Маё дзела цялячае - Кузьма Чорный 2 стр.


Нек зразу, неўзаметку, Тодар пераходзiць на палiтыку. Тады каля яго пачынае збiрацца вялiкi гурт. Тодар гаворыць спакойна - расказвае, але неўзабаве падыходзiць другi, не менш заядлы "палiтык", Хама Скрут, i пачынаецца гарачая спрэчка: Хама лiчыць сябе лепшым палiтыкам i стараецца "падсячы" Тодара.

- Вы думаеце, браткi, гэтак i будзе, - моцна i адрывiста гаворыць Тодар, - вось пагледзiцё, як вясною заварушацца. Будзе вайна. Вось пабачыце. Усё роўна спакою i парадку не будзе.

- Гэта ў цябе ў галаве няма спакою i парадку, - перабiвае яго Хама, чудзiла ты. Падумай сам, якая тут можа быць вайна: Францыя i Англiя думаюць сабе - ат, як спакойна, то i добра. Сядзем сабе цiха, бо як заварушымся, дык як паднiмуцца!.. Ты думаеш, не паднiмуцца?..

- Хто гэта? - пытае Тодар.

- А камунiсты тамашнiя; ты думаеш, там мала камунiстаў?

Тодар гладзiць пальцам па лбу i думае, што б тут сказаць.

- Дык вось, - кажа ён, пачакаўшы, - калi так многа камунiстых, дык тыя яшчэ скарэй заварушацца, каб змясiць iх.

- Ну, - сярдзiта цягне Хама, - недаждалi яны яшчэ iх змясiць.

- А ты думаеш, я вельмi чакаю, каб яны iх змясiлi, - апраўдваецца Тодар, - я зусiм гэтага не хачу... Я толькi кажу, што як нi круцi - вясною ўсё роўна нешта будзе.

- Што?

- Што-небудзь!

- Ат, ты ўсё роўна нiбы там быў i ўсё бачыў. Францыя i Англiя не такiя дурнi, як табе здаецца. Чаго яны маюць лезцi на ражон?

Тодар пачынае ўжо путацца, ён нiяк не можа зразумець, цi ёсць якая-небудзь карысць "варушыцца" Францыi i Англii, цi не. Думкi яго блытаюцца, i ён пытае:

- На якi ражон?

- Вось галава! - крычыць са смехам Хама. - Гэта так гаворыцца...

- А! - адказвае, зразумеўшы, Тодар. - Гэта значыцца...

- Гэта значыцца, - крычыць Хама, - што i ў iх там ёсць голавы. Думаеш, ты разумнейшы за Францыю i Англiю?!.

- Не дуры маёй галавы, - махае рукою Тодар, зусiм ужо збiты з панталыку, i хутчэй адыходзiцца ў другую старану. Але "палiтыка" не сцiхае, бо на яго месца становiцца трэцi "палiтык" - Антонi Вельскi. Сваiм салодзенькiм, высокiм галаском ён цягне:

- Не можа быць, каб "протчыя дзяржавы" не ўступiлiся. Вунь Мордух крывы ўчора прыехаў з Вызны, дык гаварыў, што там чутно...

- А ў Бiблii, дзядзька, пра гэта нiчога не чутно? - нi з сяго нi з таго пытае Сучок.

"Палiтыка" канчаецца несцiхаемым рогатам.

II

Вясковых прыйшло на сход усяго чалавек дваццаць, а з хутароў i дробных фальваркаў, якiя былi вакол вёскi, сабралася людзей у два разы больш.

Адчынiў сход член валiспалкома, ён жа i член валасной камячэйкi Мiкалай Козiч, малады чалавек, гадоў пад дваццаць два, з шырокiм i белым брытым тварам.

На кожным кроку свайго жыцця ён стараўся як-небудзь выдзелiцца з масы другiх людзей, хоць, к вялiкаму свайму гору, у глыбiнi сваiх думак i не мог лiчыць сябе лепшым, разумнейшым за другiх.

Гэта прымусiла яго ў свой час пайсцi ў партыю; цяпер ён быў загадчыкам валаснога аддзела асветы.

Ён насiў доўгiя валасы, нiжэй вушэй, бо лiчыў гэта прыкметай чалавека, не падобнага да ўсiх, чалавека, якi жыве "духоўнаю працаю", як сам ён гаварыў.

Пад пахаю яго вечна быў партфель. Валасны аддзел асветы не мог напоўнiць яго дзелавымi паперамi, i загэтым ён клаў у яго старыя газеты, розныя непатрэбныя кнiгi i iнш., усё дзеля таго, каб партфель быў поўны, цяжкi i тоўсты на выгляд.

На сходах шкрабаў воласцi Козiч любiў граць ролю начальнiка, гаварыў кароценькiя прамовы, нават часам важна кратаў i гладзiў свой шчуплы жывот.

Насiў ён чорнае палiто з поясам.

Адчынiўшы сход, ён стаў гаварыць прамову.

Не думаючы аб тым, што яго слухаюць людзi ў аблезлых кажушках, рваных халатах, падчас босыя цi ў лапцях, ён, як гарохам, стараўся сыпаць труднымi, нiкому, нават яму самому, не зразумелымi славечкамi... Яму гэта было вельмi трудна, бо вялiкага запасу такiх слоў не было, i яму прыходзiлася часта самому прыдумаць iх.

Мiж iншым ён сказаў: "У сельсавеце павiнен дамiнiраваць пралетарскi элемент". Гэта яму вельмi спадабалася, i ён захацеў яшчэ колькi разоў паўтарыць гэта, але, як на тую бяду, забыўся, як гэтае сказанае iм слова выгаварваецца. Сказаць жа гэта проста, звычайнымi словамi, ён не хацеў, каб не паказацца простым чалавекам, i, ужо не думаючы, ён паўтарыў: "У сельсавеце павiнен дамонаваць пралетарскi элемент". А потым яшчэ раз уздумаў паўтарыць i сказаць яшчэ лепш: "дамiнаць".

- Слухай, - запытаў Тодар у Хамы, - што гэта ён кажа, якi гэта элемент павiнен замiнаць у сельсавеце?

- А цi я ведаю! - цiха адказаў Хама.

- А пра што гэта ён гаворыць? - у сваю чаргу запытаў Тодара Фабiян Свiнкоўскi.

- А чорт яго ведае.

- Ну, а ты ж слухаеш!

- А ты не слухаеш?

- Я нiчога не разбяру.

- А думаеш, я лепшы разбiрайла?

- А цi не ўсё роўна вам, - абазваўся Хама, - мы чаго прыйшлi?! Сельсавет выбiраць! Ну, дык вось i чакай, пакуль кончаць, усё роўна без гэтае казкi не абыдзецца, як нi круцi. Сядзi вось сабе цiха, калi мухi не кусаюць. А потым, як кончыць сваю гэтую "казань", дык выберам сельсавет i пойдзем дамоў.

- Праўду ка'аш, - згадзiўся Грыгор Шамяцiла i стаў пыхкаць люлькаю.

А тым часам Козiч гаварыў. Ён падымаў рукi ўгару, запускаў пальцы ў валасы i праводзiў iмi ада лба к самаму карку, прыдумоўваў, як бы харашэй злажыць рукi перад носам, калi блiснуць вачыма.

Канчаючы прамову, ён падняў палец угару i ўгледзеў, што кiпець на iм нейкi зрабiўся нягладкi i цёмны. I тут жа ўспомнiў, што ў хутаранскае вучыцелькi-пападзянкi ногцi заўсёды нейкiя блiшчастыя i падрэзаны востранька.

"Трэба будзе заўтра i мне свае так падрэзаць, - падумаў ён. - Але чым яна iх так шлiфуе?.."

Думаючы гэта, ён пакiнуў гаварыць i з хвiлiну памаўчаў. А кончыўшы i сеўшы, ён доўга яшчэ думаў, як, будучы на яго месцы, лепш падрэзваць ногцi востра цi кругла.

А потым ужо, у канцы сходу, у яго блiснула думка: "Трэба будзе другi раз у такiх выпадках паглядзецца ў люстэрка - як выглядае пасля прамовы мой твар".

После Козiча стаў гаварыць другi член валасной камячэйкi - Кастусь Курганец.

Адзеты ён быў у блiшчасты, новы скураны фрэнч, сядзеў у касматай, з вушамi, шапцы. Сказаў ён кароценькую прамову, у якой паўтарыў усё тое, што сказаў Козiч. У канцы свае прамовы ён нарысаваў схему органаў улады, ад сельсавета да ЦВК.

Гаварыў ён проста, звычайным языком, так, як гаварыў заўсёды дома.

Усе з цiкавасцю слухалi, а iншыя, каб лепш пачуць, падышлi блiжэй к сталу. Скончыў ён так:

- Старайцеся выбiраць людзей савецкiх, бедных, якiя б маглi працаваць на агульную карысць. Выбiрайце людзей разумных.

- Але, - сказаў сабе пад нос Юлiк Карнавух, - выбераш тут савецкiх людзей, калi iх тут ёсць не больш як чалавек пятнаццаць. Найдзi папрабуй сярод хутаранскiх "ягомасцяў" хоць аднаго савецкага?! А нашы дурнi сядзяць сабе дома чакаюць, "як будуць людзi iсцi"...

- Называйце, таварышы, кандыдатаў! - сказаў Кастусь Курганец.

Не паспеў ён яшчэ змоўкнуць, як пачалi ўжо "выстаўляць" кандыдатаў:

- Гаронiм Цурубалка! - крычалi з аднаго боку.

- Данiель Кiралейза! - чулася адтуль жа.

- Тодар Грыб, - крычалi з другога боку.

- Мацвей Сцепанец!

- Янка Галубовiч!

- Няма iх на сходзе!

- Хвёдар Казёл!

- Няма на сходзе!

- Хама Скрут!

- Сучок!

- Фабiян Свiнкоўскi!

- Цiха, таварышы, не ўсе разам. Не гаварыце гуртам.

- Цурубалка, Кiралейза! - закрычалi зноў хутаранцы. - Свiнкоўскi, Мiхал Папсуй!

Курганец падняўся, падняў руку, каб зрабiць цiха, i сказаў:

- Усякi, хто назваў свайго кандыдата, павiнен сказаць аб iм некалькi слоў, чаму ён яго назваў, хто ён такi ёсць.

I вось пачалi гаварыць.

Кiралейзу "выставiў" Цурубалка, Цурубалку - Кiралейза. I абодва яны аказалiся людзьмi "разумнымi, сталымi, добрымi гаспадарамi, людзьмi, якiя нiколi нi з кiм не сварацца".

Пра Фабiяна Свiнкоўскага сказаў адзiн шляхцiц-хутаранец, што ён чалавек "богабаязны i справядлiвы".

Хама Скрут аказаўся чалавекам "добра граматным", а Тодар Грыб "добрым палiтыкам", i абодва яны - самымi бяднейшымi людзьмi ў вёсцы.

Як толькi Фабiян Свiнкоўскi назваў вясковага Мiхала Папсуя "чалавекам патрэбным у сельсавеце", падняўся маўчлiвы дагэтуль вясковы Марцiн Макарэня.

Ступаючы цiха лапцямi па падлозе, ён падышоў к сталу i сказаў:

- Я не буду баяцца Мiхала Папсуя i скажу, што ён чалавек багацейшы за ўсю вёску. Нашто ён у сельсавеце! Ды ён i не "савецкi".

- Няпраўда, - закрычалi з боку хутаранцаў.

- Пачакайце, я не кончыў, - гаварыў далей Макарэня, - замест яго я раю з хутароў Курловiча Яна. Гэта чалавек наш: ён быў у партызанах.

Курловiча запiсалi ў спiс кандыдатаў i сталi галасаваць.

Хутаранцы трымалiся дружна, паднiмалi рукi ўсе за сваiх. Разам трымалiся i вясковыя, але iх было менш. Дзякуючы гэтаму ў склад сельсавета ўвайшлi: Цурубалка, Кiралейза, Свiнкоўскi i вясковы Мiхал Папсуй.

Па большасцi галасоў "правалiўся" Курловiч. Потым, у самым канцы, аб iм доўга гаварылi; успамiналi, як быў у партызанах, як адвёў польскую роту ад вёскi к лесу, дзе на яе напалi чырвонаармейцы, памiналi яго беднасць i ахвоту працаваць i сяк-так увялi яго ў кандыдаты на члена сельсавета, хоць процi гэтага i гаварылi многiя хутаранцы.

А як iшлi са сходу, гаварылi вясковыя аб тым, што Кiралейза i Цурубалка некалi прыслужвалi паляцкiм жандарам, Фабiян Свiнкоўскi хацеў iсцi ў партызаны процiў бальшавiкоў. А вясковы Мiхал Папсуй, чалавек ужо стараваты, быў вялiкi багатыр i трымаў некалi багатую краму ў мястэчку. Але пра яго толькi думалi, бо сам ён iшоў тут жа, важна ступаючы i пагладжваючы сваю невялiчкую чорную бародку.

Чуючы гоман, праз светлыя акенцы хатаў выглядалi на вулiцу людзi, стараючыся пазнаць, куды гэта iдуць - на сход цi са сходу.

III

Адзiн раз ноччу замерзла зямля, а назаўтра выпаў глыбокi снег. Яшчэ ранiцою ён ляжаў тоўстаю, белаю пярынаю, а к вечару яго прымялi санямi. Вёска стала зграбнай i чыстай. I стала неяк весялей i шумней у ёй.

Цэлымi днямi чуўся з цёмных гумен дробны стук цапоў, часам чутно было, як звiнiць пiла, гамоняць i смяюцца людзi. Па вулiцы часта цяглiся фурманкi з дзеравам.

А прыцемкам, як пакiдалi малацiць, к абледзянеўшым калодзезям паволi цягнулiся касматыя конiкi, шумна беглi каровы i схадзiлiся з вёдрамi людзi.

I, напаiўшы быдла, доўга яшчэ стаялi i ў розных гутарках праводзiлi на вулiцы сваю "шэрую гадзiну". Потым падыходзiлi яшчэ больш i, як саўсiм цямнела, усяёй грамадой валiлi куды-небудзь у хату.

Часцей за ўсё збiралiся ў Тодара Грыба.

Прыходзiў сюды Мацвей Сцепанец, чалавек малога росту з жоўтым худым тварам. Гаварыў ён скрыпучым голасам i меў вялiкую здольнасць бачыць ва ўсiм бяду.

З'яўляўся высокi, малады яшчэ, Янка Галубовiч; таксама малады i заўсёды вясёлы Хвёдар Казёл. А пазней за ўсiх прыходзiў стары Тарас Смольскi. Збiралася чалавек дваццаць, i кожны раз сядзелi за поўнач.

Адзiн раз было вось што.

Як ужо ўсе былi ў зборы, заскрыпеў дзвярыма Мацвей Сцепанец i, не пераступiўшы яшчэ нават парога, загаварыў з нейкаю калючаю ўсмешкаю ў голасе:

- Гы!.. Далi свабоду; свабода, нечага сказаць! Каб майму ворагу гэтакая свабода.

- Чаму, што? - запыталiся ўсе разам.

- Што?! - заскрыпеў Мацвей. - Даўней пры Мiкалаю старшынёю альбо старастаю хто быў?!. Самы першы багатыр! К яму i даступу не было. А цяпер што?! Тая самая трасца! Хто цяпер у нас у сельсавеце?! Кiралейза з Цурубалкам - самыя "дзедзiчы". Чорт к яму цяпер прыступiцца. Сёння я быў у iх на хутарох, каб дроў як трохi прыдабыць, бо яны размяркоўваюць на сваё вобчаства шэсць кубаў дроў, якiя адпусцiла ляснiцтва цераз iспалком, - а дровы яны ўжо размеркавалi мiж сваiмi шваграмi ды кумамi. А Свiнкоўскi, якi быў там, дык проста сказаў, што багаты больш павiнен даставаць ад "савета", бо ён больш дае прадналогу, чым бедны. Вось табе i тая хвалёная свабода!

- А хто ж вiнават? - запытаўся Юлiк Карнавух.

- Пэўна, што не я, - адказаў Мацвей.

- На нашых людзей яшчэ патрэбен бiзун, - умяшаўся Тарас Смольскi. - Я чуў, што як "iх" выбiралi, дык на сходзе нашых нiкога не было. Усякi ўсё, сукiн сын, хоча, каб нехта за яго. А пэўна, каб нашы ўсе былi, то выбралi б каго-небудзь лепшага.

- I ты ж не быў! - гукнуў нехта з кутка.

- Як бы за мною астаноўка, - засердзiўся Тарас. - Гаворыш чорт ведае што. Што я там адзiн памог бы каму? Ды мне i часу не было - я парсюку катух гарадзiў.

- А мне тады нездаровiлася, - абазваўся Мацвей. - I калi я не быў, дык i ўсiм не трэба iсцi?!

- Годзе пералiваць з пустога ў парожняе, - сказаў Юлiк Карнавух. - Усе вы роўныя чэрцi. Слухайце: чуў я, што ў многiх хутаранцаў паўменшвалася ў спiсах жывёлы - каб зменшыць падатак. А з дрывамi гэта праўда? - абярнуўся ён да Мацвея.

Назад Дальше