Сэрца мармуровага анёла - Рублеўская Людміла 4 стр.


Гэта, вядома, быў непарадак, і гады тры таму птушка зрабілася б мішэнню для канвойных, а зэк «загрымеў» бы ў БУР — страшную лагерную турму.

Але за апошнія тры гады, пасля смерці «галоўнага кормчага», тут усё змянілася. Ахова ўжо не ведала, як трымацца са сваімі вязнямі. Амаль кожны дзень кагосьці з іх даводзілася выпускаць на волю. А пры пераходзе з катэгорыі быдла ў катэгорыю чалавека былы зэк мог пераўтварыцца ў кагосьці вельмі ўплывовага і паважанага, напрыклад, генерала і Героя Савецкага Саюза, як гэта адбылося ў мінулым месяцы. І ахоўнікі моўчкі цярпелі крумкача.

Вязень падабраў яго паўмёртвым птушанём. Тады найбольш абурыліся іншыя зняволеныя — дадаваўся новы ядок. Але калі крумкач падрос, самі пачалі яго падкормліваць.

А ўладальніка крумкача ўсё не вызвалялі. Зэк № 1-756 не скардзіўся. Яму і так пашанцавала. Ён пражыў ужо дваццаць пяць лішніх гадоў на гэтым свеце. Тады, пасля ягонага адчайнага ўчынку, пра які не хочацца ўспамінаць, яго на нейкі час вызвалілі. Потым — вайна. Войска Польскае. Ваяваў добра, бо ўжо не шкадаваў жыцця, купленага занадта дарагой цаной. Потым — цэлых два гады, калі здавалася, усё самае благое — за спінай і можна пачынаць нармальнае жыццё. Ён нават зноў пачаў пісаць вершы. І з горыччу разумеў, што ім ніколі не ўзляцець да вышыні вершаў таго, сінявокага, які загінуў. І зноў — савецкі лагер…

У зоне яго паважалі. Ён ніколі не «шасцярыў». Калі здзекі перавышалі нармальную чалавечую трываласць і кожная клетачка спакутаванага цела маліла здацца — перад вязнем паўставалі сінія-сінія вочы… Сінейшыя, чым у яго самога… Яны глядзелі з маўклівым дакорам, і вязень выплёўваў разам з крывёй упартае «не…»

Цяпер у яго ёсць надзея падоўжыць свой зямны шлях. Хаця б дзеля гэтага крумкача — вось хто сапраўды адданы! А крумкачы жывуць, кажуць, гадоў па трыста… Ды яшчэ ёсць адна справа на зямлі… Той скрутачак папер, спісаных цвёрдым круглым юначым почыркам, пра які ён адзін цяпер і ведае.

Марылька таксама ведала пра той скрутачак. Але Марылькі больш няма… Перажыла вайну — і памерла ад запалення лёгкіх. Застудзілася, цягаючы маразамі паламаныя шпалы на дровы ў дзіцячы дом. Калісьці ён, безнадзейна закаханы, выратаваў ёй жыццё. Тым адзіным спосабам, які быў яму даступны. За гэта яна пракляла яго.

Але не варта варушыць мінулае. А то зноў пачне балець сэрца і сінія вочы зірнуць проста вунь з тае аблачынкі.

Крумкач узляцеў — ён, напэўна, разумеў, што ягоны цяжар стамляе саслабелага чалавека, і кружляў невысока над калонай людзей у ватоўках.

— Кррум-кррум!

Вязню ж пачулася: «Кароль! Кароль!»

І з аблачынкі над высокімі сібірскімі соснамі зірнулі сінія-сінія вочы…

Яшчэ праз трыццаць гадоў, у хуткасным цягніку Масква — Мінск, дзесьці на перагоне між Ярцавам і Смаленскам, на верхняй паліцы спальнага купэ плакала ў прапахлую хлоркай, злямцаваную казённую падушку няўдалая студэнтка Магдаліна Дарбут. Плакала, стараючыся, каб ніхто не пачуў ейнага плачу, сама не разумеючы, аб чым яе туга… Можа, па сваіх ніколі не бачаных дзеду і бабцы — раней ведала толькі іхнія імёны: Антоній і Марыя. Па хлопцу і дзяўчыне, што сустрэліся пяцьсот год таму ў маленькім ліцвінскім мястэчку, каб спазнаць самае салодкае і самае горкае на зямлі — каханне… Плакала па сабе… Па бацьку… Па Марку… Па ўсім свеце — такім несправядлівым і такім прыўкрасным…

А ў галаве круціліся апошнія радкі пісьма, напісанага на старонках старой кніжкі:

«Для чаго я выжыў?

Я так даражыўся сабой. Але аднойчы зразумеў — з усіх сваіх сяброў я быў самы бяздарны. Цяпер ахвотна б аддаў сваё жыццё кожнаму з іх — якую карысць прынеслі б яны Беларусі! Як збяднеў без іх свет!

Але запозна. Цяпер я думаю, што пражыў гэтулькі для таго, каб сустрэць цябе. Я зноў раблю эгаістычна — перавальваю на твае худзенькія плечы свой цяжар. Я зразумею, калі ты адмовішся. Мая спадчына не прынясе табе ні грошай, ні славы. Тым больш, ведаючы ўсё — пра што я тут распавёў і пра што змаўчаў,— ты, можа, не пераступіла б парог маёй хаты. Але я ўсё-ткі прашу цябе — вельмі прашу: знайдзі той рукапіс… Дзеля аднаўлення справядлівасці. Цяпер можаш лічыць прачытанае страшнай казкай, закрыць кніжку, і я шчыра жадаю табе шчасця. Калі ж табе мала непрыемнасцяў — прачытай наступныя радкі вельмі ўважліва, пятнаццаць, лепш дваццаць разоў запар. Гэта вельмі важна. Добра? І не праклінай мяне, як даведаешся ўсё.

Мяжа між добрымі намерамі і паскуднымі справамі сцёрта мільярдамі крокаў…»

Ліст застаецца ў сне

Такія хлопцы ніколі не падабаліся Магдаліне. Ён глядзеў на яе ветліва, але неяк… суха, ці што? Без той «паляўнічай» іскрынкі, якая мімаволі запальваецца ў вачах мужчыны пры поглядзе на прыгожую дзяўчыну і якую Магдаліна, хаця раздражнялася роллю «аб'екта палявання», прывыкла сустракаць у вачах суразмоўцаў.

На Марка, на яе самавітага, інтэлектуальнага Марка Ялецкага, хлопец пазіраў трохі з большай цікавасцю, але таксама без асаблівае павагі. А між тым зазвычай нават пры першым знаёмстве з Маркам размаўлялі неяк па-асабліваму. Японцы сказалі б: «У яго ёсць свой тыгр». Але гэты маладзён у заношанай джынсавай куртачцы, ды яшчэ з доўгімі валасамі, сцягнутымі на патыліцы ў куртаты хвосцік, як чамусьці раздражнёна вырашыла Магдаліна, занадта многа пра сябе думаў. А кабінет у яго — не большы за грузавы ліфт. Няйначай, былая кладоўка. Толькі і ўлез пісьмовы стол, завалены папкамі, ды шафа. І ўсё абклеенае кепскімі ксера-ксавымі копіямі сярэднявечных гравюр.

Няўжо так можа выглядаць «выдатны спецыяліст Канстанцін Сташынскі», як рэкамендаваў яго Марк?

Затое пры адным позірку на стосік старых кніг, лістоў і фотаздымкаў цёмныя вочы хлопца літаральна запалалі і ўвесь ён раптам змяніўся. Абыякавасць і іронія зляцелі з яго твару. Маладзён браўся за кожны аркушык так беражліва, быццам той мог рассыпацца.

— Вядома, я сустракаў гэтае прозвішча. Іван Канстанцінавіч Хмель… Янук Хмель… У трыццатых друкаваўся ў студэнцкай газеце універсітэта, у «Звяздзе»… І адразу пасля вайны, у сорак шостым, некалькі падборак. Вершы пафасныя, прымітыўныя. Але цікава другое — па ўсіх звестках, гэты чалавек памёр у сорак восьмым годзе. Пра Дарбутаў ведаю шмат — але пра тых, што бралі ўдзел у паўстанні шэсцьдзесят трэцяга. Дваіх з гэтага роду тады расстралялі, і чацвёра ці пяцёра былі сасланыя. Вы, значыць, іх спадчынніца…

Маладзён упершыню з цікавасцю зірнуў на Магдаліну.

— Ты, Косця, у глыбіні гісторыі не залазь, — незадаволена спыніў знаёмца Марк. — Лепш патлумач, якім макарам Дарбуты, а дакладней, вось ейны дзед, Антон Дарбут, з тым Іванам Хмелем мог быць звязаны.

— Колькі разоў табе казаць, — цвёрда прамовіў спецыяліст у джынсоўцы. — Я не Косця, а Кастусь. І не трэба пасмейвацца. Калі б я быў Гіві ці Джордж, ты што, зваў бы мяне Грышам? А што тычыцца дзеда тваёй дамы, то я, прабач, не правідца. Мне трэба падняць дакументы, пашукаць у архівах. Пакуль нічога сказаць не магу.

— Затое я магу, — не вытрымала Магдаліна. — Калі Іван Хмель вучыўся ў педтэхнікуме, мой дзед быў студэнтам філалагічнага факультэта ва універсітэце. І ён таксама паэт. І, напэўна, добры. І яшчэ ён быў нашчадкам візантыйскіх імператараў!

— Ты адкуль гэта ўзяла? — уразіўся Марк. — Нічога раней не гаварыла!

— Я сама толькі два дні таму даведалася… Вось… — Магдаліна нейкі час павагалася, але ўсё-ткі дастала з сумачкі кніжку ў зялёнай пацёртай вокладцы. Зірнула на Сташынскага… Характар у таго, відавочна, кепскі, але… Чамусьці Магдаліна падумала, што стары Хмель знайшоў бы, пра што пагутарыць з гэтым фацэтам…

— На апошніх старонках Іван Канстанцінавіч напісаў ліст да мяне.

Марк пацягнуўся да кнігі адначасова з Кастусём, і яны пачалі гартаць яе ўдвух, перашкаджаючы адзін аднаму.

— Нешта я не бачу тут запісаў,— нарэшце незадаволена сказаў Марк.

Магда адарвалася ад сузірання гравюры з алегорыяй Меланхоліі і ўзяла кніжку.

— Вось тут, у самым канцы…

І аслупянела. Лісты былі на месцы. На месцы была назва «Для зацемак». Але пад ёй не было нічога! Ніводнага радка! Чыстыя пажоўклыя старонкі!

— Яно было напісана тут… — прамармытала Магдаліна, гладзячы дрыжачымі пальцамі паперу.

Марк раз'юшыўся:

— Ну, усё… Дайшла са сваймі дзядамі… «Нашчадак візантыйскіх імператараў»! Хутка будзеш на сценах касмічныя пасланні чытаць. Давай сюды… — ён груба выхапіў з рук Магдаліны кнігу. — Пайшлі…

Дзяўчына бязвольна рушыла за жаніхом.

— Чакайце! — ірвануўся за імі Кастусь. — Дайце мне гэтую кнігу! Хоць на дзень! Я яшчэ пагляджу!

Марк злосна сунуў яму ў рукі зялёны томік.

— На, вывучай… Можа, якое пасланне праявіцца. І ўсе астатнія дакументы твайму інстытуту перадамо. Рабіце што хочаце. А мне трэба гэтую дзеўчынёху да нармальнага стану прывесці. І крумкача гэтага паганага сплаўлю ў жывы куток.

Магдаліна выпадкова заўважыла, што фанабэрысты Сташынскі стаіць у дзвярах свайго кабінеціка і глядзіць ім услед, прыціскаючы злашчасную кнігу абедзьвюма рукамі да грудзей.

Дзяўчыне аж закарцела на развітанне выкінуць нешта адпаведнае свайму вар'яцкаму статусу — гаўкнуць на гэтага цікаўніка, ці што…

Добра, стрымалася.

Назаўтра была субота, і Марк павёз яе за горад, на пікнік. Калісьці яны любілі падобныя вылазкі. Але з мінулай вясны, калі выбухнуў рэактар у Чарнобылі, на прыродзе Магда пачувалася няўтульна. Тады многія напалохаліся — пілі ёд, накапаны ў шклянку з вадою, не адчынялі фортак… Марк нават прынёс Магдзе дзве таблеткі ад радыяцыйнага апраменьвання. Такія таблеткі захоўваліся ў індывідуальных аптэчках грамадзянскай абароны — на выпадак, калі вораг скіне атамную бомбу. Але пасля першых звестак аб аварыі выратавальныя лекі былі апячатаныя. Каб панікі не было. Знаёмы Марка ў сваім даследчым інстытуце ўзначальваў сектар грамадзянскай абароны і ўласнаручна мусіў апячатваць сховішча з аптэчкамі. Вось яны з парторгам і ўхапілі сабе па дзесятку пігулак.

Магда заглынула таблетку адразу ж, як атрымала, не запіваючы вадой, і пасля гэтага доўга балеў страўнік.

Марк жартаваў над палахлівай дурнічкай. Пачалася кампанія супраць панікі, і сталася модным бравіраваць уласнай смеласцю і прагрэсіўнасцю. Людзі хваліліся тым, што загаралі, елі ягады, смяяліся над тымі, хто па-ранейшаму змагаўся з радыяцыйным пылам і спажываў замест свежых ягад леташнія кампоты.

Але Магда па-ранейшаму адчувала страх. У Маскве, праўда, страх адышоў. Яна чула размовы пра выступ беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, які адзіны ўголас сказаў пра страшную бяду. Хадзілі чуткі пра зону… Але чалавек заўсёды ахвотней верыць у лепшае.

І Магда паехала, прыдушыўшы сваю радыефобію. Да кампаніі далучыліся дзве сямейныя пары — Маркавы сябры па клубу фантастыкі. Смажылі шашлыкі над выкапанай у яшчэ вільготнай веснавой зямлі ямінай. Спэцкаліся бульбай, печанай у вогнішчы. Гаварылі пра Брэдберы і Шэклі, братоў Стругацкіх і ўласныя творчыя задумы. Адзін з фантастаў, у побыце — інжынер-канструктар, асабліва хваліўся незавершанай «падпольнай» аповесцю, у якой дзейнічае двухгаловы монстр пад імем Карл Маас-Энгеляс. І ўсе дружна ўгаворвалі Магдаліну кідаць ейныя артыкулы і пачынаць пісаць фантастычныя аповеды. Потым кабеты рвалі пяшчотны кураслепнік — бухматы бела-зялёны дыван усцілаў зямлю. Але Магдаліне было шкада кволых кветак. Сабраныя ў бясформенны жмут, яны хутка звешвалі белыя галоўкі і гублялі пялёсткі.

І Магдаліна не прыхапіла букеціка. Але насланнё нядаўніх дзён адышло, абляцела з яе, як тыя кволыя пялёсткі. Магда ўпэўнілася, што рамантычная гісторыя ейнага роду — толькі сон на верхняй паліцы ў цягніку Масква — Мінск. Нават цешыць самалюбства — мець такое багатае ўяўленне! Дарма Марк кажа, што з яе не выйдзе вялікай пісьменніцы. Яшчэ паглядзім!

Але дзяўчына ўсё-ткі не аддала Карла Карлавіча, якога Марк, правёўшы нявесту дахаты, імкнуўся занесці ў жывы куток суседняе школы, дзе ўжо ўсё было дамоўлена. Надта сумна паглядала птушка сваімі чорнымі вочкамі, надта трагічна сядзела на шафе, ухутаўшыся з галавой у крылы, як у плашч. Нават угаворы маці, якая цалкам была на баку будучага зяця, не дапамаглі.

— Ну, глядзі, калі сярод ночы твой крумкач загарлае «Невермор», як у баладзе Эдгара По, не прыбягай скардзіцца, — зазлаваў Марк і сышоў, нават не пацалаваўшы Магду на развітанне.

Гісторыя працягваецца

Гэта было ў панядзелак, а дзесятай раніцы, калі кожны самавіты грамадзянін мусіў шчыраваць на працоўным месцы, дадаючы мёду ў грамадскія соты. І мала хто задумваўся пра хуткае прышэсце пчаляра з дымаром.

У гэты дзень Магдаліна ўпершыню запляла валасы ў дзве тоўстыя кароткія касы. Правую перацягнула жоўтай гумкай, а левую — фіялетавай.

Швэдар быў звычайны, доўгі, цёплы… Таму проста неабходна было надзець пад яго кароткую спадніцу ў краткі і вязаныя, у палоску гетры.

Але вязаныя, у палоску гетры — гэта ведае кожная інтэлектуальная кабета — валодаюць здольнасцю вяртаць легкадумны настрой.

І Магдаліна, замест таго каб пайсці ва універсітэцкі аддзел кадраў, дзе яе чакаў Марк, рушыла ад свайго пад'езда зусім у іншы бок. Аблачынкі над ёй штурхаліся, наплываючы на сонца, ветрык гладзіў па косах, мінчукі касавурыліся на паласатыя гетры, і зусім не абавязкова было займацца справамі.

— Магдаліна! Пачакайце!

Ад аўтобуснага прыпынку з другога боку вуліцы бег хлопец у джынсавай куртцы. «Спецыяліст» Кастусь Сташынскі! У Магды не было ніякага жадання з ім сустракацца, але не ўцякаць жа…

— Ледзь знайшоў вас! Марку званіў — той мяне проста «паслаў». Добра, наш агульны знаёмца ўспомніў, што ваш дом нібыта насупраць гэтай кнігарні…

Магда змрочна вывучала трэшчынку на шэрым сухім асфальце, у якой паказваліся зялёныя дзюбкі травы, і нецярпліва пастуквала наском чаравіка. Няўжо ён не заўважае, што яна не хоча з ім размаўляць?!

— Я праверыў тыя старонкі! Ёсць стары спосаб выяўляць напісанае нябачным атрамантам — патрымаць паперу над парамі ёду. Тры бутэлечкі ёду звёў! Я ўпэўнены — на тых аркушах сапраўды нешта было напісана!

Магдаліна недаверліва зірнула на ўсхваляванага суразмоўцу, амаль жадаючы, каб ён жартаваў. Але цёмныя вочы Кастуся глядзелі сур'ёзна.

— Цяпер на лістах ясна відаць сляды пяра. Але разабраць, што там было напісана, ужо не зможа ніхто, хіба асобныя словы. Я спецыяльна кансультаваўся. Аўтар запісу націскаў на пяро ледзь-ледзь, а апошняя старонка ўвогуле не прачытваецца. Ёсць такі атрамант… У ім пачынаецца хімічная рэакцыя, калі трапляе на святло. Кнігу вам перадалі загорнутую ў нешта шчыльнае?

Магда няўпэўнена пацвердзіла:

— Так… Зверху былі газеты, а знутры такая чорная папера, відаць, пакет ад фотапрыналежнасцяў.

— Ну вось…

— Лухта нейкая! — не здавалася Магдаліна. — Які сэнс пісаць светаадчувальным атрамантам, калі я ці нехта іншы маглі проста прагарнуць тыя старонкі, не чытаючы, і знішчыць тэкст.

— Вядома, рызыка была, як і незразумелая нам перасцярога, — заківаў Кастусь. — Але я сустракаўся з тымі, што прайшлі турмы і лагеры. Нешта ламаецца ў душы чалавека, і ён асцерагаецца нават тады, калі яму ўжо не варта баяцца. Ваш Іван Хмель, ведаеце, на якое аддзяленне спрабаваў пасля вайны паступіць? На хімічнае! Так што мог сам вырабіць такі атрамант. Часу ў яго хапала. Я думаю, каб рэакцыя пачалася, трэба, каб напісанае было на святле пэўны час. Почырк вельмі дробны, на кожную старонку вы патрацілі, мусіць, хвілін пяць, чытаючы? Так?

— Ну, напэўна…

— А выпадкова прагарталі б за секунды. Успомніце, у самім тэксце не было ніякіх дзіўных указанняў?

Магда задумалася.

— Ну, хіба што ён прасіў апошнія радкі прачытаць раз дваццаць…

— Каб вы іх запомнілі! — усхваляваўся Кастусь. — І… вы помніце, праўда?

У Магдаліны раптам закруцілася галава. У пытанні Кастуся ёй падаўся той жа інтарэс, што і ў пытаннях чалавека ў сінім касцюме з кабінета рэктара. З яе досыць…

— Нічога я не памятаю! Адчапіцеся ад мяне! — і рушыла подбегам — зусім не заваёўваць шырокі свет, як збіралася з раніцы, а да аўтобуснага прыпынку, ехаць да надзейнага Марка, да ўсталёванага, абароненага жыцця.

Назад Дальше