Таму яны, матчыны сэрцы, і раскрываліся.
Цётка Катрына не была яшчэ тады бабуляй Анечкі. Будучы бацька малое праллі ў салдаты пойдзе яшчэ не хутка. Ды матчын клопат, яе трывога, насцярожанасць даходзяць у прадбачанні вельмі далёка. І цётка, вядома ж, таксама вынесла гэтым уланам непачаты збан малака і паўбохана хлеба — проста як нечым сынам.
А ўсё ж, калі пачало сутуняцца, яна, руплівая ўдава, паклікала меншага сына-падлетка і ў сенцах, каб ніхто не чуў, сказала:
— Пойдзеш спаць у аўсяныя мэндалі за Алісеева гумно. Чорт ім верыў, яшчэ снапы пакрадуць сваім коням.
Хлопец, як яму ні хацелася застацца дома, на вуліцы, зблізку пачуць, як трубач зайграе «цапштык» — адбой, паслухмяна пранікся матчынай асцярожнасцю. Ніхто не чуў, няхай жа ніхто і не бачыць. Загарнуўшы кажушок у посцілку, нібы так сабе клунак нейкі нясе, ён перайшоў цераз вуліцу, цераз Цівунчыкаў двор, міма аціхлых там людзей і коней, заўважыў, што ні самога дзядзькі Алісея, ні цёткі Зосі, ні Шуры іхняга, ні дзевак там няма, перайшоў цераз загуменную дарогу і ціха пашамацеў мяккім аўсяным іржышчам да першых мэндлікаў. Паслаўся паміж імі на цёплых яшчэ снапах, лёг і накрыўся посцілкай і кажушком.
Хлопец успомніў, як ён нядаўна, гэтай вясною, вяртаючыся познім вечарам з Плёхава, ад цёткі, свіснуў на скрыжаванні за сваёю вёскай. Кажуць, што, калі там свіснуць апоўначы, — з'явіцца чорт. Хлопец свіснуў, а чорт не з'явіўся. Можа, таму, што яшчэ не поўнач была? Яму, аднак, стала страшна, ён спачатку пайшоў памалу, а потым не вытрымаў — азірнуўся, пайшоў хутчэй і, нарэшце, пабег. І толькі ўжо на вуліцы, а яшчэ больш на сваім двары падумаў, што вось і не вельмі спалохаўся.
Успомніў хлопец таксама і тое, як летась у жніво была вялікая навальніца, а пад вечар, калі яна сціхла, маці паслала яго на далёкае поле, паправіць паваленыя ветрам і ліўнем жытнія мэндлі. Уранні таго дня, яшчэ задоўга да навальніцы, у Ніжніх Байдунах было накідана «афішак» (так у нас называлі лістоўкі), у якіх не па-польску, але па-нашаму было надрукавана, каб не плаціць панам-пілсудчыкам падаткаў, дамагацца школы на роднай мове, свабоды зняволеным палітвязням, дамагацца, каб і тут, як у Савецкім Саюзе, была ўлада рабочых і сялян. Хлопец ціха ішоў па мокрым бадылістым жытнім іржышчы, набліжаўся да мэндляў, адны з якіх былі абернуты, а з іншых толькі пазбівала шапкі, ішоў і думаў, што тыя смелыя і таямнічыя, хто раскідаў «афішкі», цяпер — сядзяць у мэндлях… Яму было сцішнавата, і ён пачаў ціха напяваць. З дзвюх песняў, якія ўжо трохі ведаў — «Ад веку мы спалі» і «Вставай, проклятьем заклейменный». Спяваў не так для смеласці, як дзеля таго, каб пачулі тыя, што недзе тут сядзяць у мэндлях, а ноччу зноў пойдуць па вёсках, спяваў, каб пачулі і зразумелі, што ён ім — свой…
А што ж ён будзе рабіць цяпер, калі прыйдуць уланы — па іхні авёс? Няўжо толькі крычаць? Няўжо яны тады адразу вернуцца, уцякуць?..
Навокал сакаталі конікі, у небе паміргвалі, таксама незлічоныя, зоркі, у вёсцы амаль зусім аціхла гамана, вось-вось павінен быў пачуцца горн адбою… Лета гарачае канчалася, але дні былі яшчэ ўсё па-летняму доўгія. Хлопец, пастух, устаў вельмі рана, за дзень набегаўся, а потым, пад вечар, і нагледзеўся. На цёплым аўсе, пад дзяругай і кажушком, нядаўна павячэраўшы, было так цёпла, што песню горна хлопец пачуў ужо як праз сон. А потым — каб і стралялі яны, з усіх сваіх карабінаў — і таго не пачуў бы…
Уранні ён прахапіўся раней, чым у вёсцы пачуўся сігнал вайсковай пабудкі. Мэндляў абапал яго — не было!.. Нейкі момант ён, яшчэ седзячы, лыпаў вачыма, тужыўся разгадаць, што ж гэта адбылося, а потым, устаўшы, убачыў свой авёс. Крокаў за трыццаць далей, трохі за ўзгорачкам, відаць толькі крайнія шапкі. Падбег туды, палічыў. Усе пятнаццаць, без таго, шаснаццатага, на якім спаў. І пастаўлены хораша, нібы тут яны і стаялі.
Спачатку хлопец занёс туды і паставіў шаснаццаты, потым ішоў дахаты і на Цівунчыкавым двары, дзе спалі і ўланы і коні, сустрэў дзядзьку Алісея.
— Здароў, Іванко, — адказаў той на прывітанне, нібы нічога ніякага, як і заўсёды. Але па ўсмешцы дзядзькавай малому стала ўсё ясна, хоць і смяяўся Рыўка «навыварат», гаворачы за ўланаў «па-польску»:
— Як богем кохем, ніц не вем!..
…Анечка прала на маленькай прасніцы гадоў… хутка сорак таму назад. Нядаўна мы з ёю, Ганнай Андрэеўнай, тэхнікам на льнозаводзе, весела ўспаміналі тое прадзенне. Я бачыў яго тады разам з яе бабуляй і мамай, адна з якіх мая маці, а другая братавуха.
Снапы я вартаваў яшчэ на некалькі гадоў раней.
Дзядзька Алісей быў тады, на аўсяным іржышчы, пад зоркамі зусім адзін. Але я дагэтуль бачу, хоць і не бачыў, як ён стаіць над сонным хлапчуком і сам сабе ўсміхаецца…
ПЕСНЯ
Ёсць такая пара, на стыку вясны і лета, калі нядзеля ў мужыка свабодная, калі ён можа не ў працы, але «па-панску» палюбавацца прыродай. Тым больш што яна тады — у самым росквіце.
Мы, пастушкі, занятыя былі і ў нядзелю. Ды ў нас, у хлопцаў, былі ж і сяброўкі, якія маглі «адпусціць», калі ўжо такая патрэба. Час мы мералі не гадзіннікам — на ўсю вёску іх са два, можа, і было — а даўжынёю ўласнага ценю. «Пусці мяне на ступак, на паўтара, на два…» У самы поўдзень каровы, прыгоненыя «з ранак», былі дома, але і тады, калі мы іх зноў выганялі на пашу, цень быў яшчэ ўсё кароткі, мы мералі яго з дакладнасцю да палавіны і да чвэрткі ступака, у хлопцаў невялікага, а ў дзяўчатак яшчэ меншага. А што да патрэбы, дык дзе там ужо большая за тую, калі з вёскі па выгане, цераз падсохлае балота, на луг да рэчкі ідзе вялікая грамада — мужчыны, хлопцы, свабодныя ад пасты хлапчукі! Ясна, што будзе…
Калі грамада збіралася ў вёсцы на выхад трохі раней, а нашы каровы яшчэ стаялі ці ляжалі кожная на сваім двары, мы дамаўляліся з дзяўчатамі дома; калі ж трохі пазней, дык мы ўжо на пашы мералі цень ступакамі і з крыкам, у падскоках даганялі тую грамаду.
Рэчка наша спакойная, з тарфяністым дном, шмат крутых (у нас кажуць «прыткіх», а то і «спрытных») берагоў, пад берагамі многа падрэзаў, а на дне — вялікага куп'я.
Гэта якраз і трэба, гэта, па-сучаснаму кажучы, і абумовіла даўні мясцовы від маладзецкага спорту.
Над рэчкаю, на мурагу, што расквітнеў купаллем, рамонкамі, кашкамі, вогнікамі, смолкай, браткамі і процьмай іншых кветак, усе мужчыны, ад найстарэйшых да найменшых, распранаюцца. Ні трусоў, ні трусікаў — не было яшчэ такога звычаю. Малыя распранаюцца хутчэй, як быццам баючыся не паспець на самае галоўнае. А мужчыны і дзецюкі не спяшаюцца. Раздзеўшыся, сядзяць у сонцы, абменьваюцца заўвагамі наконт таго ці іншага, ахвотна адводзячы тэму ў той бок, дзе малым асабліва цікава, ласа слухаецца.
Пасля нарэшце даецца каманда, — Цараў норт, той участак ракі, які сёння трэба апрацаваць. Абняць яго з двух бакоў, разысціся адгэтуль ніжэй і вышэй і ўзняць належны шолам. Хто бяжыць, а хто ідзе да вады, хто лявей, хто правей — натоўп падзяліўся на дзве голыя палавіны. Пачынаецца плаванне з крыкам і буханнем нагамі па вадзе — рыбу заганяюць пад берагі, у норы і падрэзы, а на дне — пад вялізнае тарфяное куп'е.
Потым хто-небудзь старэйшы камандуе «годзе!» і — пачынаецца галоўнае.
Словы «спорт», «чэмпіён», «рэкорд» і іншыя падобныя былі тады ў нас не ў модзе, як і трусы, — хто чуў дзе, у войску ці ў школе, а хто і зусім не чуў. А чэмпіёны былі. Ды гаварылася пра гэта проста: рыбу рукамі дастаюць найлепш каваль Пучок, Цівунчыкаў Жмака і, вядома ж, Цімох Ярмоліч.
Пучок, праўда, лавіў не так ужо добра, як пацешна. Малы, шыракароты, «чарнамызенькі» дзядзька, ныраў ён густа і часцей за ўсё напуста. Захопіць з сабой паветра, падскочыць шпунцікам угару, нырне нагамі ўніз, і даволі доўга яго няма. Так доўга, што за гэты час можна паспець разоў пяток узапар сказаць яго доўгую мянушку: «Не хачу хлеба, дай сала!» Тады ўжо ён вынырвае і перш за ўсё, развеўшы рукі, паказвае, якая рыбіна ўцякла. Тады, амаль адразу ж, зноў хапае паветра, падскоквае і — у дно. Сяды-тады вынырваў з рыбінай, аднак яшчэ ўсё меншай за тую, па душу якое зноў і зноў даваў нырца.
Дужы і звераваты Жмака часта вымаў з-пад доннага куп'я ці з берагавога падрэзу вялікіх язёў, мянькоў і акунёў, часамі рэзаў рукі акунёвай пілкай і кожную рыбу ці рыбінку, узняўшы яе над вадой, раней чым шпурнуць на бераг, абкладаў панурым конскім матам.
Цімох сюды не прыходзіў разам з усімі з вёскі — улетку ён жыў з сабакам у сваёй паплаўнічай будзе і, калі да рэчкі дагамоньвала святочная мужчынская грамада, далучаўся да яе часамі так непрыкметна, што нібы з-пад куста ці нават з-пад зямлі. На глыбіні, стаяка плывучы на адным месцы, ныраў ён не нагамі ўніз, як іншыя, але дзябёла падскокваў, згінаўся над вадою ў поясе і, пацешна бліснуўшы незагарэлым азадкам у неба, як цераз жэрдку, перавальваўся ў глыбіню. Але сядзеў там найдаўжэй і вынырваў заўсёды з рыбай. То з большым чым-небудзь, то з аднымі плоткамі. Бывала, наўсаджвае, назаціскае тых плотак паміж пальцамі абедзвюх рук, а яшчэ па адной — паміж пальцамі на абедзвюх нагах. Ужо і маніць не трэба, колькі іх там, пад адным подрэзам ці між вялікімі грудамі торфу.
— Толькі, браце мой, пагладжвай ды бяры. Як бабу…
У палоне, куды я трапіў з польскага войска ў верасні трыццаць дзевятага, мне разоў некалькі дакучаў адзін і той самы сон. Поўная апаноўка яечні. Адно пакрэктвае ды папырсквае салам — толькі што з агню. І луста хлеба, тоўстая, наздравата-пухкая і вялікая на ўвесь бохан. І думка, з логікай натуральнай у сне: «От хіба дурань! Чаму ж я тады так мала, так неахвотна еў?..»
Другі сон прыходзіў, здаецца, толькі аднойчы. Адзін толькі раз так бязлітасна ярка. Я ўбачыў наш мурожны луг з усімі яго кветкамі і матылямі, з усімі пахамі і песняй жаваранка над спякотнай цішынёй, з усёю травяною, зялёнаю ласкай для босых, заўсёды паколатых ног… Са сцішнаватай, ледзь празрыстай цемраддзю рачное глыбіні, у найглыбейшым падрэзе, дзе я — ужо не пастушок — пагладжваю, улагоджваю майго найбольшага язюка… Луг і рэчка, і той радасны гоман і смех — сіламі ўсіх ніжнебайдунскіх хлопчыкаў, хлопцаў, мужчын, — смех, ад якога я і прачнуўся на нарах, найшчаслівей заплаканы.
Вельмі мала знаёмыя са словамі «спорт», «рэкорд», «чэмпіён», мы не ведалі тады і слова «браканьер». Рыба была, і рыбу лавілі. Трохі сеткамі, трохі вудамі, трохі рукамі. Але рыба была. А сёння, калі яе і ахоўваюць, і глушаць амаль усенародна, — і лесхімгасаўцы, замест таго каб карчаваць тым толам лес, і мяшчане на персанальным транспарце, і некаторыя на ўсюдыходных «газіках», — калі яе і токам б'юць, і «тэлевізарам» ашукваюць, калі яе шкоднымі адыходамі дастаюць нават у такіх далёкіх лугах, як наш, — цяпер ужо і сетачкай на юшку налавіць — таксама браканьерства.
І мы не згодныя з гэтым. Тыя «мы», што сёння, у чэрвеньскі выходны дзень пяцьдзесят восьмага года, бродзім з таптухай. Дзе ў беразе, дзе на мяльчэйшым, у зеллі. Колькі нам трэба — дай бог вядро, ці хоць няпоўнае — на восем чалавек. Ды раз у год ці ў два гады, — так усё часу няма, каб спаткацца, як людзі.
Добра, канечне, любіць людзей маладых, каторыя варты гэтай любові. Аднак сустракацца з тымі, з кім сёе-тое перажыта, каторых усё менш ды менш, — гэта таксама добра.
Калі я пражыву і трыста трыццаць год, дык усё роўна буду з цёплым, высокім сумам успамінаць такія вечары, дзе чокаюцца не дзеля таго, каб напіцца, а каб смялей, шчырэй было сказаць, як мы рады сяброўскай сустрэчы, той сустрэчы, калі мы потым і заспяваем, ладна сышоўшыся не так галасамі, як для ўсіх нас зразумелым хваляваннем.
Наша вёска песенная здаўна. Мужчыны добра спяваюць. А больш дык правільна будзе сказаць: спявалі. Адны не павярталіся з франтоў, а хто вярнуўся, дык ужо і пастарэў. З тых асабліва, што на вайну пайшлі сямейнымі, пажылымі.
Хлопцы ў той вечар расказалі мне, што два з найлепшых ніжнебайдунскіх спевакоў, Уладзік Чыркун і Антось Навумовіч, летась увосень сабралі да плота ледзь што не ўвесь кірмашны натоўп. Ды не збіралі яны, а проста самі паселі, стаміўшыся, каля высокага тыну, на духмянай бясцветным рамонкам траве, на тым свабаднейшым на рынку месцы, дзе прадаюцца гаршкі, і заспявалі ціха і няспешна, для сябе.
Побач аціх спакваля перастук па гаршках ды збанках, торг спыніўся, і людзі сталі падыходзіць на песню. Спачатку мужчыны. Бліжэйшыя, пасля далейшыя. Хто на песню ішоў, а хто і на той збор, але, услухаўшыся, і сам заставаўся.
Што ж яны там спявалі? Што з тых песняў, якія ў розны час слухаў, а то спяваў і я? Можа, гэтую, горда-арліную:
Ці, можа, гэтую — будзённую, зусім ужо сваю, вясковую, гарэзліва-вясёлую:
Ці гэтую — журботна-задушэўную:
Людзі стаялі, слухалі, і людзям было добра. То задумацца можна, то весела стане, то засумуецца. Так па-святочнаму, незвычайна.
Бо вось паселі гэтыя двух каля плота, адзін нават выцягнуў на траве кавялу. Гэта Ўладзік, што з Вялікай Айчыннай прыйшоў без нагі. Антосю ж яшчэ ў першую сусветную паадбівала пальцы на правай руцэ. Першаму будзе за шэсцьдзесят, і не ведаючы пазнаеш, а другому ўжо і на восьмы дзесятак трохі пайшло. Можна сказаць: лебядзіная песня. Правалачы сваю безліч дзён і начэй праз войны, нястачы, трывогі, некалькі зменаў улады — тут можна і стаміцца, і засумаваць. А людзі гэтыя спяваюць! Так шчыра, хораша. На два галасы. Нягучна, аднак яшчэ ўсё молада. І ім самім, відаць, таксама добра. І сумна і добра. Можа, нават і так, як бывала ў іх рэдка калі…
Як і нам цяпер, хлопцы, сябры мае, ужо таксама даўнія, не ўчарашнія партызаны.
МАЁР АСМАЛОЎСКІ
Вось так. А цяпер мне — думай, як ад такой узнёсласці вярнуцца зноў да смеху?
Што ж, і ў жыцці яно так: бывае самае нечаканае чаргаванне.
…Дык мы сядзім сабе, спяваем за сталом. Акно адчынена ў зялёны сад, асветлены з хаты. І раптам у гэтае акно з таго саду даволі спрытна гоцнуў чалавек, якога я прывык лічыць… бадай што і нябожчыкам.
Ускочыў, выхапіў з-пад пінжака (пад гальштукам!) добры аполак сала, пляснуў яго на стол, сказаўшы: «Мой уклад!» — і працягнуў мне цераз стол руку:
— Здароў, Антонавіч!
— Сідар — ты?! — гукнуў я міжволі.
— Сідар — я! — адказаў ён у тон мне і засмяяўся: — Хрыстос васкрэсе, браток!
І трэба ж было (і такое бывае), што зранку дома, тады на рэчцы, пасля зноў дома — і ніхто мне ані слова пра тое, што Сідар-гоп і сапраўды ўваскрос, другі ўжо раз пасля вайны!..
Пра Сідара пачнём з мянушкі. Проста ён смешна танцаваў, няўдала падскокваючы ды падрыгваючы ў польцы, а то і ў вальсе, таксама без толку і ладу. Калісьці, гледзячы збоку, Уладзік Чыркун падбадзёрваў яго: «Сідар — гоп!», гэтае «гоп» падхапілі мы, падшыванцы, і так яно прыліпла назаўсёды.
Сідару вельмі ж хацелася ў войска, а яго ўсё бракавалі. Пазней я даведаўся, што па Версальскім дагаворы Польшча Пілсудскага мела права толькі на трыста шэсцьдзесят тысяч войска, таму і адбіралі «пабаровых» так прыдзірліва. Сідару першы раз далі адтэрміноўку, на другі год таксама, а ўжо на трэці забракавалі зусім. Паміж другім і трэцім годам надзеі з Сідарам здарылася такое, што ён лічыў нядрэнным козырам. На ўзгорку за нашай вёскай паставілі «маяк», трыганаметрычную вышку, якая нам, пастушкам, здавалася проста паднебнай. Аднак знайшоўся чалавек (не з тых, што ставілі «маяк»), які не толькі залез на яго да самага верху, але, ашчарэпіўшы нагамі шпіль, апусціўся ўніз галавою. Гэта быў Штокала, вядомы местачковы жулік. Другі да шпіля далез Сідар-гоп. Зачапіцца нагамі і павіснуць уніз галавою ён не асмеліўся, рэкорд свой адзначыў тым, што скінуў адтуль галёш. Была ўжо восень, гразь, і галёш, прасвістаўшы снарадам, урэзаўся ў раллю. А вясною, «на здачы», Сідар-гоп казырнуў маяком: «У мяне вельмі моцная галава, вазьміце ў лётчыкі!..» Не памагло. Выхад сваёй няўрымслівасці ён знайшоў у іншым… Зноў тлумачэнне патрэбна — не была б гэта гістарычная тэма!..