Хатынская аповесць - Адамович Алесь Михайлович 10 стр.


Асляпляльна рэзнула нешта па вачах, наўкол стала бела-бела: бяроза, чалавек на зямлі (што ў яго парыпвае?), асака, балота, людзі каля мяне, неба — раптоўна ўспыхнулі празрыстай, нясцерпнай беллю, i, тут жа пачарнеўшы, усё прапала разам са мной.

…Я ў нейкім буданчыку. Знадворку ходзяць, сядзяць на кукішках, нешта робяць людзі. Ніяк не зразумею, трызненне гэта ці ўсё, што я помню, было трызненнем. Але не, усё было i ўсё асталося. Я — гэта той, у каго ўсіх забілі. Мама, малыя… Я спалохана заплюшчыў вочы. I пачуў ужо свой уласны стогн.

Знадворку галасы, прастуджаныя, зласліва-вясёлыя (значыцца, праўда, што я стаў чуць!).

— Гэй, Сцёпка, фокуснік, прыдумаў бы хлебца. Што з твайго пудзіла — ні малака, ні мяса!

— Ніяк не нагуляецца — цацку яму давай!

На мне нейкая незнаёмая, чужая кашуля з белага палатна, а перад самымі вачамі, навешаны ў будане на сучок, сушыцца намыты мой кіцель. Вінтоўка над локцем ляжыць i папруга з падсумкамі — нехта зняў ix з мяне.

А гэта — Глаша, падышла з рэчавым мяшком у руцэ, пастаяла каля параненых партызанаў (я зразумеў ужо, хто гэта там размаўляе, смяецца) — яе тут жа падключылі да жартаў-жарцікаў. Партызан, з няўклюднасцю кульгавага падняўшыся з зямлі, паставіў каля сябе вялізнае, зробленае з ануч пудзіла чалавека i крычыць:

— Глашанька, пабудзь з намі. Калекі, раскажыце, якія тут бываюць вечарынкі! З гармонікам, з бубнам!

— Ідзі сюды, Глаша, не слухай гэтага бязногага. Вечары-ы-нкі яму прысніліся!

— Ад бязрукага чую! — весела адгукнуўся «вечарыншчык».

Глаша звонка, як некалі ў нашым лагеры, смяецца.

— Ой, ачнуўся! — прытворна, як здалося мне пасля яе нядаўняга смеху, узрадавалася Глаша, зазірнуўшы ў мой буданчык. Прысела, глядзіць на мяне, а крычыць некаму за буданчык:

— Кацярына Аляксееўна, вочы адкрыў, глядзіць!

Яшчэ нехта падышоў паглядзець на мяне: вялізная, ахінутая цёплай хусткай галава. Пачала кашляць, надрыўна i цяжка. Прастуджаная галава спытала:

— Табе лепей, хлопчык?

— Зараз мы пакормім яго, — завіхаецца Глаша, развязваючы рэчавы мяшок. — А то мы ўжо за яго баяліся. Я для Глашы ўжо «ён», «яго», як чужы. Затое вось перазнаёмілася з другімі, вечарынкамі яе спакушаюць!

— Гэта што? — паказваю я на чыстую кашулю.

— А што? — бязвінна здзівіліся яе сінія вочы. — Нічога, тваю вымыла.

— Добра, ідзі, я зараз.

Штаны на мне таксама чыстыя, вымытыя — здымалі, надзявалі, чорт ведае што!

Я, лежачы, тужэй зацягнуў папругу, якая аказалася нязвычна доўгай, заправіў кашулю. Рукі i ногі нязграбныя, ватныя, паколвае па ўсёй скуры, асабліва на спіне. Нешта ў далоні замінае, як прыклеілася, — сухая, абмерлая скура.

— Мы ўжо думалі, что тыфус, — кажа Глаша, корпаючыся ў рэчавым мяшку, раскладваючы яду.

Нешта вочы мае баляць пасля той белай успышкі. (Дарэчы, пад вечар яны балець перасталі. Потым, калі зразумеў, што слепну, расказваў пра гэта ўрачам, пра асляпляльную ўспышку каля абгарэлага дзядзькі Юстына, але яны асцярожна i нават ніякавата слухалі пра гэта i цікавіліся: «Ці не было фізічнай траўмы?»— «Была, была i фізічная!»)

Мяне чакаў абед: халодная печаная бульба, яблыкі. Глаша дастала з мяшка яшчэ нешта, загорнутае ў альховае лісце, панюхала.

— Памятаеш свінню, калі мы былі ў тваёй вёсцы? Перабегла яшчэ вуліцу. Хлопцы пазаўчора хадзілі ў Белыя Пяскі… Толькі без солі. Пакінулі табе, а яно бач…

Узяўшы яблык, я паспяшаўся далей ад гэтага мяса.

Мяне хістала.

Параненыя партызаны (чалавек дзесяць пад брызентавай стрэшкай, а трое, каторыя дужэй, — знадворку) адзначылі мае з'яўленне з таго свету гучнымі рэплікамі:

— Галоўнае, на ногі ўстаць.

— Было б на што ўстаць.

— Будзеш, братка, вартаваць «востраў», а то бачыш, якія тут ваякі.

Я, счакаўшы, паздароўкаўся, мне адказалі. Хоць я хаджу на нагах, а яны ляжаць ці бездапаможна сядзяць, але са мной размаўляюць, нібы я самы хворы тут.

Адзін з партызанаў захоплены дзіўнай работай: з ануч i дубцоў змайстраваў ляльку ў чалавечы рост, а цяпер малюе на фанерцы — што павінна азначаць твар, знаёмую фізіяномію: вусікі, акуратную хуліганскую грыўку, круглы разяўлены рот.

Партызан у зімовай шапцы, той, што сустрэў нас на першым «востраве» i прывёў сюды, стаіць, абапёршыся на вінтоўку, i гутарыць то з майстрам, то з яго лялькай:

— Не то страляць у цябе, ануча старая, не то казыраць! Малайчына, Фокуснік, задаеш немцам задачку… Ну, што вочы вылупіў: намалявалі цябе, а ты ўжо i гарлапаніць! Глядзі, Сцяпан, на цябе крычыць. Намалюй яму за гэта крывое вока.

Сцяпан сядзіць, падклаўшы пад сябе мыліцу, у яго занадта, непрыемна прыгожы твар. I ўсё ўсміхаецца, i водбліскі ягонай усмешкі на Глашыным твары. Нават калі яна не глядзіць на яго.

— Я штук пяць ix ставіў ужо, — кажа Сцяпан-«фокуснік», ускокваючы на здаровую нагу i падымаючы з зямлі «Гітлера», на якога i абапёрся. (Сцяпап увесь час i вельмі жвава то садзіцца, то ўскоквае, хаця другая ягоная нага ў цяжкіх лубках.)

— Абодва аднаногія, — крычаць з-пад брызенту, — што Фокуснік, што фюрэр!

— Абыдзецца! — Сцяпан, усміхнуўшыся Глашы. — Любата на ix глядзець? Пад'едуць на машынах, на матацыклах i глядзяць, як папуасы. Як так, хто адважыўся?.. I што рабіць, не ведаюць. Зачапіць — баяцца, што замініравана, гранату кінуць — таксама, бо фюрэр жа. Абсмяешся! Можна біць, як цецерукоў! Зразумеў, Рубеж? Дзейнічай!

— Зразумеў! — абазваўся мой праваднік, — толькі я яму зраблю начынку, вантрабянку з толу. Ён у мяне пабрэша!

— Эх, мне б з вамі! — раптам засумаваў Сцяпан. I адразу Глаша зірнула на яго. Да чаго ж яны адзін аднаго чуюць. Я ўсё прыкмячаю, нават нейкім абвостраным зрокам. Але ўсё ад мяне як бы збоч. Нейкая паласа пралягла паміж мной цяперашнім i ўсім, што нядаўна было такім важным. Toe, што я бачу, заўважаю, што адбываецца па-за мной, адразу ахінаецца нейкім горкім пачуццём, якое поўніць мяне да краёў, нішчыцца ў ім, i само пачуццё ад гэтага ні мацней, ні вастрэй.

(Вочы Сцёпкі-«фокусніка» мне асабліва помняцца: светлыя i вясёлыя да шаленства. А твар непраўдападобна прыгожы, амаль дзявочы. З доўгімі чорнымі вейкамі. Я столькі разоў потым уяўляў, як усё здарылася тут праз сем ці дзесяць дзён: як подбегам прыкульгаў ён з мыліцай адтуль, дзе трашчалі нямецкія аўтаматы, кінуў долу пустую вінтоўку, сарваў з пояса гранату i сеў пад брызентам, падцягнуўшы да сябе мяшок з толам; як папаўзлі да яго з усіх бакоў, нібы да збавіцеля, параненыя, i ён укладваў ix галовамі да сябе, прыспешваў. Усе — тварамі да зямлі, а ён вось такімі ж шалёна-вясёлымі светлымі вачамі апошні раз, за ix усіх, глядзеў на свет. I апошні, хто бачыў гэтыя вочы, — Глаша.)

Уторкнуўшы пудзіла ў пракіслую балотную зямлю, падхапіўшы з долу мыліцу, Сцёпка-«фокуснік» аб'явіў:

— Хай будзе фюрэр шосты!

— A ў нас у 41-м, — не змаўкае «праваднік» (гаварун ён, i яму ўсё адно, слухаюць ці не), — у нас, як прыйшлі вось яго малайцы, найперш склады вывезлі, a семкі (не ведаю, навошта ix было столькі на бабруйскіх складах), семкі не забаранялі браць, ды яшчэ цукар з пяском, ну, i стаялі ў чэргах людзі, a адзін наш, са Слуцка, вельмі ж быў падобны на гэтага з вусікамі. А тут ішоў немец, прыпыніўся, глядзіць! I ўсе чакаюць, што будзе. Стаяў, глядзеў, думаў, а потым — плясь па фізіяноміі! За тое, што на фюрэра ягонага пасмеў быць падобным? Ці рахункі з фюрэрам зводзіў? Нават казалі, што паляк або славак, а не немец… Ну, добра, браткі, што вам прынесці гэтым разам? Заказвайце, як у сталоўцы.

— Задушыце скора сваёй бульбай: халоднай i без солі,— сказаў Сцяпан-«фокуснік».

I другія падхапілі:

— Дойдзеш з вамі i без немцаў.

— Хлебца б расстараліся, а то выпаўзуць, дзе бліжэй, i назад!

— Добра яшчэ, што вяртаюцца. Я на ix месцы даўно б драла даў. Надта вы каму трэба, бязногія, сядзі з вамі, чакай доўбні. Праўду я кажу, Рубеж?

Рубеж (мой праваднік) усміхаецца, зусім не збянтэжаны такой атакай. Грэбаючы тонкімі худымі нагамі па асацэ, падышоў да мяне:

— Пойдзеш з намі, хлопец? Не, не сёння. Адпачні, а то праз багну не пралезеш. Тут, бач, ратоў колькі, a якія зубастыя, бачыш?

«Рама» праляцела высока, роўненька, як па дроце. Здавалася, яна толькі крэсліць свае нейкія нябачныя лініі, а да нас, да «вострава» ёй няма ніякай справы. Праляцела, мы выйшлі з кустоў i зноў памахалі жанчынам i параненым. Яны застаюцца, мы, чацвёра, ідзём. Паміж намі ўжо кладкі. Глаша стаіць побач са Сцёпкам-«фокуснікам». Прасілася з намі, але камандзір нашай групы (параненыя яго называюць «камендантам вострава») у сваю чаргу папрасіў яе:

— Калі будзеце настойваць, я дазволю. Але трэба некаму i з імі застацца. Гэты раз мы ўсе чацвёра ідзём i далека — да чорта ў зубы. Трэба хоць нейкія запасы зрабіць. Пакуль яшчэ можна.

Наш «камендант» — ленінградзец, пра гэтата вораць, як пра ягоную асабістую вартасць. I яго далікатнае «вы» нават з падлеткамі, i сарамлівая маўклівасць, гатоўнасць доўга i складана тлумачыць тое, што іншы камандзір вырашаў бы адным «так» ці «не», i сама юнацкая стройнасць гэтага сіваватага, аброслага шчэццю чалавека ў чырвонаармейскіх абносках — усё для нас месціцца ў адным паняцці «ленінградзец», афарбавана ім i афарбоўвае яго. Карацей, «камендант» нам падабаецца, i таму вельмі дарэчы, што ён менавіта з таго горада, які ты хоць i не бачыў ніколі, як не бачыў таямніча-цудоўнага паўночнага ззяння, але без далёкага, неназойлівага існавання якога не ўяўляеш ні сябе, ні свету.

— Я i яго не браў бы, — кіўнуў у мой бок «камендант». — Гэта Рубеж надумаў.

Невясёлыя мы ішлі, нібы ўсё наперад ведалі. А тут яшчэ гэтая цётка Храмеліха. Прынесла Глебу Васільевічу, «каменданту» нашаму, анучы, памытыя i сухія, хоць i кожны дзень імжэў дождж.

— Дзе вы, цётка, сушылі? — здзівіўся Глеб Васільевіч. — Агню мы быццам не палім.

— Сакрэт ёсць, — сказала кабета, — насіце здаровенькі.

Але дзяўчынка выдала цётчын сакрэт:

— Цётка Храмеліха на сабе сушыла, пад кофтай.

Ленінградзец наш пачырванеў, нават перастаў абувацца, нібы не ведаючы, як цяпер быць. А тут другая кабеціна падтыкнулася, папрасіла:

— Вы хоць не пакіньце нас адных, хлопчыкі.

— Ды мы што — аліментшчыкі,— сказаў Рубеж, — каб уцякаць?

— I вашы ж тут параненыя, — яшчэ раз нагадала кабеціна.

Мы перасеклі першы «востраў»: вось яно, месца, дзе нам з Глашай тады трапіўся Рубеж. «Камендант» закурыў нямецкую цыгарэту, i ўсе па чарзе зацягнуліся па колькі разоў. Я таксама атрымаў сваю порцыю дыму — галава адразу закружылася, паплыла. Глеб Васільевіч дакорліва глянуў на Рубяжа, узнепакоена — на мяне:

— Усё-такі дарэмна мы вас, Гайшун, узялі.

— Нічога, воўка ногі кормяць, — сказаў Рубеж, — а яму трэба падкарміцца.

Я змоўчаў, таму што мне раптам захацелася вярнуцца на «востраў».

З кустоў выцягнулі доўгія жэрдкі, спецыяльна прыхаваныя, i рушылі па кладках. Смурод, як i тады. Kaровіны тушы ўжо i зусім усплылі, ix нібы болей стала. А Рубеж цягне яшчэ i «фюрэра», Сцёпкаў падарунак. («Абмяняеце ў фрыцаў на галеты».) Гэты смешны, даўганосы Рубеж знаходзіць час i на слізкіх кладках пускацца ў разважанні, гаворыць, гаворыць, i за сябе, i за ўсіх нас, i за «фюрэра», i нават за гэтых вось «бегемотаў».

— Давай, давай, цыркачы! Гэта вам не каля цётак грэцца! Нясі мяне, калі дурань! (Галаском фюрэра.) Пых-пых! Па-а! Нюхайце нас, брыдоту. (Глухім басам нерухомых «бегемотаў».)

…Але галоўны субяседнік Рубяжа, як выявілася, — сам лёс, доля партызанская. Балбоча Рубеж з ёю ўвесь час, з ёю i ад яе імя. Як са сварлівай жонкай. Ад мармытання яго (а мы ўжо двое сутак цягаемся па акрузе) пачынае здавацца, што нас у групе больш, што побач нехта пяты — дурная i порсткая кабеціна, ад якой чаго хочаш можна чакаць. Тая самая партызанская доля.

— Вось я на вас яшчэ зверху папырскаю, а то мала вымаклі ў балоце, — здзекліва абяцае сварлівым голасам Рубеж, зірнуўшы на нізкае неба. I нібы па ягонай просьбе, імжыць ужо дождж.

I так усю дарогу, удзень i ўночы.

«Рама» з намі завядзе гаворку:

— Вось i я! Засумавалі? А, гэта вы? Зараз, зараз, я вось толькі палятаю над вамі. Зараз прышлю з бомбачкамі.

Месяц, недарэчы яркі, раптам пачне дурнаватыя хаханькі:

— Ах, які я кругленькі i светлы! Іголак вам — збірайце. Ці, можа, салаўёў? Магу!

— Раскаркаўся! — злуецца на Рубяжа наш чацвёрты партызан, хваравіты, бледны Скараход. Ён з першага кіламетра закульгаў: брыдзе, нязграбна ставячы ногі i пахістваючыся налева-направа. Скулле абсела чалавека, ды ячшэ ў самым непатрэбным месцы. А тут яшчэ прозвішча — Скараход: сапраўды нейкая насмешка з чалавека!

— Ну навошта ты гэтага псіха цягнеш? — сіплым, задыхлівым голасам злуецца Скараход, нібы не Рубяжу, а яму самому даводзіцца несці пудзіла — «фюрэра».

— Я яго! А кожа, ён мяне? — агрызаецца Рубеж. — Не было б яго, i ты б не націраў сваё скулле, сядзеў як бог у Мінску. Якія ж мы «вылупні» будзем, калі я кіну яго? Без фюрэра?

Мы ўжо «каюкалы», «мукамолы», а Рубеж усё падбірае нам імя па нашым незайздросным становішчы: «баўтрукі», «падмацакі», i цяпер вось — «вылупні». Што ні здараецца з намі i ў нас па дарозе — нібы так i павінна быць: а чаго яшчэ хацець ад «вылупняў»? Зайцава капуста замест галет, на якія мы разявіліся, — а што, для «мукамолаў», нават гэта аж занадта! Пуднулі нас, пабеглі, i Скараход згубіў у гразі дзіравы чаравік, застаўся з адным — на тое i «вылупні», каб губляць! Нічога вясёленькага ў такой весялосці няма, але як бы i сапраўды лягчэй ад гэтай непавагі да ўсякай няўдачы, бяды.

Адзін Скараход i стамляецца, i мокне, i галадае, i злуецца — усё ўсур'ёз, пагарджаючы блазенствам, якім Рубеж заразіў i мяне i нават ленінградца, нашага «каменданта».

I калі ў трэці раз налезлі на засаду i перлі, як ласі, праз гарэлы, звонкі ад куль i рэха бор, Скараход у адным чаравіку бег першы, а потым стаў i здзекліва глядзеў, нас чакаючы: ну што, i цяпер вам весела?! I як бы на злосць (не Скараходу, а некаму i нечаму наогул), «вылупні» пачалі смяяцца, а Рубеж, у трэцяй асобе, пачаў расказваць, як падыходзілі да ўзлесся, як «мукамолы» глядзелі на сытых нямецкіх коней, а Скараход нібыта завыў па-воўчаму, i як ім, «вылупням», — па зубах, па зубах! I як «пукалы» драла давалі: «Ногі мае, ногі, нясіце маю…» I далей — карцінкі: як знойдуць немцы кінутага Рубяжом «фюрэра» i як накрычыць пудзіла на ix за тое, што ўпусцілі Скарахода, «вылупняў»

Я ўдзельнічаў у гэтай дзіўнаватай весялосці, але мяне не пакідаў, a ўсё ўзрастаў нейкі ўнутраны жах перад самім сабой. Чаго гэта я, няўжо гэта я?

Ідзём насустрач пажарам i начной страляніне, усё навокал дзіўна перайначана заравам, трывожнай невядомасцю i тым, што адбылося са мной. Усё не магу паверыць, згадзіцца, што я — гэта той, у каго так страшна забілі маму, сястрычак, што гэта i ёсць я! Што вайна, што немцы, смерць побач — гэта ўжо не перашкаджае мне быць. Але на свеце ўсё яшчэ няма мяне, у каторага ўсіх забілі. Але i ранейшага мяне няма. Усё раблю, як яны — Рубеж i Глеб Васільевіч, яшчэ больш, чым яны, кплю з «вылупняў» i сіплага сердавання Скарахода, але нешта чужое, дзіўнае цяпер ва мне ёсць, прыкметнае нават старонняму: я чуў, як Рубеж сказаў у мяне за спіной:

— Навошта я, дурань стары, узяў хлапчыну? Вунь што з ім робіцца!

Узлесак i дарога праз луг, начное поле высцелены святлом пажараў i міргатлівых ракет. З цемені раптам вырываюцца трасы куль, што, падсцерагаючы, шукаюць нас. Спачатку яны бязгучна памчаць i толькі потым, нібы металічны ланцуг павалакуць — та-татах…

Сярод поля цень твой робіцца доўгім i мнагаслойным: зарава, месяц, ракеты прагавіта ловяць, спыняюць, паўтараюць цябе, тваю прысутнасць, падвойваюць, патройваюць, доўжаць. Мы брыдзём стомленыя, галодныя, то наступаючы на свае доўгія, нібы дарога, цені, то несучы ix узбоч, то валакучы за сабой. Нам ужо надакучыла падаць, мітусіцца пры кожнай ракеце. За нас усё гэта нашы цені робяць. Узляціць ракета — цень спалохана, па-сабачы кінецца да тваіх ног, пагусцее i паменшае; ракета апускаецца, згасае — цень імкліва расцягваецца, імчыць тваю постаць у поле. А вакол рухаюцца, варушацца паўцені ад зарава i месяца, напаўзаюць адна на адну i тут жа зноўку палахліва пакідаюць цябе, як толькі ўзляціць блізкая ракета.

Назад Дальше