтрыгу з каралеўскім крыжам, магчыма, праз публікацыю ў прэсе. Арганізаваць раскопкі на месцы гіпатэтычнай магілы Грыня Вяржбіцкага. Карацей, зрабіць усё магчымае, каб каштоўнасць не трапіла ў мафіёзныя рукі. Вінцук, наадварот, прапаноўваў захаваць у таямніцы ўсё, пра што мы даведаліся, і пакінуць памерлым іх маёмасць разам з праклёнам.
— Грэх выцягваць з магілы на Божы свет тое, што вечна будзе несці з сабой спакусу сквапнасці і зайздрасці! Вы ўявіць сабе не можаце, які ланцуг злачынстваў можа за ім пацягнуцца! Нават калі, у лепшым выпадку, вы паспееце выкапаць крыж першай, наўрад ці вам удасца перадаць яго ў музей. У вас ёсць гарантыя, што не знойдзецца майстар, які заменіць яго падробкай? Вы ўпэўненыя, што нашы «органы аховы правапарадку» застрахаваныя ад элементарнай карупцыі ці шантажу, што вас жа не арыштуюць за зніклую таямнічым чынам каштоўнасць? У Льва Талстога ёсць прыпавесць пра двух святых манахаў, перад якімі зваліўся проста з неба мех з грашыма. Адзін манах кінуўся бегчы прэч. Другі падумаў, што хоць грошы і ад злой сілы, але могуць паслужыць дабру, і ўзяў іх. Пачаў будаваць лячэбніцы, раздаваць жабракам міласціну. Калі манахі сустрэліся зноў, выявілася, што той, што збег ад спакусы, захаваў сваю святасць, а другі, які ўзяў грошы, страціў яе!
— Вы проста іпахондрык! — крычала я. — Вы і з карцінамі сваімі так — нібыта талент дадзены вам для ўласнае ўцехі. Не вамі дадзена — не вам яго і хаваць ад людзей! І пра скульптуру — вы ж ведалі яе сапраўдную каштоўнасць, а дзеду не сказалі. Няхай бы стары пры жыцці парадаваўся.
— Чаму вы думаеце, што я не гаварыў? Ды хто ж вар'ята слухае. А карціны… Вы б хацелі, каб я зладзіў выставу, учыніў перформанс, уразіў артыстычны свет сваёй ватоўкай і галёшамі ў спалучэнні з вытанчанай каларыстыкай? Навошта? Для мяне нічога няма важней за ўнутраную волю. А сувязь з матэрыяльнымі рэчамі, прывязанасць да каштоўнасцей свету гэтую волю парушаюць. Як толькі чалавек перастае быць гатовым без жалю пакінуць усё, што мае, ён робіцца рабом гэтага!
— А хто вам даў права лічыць сябе вольным ад свету? — абуралася я. — Вы не змаглі стацца пустэльнікам, не падманвайцеся. Вас моцна трымаюць зямныя жарсці. А вы не думалі, што Гасподзь абраў вас сваім інструментам, каб праз вашы творы нешта дадалося да агульнай духоўнасці? Хіба можна адпрэчыць галоўны сэнс мастацтва — служыць камертонам прыгажосці, які настройвае душы на ўспрыняцце ісціны?!
Пан Палецкі толькі іранічна бліснуў вачыма.
— Сучаснае мастацтва ідзе хутчэй па шляху дэструкцыі, разбурэння прыгажосці, вам хіба не ведаць. І не трэба навязваць мне месіянства — цяпер гэта модна, але прэтэндаваць на званне «божага інструмента» — і грэх, і наіўнасць. Так што раю і вам адмовіцца ад гэтай ролі — бязгрэшнай статс-дамы, апякункі дабрадзейнасці пры каралеўскім двары. Вы праносіце сябе па жыцці, як чашу Грааль, вынайшлі для сябе высокі востраў. Быў у мяне сусед па псіхушцы, якому здавалася, што ўсё навокал бруднае, а ён адзін чысты. Так што небараку даводзілася сілком карміць і ўкладваць на ложак, бо ён баяўся запэцкацца. Як вы. Пакуль недасканалыя людзі, якія не могуць адрозніць Канта ад Конта, цягнуць на сабе жыццёвыя крыжы, кожны як можа, і ствараюць тое жыццё, без якога вы — проста мармуровы анёл без сэрца.
— Што?! Гэта я — без сэрца?
Мы злосна глядзелі адно на аднаго. Вось вам рамантычнае спатканне.
Мяне разабраў смех. Вінцук няёмка кашлянуў… і таксама рассмяяўся. Злосць знікла бясследна. Сапраўды, што нам дзяліць у гэтым свеце? У словах кожнага была горкая ісціна. Але крытэрыі, па якіх мы спрабавалі намацаць шлях да адзінай Ісціны, былі ў нас адны. Ёсць крыж, няма, ці нам кідацца ў залатую ліхаманку?
Княскі нашчадак раптам спытаў таямнічым шэптам:
— Падарожжы ў часе любіце?
Я няпэўна паціснула плячыма… Што ён прыдумаў? Вінцук падышоў да бронзавага падсвечніка, які стаяў на камодзе, і запаліў свечкі. А тады выключыў лямпачку. Па пакоі шаргатнуліся цені. Столь згубілася недзе ў вышыні. Цьмяна засвяціліся металічныя аздобы мэблі і рамкі карцін. А вочы на партрэтах зрабіліся бяздоннымі і жывымі. Так, жывымі. Я забылася, што яшчэ нядаўна паблажліва называла гэтыя карціны дылетанцкімі. Мне нібыта адкрылася іншае, сапраўднае, аблічча гэтага дома. Вінцук паднёс падсвечнік да аднаго з партрэтаў. На мяне сярдзіта зірнуў самавіты вусач, лысы, як медаль.
— Дазвольце прадставіць вам пана Кабылянскага, палкоўніка ў адстаўцы, уладальніка суседняй вёскі і заўсёднага партнёра майго прадзеда па картах…
Вінцук цырымонна пакланіўся. А я што, горш за Папялушку? І прысела ў рэверансе.
Ніколі не забуду той вечар. Мы, як дзеці, размаўлялі з партрэтамі, з вазамі, з мэбляй, смяяліся, прыдумлялі страшныя «гатычныя» гісторыі… Баль ценяў… Якія ніколі не пакідалі гэты дом, проста хаваліся па кутах. І гэта можа быць знішчана! Я пачала марыць, каб узамен за знойдзены крыж дзяржава выдзеліла грошы на аднаўленне дома і ўтварэнне ў ім вялікага музея.
— А галоўным экспанатам будзе прамы княскі нашчадак! Вінцук скептычна пахітаў галавой:
— Два гады таму ў суседнім мястэчку экскаватаршчыкі выкапалі скарб — спрэс золата, срэбра ды каштоўныя камяні. На некалькі сотняў тысяч долараў. Улады «пранюхалі», змусілі рабацяг здаць скарб і выплацілі на ўсіх… дзвесце долараў. На падставе афіцыйных актаў аўтарытэтнай эспертызы. І ў самых лепшых абставінах прабабчын крыж нават у музей не змесцяць — ён жа з-за каштоўнасці перліны трапіць ў дзяржаўны валютны фонд.
Мы ўселіся ў крэслы і чамусьці пачалі ўспамінаць свае жыцці. Я не заўважыла, як расказала Вінцуку пра Альберта, пра Радзіка… Пра свой няўдалы шлях у мастацтва… Чамусьці мне было лёгка расказваць яму ўсё.
Як ціха… Утульна… Толькі каміна ўсё-ткі не хапае. Пачуўшы пра маю настальгію па камінах, Вінцук адчыніў дзверцы грубкі, і агонь пачаў выконваць мне свой складаны рытуальны танец. Не хочацца зноў ісці на холад, але Нюта, напэўна, хутка заўважыць маю адсутнасць. Я прыўзнялася.
— Ну, мяне чакаюць…
Вінцук неяк дзіўна глядзеў на мяне. Як на кітайскую вазу. Раптам устаў, узяў са стала ліхтар.
— Пойдзем! Апранайцеся, там холадна… Гэта яшчэ што за фокусы?
— Паўгадзіны вы можаце ахвяраваць… Я толькі накідаю эскіз.
О, Госпадзе, чаму Ты спасылаеш мне адных апантаных мастакоў?
Я пазіравала для карцін самых розных. Але мастака, які б працаваў так, як Вінцук, я не бачыла. Здавалася, над ягонай калматай галавою распаўсюджваецца нейкае ззянне, як ад свечкі. Праз хвілін дваццаць я не вытрымала, каб не зірнуць на палатно… Мяне ўразіла, колькі ён паспеў за гэты час зрабіць — ужо вымалёўвалася будучая карціна… І мне захацелася, каб яна была скончаная. Я ціхенька вярнулася на крэсла.