Сэрца мармуровага анёла - Рублеўская Людміла 7 стр.


І на адным з яе пальцаў блішчэў просты жалезны пярсцёнак — ягоны падарунак.

— Мы сагрэлі крыху вады… Не хвалюйцеся, дыму амаль не было.

Альгерд схіляўся над ім з конаўкай, ад якой пахла чаборам. Таленавіты, разумны, такі малады Альгерд… І ён таксама загіне.

Вінцэсь з асалодай адпіў духмянай вады.

— Ноччу буду вартаваць я. Дастаткова добра чуюся для гэтага, і мне ўсё роўна не спіцца.

Зоры падняліся высока-высока. Але ён не мог чакаць, пакуль яны паніжэюць — да раніцы на траву ляжа шэрань і яго цела пакіне след. Ён пачаў адпаўзаць у глыб пушчы адразу, як упэўніўся, што таварышы спяць. Як мага далей… Схавацца, зашыцца вось сюды, у яміну пад карэннямі гонкай маладой сасны. У яго два пісталеты з набоямі. Але гэта не для яго — для пагоні. Ды яшчэ шабля. Старая шабля з выгравіраваным на дзяржальне вершнікам з узнятым мячом.

Таварышы зразумеюць. Вядома, яго будуць шукаць. Але, здаецца, ён зрабіў усё, каб не знайшлі. І ў іх з'явіцца шанс на ратунак.

Вінцэсь паклаў пісталеты так, каб можна было адразу іх узяць. Цікава, хто прыйдзе хутчэй — Пані ў белым або жандары? У апошнім выпадку застаецца толькі спадзявацца, што ён не настолькі змерзне і знясілее, што не зможа выстраліць.

Праз галінкі сасны на яго і ягоную зямлю глядзяць зоры. Нібыта вастрыі залатых дзідаў. Няўжо ёсць такія землі, зоры над якімі нагадваюць залатыя яблыкі або лагодныя вочы анёлаў?

Вінцэсь звяртаецца да Таго, хто над гэтымі зорамі — і паўсюдна: «Госпадзе! Толькі б мой нашчадак ніколі не ляжаў вось так, як я, у халоднай яміне, чакаючы Збавіцельку! Няхай нашы дзеці і дзеці нашых дзяцей паміраюць у сваіх ложках, абкружаныя ўнукамі і праўнукамі, гаворачы апошнія мудрыя словы, якія будуць перадавацца ў іхнім родзе з пакалення ў пакаленне.

І няхай гэтыя словы будуць гаварыцца на нашай спеўнай мове, якую даў нам Ты, Гасподзь, як даў гэтую зямлю, яе азёры і пушчы, дым яе папялішчаў і безыменныя магілы яе лепшых сыноў».

Жандары не давалі веры, што знішчылі ўвесь атрад Дарбута. Ім усё здавалася, што галоўныя сілы хаваюцца вось там, за тымі соснамі… Ці за той лагчынай… Не можа быць, каб такі шалёны супраціў аказвалі чатыры знясіленыя юнакі.

Затое ўдалося схапіць першага палоннага з атрада — і апошняга. Як пасля высветлілася, гэта быў мясцовы дваранін Альгерд Андрыеўскі.

Пушчу пачалі называць Ваярскай. Потым гэтая назва перайшла на бліжэйшае паселішча.

Праз сто гадоў вёска ператварылася ў гарадскі пасёлак, пушча адступіла далёка ад яго. У пасёлку Ваярску, які паспеў нейкі час пабыць Кагановічаўскам, меліся такія адметнасці, як царква ХІХ стагоддзя, прыстасаваная пад зернясховішча, Дом культуры з ватэрклазетам і краязнаўчы музей, у які прыязджалі экскурсанты нават са сталіцы.

Таму нікога з местачкоўцаў не здзівіла, калі да драўлянага дома з калонамі падышлі трое. Плячысты мужчына з прыгожым, нібыта высечаным з каменю тварам, у светлым летнім касцюме і сонечных акулярах. За ім хлопец у джынсах, усмешлівы і цемнавокі, з валасамі, сабранымі на патыліцы ў хвосцік. Вось каб апрануць беласкурую зеленавокую дзяўчыну, што была з імі, у шаўковую сукенку, ды абуць у туфлікі на высокіх абцасіках, ды навучыць глядзець ласкава, а хадзіць павольна, прыгажуня была б! Але блакітныя джынсы, не зусім чыстыя, мужчынская кашулька ў бела-зялёныя краткі ды стаптаныя красоўкі аніяк не могуць падкрэсліць дзявочую прыгажосць. Змізарнеў эмансіпаваны свет…

А з дома з калонамі ўжо выбягала менавіта такая паненка, якая мроіцца праўдзіваму мужчыне, — у светлай талістай сукенцы, у туфліках, з якіх на балях п'юць шампанскае, у кароне залатых валасоў. А блакітныя вочы ззяюць проста невысносна.

— Кастусь!

«Ды ён зараз аслепне ад яе блакітных пражэктараў», — чамусьці з прыкрасцю падумала Магдаліна, і ёй упершыню зрабілася ніякавата за сваю вопратку. Нават Марк не хаваў цікавасці да блакітнавокай.

— Знаёмцеся, — неяк нязграбна сказаў Кастусь, павярнуўшыся да сяброў.— Ганна Іванаўна, дырэктар краязнаўчага музея… І аспірантка інстытута гісторыі.

— Проста Ганна, былая аднакурсніца гэтага свяцілы на небасхіле гістарычнай навукі… — усміхнулася блакітнавокая.

— Ну, хадземце, дарагія госці, у хату!

…Магдаліна, стаіўшыся, глядзела на просты металічны пярсцёнак. Ён пабліскваў у зашклёнай вітрыне на чорнай аксамітнай паперы.

— Дай ёй патрымаць у руках… — шэптам папрасіў Кастусь дырэктарку.

— Як скажаш…

Пярсцёнак з роўнаканцовым крыжам халадзіў палец, нібыта падарунак вадзяніка…

Чалавека, які колісь знайшоў рэдкі экспанат, дырэктарка прывяла, «выкраўшы» з працоўнага месца на элеватары.

— Мы там пячору ладзілі… У вайну гулялі…— сівы дзядзька камячыў у спрацаваных руках шапку-кяпурку, быццам быў на допыце ў следчага. — Ну, дзеці, ведама… Гадкоў трыццаць прайшло, відаць. А там пясочак, яміна пад карэннямі сасны… Скрутак быў, як жа. Анучы гнілыя, паперкі. Не, нічога не расчыталі. Я ж кажу, гнілое ўсё было. Адзін пярсцёнак з сабой і ўзялі. Думалі, сярэбраны. Яго мая ўнучка нядаўна ў куфры знайшла. Прынесла ў школу. А настаўніца вось у музей перадала. Што з паперамі зрабілі? У вогнішча, мусіць, пакідалі. А скажыце, людцы, гэта шпіёнскія штучкі былі, мусіць?..

І гэта было так несправядліва і незваротна, што любыя бедаванні выглядалі б тэатральна. А Марк нібыта і задаволены, што ўсё скончылася цяпер — і назаўсёды.

…На развітанне прыгажуня Ганна прапанавала гасцям экскурсію на гарышча. Там чакалі лепшай долі экспанаты для будучай залы пра паўстанне 1863 года.

Марк заявіў, што ні ён, ні Магда наверх не палезуць, стаміліся. Пачакаюць на двары. Ганна асабліва не ўгаворвала. Але «новаспечаная журфакаўка» жадала паглядзець на старажытную зброю. І не магла ўцяміць, чаму Марк на яе заклікі пастукаў пальцам па лбе, а Ганна спахмурнела.

Першай па драбіне спрытна ўзнялася гаспадыня. За ёй — Кастусь. Магда апошняя нязграбна адольвала рэдкія прыступкі. Кастусь нахіліўся зверху, падаў руку. Магдаліна працягнула сваю…

— Што ў вас там здарылася? — пачуўся аднекуль зверху, нібыта вельмі здалёк, незадаволены дзявочы голас.

Магда раптам усвядоміла, што яны з Кастусём так і трымаюцца за рукі, гледзячы адно аднаму ў вочы. І яшчэ ў яе чамусьці нешта абрываецца ўнутры, нібыта яна стаіць на краі прорвы.

— Ну, давайце, падымайцеся! Мусіць, «двойка» па фізкультуры была! — Кастусь нечакана моцна пацягнуў дзяўчыну ўверх, перахапіў за талію і акуратна паставіў на гулкі насціл. Як парцэлянавую ляльку.

Ганна сакатала пра скарбы гарышча, Кастусь уважліва слухаў, час ад часу перапытваючы. А збянтэжаная Магдаліна адышлася ўбок, туды, дзе да сцен былі прыхіленыя ржавыя стрэльбы. Што за раптоўны правал свядомасці? Нават крадма паглядзела на сваю далонь. Што гэта было? Такое… незвычайнае адчуванне. Зірнула на Кастуся… Той усміхаўся. У Магды зноў трывожна і салодка зашчымела сэрца… Што з ёй адбываецца? Кастусь такі ж самы, як і быў, з тым жа смешным хвастом на патыліцы…

Але як дырэктарка глядзіць на былога аднакурсніка! Які ў яе дзіўны голас, як яна чырванее… Раптам Магда зразумела, чаму Марк стукаў па лбе. Ганна ж хацела застацца з Кастусём сам-насам! І шаўковая сукенка з туфлікамі была — для яго! І мала пра што ім трэба перамовіцца…

Магда, ледзь не плачучы ад сораму і незразумелай тугі, кінулася да драбіны.

Марк цярпліва сядзеў на зрубе калодзежа з жураўлём.

— Уяўляеш, Магдаленка, хацеў вады зачэрпнуць, а гэта муляж! Зруб проста на траву пастаўлены. Вось табе і аўтэнтыка…

Магда, без дай прычыны адчуваючы сябе вінаватай, прысела побач, прыхінулася… Усцешаны, Марк пяшчотна-пяшчотна пацалаваў яе ў скронь…

Які ён добры! Яна проста не заслужыла такога мужчыну…

Чэрвеньскае сонца шчодра сыпала прамяні на шыферныя дахі Ваярска, нібыта спадзявалася іх пазалаціць. Блакітнавокая Ганна праводзіла сталічных гасцей да аўтобуса.

— Прыедзеш на канферэнцыю — не праміні мой сціплы кабінет! — гаварыў Кастусь.

— Зайдуся хіба, парушу гордую самоту тваёй келлі, калі не пагрэбуеш візітам беднай правінцыялкі.

— Правялебная пані асвеціць сваёй прысутнасцю маё сціплае жытло, — і сур'ёзна дадаў: — Зойдзем разам да Янкі Гарэлага. Нядаўна з бальніцы выпісаўся.

— А што з Яначкам?

— Ды як паездзіў тады па зоне, па выселеных вёсках, пазбіраў радыеактыўныя рушнікі, так і хварэе… Ужо дзве аперацыі зрабілі. Але трымаецца, нават экспедыцыю на Століншчыну рыхтуе…

І аўтобус ад'ехаў. А дырэктарка яшчэ доўга стаяла ля дарогі — светлая і сумная.

На вакзале Кастусь, развітваючыся, паціснуў руку Марку, павярнуўся да Магдаліны.

— Не сумуйце, прынцэса. Ваш крышталёвы туфлік абавязкова знойдзецца.

— Вы мяне з Папялушкай блытаеце, — холадна прамовіла Магда і, нечакана для самой сябе, працягнула руку — з нейкім выклікам ці Кастусю, ці ўласнай незразумелай трывозе.

— Да пабачэння…

Ёй падалося, ці Кастусь сапраўды, перад тым як паціснуць яе руку, прамарудзіў, нібыта чагосьці баючыся?

Ды не, падалося. Толькі з ёю нешта нядобрае. Зноў гэтае адчуванне… Нібыта нешта абрываецца ўнутры. Як на арэлях.

Здаецца, «гістарычны самародак» нічога не заўважыў. Не варта больш так жартаваць з сабой.

Марк сказаў:

— Як ты расчырванелася… Гаварыў, надзявай капялюш, а то сонца напячэ…

Апошні карнавал

— Крыўдзіш, пане-браце! — Шляхціц у кармазынавым кунтушы падкруціў няцвёрдай рукою руды вус, які зараз жа бяссіла апусціўся, быццам зноў макнуўся ў чашу з гаспадарскім віном.

Шляхетныя госці за ягонай спінай загулі разварушаным вуллем. Слова госця — закон! Госць у дом — шчасце ў дом!

Гэта была кулага — «сармацкі» звычай нязванага гасцявання падчас каляднага карнавалу. Усё, што можна з'есці і выпіць у доме, знікала ў высакародных чэравах. Пасля чаго «аб'едзены» да мышынага галоднага віску гаспадар мусіў далучацца да кампаніі і пераязджаць у маёнтак наступнага небаракі.

Але гаспадар гэтага маёнтка парушыў звычай. Пан Гаштольд Дарбут стаяў на высокім ганку з драўлянымі калонамі і паглядаў на гасцей разумнымі цёмнымі вачыма з-пад крыху абвіслых павекаў, ад чаго пагляд рабіўся вострым, як дзіда. І ўбор у яго быў не святочны — чорны жупан, зверху кунтуш таго ж колеру, падперазаны простым юлёвым пасам, адзінае ўпрыгожанне — жалезны пярсцёнак.

— Пані-брацця, дзякую за шчаслівы візіт. Але, як бачыце, я ў жалобе — памерла дарагая мне сваячка…

— Няўжо пекная пані Дарбутова? — жахнуўся падобны да аблезлага ката шляхціц з велізарным дыяментавым гузам на шапцы.

Ганарлівыя вусны гаспадара з'едліва скрывіліся.

— Хаця памерлая была маёй найдаражэйшай сваячкай, панства наўрад ці яе ведае. Яна жыла далёка ад вас, паны-брацця…

— А ці не хоча пан Дарбут уяўнай сваёй жалобай унікнуць «шчаслівага візіту»? — пракрычаў нехта з-за чужых спін.

Гаспадар паклаў руку на дзяржальна шаблі — яна адзіная з усяго ягонага ўбрання была прыўкрашаная каштоўнымі камянямі:

— Хто лічыць мяне хлусам?

Пытанне прагучала амаль мякка. Але госці, сярод якіх хапала задзірак, змоўклі, потым п'яна загулі:

— Пане-браце не так зразумеў…

— Няхай вашамосць прабачыць гарачыя словы… Жалоба, вядома. Усе пад Богам ходзім.

Вазкі няпрошаных гасцей выехалі за вароты маёнтка. Гаштольд Дарбут змрочна назіраў за ад'ездам кулагі. З дома да гаспадара выйшаў светлавалосы хлопец, падобны да маладога Жытніка — залатыя, як калоссе, валасы, светлыя-светлыя вочы.

— Пра якую нябожчыцу казаў ім пан Гаштольд? Гаспадар памаўчаў.

— Пра волю. Не ведалі яе і ведаць не хочуць… Затапталі ў бруд. І не заўважылі.

— Але сённяшні «абзэндэн» не прыбавіць вам папулярнасці ў акрузе, — дакорліва прагаварыў хлопец. — Кожны з тых нахабаў мае голас на сейміку. Нават Радзівілы не ганьбяцца ўлагоджваць гэты статак.

— Сам гаворыш — «статак»… Не, Андрусь, не да твару мне заігрываць з быдлам. Я не пастыр, я паляўнічы. Пойдзем, зоймемся зборамі на інакшае застолле.

Пан Гаштольд перакладваў паперы ў патаемных шуфлядках сакратніка з чырвонага дрэва. Па разной паверхні сакрэтніка плылі велічныя фрэгаты, ветразі якіх надзімалі шчакастыя кудлатыя малойцы, апранутыя ніжэй пояса ў хмаркі. Адзін з іх, суровы паўночны вецер Барэй, меў няўлоўнае падабенства з гаспадаром.

У дзверы кабінета нясмела пастукаліся. Пекная пані Дарбутова была нашмат маладзей за суровага мужа. Але яе зялёныя вочы глядзелі засур'ёзна для маладой дзяўчыны. Пані, нібыта вясельны каравай, несла на выцягнутых руках шаблю.

— Вы маглі не рабіць гэта самі,— прамовіў мужчына, узяўшы зброю.

Доўгія вейкі жанчыны здрыгануліся.

— Мне хацелася ўбачыць вас перад ад'ездам.

Гаспадар, стараючыся не сустрэцца з паглядам зялёных вачэй, паклаў старую шаблю на стол так беражліва, нібыта яна была жывою.

— Вы ўпэўненыя, што Сапегі — тыя людзі, за якіх варта паміраць?

Гаспадар уздрыгнуў, нібыта пытанне выцяла яго, адказаў, як пераконваючы сам сябе.

— Яны абараняюць Літву ад Кароны.

— Яны здрайцы, — жанчына плыла па пакоі ў сваёй смарагдавай сукні, быццам фея Мятлушка з казкі пра забітага каралевіча. — Вы гэта ведаеце. Дамогуцца прывілеяў — і кінуць усіх, каго звабілі.

— Усё ведаю… Але не пайсці, калі клічуць памерці за айчыну, ганебна. На гэтай зямлі кожны павінен мець права маліцца ў той царкве, у якой маліліся продкі, і гаварыць на той мове, на якой яны гаварылі… — гаспадар абарваў размову, усвядоміўшы, што пачаў разважаць, быццам мае справу з роўным. — Але гэтыя матэрыі занадта складаныя для вашай прыўкраснай галоўкі…

— Гэтую галоўку, магчыма, хутка пакрые ўдовін вэлюм… Ці пыл выгнання. Але… можаце не баяцца, я не буду спрабаваць затрымаць вас.

Жанчына гаварыла спакойна і горда, і толькі пільны назіральнік заўважыў бы, як сціснутыя яе тонкія пальцы — аж збялелі…

Гаштольд Дарбут упершыню дапытліва зірнуў на жонку. Тая смела сустрэла ягоны погляд.

— Што вы даручыце мне на выпадак, калі не вернецеся? Гаспадар памаўчаў, пагладзіў шаблю, што ляжала на стале.

Простую шаблю, без упрыгожанняў, толькі з чаканным малюнкам на дзяржальне — вершнік на кані, з узнятым мячом.

— Выхавайце майго сына так, каб ён у падобным жа выпадку, як і я, не вагаўся, як належыць учыняць.

У дзверы зноў пастукаліся.

— Пане, атрад гатовы. Пан Сташынскі чакае на двары. Пані Дарбутава спахмурнела:

— Нашто ты вязеш з сабой гэтага хлапчыску, Андруся Сташынскага?

— Ён мужчына. І ён ліцьвін. Шкадаванне недарэчы. — Пан Гаштольд паклаў рукі на плечы жонцы, зазірнуў у яе зялёныя-зялёныя вочы. Суровасць на хвілю пакінула яго. — Напэўна, табе трэба было выйсці за аднаго з тых, хто зараз ладзіць балі…

— Я рада, што выйшла за цябе… Голас пані мімаволі здрыгануўся…

— Настуся! Прабач… Я так і не ўпаляваў для цябе срэбную лісіцу, як колісь абяцаў…

Ён — у чорным, і яна — у смарагдавым… На хвілю яны засталіся зусім адны ў свеце — па-за жыццём і смерцю… Але на калідоры чуліся галасы. Тады мужчына зняў з пальца металёвы пярсцёнак і надзеў на палец жанчыны.

— Перадасі сыну, калі яго пастрыгуць у падлеткі.

Атрад быў невялікі — дваццаць узброеных вершнікаў. Пані Настасся стаяла на высокім ганку з драўлянымі калонамі, накінуўшы паўзверх смарагдавай сукні ваўчуру, падбітую зялёным сукном. Андрусю Сташынскаму жанчына, захутаная ў пышны мех, падалася такой маленькай, бездапаможнай і прыўкраснай, што захацелася нечым суцешыць яе… Як у песні — «месячык з неба, зорку з палонкі — для пекнае пані, для чужое жонкі…».

Але пані глядзела на мужа. А той азірнуўся на яе толькі адзін раз — калі ўжо сеў на каня.

— Калі я не вярнуся, не марнуй сябе жалобай. Не пазбягай добрага шлюбу.

— Я буду чакаць сустрэчы… На гэтым свеце — ці на тым. Снег ля дарогі блішчэў, быццам футра срэбнай лісіцы… Сейм прагаласаваў вярнуць княству некаторыя прывілеі.

Назад Дальше