Ніжнія Байдуны - Янка Брыль 2 стр.


Перш чым забегчы ў расказе пра дзядзьку Івана далёка наперад, я павінен з канца дваццатых гадоў вярнуцца назад, у самы пачатак стагоддзя.

Мая старэйшая сястра Ўлляна, цяпер ужо зусім бабуля, была тады дзяўчуком, а там, дзе ў нашым агародзе, у кутку ад вуліцы расце вялікі май (так у нас называюцца клёны), тады стаяла курная хатка. У хатцы жыў дзед Карашок, якога так празвалі за прыгаворку «ідры твае карашкі». Казачны «маскаль», мікалаеўскі салдат, які, зусім магчыма, быў не толькі на Шыпцы, але і ў Севастопалі ці нават «скараў» перад гэтым Каўказ. Бо паміраў ён, сястра мне расказвала, у дзевяцьсот сёмым годзе, маючы «без году дзевяноста». У дзеда былі «тры медале і нейкі белы шлык на галаве, а на нагах калюгі, выступкі з вострымі наскамі». І ён прасіў так яго пахаваць: у каўпаку, у калюгах і «медале» начапіўшы. Сястру маю, сваю любіміцу, папрасіў дапільнаваць, каб усё, «ідры яго карашкі, было па поўнай форме». На Ўлляне тады, як гаварыў мне хросны, «вада не трымалася», няўрымста была і рагатуха. «Ты ж, дзеду, — сказала яна, — усіх на тым свеце перапалохаеш. Гэтым сваім шлыком ды калюгамі». Але зрабілі ўсё, як ён прасіў. Медалі так і пайшлі з Карашком у зямлю. Можа, калі і выплывуць наверх, як той дукат з часоў караля Зыгмунта-Аўгуста, які наш бацька выараў каля самае вёскі — праз чатыры стагоддзі. Цяпер зірнём і наперад.

Дзядзька Бохан-Калоша не толькі перажыў свайго друга Захара Качку, але яшчэ і ў партызанах пабыў. За сынам Венем пайшоў, калі ўжо не мог ухавацца ад паліцаяў. Век быў у яго тым часам не той, каб хадзіць на аперацыі, і дзядзька даглядаў пры штабе коней. Раз толькі і выбраўся ў раён, пазычыўшы нагана. Ішоў па прыпушчанскіх вёсках і ў хатах, куды заходзіў перакусіць да знаёмых, пытаўся: «Як тут мая разведка?» Бо жыў ён з разведчыкамі ў адной зямлянцы. «Калі што плоха — не пакрывайце, кажыце. Ой, дам, ой, правучу!..» І собіла ж старому ледзь не ў лоб напароцца прыцемкам на засаду. Уцёк ад яе такім асцярожным кругам, што ў лес, дахаты, вярнуўся са свайго паходу толькі на пяты дзень. Хлопцы смяяліся, і сын яго, талковы і вясёлы Веня-мінёр, таксама смяяўся. А сам стары пазлаваў, папырхаў, але ваяцкага гонару і пасля гэтага не страціў. Калі перапісвалі неяк брыгаду і пісар спытаўся ў «дзеда» пра званне ў першую сусветную вайну, Іван Сцяпанавіч сціпла, з поўнай перакананасцю сказаў: «Што жа, пішы лейценант».

І пра лятанне сваё, зусім ужо міфічна састарэлае, не забываўся. Сам я аднойчы чуў, як ён расказваў пра гэта новаму чалавеку. З суседняй брыгады прыйшоў да нашага камісара ад'ютантам бойкі варшаўскі жыд Крамарчык, і «дзед» пачаў яго, нешта на трэці дзень, заварожваць сваім мінулым. Я якраз начаваў у лагеры, прыехаў з раёна з данясеннем, лёг раней, адзін у зямлянцы, і праз прачыненыя дзверы то чуў, то не чуў з двара, пра што там наш сівенькі буркуе. Потым яны ўвайшлі ўдвух у зямлянку, стары для пэўнасці спытаўся, ці я сплю, я стаіўся, і ён гаварыў далей:

— І так, значыцца, кагда я камандаваў ваздухаплавацельнай ротай…

Ад гэтага павышэння па службе я не вытрымаў, гыкнуў. А ён:

— А, сцярвец, ты не спіш!..

Пасля вызвалення, улетку і ўвосені сорак чацвёртага, ён працаваў участковым фінагентам, хадзіў з афіцэрскай сумкай, у якой былі паперы, хімічны аловак, кавалак хлеба і сабраныя грошы, ніколі не разлучаўся з нядаўна набытай вінтоўкай, а на куртцы яго красаваўся медаль партызана Вялікай Айчыннай вайны.

У тую зіму дзядзька Іван і памёр. Старая Алена, цётка вельмі павольная, сонна сказала, што, можа, яго не толькі з медалём, але і з вінтоўкай трэба пахаваць: «Бо вельмі ж ён яе любіў». Веня быў на фронце, але і дочкі разабраліся, што з вінтоўкай не трэба. А ўжо медаль пайшоў туды, дзе даўно ляжаць Карашковы — можа, з Шыпкі, а можа, з Севастопаля ці за Каўказ…

Калі вярнуцца зноў у час майго малалецтва, дык пра дзядзьку Івана трэба сказаць, перш за ўсё, што жыў ён вельмі бедна. Усе дзеці служылі, хто ў панскім двары, хто ў рабіна, хто ў кулака, і Веня, і дзяўчаты — з самага малку. А бацька з буланкай сяк-так качаў свой загончык з боку на бок, што бедны чалавек, а што яшчэ і гультай, змоладу пакалечаны лягчэйшым хлебам.

Мой хросны, кравец Рафалак, чалавек душэўны і трохі бывалы, растлумачыў мне гэта так:

— Ваня Бохан-Калоша, каб жыў у горадзе, дык, можа, і жыў бы як-небудзь па-людску. А тут — ні вала яго, ні асла яго…

Такое прыстасаванне да беднасці, такое прачытанне дзесятай Майсеевай запаведзі пра грэх зайздрасці: «Не пожелай дома ближнего твоего… ни жены ближнего твоего, ни вола его, ни осла его…» і гэтак далей.

— Папо, вы мне купілі чаравічкі?

Нясмелае дзіцячае пытанне, ад якога ў іншага бацькі душа перавернецца. А ён, Іван Сцяпанавіч, прыехаў з кірмашу падвыпіўшы.

— Цібе — чаравічкі? — абараняецца ён. — Цібе — сукеначку? — Тое дзяўчаткам, а гэта — сыну, хлапчуку: — А цібе, можа, гальштук ілі шляпу-канацье? А ці спрасілі вы, сцервяцы: а здароў лі ты, папенька? А?

Дзеці былі маўклівыя, пакорныя, як быццам усе трое, і дзяўчаты, і Веня — толькі па маме. На такім пытанні, пра чаравічкі ці пра што-небудзь іншае, прэтэнзіі іхнія і канчаліся. Дый бывала такое толькі тады, калі яны былі малыя. Падраслі, разышліся па службах і самі ўжо стараліся, не толькі сабе, але і ў хату.

А папенька доўга быў маладым. Калі ў іхняй хаце вечарынка, дык ён яшчэ і павучыць моладзь танцаваць гарадскую ойру. (Яшчэ адна яго, таксама доўгая, мянушка: «Ой, цыдрыца, ойра, ойра!») Хлопцам-пажарнікам, калі яны часамі наладжвалі святам свае заняткі, Лётчык паказваў, што такое сапраўдная гімнастыка, нават на прыблізным турніку. А найдаўжэй дык ён спяваў. І ў партызанах, бывала, вечарам, у аціхлай зямлянцы. Ужо стары, нямоглы, але яшчэ ўсё молада моцным, хоць і ніколі не гучным, грудным, прыемным голасам.

…Толькі гэтым і падобны на бацьку Веня Бохан-Калоша, мой ціхі сябар з маленства. Працуе ён у Горадне, слесарам на заводзе, бачымся мы часамі ўлетку, у Ніжніх Байдунах. Аднойчы, спяваючы за сталом, дайшлі і да такой: «Звенит звонок насчет поверки» — пра Ланцова, што ўмеў уцякаць з-за кратаў.

— Мой Лётчык вельмі любіў гэтую песню, — сказаў тады Веня, дабрадушна, спагадліва, як пра кагосьці малодшага. І, памаўчаўшы трохі, засмяяўся: — Помніш, як яны ваявалі калісьці з Захарай, Тангу і Пецяргоф?..

Гэты разумны, добры смех і мне дазволіў апісаць яго бацьку — не для здзеку, а толькі з усмешкай.

НА САЛАМЯНАЙ ЭСТРАДЗЕ

Перакрываюць хату.

Салома шчацініцца сонечным золатам яшчэ не вельмі высока; крыльцы (у нас казалі і стрыхарэ) дайшлі да палавіны страхі. Аднак і там яны — вышэй над усёю сваёй будзённасцю, у прыўзнятым настроі.

Мне так здаецца. Я падаю ім знізу то цяжкія, тугія кулі саломы, то доўгія, гнуткія повязкі, то кручаную лазу. І слухаю іх філасофскі дыспут. Гутарка ў большасці сваёй, як гаворыцца, не да друку.

Мне пятнаццаць гадоў. Я сам не вельмі лаюся, нават воддаль ад дому, у мужчынскай кампаніі, але да вясковай «скаромнасці» і я прызвычаены змалку.

З горада мы вярнуліся пазней за ўсіх іншых, хто быў у бежанцах. Мне пайшоў тады пяты год, і новыя сябрукі вельмі смяяліся з мяне, калі я кідаўся абараняць курыцу ад пеўня. Свіныя пастушкі, яны, па загаду бацькоў, самі ганялі свіней да кныроў. Ганяў потым і я. Ну, а калі ўжо да Туркавага жарабца, страшэннага, залівіста-іржыстага красуна, прыводзілі кабылу — ад нас, і большых, і меншых, не засланіцца было ні платамі, ні варотамі.

Малых нас, хлопчыкаў, у лазню бралі мамы, а то і старэйшыя сёстры. Цяпер, бываючы ў роднай вёсцы не вельмі часта, моладзь я пазнаю па бацьках. Вунь у Алесі якая красуня вырасла, яе апошняя, — уся як маці калісьці была. Маці тая сёння ўжо проста бабуля, а я ўспамінаю з хвалюючым сумком, як прыглядаўся да яе, сам яшчэ зусім смаркач, а яна ўжо дзеўка. У лазні, калі Алеся ўваходзіла ў парнасць з халодных сенцаў, там распрануўшыся і так блізка цяпер адкрыўшы ўсе свае таямніцы. Яшчэ і ўсміхаецца або і злуе, ці што: «Ну, уталопіўся! Цікуеш…»

Мамы, купаючы нас, смяяліся: «Во, закрываецца, бачыш! Што ты хаваеш, што там у цябе хаваць? Раней я ў цябе гэта бачыла, чым ты сам». І тады, і потым, калі я ўжо быў падлеткам, бабы-скудзельніцы, сабраўшыся ў нашай хаце, гаварылі пра ўсе свае беды і радасці адкрыта, толькі зрэдку пераходзячы на шэпт, які таксама збольшага быў зразумелы.

Ну, а мужчыны — тыя з самага нашага малку адукоўвалі нас, сваю змену, з поўнай свабодай слова.

Як жа мне тут цяпер перадаць яе, тую свабоду, хоць на якую-небудзь яе палавіну?..

Крыльцоў (ці стрыхароў) на хаце чатырох. Злева, ад вуліцы, Яўхім Заяц. Дзядзька салідны, маўклівы, вядомы на ўсю аколіцу цесля. Ён — хросны нашага Андрэя, майго, на пяць гадоў старэйшага, брата. Андрэй ад хроснага авалодаў няпростым майстэрствам стрыхарства. Крайні справа, ад гумна, сектант-пяцідзесятнік Брат Арсеній. А паміж ім і Андрэем — рагатун Косця Бяляк, па мянушцы Асечка або «Дай я гахну».

Недзе там дзецюкі калісьці хацелі камусьці «гахнуць» з высокай прызбы ў нізкае акенца, і кампанейскі Косця папрасіўся зрабіць гэта першы, спаслаўшыся на гарох з панцаком. Але не гахнуў і, як нядаўні салдат, яшчэ і сказаў: «Эх, асечка!» — набыўшы такім чынам дзве мянушкі за адзін раз.

Было гэта даўно, цяпер ужо Косцю за сорак, а ён яшчэ ўсё кавалер, яшчэ ўсё кажа: «Паспеем! Нажывёмсё!» Чалавек ён вясёлы і добры, у бядзе якой ці ў патрэбе паможа першы.

Брат Арсеній, інакш дзядзька Арсень Паходня, у секту, што завялася ў суседняй вёсцы Плёхава, пайшоў следам за сваёю Параскай, плёхаўскай бабай, драпежнай да ўсяго. Яна і дзяцей нараджала яму поўную хату, адных дзяўчатак. Раней ён мог і выпіць, і пабуяніць, а цяпер і сам прыціх, і іншым прапаведуе, як і дзе толькі можна. І тут, на хаце, таксама.

— У свяшчэнным пісанні сказана ясна: Бог есць любоў, — цягне ён сваю думку. — І імеюшчы вушы, штоб слышаць — да слышыць.

Асечка рагоча. Нібы не вельмі натуральна для яго, нібы знарок так звонка.

— Якая тут, хлопец, любоў на страсе? — крычыць ён тонкім голасам. — Любоў у нас вечарком!

Нават у ладкі пляснуў, раней чым яшчэ раз зарагатаць.

І ладкі гэтыя рассмяшылі Цімоха Ярмоліча, які толькі што падышоў і спыніўся каля мяне. Абагнаўшы картоплю, Цімох завёў на пашу каня, а самому дахаты не вельмі рупіць. Хоць невялікая, ды ўсё ж кампанія.

— Любоўнік! — смяецца ён. — Вечарком… Табе каторая каб нават смехам дакляравала, хоць у Хлюпічах, дык подбегам папёр бы, рук з кішэняў не вымаючы.

Хлюпічы ад нас далёка, каля самай пушчы, у якую нашы зімою ездзяць па дровы.

Косця і тут смяецца. У Цімоха мянушкі чамусьці няма, Асечку застаецца толькі яго прозвішча:

— Эх ты, Ярмоліч, Ярмоліч!..

Брат Арсеній (а гэта ўжо даўно стала мянушкай) абурана плюнуў, але сказаў зноў жа цытатай:

— Мерзасць запусценія, рачэнная прарокам Даніілам.

Цімохава жонка, Волечка, таксама блытаецца з пяцідзесятнікамі, якіх у нас называюць бапцістамі, — таму Цімох і злосны на «святых», і з цытатамі трохі знаёмы.

— Не тое, — кажа ён, — браце мой, асквярняе, што ідзе ў чалавека, а тое, што з чалавека вылазіць.

Цытата — перакручана і не зусім да месца. «Не то, что входит в уста, оскверняет, но то, что выходит из уст», — гэтыя словы пра пост ці не пост чуў ён, Цімох, ад свае хатняе прапаведніцы, але хто яго ўсё запомніць.

— Хоць бы ўжо слова божага не разурашчаў, — зноў абураецца Брат Арсеній.

— Прарокі! — звонка рагоча Асечка. — Усе прарокі разляцеліся, як сарокі!

Таксама не зусім дарэчы гэта, але складна, весела.

— Святы ўжо, браце мой, праведнік, — усміхаецца Цімох. — Чаму ж тады ў цябе калені спераду? Як у Котавай Акуліны. Ці ты ўжо, можа, зусім забыўсё?..

Пра калені — прымаўка, а з Акулінай — намёк на тое, што Цімох з Арсенем ведаюць, відаць, толькі ўдвух. І таму Брат Арсеній не па-прарочы, а па-мужчынску доўга маўчыць.

Асечка маўчаць не можа. Тэму ён абнаўляе так, нібы пасля паўзы вядзе яе далей зусім лагічна.

— І праўда, — пытаеца ён, — чаму гэта ў цябе, Арсень, адны дзяўчаты? Пяць дачок — пяць разоў гарэць будзеш. А сам хоць з торбай потым ідзі.

Брат Арсеній яшчэ ўсё ў «мирском», збянтэжаным настроі, але адказвае ён, па прывычцы, як яму і належыцца:

— Без волі Госпада і волас з мае галавы не спадзе.

— Пры чым тут волас? — смяецца Асечка. — Ты што, без Госпада ўжо і сына не змайструеш? Вунь паглядзі ў Рафалка — ажно тры сыны. Спытаўся б ты ў яго.

Тут зноў уступае Цімох. З прапановаю Брату Арсенію:

— Калі хочаш, дык і я цябе навучу?

Той маўчыць, і дарадчык гаворыць далей:

— Гэта, браце мой, трэба падперазаўшыся, і з сякерай за поясам. Памагае.

Брат Арсеній плюе і моўчкі круціць галавой. Ды тут ужо рагоча не толькі Асечка, які пляснуў у ладкі і проста заліўся, не толькі сам Цімох, Андрэй і я, але і маўклівы, салідны дзядзька Яўхім.

— З табою, Ярмоліч, не заморышся, — кажа ён, пасмяяўшыся. — Ішоў бы ты ўжо дадому, ці што…

Цімох ніколі не спяшаецца. Конік у яго малы, сівенькі, быстры. Трапечацца, тупае ў плузе ці ў возе, а потым занаровіцца і стане. Гані не гані — не скранецца. Тады гаспадар памалу злезе з воза або падыдзе ад плуга, папросіць у Сівага ножку, пярэднюю левую, пастукае знізу па капыце тоўстым канцом пугаўя і — гатова.

— Ну, падкаваў. Паехалі, дрыстун.

І жывуць сабе далей, конь час ад часу наровячыся, а гаспадар, куды часцей, ілгучы.

Калі Качка ці Лётчык ілгалі з пэўнай накіраванасцю — «вось які я, глядзіце, быў і наогул што я такое», — дык ён, Цімох Ярмоліч, маніў бескарысліва і часамі да поўнага самазабыцця.

Гэта я памятаю яшчэ з маленства, калі Цімох расказваў нашаму бацьку, як у ваенным шпіталі ён, у пяту паранены кавалерыст, «пяць разоў паміраў ад аперацыі і пяць разоў уваскрасаў з таго свету». Расказваў пры жанчынах і дзецях, без скараміны, і таму, відаць, сумна, бо бацька, і сам бывалец і добры байдун, сказаў пасля, калі залішне позні госць пайшоў: «Ну ж і вярзе, так, здаецца, і даў бы па карку».

Ва ўсіх Цімохавых расказах для слухачоў галоўным быў ён сам: уся яго, як гаварылі, выхілка — міміка, жэст, інтанацыя. Пра тую самую аперацыю, якую я ведаў у менш цікавым варыянце, ён аднойчы расказваў на вуліцы, мужчынам, а нас, хлапчукоў, мужчыны не адганялі. Цяпер ужо санітары трымалі параненага Цімоха не ўчатырох, а ўшасцёх, і хірургам быў не мужчына, а «нейкая барынька».

— Халацік беленькі, а сама, браце мой, ідзе — яечка з галавы не скоціцца. І ўсё пры ёй як мае быць, і з тых самых, відаць, што толькі пераступі цераз яе — ужо і тоўстая. Што ж, і я не з трухлявай алешыны, з дуба. Прымергаваўсё я трохі, прыціх, і толькі ўжо, браце мой, яна намерылася нагу маю разануць — калі хаплю яе за падчарэўе!.. Гвалт, піск, і санітары тыя, і яна: «Фуліган!..» Разбегліся, а потым ужо васьмёх прыйшлі, такія во — кожны за трох дурных можа з'есці і выпіць. Аблажылі мяне, далі на сон, ледзь не затхнуўся, і ўжо не тая барынька, а зноў мужчына прыйшоў. Таксама добры дурыла. Рэзаў, браце мой, колькі яму хацеласё!..

Ад далейшага Цімоха выручае Васіль Кураўка:

— Нагу адрэзаў, — дадае ён зусім сур'ёзна, у тон расказчыку.

Выбухае рогат.

Па простай логіцы і трэба было б адрэзаць: да таго ўсё ішло, аднак перад усімі тут, на роднай ніжнебайдунскай зямлі, стаяць абедзве нагі ў здаравенных ялавых ботах. Далей ужо напрасткі не папрэш, трэба як-небудзь убок, але Цімох не бянтэжыцца, нават як быццам рад і ўдзячны за дапамогу.

— Нагу адрэзаў, — кажа ён не сваім, а Кураўкавым голасам, і рогат зноў выбухае. — Сам, браце мой, бачыш, што не адна, а дзве клыпы мае стаяць. Разумны доктар трапіўсё. Яшчэ і накрычаў на тую, што рэзаць хацела. Асколкі павыкалупваў з пяты, ваты туды напхаў…

Кураўка зноў падказвае:

— Кожную раніцу, браце мой, выцягаю патрохі…

Усе рагочуць. Цімох таксама смяецца.

— Прыйдзі, пазычу, — кажа ён. — Заткнеш сабе, каб лішне не курэла.

ЦІ БЫЎ, ЦІ БАЧЫЎ…

З вайны, улетку сорак пятага, Цімох вярнуўся смешна.

Назад Дальше