Пошукі будучыні - Кузьма Чорный 2 стр.


– Твой конь вельмі стары, я яму ў зубы глядзеў. Дзіва што ён такі худы, у яго жаваць няма чым.

– І твой худы, – адказала яна.

– Але ён малады, яму ўсяго пяць год. Ён здарожаны. Калі яму даць харч і спакой, то я б яго на ляльку вырабіў бы.

Волька паказала яму, куды ехаць, і ён выехаў з салдатам у дарогу. Салдату рупела хутчэй адчапіцца ад усёй гэтай валаводзіны, і ён падварушваў свайго фурманшчыка, а той выконваў свае абавязкі з заўзятасцю чалавека, які з гэтага хлеб есць. Так што яны шпарка даскочылі да мястэчка, але доктара і там не засталі: ён паехаў у нейкае сяло да хворых, але затое там яны здабылі фельчара, казённага, з амбулаторыі, і салдату ўдалося вельмі хутка выехать назад з фельчарам. Гэты фельчар быў чалавек мясцовы. Служачы пры доктару, ён за доўгія гады набыў вялікую практыку і ведаў практыку жыцця і на хваробах знаўся. Усю дарогу ён распытваў – а адкуль, а як, а што, салдату было весялей, таму і ехалі павальней. І вось праз усю дарогу назад, не спяшаючыся ехаць, малады фурманшчык разглядаў наваколле паабапал дарогі. Дзень гэты быў сонечны. На бярозах трапяталася жоўтае лісце. У чыстым полі адзінокі лісток на дарозе імкнуўся з ветрам удалячынь. Лясы паўз дарогу нерухома вартавалі спакой восені. На пустым іржышчы і на пакошах хадзіла жывёла. Ясны сум восені, здавалася, плыве з ветрам, і ўсё вісіць, як доўгачаканая ласкавасць. Шыпшына кустамі стаяла без лісця і з чырвонымі пладамі. Патузваючы лейцы, малады фурманшчык перажываў дзіцячае жаданне спыніць каня, адысціся да шыпшынніку і нарваць, немаведама дзеля чаго, поўную шапку ягад. Душа яго ўціхамірвалася дарогай, павольнай яздой, восенню і цішынёй. Яму здавалася, што ўжо з гэтых мясцін яму нікуды не трэба ад'язджаць, нікуды і ніколі, што не трэба ўжо шукаць у свеце прыстанку і што тут усё вельмі падобна на той родны кут, з якога ён з блізкімі сваімі і роднымі выехаў. З такім станам свае душы ён уехаў у Сумлічы і пад'ехаў да добра ўжо яму вядомай Волеччынай хаты. Салдат шпарка саскочыў з воза і пабег у хату, а следам і фельчар. Калі ж малады фурманшчык увайшоў у хату, ён убачыў, што немец ляжыць усё на тым жа месцы, а Волечка поіць яго з лыжкі малаком. Салдат сядзіць у одуме, а фельчар пільна прыглядаецца да немца. Калі ж Волечка з пустой міскай ад малака адышлася к печы, фельчар пачаў абслухваць і абмацваць хворага немца. Паваждаўшыся так з ім некалькі хвілін, ён зірнуў немцу ў пачырванелыя вочы і жвава сказаў:

– Э, пане-браце, немец! Дык жа мяне дарма з табой напалохалі. Ты ж зараз сто вёрст без аддыхі пешкам зробіш. Ну што ж, праўся ды разумней. Такі і не шкодзіла б, каб вы ўсе папруцянелі, а то гэтулькі неспакою праз вас. Аж да Баранавіч даперлі. Чаго? Павошта?

– Дык ён паправіцца? – нясмела і з надзеяй сказала Волечка.

– А хіба табе не ўсё роўна?

– Гэта ж мая хата. Лепш жа, калі ён сам адсюль выйдзе, чым мёртвы заваліць мне хату. Што я тады з ім рабіць буду.

– Чуеш? – сказаў фельчар да немца. – Праўся, а то хату гэтай малой заваліш.

– Напішам акт, што ён хворы і што я не мог у тэрмін яго сканваіраваць, – сказаў салдат.

– Давайце паперы.

З паперай была цяжкая справа. Яе не было ў гэтай хаце. Фельчар стаў церабіць свае кішэні і сваю фельчарскую пакоўню. Немец тым часам больш ачомаўся. Ён стаў рухавейшы, ажывіўся, пачаў паднімаць галаву і пільна прыглядацца да людзей і да ўсяго, што было ў хаце. Нейкі неспакой з'явіўся ў яго вачах. Было відно, што трывога агарнула яго і што яна ўсё пабольшваецца. І чым больш ён трывожыўся, тым здаравейшы рабіўся колер і выраз яго твару. І раптам, як вада з прабітага лёду, рванулася і лягла на яго твар пячаць недавер'я да ўсяго навакольнага і да людзей, якія былі каля яго. І пасля гэтага страх праступіў на рысах яго твару. І гэта ўсе заўважылі. Фельчар нейк крыва ўсміхнуўся і сказаў немцу:

– Чаго ты баішся? Дурань ты. Нямецкая галава. Машыну якую ці гармату новую ты ўмееш выдумаць, а бачыць, што чалавек мае душу і сэрца – на гэта ў цябе няма нічога… На, выпі гэты парашок, можа ўбачыш, што мы цябе лечым, а не бязвечым. – Немец выпіў парашок, і новы неспакой з'явіўся ў яго вачах. Ён нешта пачаў гаварыць і паказваць рукамі.

– Гэта ж ён думае, што я яму даў атруты! – моцна сказаў фельчар. – Цьфу! Каб ты навек запаветраў!.. Што ты лапочаш? Павальней кажы, можа я разбяру што, цераз дзесятае ў пятае.

Фельчар нарэшце абмацаў у сваёй кішэні вучнёўскі сшытак. Немец убачыў паперу і пацягнуўся да яе абедзвюма рукамі.

Практычны ў жыцці фельчар адразу здагадаўся і адарваў ад сшытка ліст. Як сасмаглы ваду, так хапіў немец паперу і аловак. Не ведаю, ці прыйшла немцу ў галаву думка, што калі ён так жвава ўзяўся за паперу, а не ляжыць з паблеклым позіркам на лаве, то ён перамог ужо сваю хваробу. Але такая думка павінна была б быць у яго. Пры лаве стаяў стол, немец прыпёрся да яго бокам і пачаў выводзіць на паперы алоўкам слова за словам. Фельчар бачыў, што яму так нядобра пісаць, сеў сам на лаву і падпёр немца сваёю спіною. Немец спісаў абодва бакі паперы і ўжо распісаўся, як раптам як бы што ўспомніў, пакінуў пісаць, і на твар яго лягла пячаць просьбы. Ён штосьці пачаў гаварыць фельчару, які ў гэты час якраз даў яму зноў парашок. Фельчар пачаў прыслухоўвацца і нарэшце штосьці двума ці трыма словамі, к здзіўленню ўсіх, па-нямецку запытаў у немца, Праўда, яго гаворка па-нямецку была нясмелая, ён лавіў словы, як глухі прыглядаецца на вусны таго, з кім гаворыць. Але ён зразумеў немца: той прасіў назваць яму адрас таго кутка, дзе ён цяпер хварэе. Фельчар прадыктаваў яму адрас на мястэчка Сумлічы так, каб сюды льга было трапіць адкуль сабе хочаш, хоць з усяго свету. Пасля гэтага фельчар напісаў акт аб хваробе немца. Праверылі па паперы ў салдата і запыталі ў самога немца, і ўсім стала вядома, што немец завецца Густаў Шрэдэр. Салдат тады сказаў распісацца ў акце за сведак Вольцы і яе маладому госцю. Волечка напісала: «Вольга Нявада», а той напісаў: «Кастусь Лукашэвіч, выгнанец з-пад Вілейкі». Вельмі можа быць, што апошнія словы яго подпісу ішлі з яго абязвечанай цяжкай зменай у яго жыцці псіхалогіі. Ён страціў з-пад сваіх ног той грунт, на якім стаяў на сваёй Вілейшчыне. Нездарма ён на світанні таго дня так ныў душой перад тварам бадзяння па свеце. Салдат схаваў акт сабе ў кішэню, падзякаваў фельчара і сказаў:

– Сёння ў дарогу позна, ды і немец яшчэ слабы. А цераз ноч ён у мяне пойдзе як падмецены, так што мы да Слуцка даклыбаем як з перуна. Эй ты, хворы немчык, кладзіся і спі гэтыя паўсутак, каб заўтра ты ў мяне быў, як шустры бычок.

Немец недаверліва паглядзеў на салдата, і з яго ўмомант зляцела тая ажыўленасць, першыя адзнакі якой ужо былі з'явіліся ў яго. Ён глыбей пасунуўся ў лаву, дастаў з нетраў свае змятай і вываленай у зямлі адзежы некалькі закручаных у хустачку канвертаў з раней напісаным на іх адрасам у Германію і ў адзін з гэтых канвертаў паклаў толькі што напісанае пісьмо, заклеіў і словамі і знакамі растлумачыў фельчару, што гэта пісьмо, а не што іншае. Мусіць, фельчару тут ён найбольш мог даверыцца. Пасля гэтага ён паклаў пісьмо сабе пад галаву і неўзабаве глыбока задрамаў. Дзень ішоў к вечару. Сонца стала ніжэй і пачало біцца ў акно. У хаце стала ясна, шырэй і прастарней. Немец спаў. Салдат курыў, Волечка займалася дробнай хатняй таўкатнёй, як самая руплівая з усіх жанчын на свеце. Малады яе госць стаяў на двары пры возе і глядзеў, як коні ядуць сена. Фельчар моўчкі сядзеў і пасля разгаварыўся з Волечкай.

– Дык і табе, дзяўчо, прыйшлося горка, – казаў ён. – Ну, бацька твой, дарма што пісем не шле, а можа быць жыў і здароў і хутка вернецца дадому. Дык ты нічога кепскага не думай, а жыві сабе памалу. Ведай, што кожны пражыты дзень адкідае тое, што ёсць, і набліжае тое, што будзе. Горачы на свеце многа, але і ў самай большай на свеце пасудзіне ёсць дно, няхай сабе яна хоць і да краёў наліта атрутай. А ты стаіш перад векам сваім, дык атрута і горач выветрацца і высахнуць, а ты жыць будзеш… Дык як жа мне, – сказаў ён нарэшце да салдата, – трэба дадому брацца.

– Я пайду да старасты, каб даў фурманку вам, – прагаварыў салдат. – А мы з немцам у дарогу заўтра.

І гэтулькі было ў салдацкім голасе спакойнай ураўнаважанасці, гэтулькі было ў ім упэўненасці, што ўсё на свеце ідзе да таго, да чаго яно ідзе, што здавалася, ніякае хваляванне не пройме гэтага чалавека. Салдат выйшаў, і ўсе ў хаце чулі, як ён на двары гаварыў з маладым выгнанцам. Немец крыху прыўзняў галаву, павярнуўся тварам угару і ляжаў так, гледзячы ў столь. Фельчар даў яму яшчэ парашок, і той, мусіць, ужо як мае быць убачыўшы, што яго не страляюць і не рвуць на кавалкі, а лечаць, выпіў лякарства і зноў спакойна ляжаў. Тым часам хлопец увайшоў у хату і, ні на кога не гледзячы, як бы сам сабе, моцна сказаў:

– Дык можна ж было і ўчора пайсці да старасты, каб даў фурманку, а то мяне ганяў у мястэчка. Знайшоў сабе вазюра! Добры інтэрас! Што ён да мяне мае! Прычапіўся!

– Намнога ты за яе старэйшы? – сказаў фельчар хлопцу і паказваючы на Вольку.

– Адкуль жа я магу ведаць? – паціснуў плячыма хлопец.

– Як гэта? Хіба яна не сястра твая?

– Я на выгнанства ад вайны еду.

– Тут асталяваўся жыць?

– Не, я тут бацьку хаваў.

– Куды думаеш ехаць?

– І сам не ведаю.

– Кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбірай тую, якая не вядзе ў прорву.

Прыйшоў салдат і сказаў, што фурманка пад'едзе пад хату.

Волечка тым часам нешта занадта рухава пачала завіхацца ля печы.

– Прынясі мне лому, – сказала яна да Кастуся без якой бы там ні было выразнай інтанацыі ў голасе, і ён ахвотна прынёс лом.

– Увапхні ў печ і запалі, бо я вельмі спяшаюся.

Сонца спускалася ўсё ніжэй, праменне яго з кожнай хвілінай зменьвала свой колер, і нарэшце ў яго роўным чырванаватым бляску ажыла задумёнасць ціхага змяркання. І тут пачалася паэзія спакойнага адвячорка ў хаце. Усе ціха сядзелі, кожны на сваім месцы і са сваімі думкамі. У рухавым клопаце была толькі адна Волечка, малая гаспадыня гэтай хаты, дзе так нечакана сабраліся так не падобныя адзін на другога людзі, далёкія адзін ад аднаго і месцам на зямлі, і прывычкамі, і звычаямі, і жаданнямі, і натурай. У печы зырка гарэў агонь і пры ім кіпеў вялікі гаршчок. Волечка то выходзіла ў сенцы, то зноў уваходзіла ў хату і кожны раз прыносіла то цыбулю, то моркву, то бульбіну, то нейкае карэнне, то лісце і падкідала ў гаршчок.

– Што гэта ты варыш такое? – запытаў фельчар, сочачы за рухавай Волечкай.

– Вару яду.

– А як жа гэтая патрава завецца?

– Нейк завецца, – злёгку прыбянтэжылася Волечка.

– А чым жа ты яе закрашваць будзеш?

Волечка як аслупянела. Нерухомая яна стаяла, і твар яе загарэўся чырвоным колерам.

– Малаком, – нарэшце адказала яна так, быццам кожнае слова важыла сто пудоў і цяжка было яго спусціць з языка.

– Як жа ты будзеш гэтую патраву малаком закрашваць, калі ты ў яе цыбулю кідала?

Волечка выбегла ў сенцы, і вочы яе напоўніліся слязьмі. Стары фельчар адчыніў дзверы ў сенцы і сеў на парозе.

– А чаго ў цябе, дзяўчо, твар так зачырванеўся? (Ён не пытаў: «чаго ў цябе слёзы?»)

– Бо я ля печы стаяла.

– У цябе няма сала?

– Няма, – як з-пад зямлі сказала яна.

– А каму ты так многа варыш?

– Усім… нам… Ужо другі дзень у мяне ў хаце чужыя людзі, а я ім нічога нават перакусіць не дала.

– А немца ты малаком паіла?

– Дык ён жа хворы.

– А малая ты мая, а галубка ты мая!

– Нічога, я пастаўлю новы гаршчок, без цыбулі… Гэта я забылася…

Кастусь у момант вока праскочыў праз сенцы на двор, развярнуў на возе сена і з бадай што пустой зашмальцованай торбы дастаў усё, што ў ёй было. Гэта быў раздушаны крышан сала. Аж босыя пяты яго мігцелі, як маланка, калі ён ускочыў назад у сенцы з моцным шпаркім шэптам. На твары яго ляжаў таемны выраз вялікага змоўшчыка:

– Волька, выйдзі к возу на момант.

І сам скінуў з сябе дзіцячую трапятлівасць і сталай хадой падаўся з сянец. Так жа паволі і стала Волька пайшла за ім. Абое сталі яны ля воза, дзе двое коней бесперапынна жавалі сена.

– На табе сала, на гаршчок будзе. І нікому не кажы, што гэта я табе даў. Няхай думаюць, што гэта ў цябе было, але ты не хацела спавядацца перад усімі і сказала, што няма.

Трэба было бачыць у гэты момант Волечку. Як заваёўніца свету, яна з ганарлівай павольнасцю ўвайшла ў хату і зноў пачала хадзіць ля печы. Салдат дастаў з свайго ранца бляшанку кансерваў, паставіў на стол і сказаў:

– Можа гэтым добра закрасіць гаршчок?

– Я ўжо закрасіла салам.

– А ты ж казала…

– Мала што я казала…

Немец сядзеў на лаве і прыглядаўся да ўсяго, што рабілася ў гэтай чужой яму хаце. Ужо быў прыцемак. Ужо агонь у печы згасаў. Ужо вераснёвы вечар апаноўваў цішынёй свет. Хвіліна за хвілінай, і ўсе гэтыя людзі паселі навокал стала. Волечка частавала іх патравай, якую, можа быць, і сама прыдумала з прычыны свае неспрактыкаванасці ў гаспадыньскіх справах. Еў салдат, еў фельчар, еў Кастусь, еў і немец. І ўсім падабалася яда. Фельчар раптам паварушыў сваю медыцынскую дарожную пакоўню і паставіў на стол пляскатую пляшку.

– А гэтую мікстурку я ўзяў з сабою, бо думаў, што прыйдзецца ёю лячыць немца. Аж яно і добра, што ўзяў.

Гэтую чыстую, як сляза, мікстуру адным заходам выпілі ўтрох: фельчар, салдат і немец. Пасля гэтага неўзабаве шумна стала ў гэтай хаце. Салдат, заглядаючы ўсім у вочы, даводзіў, што няма на свеце лепшых дзяцей, як яго, недзе там далёка адсюль. Фельчар крычаў салдату ў твар цераз стол, што ён верыць, што ў яго слаўныя дзеці. А цяпер ён скажа пра капусту, якую ён сам садзіў, а расаду прывозіў аж з-за Слуцка. «Такое капусты свет не бачыў». Тут фельчар апомніўся, збянтэжыўся і павярнуўся да Кастуся:

– А нашто табе шукаць якой-небудзь дарогі ў свет на бадзянне? Жыві ў гэтай хаце і памагай гэтай малой жыць на свеце. Вам жа цяпер абаім важна, каб абы дзень перабыць. У яе вернецца бацька, і жыццё пачнецца, а ты – скончыцца вайна, і вернешся на сваю Вілейшчыну.

І раптам пасля гэтых слоў штосьці сталася з Кастусём. Незаўважна выйшаў ён з хаты і ўзлёг грудзьмі на біла ў возе. Цяжкі, як стопудовы камень, смутак наваліўся на яго. Родныя мясціны на Вілейшчыне, куды яму прарочыў вярнуцца стары фельчар, звязваліся ў яго ўяўленнях з бацькам. Як жа ён вернецца туды, калі ўжо бацькі няма? А калі і вернецца, то цяпер гэта ўжо не тое будзе. Коні пацерліся мысамі аб яго плечы. Ён устрапянуўся і падклаў ім сена. Як увайшоў у хату, убачыў, што Волечка спіць не раздзеўшыся на тапчане пры печы і без нічога пад галавою. Спяць дзе хто – немец, фельчар і салдат. Ён выйшаў зноў і лёг на воз. І зноў, як і тая ноч – з зорамі і цішынёй. Яна яму здалася доўгай. І вядома: вераснёвыя ночы доўгія. На світанні ён моцна заснуў. Сонца пабудзіла яго. Яно біла яму ў твар, але гэта было восеннае сонца, мяккае і лагоднае, як шчокі любага дзіцяці. З вуліцы чуліся гукі напоўненай працай раніцы. З коміна Волеччынай хаты ішоў дым. Ён спалохаўся, што праспаў нешта важнае, усхапіўся і застаў у хаце дзіўную сцэну: у залітай сонцам хаце цесна было каля той лавы, на якой раней ляжаў хворы немец. У печы палаў агонь. Ружовенькі і свежы тварам немец адной рукой гладзіў па галаве Волечку, а ў другой трымаў сваё ўчарашняе пісьмо і соваў яго ў фельчаравы рукі і штосьці ўсё гаварыў, гаварыў, да чаго фельчар прыслухоўваўся.

– Ага, – зразумеў нарэшце фельчар, – ты рад, ты шчаслівы, што ачуняў і ўжо здаровы? А ты думаў, што памрэш, адзін сярод чужых людзей? Аж ты ўбачыў, што гэтыя людзі цябе ратавалі і паставілі на ногі? Ты кажаш, што ў цябе ёсць дома сын, якому цяпер ужо дзесяць год? Ён таксама, як і ты, завецца Густаў Шрэдэр? Тое, што ён ёсць на свеце і што ты ачуняў, радуе цябе? Ага, ты хочаш чым-небудзь аддзякаваць нас усіх і найбольш гэтую малую? Ну дык яна завецца Волька.

Вядома, немец нічога не ведаў, што кажа фельчар. Але ён, і не чуючы і нічога не слухаючы, гледзячы сам у сваю душу, раптам прыгарнуў да сваіх грудзей Волеччыну галаву, і твар яго перасмыкнуўся момантным рухам шчасця. У наступны момант ён пачаў шнырыць па патайных кішэнях і пад падшэўкай свае адзежы. Ён дастаў адтуль два ці, можа, і тры залатыя гадзіннікі, некалькі залатых пярсцёнкаў, звязаных ніткай, і залаты нацельны крыжык праваслаўнай царквы – васьміканцовы з мініяцюрным абразком на адваротным баку расейскага барадатага святога. Усё гэта ён загарнуў у прыгаршчы і сунуў у рукі Волечцы. Яна збянтэжылася і апусціла рукі. Немец сілаю даваў ёй гэты дарагі падарунак. Было вельмі падобна, што гэтыя рэчы душаць яго і ён стараецца выратавацца ад іх.

Назад Дальше