Увогуле ўсё адбывалася так, як і было прадугледжана, апроч драбязы нейкай. Але, мусіць, гэтая драбяза іх і загубіла. Па: першае, Каін прыпазніўся, мусіць, заспаў пасля п'янкі. Развіднелася, у вёсцы паўставалі людзі, пачалася звычайная гаспадарчая цяганіна — сюды-туды. Міклашэвіч пасля казаў, што яны дома за ўсю ноч не заплюснулі вока і што далей — усё болей трывожыліся: чаму не прыбягаюць дазорныя?
А дазорныя ўпарта чакалі машыну, а машыны ўсё не было. Замест яе на дарозе ранічкай з'явілася фурманка. Дзядзька Яўмен, нічога сабе не падазраючы, коціць у равок па дровы. Давялося Бародзічу вылезці са свае сховы і страчаць дзядзьку. Кажа: „Не едзьце, пад мастом міна“. Яўмен спалохаўся, не стаў дужа цікавіцца той мінай і павярнуў у аб'езд.
Нарэшце гадзін, мабыць, у дзесяць на дарозе паказалася машына. На жаль, дарога была кепская, у выбоінах, хуткасці не было ніякай, дык яна і паўзла паціху, валюхаючы з боку на бок. Не было і разгону ў раўку. Паціху спаўзла над ухіл, на мастку шафёр яшчэ прымарудзіў, стаў пераключаць хуткасць, і тады папярэчына адна надламалася. Машына пахілілася і бокам павалілася пад мост. Як пасля аказалася, седакі і свінні з курамі проста ссунуліся ўбок, у ваду, але тут жа паўскоквалі. Не пашэнціла толькі аднаму немцу, што сядзеў ля кабіны — якраз трапіў пад борт, і яго задушыла да смерці. Выцягнулі з-пад машыны ўжо мёртвага.
А хлопцы як згледзелі, чаго дамагліся, — ашалелыя ад шчасця і хвалявання шыбанулі па кустоўі да вёскі. На радасці, мабыць, здалося, што ўсім фрыцам і паліцаям капут, машыне таксама. I няўцям было нікому з двух, што Каін ды іншыя тут жа паўскоквалі, пачалі паднімаць машыну, і нехта тады ўгледзеў, як у кустах мільганула постаць. Постаць малога, хлапчука — болей нічога не удалося ўбачыць. Але і гэтага было даволі.
У вёсцы кожная чутка лятае маланкай. Праз якую гадзіну ўжо ўсе ведалі, што здарылася на дарозе ў раўку. Каін прыбег за падводай везці труп немца ў мястэчка. Мароз як пачуў пра гэта — адразу кінуўся ў школу, паслаў па Бародзіча, але таго не аказалася дома. Затое Міклашэвіч Паўлік, бачачы, як затрывожыўся іх настаўнік, не вытрымаў і расказаў яму пра ўсё.
Мароз не мог знайсці сабе месца, але заняткі ў школе не адмяніў, пачаў толькі з малым спазненнем. Хлопцы, што вучыліся, таксама ўсе папрыходзілі. Не было аднаго Бародзіча, хаця Бародзіч у той час ужо ў школу не хадзіў. Мароз усё паглядваў у акно, казаў, усе ўрокі правёў ля акна, каб убачыць, калі хто чужы паявіцца на вуліцы. Але ў той дзень ніхто не паявіўся. Як скончыліся заняткі, Мароз другі раз паслаў Смурнага за Бародзічам, а сам стаў чакаць. Як ён сам мне прызнаўся, становішча яго было да дзікасці недарэчнае. Ведама, хлопцы больш-менш паклапаціліся пра тое, што датычыла самой дыверсіі, але як быць далей, калі дыверсія ўдасца, яны проста аб тым не думалі. І настаўнік таксама не ведаў, што рабіць. Вядома, ён разумеў, што немцы гэтую справу так не пакінуць, пачнецца вэрхал. Магчыма, западозраць і хлопцаў, і яго таксама. Але ж у вёсцы тры дзесяткі мужыкоў, думаў, не так проста між іх знайсці менавіта таго, каго трэба. Калі б ён загадзя ведаў, што рыхтавалі гэтыя падшыванцы, дык, мабыць, нешта б прыдумаў. А цяпер усё абрынулася на яго так знянацку, што ён не ведаў, як ратавацца. Ды і якая пагражае ім небяспека, таксама было невядома. I каму яна пагражае найперш. Мусіць, трэба было ў першую чаргу пабачыць Бародзіча, усё ж той старэйшы, разумнейшы. Зноў жа, з суседняе вёскі можа быў сэнс да часу перахаваць у яго хлопцаў. А можа наадварот, найперш яго трэба было недзе схаваць.
Пакуль ён сядзеў у тую ноч у свае бабулі і чакаў Смурнага з Бародзічам, перадумаў, ведама, рознае. I вось недзе пад поўнач чуе: стук-стук у дзверы. Ды стук не дзіцячай рукі — гэта ён зразумеў пэўна. Адчыніў і аслупянеў: на парозе стаяў паліцай, той іх Лаўчэня, пра якога я ўжо казаў. Але чамусьці адзін. Не паспеў Мароз што прыдумаць, як той яму і выпаліў: „Уцякай, настаўнік, хлопцаў пабралі, за табой ідуць“. I назад, не павітаўшыся, не развітаўшыся. Мароз расказваў, спярша яму падумалася: правакацыя. Але не. Выгляд, тон і ўсё такое гэтага Лаўчэні не пакідалі сумнення: кажа праўду. Тады Мароз за шапку, кажушок, за сваю палку і гародамі — у лясок на выгане. Ноч там пераседзеў пад хваінай, а пад ранак не вытрымаў, пастукаў да аднаго дзядзькі, якому верыў, дазнацца каб, што ўсё ж такі здарылася. А дзядзька як убачыў настаўніка, аж задрыжэў. Кажа: „Уцякай, Алесь Іванавіч, ператрэслі ўсю вёску, цябе шукаюць“. — „А хлопцы?“ — „Хлопцаў пабралі, запёрлі ў стараставым свірне, адзін ты астаўся“.
Цяпер ужо пэўна вядома, як усё атрымалася. Аказваецца, Бародзіч даўно быў на падазрэнні ў гэтага Каіна, да таго ж нехта з паліцаяў убачыў тады яго ў раўку. Не пазнаў, але ўбачыў, што пабег падлетак, юнак — не мужчына. Ну, мусіць, пагаварылі там, у раёне, успомнілі Бародзіча і вырашылі ўзяць. Ноччу прыкацілі пад яго хату. А той, дурань, якраз абувае чуні. Цэлы дзень бадзяўся па лесе, а пад ноч прытаміўся, згаладнеў, ну і вярнуўся ў бацькаву хату. Спярша ў кагось запытаў на вуліцы, сказалі: усё, маўляў, ціха, спакойна. Рашучы быў хлопец, смелы, а засцярожлівасці не хапала. Мусіць, падумаў: усё шыта-крыта, ніхто нічога не ведае, яго не шукаюць. А ўвечары якраз прыбягае Смурны: так і так, Алесь Іванавіч кліча. Толькі хлопцы пачалі збірацца ў Сяльцо да Мароза, як тут машына. Так і схапілі абодвух. Нават з хаты не паспелі выскачыць.
А схапіўшы двух, няцяжка было пабраць і астатніх. Часам так думаецца толькі: як гэта следчы знайшоў злачынцу, калі ніхто нічога не бачыў, нічога не ведаў? Можа гэта і сапраўды нялёгка, асабліва калі трымацца нейкіх там правілаў юрыспрудэнцыі. Толькі немцы ў такіх выпадках чхалі на юрыспрудэнцыю. Каін ды іншыя разважалі іначай. Калі дзе што здаралася, яны прыкідвалі паводле верагоднасці: хто можа? Выходзіла: той або той. Тады і хапалі ўсіх разам з іх сваякамі ды дружбакамі. Маўляў, адна шайка. I, знаеш, рэдка памыляліся, халеры. Так і было. А калі і памыляліся — усё роўна не перайначвалі, назад нікога не выпускали. Каралі ўсіх — і вінаватых і невіноўных.
Дагэтуль невядома дакладна, як таму Лаўчэню ўдалося папярэдзіць Мароза. Мусіць, спярша яны там не планавалі хапаць настаўніка, а зрабілі гэта імправізавана, па ходзе справы. Мусіць, Каін гэта дапетрыў, што калі хлопцы, дык і настаўнік таксама. I вось гэты Лаўчэня, якога мы лічылі падлюгам, выбраў момант, літаральна якіх дзесяць хвілін, і забег, папярэдзіў. Уратаваў Мароза.
Во як яно атрымалася.
А ў лагер на другі дзень прыехаў Селязнёў. Прывезлі пару скрынак намоклых гранат — ведама з вады. Удача не вялікая, хлопцы натаміліся, камандзір злы. Я расказаў пра Мароза: так і так, што будзем рабідь? Трэба, мусіць, браць настаўніка ў атрад, не прападаць жа чалавеку. Кажу так, а Селязнёў маўчыць. Ведама, баец з гэтага настаўніка не надта зайздросны, але нічога не зробіш. Падумаў маёр і загадаў выдаць вінтоўку з чорным прыкладам, без мушкі (ніхто яе не хацеў браць, бракованую) і залічыць Мароза ва ўзвод Пракапенкі байцом. Сказалі аб тым Марозу, той выслухаў без усякага энтузіязму, але вінтоўку ўзяў. А сам нібы ў ваду апушчаны. I вінтоўка ніяк не падзейнічала. Бывала, калі каму ўручаеш зброю, дык столькі жвавасці, амаль дзіцячага захаплення. Асабліва ў маладых хлопцаў, для іх уручэнне зброі — найбольшае свята. А тут нічога падобнага. Чалавек жыў сваім і не меў нават намёку на якую вайсковую хвацкасць. Два дні прахадзіў з гэтай вінтоўкай і нават почапкі не зрабіў, усё насіў у руках. Як ламачыну якую.
Так мінула яшчэ два ці тры дні. Памятаю, хлопцы капалі трэцюю зямлянку на краі нашага стойбішча, пад ельнічкам. Народу пад весну пабольшала, у дзвюх стала цеснавата. Я сяджу сабе над ямай, гутарым пра тое-гэта. I тут прыбягае партызан, што быў днявальным у лагеры, кажа: „Камандзір кліча“. — „А што такое?“ — пытаюся. Кажа: „Улляна прыйшла“. А Улляна — гэта наша сувязная з леснічоўкі, харошая была дзеўка, смелая, баявая, на язычок — не дай бог, як брытва. Колькі хлопцы да яе не падкатваліся — нікому ніякай паблажкі, любога адбрые, толькі трымайся. А смелая. Пасля, улетку сорак другога, з Марыяй Казухінай ледзь камендатуру ў мястэчку не ўзарвалі, ужо і зарад падклалі, ды нейкі падлюга заўважыў, данёс. Зарад тут жа вынялі, а яе дагналі на конях, схапілі і расстралялі неўзабаве. А Казухіна неяк уратавалася, у блакаду паранена была, ды пераседзела ў балоце. Цяпер у Гродні працуе. Нядаўна вяселле спраўляла, сына жаніла. I я быў запрошаны, а як жа.
Да. Прыбегла, значыць, Улляна. Я, як пачуў пра гэта, дык зразумеў адразу: справа кепская. Кепская, бо мы Улляне катэгарычна забаранілі з'яўляцца ў лагеры. Што трэба было, передавала цераз сувязных разы два на тыдні. А самой было дазволена прыбегчы толькі ў самым крайнім выпадку. Дык вось, мусіць, гэта і быў той самы крайні выпадак. Інакш бы яна не прыйшла.
Значыць, я — да камандзіравай зямлянкі і ўжо на прыступках чую: размова сур'ёзная. Болей дакладна — гучная размова. Селязнёў крые матам, а Улляна таксама не адстае. „Мне сказалі, а я што, маўчаць буду?“ — „У аўторак бы перадала!“ — Ага, да аўторка ім усім галовы паадкручваюць!» — «А я што зраблю? Я ім галовы папрыстаўляю?» — «Думай, ты камандзір». — «Я камандзір, ды не бог. А ты мне во лагер дэмаскіруеш. Я цябе назад цяпер не пушчу». — «Не пушчай, чорт з табой. Мне тут горай не будзе».
Заходжу, абодва сціхаюць. Сядзяць, адзін на аднаго не пазіраюць. Пытаюся як мага ласкавей: «Што сталася, Уллянка?» — «А што сталася? Дрэнь сталася. Патрабуюць Мароза, іначай, сказалі, хлопцаў павесяць. Мароз ім патрэбны».
«Ты чуеш? — крычыць камандзір. — I яна з гэтым прымчала ў лагер! Так ім Мароз і пабяжыць. Знайшлі дурня!»
Улляна маўчыць. Яна ўжо накрычалася і, мусіць, болей не хоча. Сядзіць, папраўляе пад барадой хустку. Я стаю ашаломлены… Бедны Мароз! Памятаю як цяпер, менавіта гэтак падумаў. Яшчэ адзін камень на яго душу. Вярней, шэсць камянёў — ёсць ад чаго чарнець. Вядома, ніхто тады з нас і думкі не меў, каб пасылаць Мароза ў вёску. Здурнелі мы, ці што! Пэўна ж, яны і мальцоў не пусцяць і яго кокнуць. Ведаем мы гэтыя штучкі. Як-ніяк, дзевяты месяц пад немцам жывём. Нагледзеліся.
А Улляна расказвае:
«Я што, хіба жалезная? Прыбягае ноччу цётка Таццяна і цётка Груша — валасы на сябе рвуць. Ведама, маці. Просяць хрыстом-богам: „Улляначка, родненькая, памажы! Ты ведаеш як“. Я ім талкую: „Нічога я не ведаю. Куды я пайду?“ А яны: „Ідзі, ты знаеш, дзе Алесь Іванавіч, хай ратуе мальцоў. Ён жа разумны, ён жа іхні настаўнік“. Я сваё вяду: „Адкуль мне ведаць, дзе той Алесь Іванавіч? Мусіць, уцёк куды, дзе я яго шукаць буду?“ — „Не, золатка, не адмаўляйся, ты з партызанамі знаешся. А то ж заўтра павядуць у мястэчка, мы ж іх болей не ўбачым“. Ну што мне было рабіць?»
Да. Ось такая наспела сітуацыя. Невясёлая, прама скажу, сітуацыя. А Селязнёў пагарачыўся, накрычаў ды і змоўк. Зацяўся, нахмурыўся. I я маўчу. А што зробіш?
Прапалі, мусі быць, хлопцы. Гэта так. Але як жа маткам? Мусіць жа ім жыць яшчэ трэба. I Марозу таксама.
Мы маўчым, як пні, а Улляна ўстае. «Рашайце, як хочаце, я пайшла. I хай правядзе хто. А то ля кладкі нейкі ваш дурань чуць не застрэліў».
Зразумела, дзяўчыну трзба праводзіць. Яна выходзіць, я за ёю. Вылажу з зямлянкі і тут жа нос у нос — з Марозам. Стаіць ля ўвахода, трымае ў руцэ сваю вінтоўку без мушкі, а ў самога твар, нібы смерць. Зірнуў на яго і адразу бачу: ён усё чуў. «Зайдзі,— кажу, — к камандзіру, справа ёсць». Ён палез у зямлянку, а я павёў Улляну. Пакуль знайшоў, каго вылучыць ёй у праважатыя, пакуль даваў заданне таму, пакуль развітваўся — мінула хвілін дваццаць, калі не болей. Вяртаюся ў зямлянку, там камандзір, як тыгр, бегае з кутка ў куток, гімнасцёрка расшпілена, вочы гараць. Крычыцъ на Мароза: «Ты з глузду з'ехаў, ты дурань, псіх, ідыёт!» А Мароз стаіць ля дзвярэй і паныла глядзіць у зямлю. Здаецца, ён нават і не чуе таго камандзіравага крыку.
Я саджуся на нары, чакаю, пакуль яны мне вытлумачаць, у чым справа. А яны на мяне нуль увагі. Селязнёў усё ярыцца, грозіцца Мароза да яліны паставіць. Ну, думаю, калі ўжо да яліны дайшло, то справа сапраўды сур'ёзная.
А справа сапраўды далей некуды. Камандзір выкрычаў сваё і да мяне: «Чуў, хоча ў вёску ісці!» — «Чаго?» — «А гэта ты яго запытай». Гляджу на Мароза, a ён толькі ўздыхае. Тут ужо і я пачаў абурацца. Трэба быць круглым ідыётам, каб паверыць немцам, што яны выпусцяць хлопцаў. Значыць, ісці туды — самае бязглуздае самагубства. Так я і сказаў Марозу. Як думаў. Той выслухаў і раптам кажа гэтак спакойна: «Гэта праўда. І ўсё ж трэба ісці».
Тут мы ўжо абодва ўтрапелі: што за дзівацтва? Камандзір кажа: «Калі так, я цябе пасаджу ў зямлянку. Пад варту». Я таксама раю: «Ты падумай спярша, што гаворыш». А Мароз маўчыць. Сядзіць, угнуўшы галаву, і не варушыцца. Бачым — такая справа, трэба, мусіць, параіцца нам удвух з камандзірам, што з ім зрабіць. I тады Селязнёў, натаміўшыся ад спрэчкі, кажа: «Ладна, ідзі падумай. Праз гадзіну прадоўжым гаворку».
Ну, Мароз устаў і пакульгваючы, вылез сабе з зямлянкі. Мы засталіся ўдвух. Селязнёў сядзіць злы ў кутку, бачу, на мяне зуб мае — маўляў, твая кадра. Кадра сапраўды мая, але, адчуваю, я тут ні пры чым. Тут у яго свае нейкія прынцыпы, у гэтага Мароза. Хоць я і камісар, але ён за мяне не дурнейшы. Што я магу з ім зрабіць?
Пасядзелі так, Селязнёў і кажа са строгасцю ў голасе, да якой я ўсё яшчэ не мог да канца прывыкнуць: «Пагавары з ім. Каб ён гэтую дурату выкінуў з галавы. А не, дык на Шчару паганю. У сцюдзёнай вадзе пабоўтаецца — паразумнее».
Думаю, ладна. Трэба неяк пагаварыць, адвесці ад яго гэты бязглузды намер. Вядома, я разумеў: шкада хлопцаў, шкада мацярок. Але, мусіць, ім ужо не паможаш. Пагінуць хлопцы. Ды хіба адны Марозавы хлопцы гінуць? Вайна, паміраюць мільёны. I не такія арлы, як гэтыя падшыванцы.
Да, я чэсна збіраўся пагутарыць і адгаварыць яго нават і думаць пра яўку ў Сяльцо. Але вось не пагаварыў. Я прамарудзіў. Можа, прытаміўся, а можа проста не сабраўся з духам зрабіць гэта зараз жа пасля гаворкі ў зямлянцы. А далей здарылася адна мінтрэга, стала не да Мароза.
Сядзім, маўчым, думаем і раптам чуем галасы непадалёк, ля першай зямлянкі. Нехта бягом пратупацеў ля акенца. Услухаўся — голас Браневіча. А Браневіч толькі ўранку адправіўся на адзін хутар з сержантам Пекушавым — было заданне наконт сувязі з мястэчкам. Пайшлі на тры дні, і раптам ужо ўвечары яны тут.
Першы, учуўшы нядобрае, выскачыў камандзір, я ўслед. А што ж бачым? Сядзіць перад зямлянкай Браневіч, а побач у доле ляжыць Пекушаў. Я зірнуў і бачу адразу: мёртвы. А Браневіч расшкуматаны ўвесь, потны, мокры па пояс, з акрываўленымі рукамі, заікаючыся, расказвае. Аказваецца, кепская справа. Ішлі і каля аднаго там хутара наскочылі на паліцаяў, тыя абстралялі і вось забілі сержанта. А харошы быў хлопец, з пагранічнікаў. Добра яшчэ, Браневіч неяк выкруціўся і прывалок цела. У самога куляй прабіта на плячы ватоўка.
Памятаю, гэта была наша першая ахвяра ў лагеры. Перажывалі не дай бог. Проста апанылі ўсе. I каторыя кадравыя, і мясцовыя. I праўда, харошы быў хлопец: ціхі, смелы, старанны. Усё даваенныя пісьмы перачытваў ад маці — недзе за Масквой жыла. А ён у яе адзін толькі сын. I вот трэба ж…
Што зробіш — пачалі рыхтаваць пахаванне. Паблізу ад лагера, над абрывам ля ручая, выкапалі хлопцы магілу. Пад хвояй у пясочку. Труны не было, праўда, магілу выслалі лапнікам. Пакуль хлопцы ўпраўляліся, я пацеў над прамовай. Гэта ж была мая першая прамова перад войскам. Назаўтра пастроілі ўвесь атрад, шэсцьдзесят два чалавекі. Ля магілы паклалі Пекушава. Надзелі яму нейчую новую гімнасцёрку, сінія штаны. Нават трохкутнічкі на пятліцы сабралі, па тры на кожную, каб як і належыць у арміі. Затым выступілі. Я, камандзір, нехта з ягоных сяброў пагранічнікаў. Некаторыя ажно заплакалі. Словам, гэта было першае і, мабыць, апошняе такое прачулае пахаванне. Пасля хавалі часцей і нават не па адным. Было, па дзесяць у адну яму закопвалі. А то і без ямы. Якой-небудзь церухой загорнеш — і годзе. У блакаду, напрыклад. Ды і самога камандзіра пахавалі проста — яму па калена выкапалі, і ўсё. Не перажывалі і дзесятай долі таго, што па гэтым Пекушаве. Прывыклі.
А тады ўсё было свежа, нова. Вядома, нашае тады толькі яшчэ пачыналася.
Дык, значыцца, пахавалі Пекушава. Нават Селязнёў неяк па-сяброўску, без свае вечнай строгасці пагаварыў, пакуль ішлі поруч да нашай зямлянкі. Хацелі ўжо спусціцца па яе прыступках, як падлятае ўзводны Пракапенка: так і так, няма Мароза. З ночы няма.