Хатынская аповесць - Адамович Алесь Михайлович 14 стр.


Немігатлівае, агромністае вока месяца вісела над скутым цішынёй полем, над чорным валам лесу, над барвовым гарызонтам. A ў гэтым воку, як у люстэрку, два чалавекі нешта адзін з адным рабілі, нешта страшнае адбывалася…

— …I вы, Фларыян Пятровіч, будзеце мяне яшчэ пераконваць? Не, калі б за нашай планетай назіраў, сачыў я, даўно ўжо зрабіў бы аргвывады!

На гэты раз Барыс Бокій, кінуўшы на канапу свой цяжкі партфель, расказаў пра Хатынь, куды ён нядаўна ездзіў, пра могільнік паўтысячы беларускіх вёсак.

— Ды вы ж гэта сваімі вачамі бачылі, Фларыян Пятровіч? Ну вось растлумачце, як такое магчыма? Не, я не пра фашызм як пра сістэму, у гэтым я яшчэ магу разабрацца. Хоць i не вазьмуся вытлумачыць усе гэтыя метастазы, якія ўспыхваюць на самых нечаканых кантынентах. А вось канкрэтны чалавек, які ад чалавека радзіўся, асобна ўзяты выканаўца?

— Не было… Асобна ўзятага не было. Спрадвечнае «мы». Так, яно: «Мы — немцы!», «мы — арыйцы», нават «мы — спадчыннікі Шылера i Канта?» Іменна так, тое самае «мы», без якога немагчыма калектыўная чалавечая гісторыя, але тут яно са знакам мінус. Адключана толькі ўсведамленне, пачуццё, што над усімі «мы» ёсць самае агульнае i галоўнае: «Мы — людзі!», «мы — чалавекі, чалавецтва!» У імя самага галоўнага i ўсё астатняе, a інакш нават гордасць, што «суайчыннікі Гётэ i Вагнера», паварочваецца варварствам, здзічэннем. Такая самазадаволеная «культурная дзікасць» ужо Талстому здавалася асабліва пагрозлівай. Дзе ўжо тут думаць пра бліжніх ці чужых i не рабіць іншым, чаго не жадаў бы сабе: іншыя ж — не «мы»! У ix адзенне, колер скуры, звычаі, мова, узровень жыцця вунь якія не такія! Талстой прыводзіць i такі прыклад: людаеды ставілі ніжэй за сябе, лічылі дзікунамі свае ахвяры якраз за тое, што тыя елі толькі фрукты ды гародніну. За тое, што яны не людаеды! Дык чаму арганізатарам Асвенцімаў i Хатыняў не глядзець звысоку на тых, каго яны знішчалі? Я вось упэўнены, што ў Хатынях i гэта мела значэнне: напрыклад, непадабенства нашых вёсак на іхнія, чарапічныя. Для «чалавека разумнага» адрозненні народаў, рас, людзей — нагода для радаснага здзіўлення, роздуму, затое для «голай малпы» — повад, прычына пагарджаць усімі, хто на яе, арыйку, не падобны. Асабліва гэта заўважалася ў ix стаўленні да ваеннапалонных. Спачатку холадам i голадам даводзілі людзей да жудаснага, амаль нялюдскага аблічча, а потым які-небудзь нягеглы вахман гнаў ix у ямы — расстрэльваць — i сам, магчыма, уздыхаў: «Не, што ні кажы, а нешта недачалавечае ў ix!»

— Вось так яно, Фларыян Пятровіч!

— Але ж ёсць крытэрыі сапраўды чалавечага «мы»! У адрозненне ад варварскага, дзікунскага, фашысцкага. Мне думаецца, крытэрый тут адзін: узвышае тая ці іншая ідэя здольнасць чалавека спачуваць чужому болю, пакутам людзей. Ці, наадварот, паніжае, глушыць гэтую самую чалавечую з усіх здольнасцей — чужы боль адчуваць, усведамляць, як свой уласны i нават яшчэ мацней. Калі прытупляе, тады гэта наркотык, што нічым не адрозніваецца ад гераіну, якім у В'етнаме забойцы глушаць сваё сумленне. Ну, a тэхніка гэтаму дапаможа. Вунь хочуць устанавіць i ўжо дзейнічаюць на рысавых палях i лясных сцежках электронныя датчыкі, механічных сышчыкаў накідалі. Пройдзе побач штосьці цёплае, жывое — на інфрачырвонай плёнцы далёкага аэрадрома ўзнік пучок святла, адразу ўзняліся ў паветра нагружаныя смерцю самалёты. Не толькі спачування, але нават i нянавісці ўжо няма. Пучок святла на экране — якія тут могуць быць пачуцці?

— Вось-вось, дарагі Фларыян Пятровіч! Што ж атрымліваецца? Мільёны гадоў «мы» вандравалі гуртамі па халодных плато, развітаўшыся з райскімі малпавымі «кушчамі», нейкіх паўсотні тысяч гадоў «мы» — істоты, так сказаць, разумныя. Але як толькі імі зрабіліся, разумна разбегліся па самых далёкіх кутках планеты, як мага далей ад другіх, каторыя для нас ужо не «мы». Потым зноў знайшлі адны другіх, адкрылі, пазналі, узрадаваліся, а заадно i каланізавалі тых — слабейшых i прасцейшых. Ажно да атамнай энергіі homo sapiens паразумнеў! I што ж! Ці не па другому вітку ідзём? Ці не той самы разумны рэфлекс падштурхоўвае, «падначвае» нас разбегчыся зноў, цяпер па ўсім Млечным Шляху? Вы як хочаце, а я за гэта! Збяромся як-небудзь пазней. Га?..

— Веданне, вопыт мой — песімістычныя, але воля, надзея — аптымістычныя. Гэта Альберт Швейцар. Добра сказаў!

…Калі я ўсё-ткі споўз з поля, аблітага мёртвым святлом, дабраўся да свайго лесу, а днём да «астравоў», дык вяла мяне i вывела, напэўна, усё тая ж нясцерпная дзіцячая крыўда — унутраныя слёзы, якія я нібы нёс камусьці. I я прынёс ix да «вострава», бо знаў, чакаў, як узрадуюцца, як кінуцца мне насустрач i як я пра ўсё раскажу. Што будзе далей, потым, я неяк не думаў. А што я ім прыносіў, акрамя весткі, што ўсе забітыя i толькі я жывы? Загінулі ўсе, на кім трымалася надзея не памерці з голаду.

На хаду я жаваў, што траплялася: шчаўе, ягады. Увесь час хацелася піць.

У лесе каля першага «вострава» ўсё той жа пах, але зараз гэта знак, што я амаль дома. Пашукаў у кустах — усе шасты на месцы. Я нават пералічыў, нібы не адмовіўся яшчэ ад думкі, што Скараход ці Рубеж вярнуліся раней за мяне. Я ішоў з палкай да вады, i тут мяне паклікалі:

— Прыйшлі?.. Хлопчыкі!..

Каля балотнай сасёнкі сядзіць, стуліўшыся, жанчына. Ногі выцягнуты знясілена, на каленях брудны клуначак. Вочы пранізліва блішчаць на схуднелым, высахлым твары. (Аднойчы пачуў я расказ былога ваеннапалоннага: «Цэлыя паўгода хварэў на гэтую смерць» (гэта значыць на галодную, паміраў з голаду).) У хворых на галодную смерць вочы заўсёды такія — запытальна-пранізлівыя.

— Вось i добра… Прыйшлі…

Не хапіла паветра ўзрадавацца, i жанчына глыбока ўздыхнула. Наказала на свой клуначак:

— Шчаўліку сабрала… Добра, што вы…

Яна глядзіць, шукае вачамі астатніх, хоча ўбачыць, што мы прынеслі яе дзецям. Толькі тут я адчуў, што значыць для «вострава» мой зварот, які адчай i безнадзейнасць я нясу.

— Так… прыйшлі… зараз… так, — я мармытаў нешта i паказваў назад, як тады на лясным могільніку, i ўсё не кідаў шост. Спатыкнуўся, упаў, усміхнуўся (вось, маўляў, упаў!), a пранізліва-зіхатлівыя вочы жанчыны з жахам чапляліся за мяне, затрымлівалі мяне, гналі мяне.

Я ўжо амаль бег. Шпурнуў шост. Я вяртаўся. Куды, чаго? Я гэтага не ведаў. Ведаў толькі, што вось так, ні з чым на «востраве» з'явіцца не маю права. Не магу. Перад такімі вось вачамі, дзіцячымі, жаночымі. I яшчэ — параненыя. Хворыя голадам, на галодную смерць, усе падобныя: аднолькава вялікія вочы, шырокі рот. Прайшла б, прамільгнула першая надзея, ажыўленасць сустрэчы, i я ўбачыў бы вочы, якія ашукаў…

…Наш аўтобус зусім заціх. Толькі жаночае (роўнае, бясконцае) казанне пра паездку на поўдзень i як пужліва-весела ўцякалі ад каранціну, ды хто-небудзь назаве вёску ці мясцовасць.

— Хутка будзе Казловіцкі лес…

— А потым Вялікія Воркі…

— Так, i Пераходы.

I ўжо зноў агульная размова расцякаецца па аўтобусе, ужо пра Пераходы.

— Трэба было атакаваць у вёсцы.

— Заднім розумам i я Напалеон!

— Я i тады казаў…

— Што гэта? — Голас Сярожы. — Гэта могільнік?

— Боркі. Гэта Вялікія Боркі.

Аўтобус прытарможвае. Шарганула шкло шафёрскай кабіны, малады голас:

— Глядзіце, што тут! А здалёку вёска як вёска.

— Адны крыжы i слупкі, татка, — ціха кажа мне Сярожа, — замест дамоў. I бярозы.

— Тут усіх спалілі,— растлумачылі шафёру. — Як у Хатыні.

— I ніхто, ніхто не застаўся? — спытаў Сярожа амаль шэптам. (Нібы самому сабе сказаў. «Значыць, i я не застаўся б», — напэўна, гэта ён сказаў.)

— I ў сне не прысніцца! — гучна, молада прамовіў шафёр i засунуў шкло.

А мне i вочы заплюшчваць не трэба, каб прыснілася, уявілася. Бачу і так! Баляць яны, мае вочы, з кожным годам мацней, нібы нясцерпнае святло на ix увесь час скіравана. Не знадворку, знутры святло — з памяці.

…Я іду, уцякаю… Падумалася, што мяне могуць забіць, а жанчына скажа ўсім на «востраве», што бачыла мяне і што я ўцёк, уцёк ад па раненых, ад дзяцей! I Глаша там… Усё стаіць перада мной, усё ўяўляю таго дзядзьку. (Ад яго самога чуў у атрадзе расказ.) Таксама блакада была, а ён жыў тады ў цывільным, у сямейным лагеры. Паразганялі карнікі жыхароў па лесе, а ён з трохгадовай дзяўчынкай. Ад сырых грыбоў i ягад у дзяўчынкі пачалася «крываўка», бацька (ці дзядуля) i адважыўся. Узлез з ёю па лесвіцы-«яршу», якую знайшоў каля пустых вулляў, на клён, апусціў яе ногі ў шырокае i глыбокае дупло клёна, потым усю ўпіхнуў. Дзяўчынка заплакала. А ён папрасіў паказаць ручкі — толькі брудныя пальчыкі ў дупле паварушыліся. Ён узяў яе за рукі, падцягнуў да дуплянога акенца: «Ну, вось, ну, бачыш? Вось так дастану цябе, калі вярнуся. Чаго табе прынесці? Хлеба? Ну, вось малайчына!»

Злез на зямлю, схаваў «ярша», паслухаў пакорлівае маўчанне дзяўчынкі. «Ну, я пайшоў, я хуценька!» — i пабег. Як я. Каб хутчэй вярнуцца. I раптам, як на сцяну, наскочыў на думку: «Заб'юць мяне, а яна будзе там сядзець i дзень i тры, плакаць, паміраць ад смагі, ад голаду!» Кінуўся назад. Ад страху, ад хвалявання заблудзіўся. Натыкаўся на дрэвы, як сляпы, плакаў, клікаў. «Выў, браткі мае, як воўк, покуль не знайшоў тое дрэва!»

Заб'юць, а жанчына раскажа, што бачыла мяне i як я ўцякаў. Збег!

Вёска, да якой я нарэшце выйшаў, спіць у халаднаватым тумане, што поўзае па лузе, па гародах шматкамі, як гурт авечак. Пасля ночы, якую ў галодным паўтрызненні-паўсне пракачаўся пад елкай, нешта дзіўнае ў сабе заўважаю. Вось лаўлю сябе на тым, што мармычу-напяваю «Суліко». Чамусьці іменна гэтую мелодыю. Нейкая ненатуральная лёгкасць, пустата ўнутры. I нейкая бесклапотная непамятлівасць. Я накіраваўся проста да вёскі i толькі потым спахапіўся: вінтоўка на плячы! А хто там, у гэтай вёсцы, хіба я ведаю? Зусім цэленькая вёска. Стрэхі, стрэхі над калыханнем туману, як днішчы перавернутых лодак. А над усім, нада мной такое чыстае i свежае неба. Справа за туманам цямнее высокі насып дарогі. Ці не тая самая гравійка тут цягнецца, каля якой забілі ленінградца i Скаpaхода? На паўдарозе да вёскі сярод лугу ўздымаецца, вырастае з туманнай каламуці, як з вады, некалькі маладых бяроз. Да ix я i кіруюся. Ногі блытаюцца ў пабурэлым ад дажджу, непрыбраным сене. Каля бяроз я спыніўся, азірнуўся. Гэта адна бяроза, але трохствольная: тры выгнутыя застылыя рукі. Вельмі зручнае сядзенне для пастушкоў. Аб чым гэта я?.. Нагой згроб сена i сунуў пад яго вінтоўку. Не адразу ўспомніў, што на мне яшчэ папруга з падсумкамі i нямецкім штыком-кінжалам. Я злосна засмяяўся. Ну, ну, давай яшчэ «Суліко»!.. Сунуў пад сена падсумкі i штык i тады ўспомніў, што кіцель на мне нямецкі. Ды i штаны нямецкія. Але на штанах бруду столькі, што не разгледзіш, якія. Схаваў кіцель пад сена i застаўся ў шэрай кашулі з белымi гузікамі, якую мама мне пашыла. Гранату пераклаў у кішэню штаноў. Ну, здаецца, усё, можна ісці ў вёску. Ці яшчэ што не так? «Долго я бродил и вздыхал…» Ну, ну, заспявай, дурань!

Нечаканы гук наперадзе насцярожыў мяне. Я не адыходжу ад вінтоўкі, стараюся адгадаць, што азначаюць гэтыя стукі, якія паўтараюцца ў лагчынцы, налітай халодным туманам. (Аказваецца, мне трэба нанава вучыцца хадзіць па зямлі, без вінтоўкі.) Гукі вясковыя: стук па дрэве, мармытанне, вокрык на каня. Як ад берага адштурхнуўся, я адарваўся ад месца, дзе схаваў вінтоўку, i пайшоў у той бок. Спачатку каня заўважыў, калёсы. З туманнай гушчы вынырнуў задыханы дзядзька, граблямі гоніць валок, копку сена. Убачыў мяне i хутка, як i павінна быць зараз, азірнуўся — адзін я ці са мной яшчэ хто?

Дзядзька ўспацеў, бачна, што спяшае, нервуецца, нібы крадзе ён тое сена.

— Добрай раніцы! Гэта якая вёска? — спытаўся я i сам здзівіўся, што зусім інакш гучыць голас, калі ты без зброі.

— Пераходы.

— А! — узрадаваўся я так, нібы ix я акурат i шукаў.— Ціха ў вас як!

— Дзе зараз ціха? Сядзім вось, як на агні. Хто ў лесе, хто дзе… Прыязджалі ўжо, нікога не зачапілі, толькі коней пабралі. I людзей, тры сям'і з Вялікіх Борак, пастралялі. У лесе ў куранях хаваліся, жылі. Раз у лесе — «бандыты»!.. Пабілі. A самі вы адкуль будзеце?

Я назваў далёкую вёску.

— Спалілі вас? — адразу спытаў дзядзька.

Дзіўны гэты дзядзька. Блакітныя вочы чыстыя, як у дзіцяці, шчыра спалоханыя, а зарослы рот увесь час расцягваецца хітраватай усмешкай.

Я ведаю, што азначае яго пытанне, ці не са спаленай я вёскі. Калі спалілі, выбілі маю вёску — я для Пераходаў чалавек небяспечны. Уцалелых жыхароў такіх вёсак немцы шукаюць, праследуюць, як пракажоных, i забіваюць, дзе б ні сустрэлі. Ix ураўноўваюць з партызанамі, i таму небяспечна, калі такога чалавека захопяць у Пераходах. Я разумею дзядзьку i спяшаю супакоіць:

— Не, у нас нармальна.

Зарослы рот не верыць.

— Нас даўно… з самалётаў папалілі,— папраўляюся я. — А тут у мяне цётка жыве.

— Хто гэта? — дзядзька паспешліва ўзвальвае на калёсы сена.

— Ганна… Пераход Ганна…

Назваў наўгад. Ведаю, што бываюць цэлыя вёскі. Аднафамільцаў. У Ласях — усе Ласі, у Мікітках — усе Мікіткі…

— У нас тут уся вуліца на Пераходах, — згаджаецца дзядзька, папраўляе сена перад мордай канякі i зноў бяжыць. Пяты ў яго чорныя, хаця i вымытыя расой. «Долго я бродил и вздыхал…»

Я накіроўваюся ў вёску. Пераходы?.. У нас у атрадзе двое ці нават больш з такім прозвішчам.

Сонца ўжо ўздымаецца за лесам. Туман пасвятлеў i паружавеў. Не падабаецца мне гэта гравійка справа, што вылазіць з туману i з кожнай хвілінай выцягваецца. Калі дзядзька сказаў, што прыязджалі, ён махнуў граблямі ў той бок. Але туман густы, шчыльны, як лес, ён ля самых дамоў, дахі нібы плывуць па ім. Гэта супакойвае. Мяшка ў мяне ўжо няма, прыйдзецца папрасіць. Заадно ўжо. Як у нас нахабныя курцы просяць: «Пазыч агеньчыку, бо ў мяне ўся табака выйшла, а паперкі няма!» Але хто я такі без вінтоўкі, хто мне i што дасць? Нейкі пабіраха. Толькі зараз я пра гэта падумаў. Але я гатоў i паклянчыць, з пустымі рукамі я не магу вярнуцца на «востраў».

Нейкі гук тузануўся за лесам i знік. Зноў тузануўся. I застаўся, роўны, далёкі. «Рама», ці што? Даўно не бачыліся!

Я ўсё-ткі спыніўся, стаў слухаць. Не, нічога. Далёка ва ўсякім разе. Раса такая, што хлюпае пад нагамі. Я прысеў i, збіраючы яе чысты холад далонямі, трохі змыў з твару бруд. I нібы яшчэ нешта змыў, сцёр: знікла, адвязалася нарэшце бесклапотная i дзіўная лёгкасць, адчуванне нерэальнасці ўсяго, што адбываецца. Я падняўся i азірнуўся з такім пачуццём, нібы здарылася нешта. Не, усё тое ж…

I тут убачыў: дзядзька, той самы босы дзядзька з граблямі i ў доўгай кашулі ідзе за мной следам. Ён не ідзе, а раз-пораз парываецца бегчы. I ўсё азіраецца. За ім сцяна паружавелага туману, але зараз яна нешта хавае. Я яшчэ не спалохаўся, але ўжо звычна прыкідваю, куды бегчы, дзе ўпасці.

Наперадзе каламутна цямнее хлеў без даху, патанулы ў тумане. Я хутка зірнуў у бок гравійкі. Не, там, як i раней, нікога. І раптам!.. Правей, там, дзе засталася трохствольная бяроза, дзе схаваў вінтоўку, туман пацямнеў, заварушыўся, у ім, з яго сталі вылеплівацца фігуры людзей, плывуць, непраўдападобна буйныя, з аднолькава прадаўгаватымі галовамі. Яны хістаюцца i насоўваюцца, як са сну, з кашмару…

Я ўжо ляжу на зямлі. Але адразу ж ускочыў на ногі i хутка пайшоў да хлява — мы з дзядзькам ідзём у вёску, у сваю вёску! Так папаўся, так недарэчна i неабавязкова! Мог бы зараз быць у лесе, памарудзіць, пачакаць бы мне яшчэ паўгадзіны ў лесе, але я тут, i гэта канец, i гэта непапраўна! Я ведаю, адчуваю ўсёй сваёй істотай, што ратунку няма, не будзе, але ўсё роўна прагна шукаю тую адзіную, апошнюю магчымасць, выпадковасць, якая яшчэ можа выратаваць. Я накіроўваюся да хлява, дзядзька ідзе за мной, мы абодва азіраемся. Каскі, плечы, фігуры аддзяліліся, адарваліся ад паружавелай сцяны туману, зараз яны чорныя, рэальныя, ix шмат ужо i ў тым баку, дзе гравійка. Расцягнуўшыся шырокім ланцугом, ідуць немцы да вёскі.

Назад Дальше