Хто яго ведае, чаго больш было ў тоне яго слоў – гаспадарлівай практычнасці ці нейкай затоенай за гэтымі словамі думкі.
Ацвярдзелым позіркам ён шпарка кінуў на ўсе бакі. Усе маўчалі і чакалі. Трэба думаць, што ён рабіў на ўсіх нейкае адно ўражанне, і ён сам мусіць разумеў гэта. Гаварыў ён па-расейску. Спрактыкаванае вуха магло б злавіць у яго ледзь заўважны нямецкі акцэнт. Такі слабы, што яго можна было і на ўвагу не браць. І мова яго пайшла б за чыстую расейскую, не жывую, а літаратурную. Бадай што адразу за першай фразай ён кінуў і другую:
– Мяса будзем пячы на агні… Я ўміраю з голаду.
– І я ўміраю з голаду, – з нотамі радаснай надзеі абазваўся малады ў летнім пінжаку. Ён калаціўся з холаду.
– Памру, – прастагнаў самы старэйшы, у якога на твары была пячаць абыякавасці. – Я дзіўлюся сам, як я яшчэ жыву.
І ці то гэта ён меў на ўвазе толькі свой голад, ці яшчэ і іншыя прычыны, хто яго ведае. У яго такі жудасны быў нямецкі акцэнт і вымова, што ён як быццам бы хваліўся: «Я немец». Проста-такі ён і зусім не ўмеў гаварыць па-расейску і толькі трапляў абы-як, цераз дзесятае ў пятае. Хоць паасобныя словы ён выгаварваў добра.
– Я чацвёртыя суткі не ем, – ціха, як бы сам сабе, прагаварыў самы маладзейшы ў зношаным чырвонаармейскім адзенні.
І ён зрабіў нейкі раптоўны рух. Было падобна, што ён хацеў штосьці дастаць з-пад свае гімнасцёркі. І ён калаціўся з холаду. Рух яго застыў на месцы, ён быццам адумаўся, што схаванае ў адзежы няхай там і будзе. Шпарка спусціў ён руку ўніз і правёў вачыма па ўсіх.
Як быццам бы ўсе яны разумелі адзін аднаго як не трэба лепш. Згода была паміж імі і яднанне. На іх насядаў голад. Ратунак! Вось гэта было іх сяброўствам. Тоўсты ў кажуху па-гаспадарску агледзеў быка і падышоў да яго. Малады ў летнім пінжаку нарыхтаваў свой фінскі нож. Самы маладзейшы дастаў з-пад гімнасцёркі кінжальчык з медным тронкам і ў раменным чахле. Ён стаяў бліжэй за ўсіх да быка. Тоўсты працягнуў руку, каб узяць гэты кінжальчык. Вельмі можа быць, а напэўна так і было, што ён сам хацеў гэтым кінжальчыкам закалоць быка. Малады чалавек з недавер'ем адмахнуў руку назад і адступіў на крок. І гэта было як бы сігналам да таго, каб усім ім нават і перад тварам адзінага свайго ратунку зачыніць наглуха адзін перад адным свае душы. Усе стаялі ў маўклівай нерухомасці. Раптам малады ў летнім пінжаку не вытрымаў.
– Ага! – крыкнуў ён, і вочы яго пачырванелі, і твар уздрыгануўся. Ён кінуўся да быка і хапіў яго аберуч за рогі.
– Завярні яму галаву набок! – крыкнуў тоўсты і памог яму. Бык апошні раз зарыкаў. Ён такі дачакаўся свайго ратунку. У кожным разе яго хоць могуць ужо адарваць ад калючай папруціны. Бык стаяў з паднятай угару мысай, падвернутай набок і нацягненай шыяй. Тоўсты ўзяў з рук маладога ў пінжаку фінскі нож і шпарка ўмеркаваў нож у тое месца на бычынай шыі, па якім трэба было даць. Самы старэйшы і самы маладзейшы апынуліся тут жа.
– Трымайце быка за пярэднія ногі! Звяжыце іх цесна! – гукнуў тоўсты. – Хутчэй!
Здавалася, што самы старэйшы ў момант скінуў з сябе холад абыякавасці. Дзіўна было бачыць, як ён раптам устрапянуўся і сарваў з сябе вяроўку, якой былі падвязаны яго штаны. Шпарка працягнуў ён вяроўку маладому ў чырвонаармейскім адзенні. Той хапіў вяроўку і кінуўся з ею да бычыных ног. На паўсекунды раней, чым ён гэта зрабіў, бык раптам ірвануўся з усіх сваіх сіл, на ўсе жылы скочыў угару, чмыхнуў і збіў з ног усіх, хто толькі быў перад ім. Толькі куст шыпшыны хістануўся ў самую зямлю. Бык адарваўся ад яго і рынуўся ў бягу. На шыпшынніку астаўся ўвесь як ёсць пук валасоў з яго хваста. Адразу ж усе ўчатырох апамятаваліся, ці можа, праўдзівей сказаць, дарэшты страцілі развагу. Разам усе кінуліся наўздагон за быком, які ўжо чмыхаў і тросся за кустамі ў полі. Грудаватая мерзлата стрымлівала яго бягу. Ён стаў і зарыкаў, і ўсе паддалі ходу. Ён пабег, аслабелы і спуджаны. Бяга яго была роўная, ён бег куды беглася. Чуючы, што за ім гоняцца, ён паддаваў ходу. Але не толькі ён, а і яны таміліся, і іх агульны рух павальнеў, але не спыняўся.
– Ахапіць яго з флангаў! – закрычаў тоўсты.
Бяга ішла доўга. Пакуль беглі, дзень яшчэ паяснеў і схіліўся блізка да заходу сонца. Беглі роўна, усё ў адзін кірунак. Мерзлае поле не мела на сабе ніякіх сцежак ні дарог. Яны прабеглі некалькі разоў паўз дробныя ляскі, міналі лагчыны і ўзгоркі. Нарэшце ўсе ўзрадаваліся: бык пайшоў ціха. І ўсе пайшлі так, дыхнуўшы на поўныя грудзі. Якое ім было шчасце не бегчы больш! Ногі ў іх чапляліся адна за адну. Яны хісталіся ў бакі.
Той, што ў лёгкім пінжаку, раптам падняў у сябе з-пад ног нейкі высахлы корань і стаў жаваць яго. Самы старэйшы рвануў з прымерзлай зямлі кусцік счарнелай травы і сціснуў яе зубамі.
– Кончуся зараз, – сказаў тоўсты.
– Што вы жуеце? – прахапіўся нейк раптам самы маладзейшы, дапытліва сочачы за тымі двума. Ён не бачыў, як адзін ірваў траву, а другі паднімаў з-пад ног корань.
Бык стаў. Сталі і яны. Бык спусціў мысу ў зямлю, як бы нюхаючы ў сябе каля капытоў. Усе ўчатырох селі на зямлю.
– Цяпер мы яго дагналі б, – сказаў маладзейшы. – Ой, як холадна. У мяне шыя спацела… Памру з голаду.
– Я ледзьве жыву, – абазваўся той, што ў летнім пінжаку.
– Бык лёг! – жвава сказаў самы старэйшы.
Дзіўна было: як адразу апанавала яго такое ўзбуджанне.
Бык сапраўды ляжаў.
– На быка! – гукнуў адразу тоўсты ў кажуху. Усе ўчатырох усхапіліся і пабеглі. Бык устаў і пабег. Учатырох зноў гналіся за ім, выбіваючыся з сіл. Скрозь мерзлае поле, і паабапал зноў дробныя ляскі. Перад імі зачарнелася пажарышча. Абкуродымленыя печышчы тырчэлі з халодных асмалкаў. Больш як на кіламетр цягнуўся гэты малюнак. Далей бык абмінуў пагнутую і збітую з лафета гармату на краі ямы. І зноў пайшло поле. Сонца ляжала на ім чырвоным бляскам. Дзень канчаўся. Беглі яшчэ, пакуль не зачарнелася перад імі нейкае як бы чалавечае жытло. Тырчэў журавель ад студні, і добра відна была доўгая і нізкая хата на тры вокны ў падоўжнай сцяне. Крытая гонтай і абгароджаная жэрдзяным плотам хата здавалася сумнаму воку беспрытульнага чалавека дасягнутым шчасцем. І гэта тым больш таму, што гэтыя ўчатырох, пакуль гналіся за рыжым быком, шмат мінулі ў чыстым полі вялікіх і малых пажарышчаў, дзе асмалкі тырчэлі з попелу і попел быў як вечны колер сатлелага жыцця. Гэтае чалавечае жытло з'явілася перад імі ў пустэчы, як вялікі дар ласкавага лёсу. Сонца было ўжо над самым заходам, і чырвоныя водблескі яго люстраваліся ў шыбах гэтай хаты. Непадалёку ад агароджы расло некалькі хвояў, выносістых і азалочаных сонцам. За імі быў невялікі лес. На фоне яловай зеляніны вельмі выразна рысавалася запозненая жаўцізна нейкага дрэва. Была ў агароджы і брама з нізкіх шчыкетаў стаяком. Брама была адчынена. На адной шчыкеціне ў ёй вісела звязаная з сіняй шэрсці жаночая кофтачка. Усе заўважылі яе, як толькі ўбеглі ў браму. Рыжы бык адно мільгануўся сваім колерам паўз вокны ў двары, дапаў да сцяны рагамі ў яе і так застыў на месцы. Тоўсты ў кажуху падняў нож, а самы маладзейшы сказаў:
– А можа тут жыве гаспадар яго? – І пайшоў у сенцы, а ўсе за ім. Тоўсты зачыніў толькі браму і азірнуўся на быка, які нават і не паварушыўся. Дзверы не былі замкнёны. Клямка паднялася, і ўчатырох увайшлі ў сенцы. Яны былі вельмі прасторныя пры такой хаце і без столі. Адразу быў дах. Праз вакенца, выразанае ў адным бервяне, падаў сноп сонечнага прамення. Святло лілося яшчэ і з дзірак па застрэшшу. Гэта было апошняе святло дня перад яго адыходам у вечнасць.
У сенцах быў чалавек, заняты нейкай пільнай работай. Вельмі можа быць, што ён крыху, а можа і як мае быць прыпалохаўся ад нечаканага з'яўлення гэтых чатырох і схаваўся за пільнасць работы. Пад нагамі ў яго было пілавінне. Ён збіваў з дошак труну, памерам не на дарослага чалавека. Малатком ён заганяў у дошкі старыя адагнутыя цвікі, спадылба пазіраючы на, здаецца, нежаданых гасцей. Яны маўчалі. Маўчаў і ён. Можа тое, што ён збіваў труну, стрымлівала ўсіх ад гаворкі. Нават «добры вечар» ніхто не сказаў.
Ён быў драбнатвары, чарнявы, увішны ў рабоце і жвавы рухам вачэй. Некалькі дзён да гэтага выгалены твар. Валасы на галаве нізка падстрыжаны. На выгляд год яму было трыццаць. Адзеты ён быў так, як тут, у гэтых месцах, ужо гэтымі часамі не адзяваліся, і гэта адразу заўважыў самы маладзейшы з чатырох, той, што быў у зношанай чырвонаармейскай адзежы. Чалавек, які рабіў у сенцах труну, быў у шарачковых нагавіцах, зрэбнай кашулі пад кароткай ватоўкай з афарбаванага ў руды колер палатна і ў падшытых скуратом лапцях.
– Добры вечар, – адумаўшыся, сказаў маладзейшы з чатырох.
Той моўчкі скланіўся і зноў пачаў заганяць цвікі ў дошку.
– Вы гаспадар? – сказаў маладзейшы.
– Я гаспадар і там гаспадар, – паказаў ён рукой на дзверы ў хату. Слова «гаспадар» ён выгаварыў нейк так: «гспдр».
– Рыжы бык у вас ёсць? – запытаў маладзейшы.
Той або не пачуў, або не разабраў ці не разумеў. Ён маўчаў. Маладзейшы стукнуў у хатнія дзверы, і адтуль адразу ж выйшаў чалавек сярэдняга веку, у ботах, чорным пінжаку і адкінутымі назад валасамі.
– Вы гаспадар?
– Я тут жыву.
– Рыжы бык у вас ёсць?
– Ніякага быка тут няма. У мяне няма.
У той жа момант усе шпарка выскачылі на двор і абступілі быка. Тоўсты злаўчыўся і даў вялікаю фінкаю быку ў горла. Бык упаў на сагнутыя ў каленях пярэднія ногі, і кроў хлынула з яго на мерзлую зямлю. Кроў пахла мокрым сіверам. Чалавек з адкінутымі назад валасамі выйшаў на двор і разам з усімі бачыў, як кончыўся бык. Малады ў летнім пінжаку сказаў адразу:
– Каб хоць раз укусіць чаго.
– Адзін раз можна, а два не хопіць. Чаго ж вам прасіць есці, калі ў вас гэтулькі мяса. Бярыце чыгуны і варыце.
Падазрона ён акінуў вачыма невядомых прышэльцаў.
Адзежа яго была добрая, калісьці франтаватая, цяпер змятая і дзе-нідзе заплямленая. Востры неспакой жыў у яго вачах і на твары.
– Прыгатуй чыгуны, – сказаў тоўсты.
– Чыгуны гатовы. Стаяць у хаце. Толькі ўзяць.
У яго яшчэ была і прыкрасць, што гэтыя невядомцы тут з'явіліся. Ні словам, ні намёкам ён не пацікавіўся, хто яны. Што ж! Брыдкі час, не варты чалавека. Чалавек не верыць сабе падобнаму. Відаць было, што гэты, з адкінутымі валасамі, баяўся чапаць яму невядомых. Ціхом ён пайшоў у хату. Тым часам тоўсты ў кажуху вельмі спрытна ўвіхаўся. Ён ужо дзёр з быка скуру. Ён так увайшоў у гэты занятак, што, здаецца, забыўся на ўсё іншае. Апошняе сонечнае праменне знікла з двара. Сонца зайшло. Папаўзло змярканне. Абыякавы стары паклыбаў да ганка. За ім і два, апроч тоўстага.
– Памагайце, – сказаў ён, і ўсе вярнуліся.
Быка абдзерлі нешта вельмі хутка, яшчэ завідна.
– Трэба ж чыгуны ўзяць, – сказаў старэйшы.
– Па чыгуны пойдзем разам, – абазваўся той, што мёрз у летнім пінжаку. І гэта было вострае выяўленне таго, што чалавек не верыць нікому з людзей. Не трэба спускаць другога з вока. Тоўсты ўскінуў наапашкі кажух, які ляжаў пры сцяне на зямлі, і ўсе пайшлі ў хату. Першы ішоў старэйшы. Ён пачынаў рабіцца вельмі дзейны. У сенцах той ужо канчаў труну. Яму свяціла самаробная свяцільня: у чарапку плаваў у чымсьці чорным і гарэў кнот. Усе, і трунны майстар следам, увайшлі ў хату.
Перш за ўсё было штосьці падобнае да кухні ў сялянскім дамку. Цеснаваты пакой з гліняным токам замест падлогі, пабеленыя сцены, варыстая печ і свечка на лаве. Яна і асвятляла ўсё. Але самае першае, што кінулася ў вочы ўсім чатыром, гэта вось што было. На засланым белым прасцірадлам тапчане ляжала мёртвая дзяўчына. Гэта быў яшчэ падростак. Сіняя паркалёвая спадніца абгортвала яе ногі. Роўна ляжалі ступені яе ног у толькі што пашытых (швы з белых нітак былі свежыя) пантопліках з чорнага корту. Твар васковага колеру, худзенькі і дробны, лобік высокі. Завостраны нос і такія ж плечы ў рудой кофтачцы, вельмі падобнай (каб толькі не колер іншы!) на тую, што вісела на двары. Самаробная, звязаная з нітак. Спушчаныя шчыльна вейкі цёмнага колеру, і было ўражанне, што з-пад іх глядзяць і сочаць за ўсім вочы. Зусім яшчэ дзіця была гэтая нябожчыца. Год пятнаццаці ці чатырнаццаці дзяўчына сядзела каля гэтай нябожчыцы ў галавах і глядзела на чатырох, што ўвайшлі ў хату. Позірк яе быў спакойны і ўраўнаважаны, ён як бы гаварыў: няхай вас увойдзе сюды хоць сто чатыры, нічога на свеце ад гэтага не зменіцца. Валасы на яе галаве былі густыя і цемнаватыя, лоб высокі, выпраўка бадзёрая, і ў вачах веданне нейкага вялікага сэнсу. І гэтая была ў сіняй паркалёвай спадніцы і ў самаробным кафтаніку з ваўняных нітак, толькі ўжо вішнёвага колеру. Твар у гэтай быў як вытачаны, з пэўнымі цвёрдымі рысамі, і ў сціснутых губах вызначалася адлюстраванне таго, што хутка ўжо тут усталюецца натура. Адна рыса ішла цераз увесь твар і перакрывала сабою ўсё: як бы ўсё гэтай дзяўчынцы здавалася звыклым і нічога дзіўнага нідзе. На свеце няма з чаго дзівіцца, бо ўсё такое, якое яно ёсць.
З другога канца тапчана стаяў на каленях на зямлі той, з адкінутымі назад валасамі, і, схіліўшы галаву, трымаў лоб на канцы тапчана, каля ног мёртвай дзяўчынкі. Тое, што ўвайшлі ў хату і стукалі нагамі, не падняло яго з калень. Ён і не зварухнуўся. Не зварухнулася і дзяўчынка, што сядзела ў галавах нябожчыцы. Той, што рабіў у сенцах труну, на пальчыках падышоў да ўкленчанага чалавека і далікатна паклаў яму руку на галаву. Ён як бы гладзіў яго па галаве. Ціха ён сказаў:
– Труна гатова.
Чалавек падняўся з калень і ўтрапёным позіркам азірнуўся. Невядомыя прышэльцы стаялі ля парога і маўчалі. Тоўсты, у кажуху, першы абазваўся:
– Мы прыйшлі па чыгуны.
Чалавек перасмыкнуў сціснутымі губамі і сказаў да дзяўчыны:
– Ганна, дай людзям чыгуны.
Пакуль Ганна даставала з-пад печы два вялікія чыгуны, ён паглядзеў у твар кожнаму і роўным тонам сказаў да ўсіх:
– Калі вы, або каторы з вас напроці ночы не пойдзе ў дарогу або яшчэ і заўтра будзе тут адпачываць ці як там яму выйдзе, то можа хто з вас, браткі, памог бы мне пахаваць яе. Выкапаць яму трэба, занесці і зрабіць што трэба.
– Вы ж тут удвух, – абазваўся тоўсты.
Як толькі ён так сказаў, той, што рабіў труну, зірнуў на яго з маўклівым дакорам, і ён, з выглядам абвінавачанага, спусціў доле вочы. Вельмі ж відно было ў гэты момант, якая гэта добрая, мяккая, лагодная натура. Выгляд у яго стаў адразу такі, што яму ўжо як бы і не патрэбна стала чужая дапамога. Ён маўчаў і беспарадна як бы чагосьці шукаў вачыма ў пустых кутох.
Тады абазваўся ў чырвонаармейскай зношанай адзежы. Ён сказаў:
– Я памагу, толькі раней каб мяса прычакаць і хоць колькі разоў укусіць. Я не вытрымаю з голаду. Мае зубы могуць цяпер раструшчыць камень.
Ледзьве ён паспеў сказаць палову гэтай фразы, як шпарка выткнуўся паперад той самы старэйшы, у якога халодная абыякавасць і безнадзейнасць, здавалася, навекі асталяваліся на твары. Ён паволі перасмыкнуў губамі і нейкай адной рысай у сябе паміж вачэй і з жудасным акцэнтам сказаў шпарка, быццам баючыся, што яго не захочуць слухаць:
– Я пайду памагаць.
І ў той жа момант плечы яго страсянуліся, і ён хапіўся за твар рукамі. Ён плакаў. Што такое здарылася? Адкуль гэта ў такі час, калі спарахнелыя ў зямлі лаціняне ніколі яшчэ не мелі такога бліскучага апраўдання сваёй прымаўцы: «чалавек чалавеку воўк». І ніхто гэтаму не здзівіўся і як бы не заўважыў нават гэтага здарэння. Толькі таўсматы нездаволена зірнуў на слабавольнага плаксуна, і нават як бы пагрозай зварухнуліся яго вочы.
Конец ознакомительного фрагмента.