Не ведаю, ці пачулі там, ці што, але забягае адзін. «Уставай!» Пачакаў, пастаяў. Потым гранату кінуў — пад печ. A ўжо дым, ужо глінабітку паляць, аблілі нечым. Столь над намі гарыць, агонь трашчыць. Нe забілі яны нас, дык яшчэ горш — жывымі згарым. A дзяўчатак забілі, дык яшчэ i спаляць. Ускочыла я, краваць ля акна стаяла, я раму выламала, заву Жору: «Памажы ж мне выцягнуць ix! Дзяўчатак нашых». Усцягнула меншанькую — ёй куля во сюды, проста ў пераноссе папала, — на краваць яе, на падаконнік i неяк на двор. Потым старшанькую, ёй ужо шаснаццаць было. Подняла — дык яно такое маладое, мяккае!..»
Якаў Сяргеевіч Стрынатка (в. Шалаёўка Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці):
«У сорак другім, летам гэта было, партызанаў тут не вельмі яшчэ чуваць было. У Борках паліцыя была. А тут немцы раптам акружылі Боркі. Каго на полі ці ў кустах сустрэнуць, не забіваюць, а гоняць перад сабой — у вёску. А я якраз ехаў у Боркі, ячменю абяцалі прадаць. Чэрці мяне пагналі якраз пад гэта! Хацеў назад каня завярнуць — не дазволілі. Не білі, што праўда, то праўда, толькі паказалі, каб ехаў у Боркі. Я пагнаў каня, каб скарэй ад ix, заехаў у двор, там сястра ў мяне была. Яны таксама бачаць, што немцы з усіх бакоў, а чаму, што здарылася, не ведаюць. Дзед хлопцаў боркаўскіх лае за тое, што ноччу да дзевак бегаюць у суседнія вёскі: немцы, можа, падумалі, што да партызанаў! Мы з пляменнікам з хаты выйшлі, дровы сталі пілаваць: не так страшна, калі што-небудзь робіш. Сястра не вытрымала, хацела да суседкі забегчы, а немцы ўжо не пускаюць: «Нахаўз, матка!» Нікога на вуліцы не чапалі, не забівалі, што праўда, то пpaўда. Толькі — «нахаўз», дамоў каб ішлі. Пляменніцу з сяброўкай, каторыя пa вуліцы пайшлі, загналі ў чужую хату. Стаім каля вокан, глядзім, як немцы пa ўсёй вёсцы i пa агародах. А Боркі вялікія, некалькі пасёлкаў… Пляменнік гаворыць маці: «Ану ix, давай нам снедаць!» — «Паедуць, тады i сядзеце, i выпіць ёсць», — кажа маці. А тут i застукала ў двары. Зайшоў з аўтаматам, адразу адштурхнуў сястру маю ад парога i адразу перасек яе. А я як адскочу ад стала, калi пачуў ix у двары, як сеў на краваць, так i сяджу — толькі цёмна-цёмна ў вачах… Пляменнік з-за стала падняўся — немец i яго! Паспеў я яшчэ ўбачыць, як з другой комнаты старога піхалі. Тут ужо i пa мне разанулі — я адкінуўся на краваць. Калі адкрыў вочы зноў — дзед ужо мёртвы ляжыць каля парога, i нешта чаўкае — гэта свінні зайшлі i кроў гаспадароў хлабышчуць…»
Ганна Мікітаўна Сініца (в. Боркі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці):
«Зайшлі ў хату і, не гаворачы ні слова, стрэлілі ў маму. Перад гэтым мы чулі: «Пак-пак-пак!» — стралялі ў суседзяў. Мама сказала: «Курэй ловяць». Нават не падумалі, а на вуліцу баяліся выйсці. Хто выйдзе, яны прасілі: «Нахаўз, матка». Як стрэлілі ў маму, яна яшчэ змагла ў нашу комнату забегчы: «Дзеткі!» Я адразу на печ узляцела, i сёстры за мной. Я ля сценкі ляжала, таму i асталася. Адзін на краваць стаў, каб вышэй, i страляў з вінтоўкі. Раз! Зарадзіць i зноў — бах! Сястрычкі i суседка з краю i на мне ляжалі: «Ой!», «Мамачка!» — a кроў на мяне. Потым я чула, як немцы гаварылі, смяяліся. Патэфон быў, дык яны завялі, нашы пласцінкі слухаюць. «Полюшко-поле»… Пайгралі i пайшлі. Я спаўзла з печы, а мел красны, i мама на падлозе, а ў акне гарыць школа, i мы гарым… У той школе яны паліцаяў спалілі. Нас дык хоць забілі, а ix жыўём, з сем'ямі. Чаму паліцаяў? A ліха яго ведае, чаму. У нас сяло вялікае, памятнік там бачылі — 1800 чалавек жыло. Калі немцы акружылі Боркі, дык паліцаям сказалі, каб яны сабралі свае сем'і, толькі сваіх узялі каб i прыйшлі, дзе школа. I каб нікога чужога. Мы чулi як сусед прасіў: «Косцік, скажы, што i мы твае!» А яны ідуць міма нас, як на сваё свята, і не глянуць. А ix там накармілі, вінтоўкі забралі i спалілі жыўцом, з усімі. Нас дык хоць пабілі…»
Таццяна Фёдараўна Краўчонак (в. Брыцалавічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці):
«Сталі яны нас гнаць. З школы ў хлеў калгасны. Спачатку партыямі гналі, а потым сем'ямі. Мяне aпошнюю, я апошняй была. I чацвёра дзетак маіх са мной. Майго старшага дык на самым парозе паклалі. Упала я на ўбітых, i дзеткі са мной. Вось сюды, у шыю мне трапіла. Толькі чула, як немец сеў на мае ногі i страляе з гэтага… аўтамата. Дым такі, чад такі, няможна!.. A калі паднялася, паглядзела на ўсіх, то думаю: «Гэта ўсе будуць уставаць ці адна я?..»
Юліян Рудовіч (в. Доры Валожынскага раёна Мінскай вобласці):
«Сказалі ўсім ісці ў царкву, памаліцца богу, i нас адпусцяць дамоў. У царкве немец падышоў да мяне: «Аддай кіндэр матцы, а сам — вэк». Узяў за каўнер i выкінуў на двор. I усіх, хто не з дзецьмі,— выходзь! I хто кіне дзіця, у царкве кіне — можа выходзіць. Пушчалі, пушчалі, хто кіне… Але ж не кожная маці так можа здзелаць. Ну, мая не кінула, не кінула… Не знаю… Але нехта павінен у жывых астацца, калі так, праўда ці не? Калі так, нехта павінен жыць астацца! А мая не захацела, асталася з малым. Немцы царкву падпалілі, мы ўсе, каторыя на двары, чуем, як людзі там лётаюць. З кулямётаў усіх перарэзалі — агонь толькі…»
Надзея Аляксандраўна Няглюй з былой вёскі Лявішчы, жыве ў Краснай Старонцы Слуцкага раёна Мінскай вобласці:
«Некалькі разоў яны прыязджалі, але мы, асабліва каторыя партызанскія сем’і, у лесе хаваліся. Тады яны прыехалі i засталіся. Нікога не трогаюць, нічога, сваё ядзяць, а самы іхні галоўны, начальнік іхні з вучыцелькіным сынам у шахматы гуляе. А на плячы ў яго малпа — у штанах, жывая. Ну i сталі некаторыя дадому з лесу прыходзіць. Нe трымаюць i назад адпускаюць, ідзі. А мароз, а адзежа вядома якая да вайны ў людзей была, ну i пацягнуліся дамоў. А яны вечарам палічылі, колькі вакон свеціцца, i — раз! — ужо нікога не выпускаюць з вёскі…»
Яўхіма Баланцэвіч (в. Боркі Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці):
«Ужо ж пайшла мая сястра замужняя i дзяўчынка, i маці адыходзіць, яшчэ дзяўчына была, чатырнаццаць год, зноў браціха з двума хлопчыкамі, аднаму — чатыры, другому — два… Ужо i пагнаў ix, параздзяваў ix. Я гляджу так во, як яны раздзяваюцца. I параздзяваліся i пайшлі туды. Вось так туды, за могілкі. Бо па гэты бок могілак раздзяваў, а той біў людзей, дык не было відно тых рвоў… Бо то могілкі абгароджаны такія былі.
Немцы ў адных сарочках крамных i без шапкі. З пісталетамі. А гарэлку пілі, знаеце, а гарэлку пілі! Па чыкушцы бярэ, з кармана вымае, чыкушку раскалыхае i глытком — адразу… Ен, мусіць, затым, каб смеласць тая была…»
«22.9.42. Рота атрымала заданне знішчыць вёску Боркі, размешчаную ў 7 км ад Макран{1}
…Аперацыя праходзіла планамерна, за выключэннем зрухаў пэўных яе этапаў у часе. Асноўная ix прычына была наступная: на карце населены пункт Боркі паказаны як кампактна размешчанае сяло. У сапраўднасці аказалася, што гэта паселішча расцягваецца на 6–7 кіламетраў у даўжыню i шырыню.
Калі на світанні гэта было мною ўстаноўлена, я расшырыў ачапленне з усходняга боку i арганізаваў ахват сяла ў форме клешчаў пры адначасным павелічэнні дыстанцыі паміж пастамі. У выніку мне ўдалося захапіць i даставіць да месца збору ўсіх жыхароў сяла без выключэння. Спрыяльным аказалася тое, што мэта, для якой зганялася насельніцтва, да апошняга моманту была яму невядома. Каманда магільшчыкаў атрымала рыдлёўкі толькі на месцы расстрэлу, дзякуючы чаму насельніцтва аставалася ў няведанні таго, што будзе. Непрыкметна ўстаноўленыя лёгкія кулямёты задушылі ў самым пачатку ўзнятую паніку, калі прагучалі першыя стрэлы з месца экзекуцыі, якое ляжала ў 700 метрах ад сяла. Двое мужчын спрабавалі ўцякаць, але праз некалькі крокаў упалі, скошаныя кулямётным агнём. Расстрэл пачаўся ў 9 гадз. 00 мін. i закончыўся ў 18 гадз. 00 мін. Ён праходзіў без ніякіх ускладненняў, падрыхтаваныя мерапрыемствы аказаліся надзвычай мэтазгоднымі.
Прыводжу колькасны вынік расстрэлу. Расстраляны 705 чалавек, з ix мужчын — 203, жанчын — 372, дзяцей — 130.
…Пры правядзенні аперацыі ў Борках выдаткавана: вінтовачных патронаў — 786 шт., патронаў для аўтаматаў — 2496 шт.
Страт у роце не было. Адзін вахмістр з падазрэннем на жаўтуху адпраўлены ў шпіталь у Брэст».
Мюлер
Падпісана: обер-лейтэнант, выконваючы абавязкі камандзіра роты.
«Рота атрымала заданне знішчыць размешчаную на паўночны ўсход ад Макран вёску Забалоцце i расстраляць насельніцтва. Да роты былі прыкамандзіраваны: узвод Фрона з 9-й роты i 10 чал. бронеаўтамабільнага падраздзялення 10 палка. 22 верасня 1942 г. каля 18 гадз. 00 мін. 1, 2 i 3 узводы на сваіх машынах былі каля заходняга выхаду з Макран i злучыліся там з падраздзяленнямі, прысланымі для падмацавання. Пасля кароткага растлумачэння абстаноўкі i размеркавання сіл у 23 гадз. 00 мін. рота выступіла ў напрамку Забалоцця… 23 верасня 1942 г. каля 02 гадз. 00 мін. рота падышла да першых, паасобных двароў Забалоцця. У той час як галоўныя сілы рушылі далей у глыб вёскі да тэрыторыі ачаплення, асобныя двары былі акружаны выдзеленай для гэтага камандай i жыхары выведзены з дамоў. Такім чынам, яшчэ да ўступлення ў вёску было затрымана каля 25 мужчын i жанчын. Старасту, які жыў на хутары, загадана было ў 5 гадз. 30 мін. быць у камандзіра роты, які знаходзіўся каля ўвахода ў вёску. К гэтаму часу ўсё знешняе ачапленне было праведзена без асаблівых здарэнняў.
Усё насельніцтва пад кіраўніцтвам старасты было сагнана ў школу, а адна каманда адразу ж адправілася на выселкі за 7 км ад вёскі, каб забраць жыхароў… Усе жыхары былі падзелены на 3 групы i расстраляны на месцы пакарання…
Вынікі аперацыі наступныя: расстраляна 289 чалавек, спалены 151 двор, узята 700 галоў рагатай жывёлы, 400 свіней, 400 авечак i 70 коней…»
Капітан Пельс.
«На світанні стараста ў Барысаўцы{2} сабраў усё насельніцтва. Пасля праверкі насельніцтва пры садзеянні паліцыі бяспекі з Дзівіна 5 сямей былі пераселены ў Дзівін. Астатнія былі расстраляны асоба выдзеленай камандай i пахаваны за 500 м на паўночны ўсход ад Барысаўкі. Усяго было расстраляна 169 чал., з ix: 49 мужчын, 97 жанчын i 23 дзіцяці… Усяго было знішчана: у самім населеным пункце — 12 вясковых двароў i 8 гумнаў, па-за вёскай — 67 хутароў.
Прысуды аб расстрэле былі выкананы толькі апоўдні к 1 гадзіне дня, з-за падрыхтоўкі (капанне магіл).
…Пакаранне было праведзена планамерна i без асаблівых здарэнняў, калі не лічыць адной спробы ўцёкаў. Большасць жыхароў вёскі захоўвала прысутнасць духу, ішла насустрач лёсу, які поўнасцю заслужыла i які па прычыне ix нячыстага сумлення не з'яўляўся для ix нечаканасцю».
Капітан Каспер.
…Нас штурхаюць, адціскаюць кудысьці да калодзежа, а ззаду, каля палаючага свірна, гулка б'юць кулямёты, але нават яны не заглушаюць чалавечага крыку.
Нешта са мной робіцца, я ўсё цягнуся, незразумела i шалёна, да адкрытай машыны, дзе нерухомая старэчая спіна i гладкая, голеная галава майго ворага i дзе ўсё кідаецца, гойсаецца, грымаснічаючы i дражнячы, белавокая малпа з пацучыным i тоўстым хвастом. Паліцай мяне штурхае, але ён i сам быццам загіпнатызаваны. Я ўжо амаль дабраўся да машыны, калі яна раптам сарвалася з месца i памчала. Што я хацеў рабіць i што я мог, не ведаю. Магчыма, цягнула мяне да яго нясцерпная патрэба глянуць i помсліва запомніць. I ўбачыць, што закрывае сваім хвастатым задам, хаваючы i клічучы паглядзець, ашалелая малпа.
Не ведаю чаму, але гэта ў маёй памяці наслойвасцца на тое, як у Луўры, у зале сярэдневяковых надмагільных помнікаў я заглядваў у твары каменных бабуль-манашак, што нясуць мёртвага рыцара. (Я ўсё ездзіў, усё глядзеў, назапашваў нешта, як бы ведаючы, што хутка застануся сам-насам з цемрай.) Рыцар каменна выцягнуўся ўздоўж доўгага мяча з дзяржаннем-крыжам, падэшвамі ног ён кранаецца льва, пакорліва маленькага, а чорныя манашкі па-жывому сагнуты пад цяжарам мёртвага цела, i твары іхнія схаваны ў глыбокіх раструбах капюшонаў.
Нясцерпна цягне нахіліцца i глянуць пад чорныя капюшоны, усё здаецца, што там нямыя задаволеныя грымасы смеху.
Я не ведаю, што закрывала, хавала сутулая спіна майго ворага, пакорліва схіленая пад неспакойнай малпай, i якая грымаса была на яго твары, калі легкавушка скранулася, паехала. Усё тое ж: жорсткая, халодная цікаўнасць? Упэўненасць чарговага пераможцы, што так i назаўжды застанецца: «яны» — пад намі, «мы» — над імі? I самая кароценькая, але i жывучая наркатычная ідэя, што сiла — гэта i ёсць права, мэта, справядлівасць. I абавязкова — грымаса людаедскай пагарды да «некультурнасці» ахвяры, аблічча якой скажона нечалавечай пакутай!
Думаю толькі, што ён ад'язджаў ад ахопленай полымем i жудасным галашэннем будыніны без думкі, што ўжо сёння ўсё пераменіцца. I сонца яшчэ не схаваецца, як усё яму здасца другім i будзе другім.
…— Фларыян Пятровіч, я вось слухаю вас заўсёды… A нядаўна Іосіфа Камінскага ў кіно бачыў, ён расказваў, як нішчылі ix вёску, Хатынь. I вось думаю, як людзі паклёпнічаюць на жывёл! «Жывёльныя інстынкты», тое ды сёе… Добра ж, каб якраз жывёльныя! Я ў гэтым годзе амаль месяц пражыў у Белавежскай пушчы. Як проста, я сказаў бы, маральнымі сродкамі зубр i нават дзік сцвярджаюць першынство над сваімі. Нават самы крыважэрны звер рэдка, хіба што выпадкова, заб'е суродзіча. Ва ўсякім разе барацьба з прадстаўнікамі аднаго віду ў ix не набывае знішчальнага характару. Гэта i ёсць інстынкт самы жывёльны — захаванне віду! Вось пішуць, i не надакучыць ім пра адно i тое ж! (Бокій пастукаў далонню па ліпкай скуры партфеля.) Маўляў, прырода вінаватая, што чалавек агрэсіўны, што жорсткі да людзей. Калі i ёсць віна маці-прыроды, дык толькі тая, што занадта далёка адпусціла яго ад сябе. I чалавек занадта вызваліўся ад яе — амаль страціў асноўны інстынкт, так, той самы жывёльны інстынкт захавання віду!
— Вось-вось, калега! А далей пачынаецца «другая прырода» — культура. I пытанне цяпер — якая яна. Наколькі гуманная, чалавечная i чалавечая. Ну, а фашызм — гэта паклёп на прыроду чалавечую i на культуру яго. Самы злосны ў гісторыі паклёп!
— А сама гісторыя — таксама паклёп? Войны, інквізіцыі, крыжовыя паходы, варфаламееўскія i ўсякія іншыя «ночы», смярдзючыя «розы», незлічоныя ацілы, тамерланы, багдыханы, што натхнёна ўпрыгожваюць планету манументамі з мільёнаў чалавечых чарапоў?!
— I ўсё ж фашызм — гэта паклёп на чалавека. Нават дагістарычны наш «прашчур» у звярынай скуры, Нават ён не заслугоўвае такой абразы — быць продкам фашыста. Не, вы добра ўявіце яго сабе, нашага беднага «прашчура»: без клыкоў i хуткіх ног, i зусім не асілак сярод звяроў, аблыселы ад намаганняў выжыць! Адзіная смяротная істота, такая адзінокая ў свеце: ніхто ж, акрамя яе, не ўсведамляе, не ведае, што ёсць смерць! Добра, калі ад звера памёр, на паляванні загінуў. А калі без прычыны, гэта значыць ад хваробы? Як тут не жахнуцца, не ўбачыць у гэтым чараўніцтва? Жывёльнае пачуццё бессмяротнасці сутыкалася з чалавечым вопытам, усведамленнем, што смерць можа цябе дастаць. Дастаць бессмяротнага? Не інакш, як чараўніцтва нечае! Памёр «наш» — шукай суседа-«чараўніка» i забі! I не помста гэта нават, a прафілактыка — тагачасная медыцына. Ён не люты, не злы, ён расчульвае, гэты наш продак, сваёй дзіцячай бездапаможнасцю перад клыкастым i незразумелым светам…
— Ну вось бачыце, ужо тады чалавечая свядомасць разышлася, як нажніцы, з інстынктам захавання віду. Свядомасць абмежавала гэты інстынкт, звузіла да маштабу племені: іншае племя — ужо не «мы», можаш забіць, можаш зжэрці! Ну, а калі чужога «чараўніка» можна забіць, чаму ж, калі да яго далёка, но пашукаць бліжэй, сярод суродзічаў? Так нават хутчэй i зручней. «Шукай чараўніка! Шукай не нашага!» — хіба не гэтым просценькім спосабам, Фларыян Пятровіч, дзейнічалі маніпулятары ўсіх часоў i народаў? I атрымлівалася, заўважце, спраўна. «Мы» — арыйцы, «мы» — белыя, «мы» — каляровыя, у «нас» — самы-самы, «мы», «мы», «мы!»…