Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Рублеўская Людміла 7 стр.


У Пранціша аж шчокі запалалі.

– Адкуль ты…

– Ну, не ўсё згарае на попел у нашым каміне… – адвёў вочы доктар. – Паслухай, ты дарэмна так саромешся сваіх паэтычных практыкаванняў, – вельмі сур’ёзна сказаў Лёднік. – Улада над словам мала каму даецца… Тым болей на гэтай зямлі, дзе ліцвінам увесь час спрабуюць навязаць іншую мову і іншую веру. А памятаеш прамову Мялешкі? Альбо дзённік Еўлашоўскага? Дасціпна ж напісана, прыгожа гучыць? Старажытны кітайскі мысляр Канфуцый аднойчы сказаў: калі словы трацяць сэнс – людзі трацяць свабоду. Можа быць, пан Прантасій, гэтая зямля, дзе столькі паданняў, легенд і дзівосных авантураў, чакае, каб загаварыць тваймі вуснамі на той мове, якая ёй Богам дадзеная? Каб зразумела і Паланэя Багінская, і млынароўна Саклета, знаўца зёлак… Варта толькі перастаць пераймаць кагосьці – і пісаць ад сэрца… Падумай…

Вырвіч фыркнуў: бачыў ён прыдворных паэтаў, кшталту пана Матушэвіча, якія спявалі дыфірамбы сваім апекунам альбо сачынялі куртуазныя гісторыйкі для іх пацехі. Вядома, золата ім сыпалі жменямі… Але ж, калі што, як блазнаў, маглі адлупцаваць. А пісаць сур’ёзныя кнігі, кшталту даўжэзнай павучальнай гісторыі пра Трыстрама Шэндзі альбо скандальнай “Новай Элаізы”… Куды там драгуну!

Тут жа ў галаве прамільгнула здрадлівая думка: “А чым кепскі драгун? Вунь Русо лёкаем быў… Магчыма, Пранціш Вырвіч станецца беларускім Мальерам альбо Буало!”.

У галаве адразу закруціліся новыя радкі, як мухі вакол разлітага сочыва…

“У сэрцы трымціць залатая страла неспагады.
Чароўная Дама цябе лекаваць не збярэцца.
Ты мусіш забыцца на ўласныя раны і звады,
Айчыне ў ахвяру прынесці разбітае сэрца”.

А да бліжэйшай карчмы пад красамоўнай назвай “Кілбасы” яны не звярнулі. Хаця Вырвіч ужо без ранейшай агіды ўспамінаў нават застолле ў суддзі Юдыцкага і “вачасты” пачастунак кітайца. Што азначала – даўно варта перакусіць. Хаця б пасёрбаць жур з вяндлінай… Ці хоць локшыны зжаваць…

Пан Зыгмунд Грос дэкляраваў, што заначуюць у вельмі добрых умовах, у маёнтку з гасціннымі гаспадарамі. Цікавіцца іх імёнамі таксама не выпадала – па трыста дукатаў доктару і драгуну заплацілі не за роспыты.

Фурман скіраваў коней на лясную дарогу, яліны пачалі рабіцца ўсё вышэйшымі, падобнымі да цёмных шатроў, з якіх маглі выскачыць антыкаўды з вывернутымі ступакамі альбо высозазныя макробіі. У прыцемку Пранціш разгледзеў, што пасярод дарогі бялеюць дзве постаці, быццам прывідныя вартавыя. Гэта аказаліся мармуровыя скульптуры – адна выяўляла багіню мудрасці Мінерву, пра што сведчыла змрочная лупавокая сава на плячы, другая – багіню-цнатліўку Артэміду, якая сціскала тонкай мармуровай рукой лук. Паміж пагрознымі вартаўніцамі чарнела каваная брама. Нехта дыхтоўна агарадзіў свой маёнтак, чый чарапічны дах віднеўся над дрэвамі. Жалезныя прэнты агароджы ішлі ў лес, як быццам прараслі пасеяныя зубы цмока.

Фурман спыніў коней і некалькі разоў пратрубіў у ражок. Доўга чакаць не давялося – двое слуг падбеглі да брамы і, нават нічога не пытаючыся, расчынілі вароты. Значыць, чакалі…

Калі госці трохі праехалі па прысадзе да двухпавярховага будынка з двума алькежамі і паўкруглай каланадай, Вырвіч азірнуўся. Браму зачынялі, і ад гэтага зрабілася трохі няўтульна, як быццам яны добраахвотна аддаліся ў палон. Пранціш скасавурыўся на Лёдніка: фанабэрысты профіль доктара ў прыцемку мог напалохаць: не варта ноччу з такім панам сустракацца. Нічога, удвох яны нават з Аіду выберуцца!

З карэты данёсся ціхі стогн.

Раздзел трэці. Як Пранціш Вырвіч у сутарэнні Менску спускаўся

Дарога да маёнтка была ўся ўсыпаная сасновымі шышкамі.

Старажытныя грэкі лічылі шышку сімвалам Сусвету.

Такі вось Сусвет, складзены з мноства лушпінак і схаваных паміж імі зярнятак – зародкаў будучых дрэў.

А што дзіўнага? Для кагосьці ўся светаістасць – гэта двор ягонага магната, для кагосьці – утульная канапа… А хтосьці лічыць вянцом усяго поўны куфаль піва, і гатовы жыць у пеннай дабрадатнасці ажно да анёльскіх сурмаў…

Праўда, працягваючы алегорыю з шышкай, надта няпэўны лёс у такога калючага Сусвету – зваліцца з галінкі, і дзе апынецца? Раптам вось так, як гэтая шышка, трапіць у лоб маладому драгуну і пакоціцца пад капыты ягонага каня?

Пранціш ціха вылаяўся і пацёр выцяты лоб рукавом. Маёнтак, дзе яны мусілі заначаваць, падабаўся яму ўсё меней. Калісьці кёльты высаджвалі сосны ўздоўж дарог, каб гэтыя светлыя дрэвы ў цемры пазначалі шлях…

А тут нават сосны здаваліся цёмнымі і змрочнымі.

Не надта здзівіла назва гэтага месца – Чорныя Сосны.

Хаця сам будынак быў светлы, і калоны на паўкруглым ганку спрабавалі гуляць у Калізей, як павятовыя паненкі ў прыдворных дам.

Раптам аднекуль данёсся жаночы крык.

Жанчына еньчыла, то прасіла паратунку, то лаялася…

– Не звяртайце ўвагі, вашыя мосці, – абыякава прамовіў немалады слуга, па выглядзе якога можа было падумаць, што ён ні разу ў жыцці не каштаваў нічога мацней вады і не еў нічога больш тлустага за моркву.

Што ж, у чужы кляштар сваё распяцце не нясуць. Крыкі паўтараліся праз пэўны прамежак часу, быццам іх спараджалі спружыны заведзенага механізму.

Шрэдэра асцярожна вынеслі з карэты, але ў дом ён зайшоў сам, абапіраючыся на спадарожных. Усё рабілася моўчкі, хутка, акуратна…

За сталом, доўгім, як сармацкія хаўтуры, Пранціш нарэшце змог пабачыць гаспадара Чорных Соснаў. Ён нагадваў змрочнага князя Гераніма Радзівіла: гэткае жоўтае, у зморшчынах аблічча, лысая галава, чорныя густыя бровы, злосныя цёмныя вочы… Хіба што пан Лапушынскі не заікаўся, не зрываўся ўвесь час на крык, толькі пагардліва крывіў вусны. Вячэра была поснай, як сіроцкае шчасце, заставалася толькі ўспамінаць, што кухар пры шляхецкім двары мусіў умець прыгатаваць дванаццаць страваў з кілбасы, а пры магнацкім – дваццаць чатыры. Паколькі ніякіх роспытаў за сталом не ўзнікала, дый увогуле гаворка сканала, не нарадзіўшыся, ясна было – пан пасвечаны, хто госці і куды едуць. У адрозненне ад Лёдніка з Пранцішам.

Зноў пачуўся жаночы енк. Лёднік знарочыста гучна кінуў лыжку на стол, а калі на яго скіраваліся вочы прысутных, падкрэслена ветліва звярнуўся да гаспадара:

– Магчыма, вашамосць, у маёнтку патрэбныя мае паслугі як лекара? Здаецца, тут маецца нехта хворы…

Пан Лапушынскі пакрывіў вусны.

– А, васпан пра гэтае выццё? Гэта жонка майго арандатара Майсея. Грошы пазычыў, а не аддае. Плачацца – прыбытку не мае, ніхто ў карчму не ходзіць, мужыкі збяднелі… А жонка ў атласе ды перлінах красуецца! – Лапушынскі злосна фыркнуў. – Вось я і загадаў яе пасадзіць у хлеў у яе перлінах. Няхай сядзіць, пакуль Майсей грошы не верне.

– З гэтым народам толькі так і трэба! – ухвальна азваўся Грос. – Да апошняга будуць скардзіцца, што бедныя, сенніка няма падсцяліць, а пад падлогай золата хаваюць!

Жанчына зноў заблагала.

– І ўсё-ткі, васпан, я б хацеў агледзець гэтую кабету, – цвёрда прамовіў Бутрым. – Не думаю, што пан Лапушынскі зацікаўлены, каб няшчасная памерла ў ягоным хляве.

Грос раздражнёна зірнуў на доктара.

– Знайшлі, каго шкадаваць, ваша вучоная мосць! Яны, гэтыя, жывучыя… Нічога з ёю не станецца.

Лёднік апусціў вочы, і Вырвіч нават ціхенька штурхануў былога слугу пад сталом, бо бачыў, што той угневаны так, што можа сарвацца. Аднак голас доктара гучаў роўна.

– Адзін габрэй, полацкі аптэкар Лейба, дапамог мне знайсці шлях у жыцці, і не чакаў для сябе карысці, калі падтрымліваў і навучаў мяне, малога. Дабрэй і мудрэй чалавека я не ведаў. Нягоднікі і прыстойныя людзі ёсць ва ўсіх народаў, вашамосці. І ўсім аднолькава баліць, і аднолькава не хочацца паміраць. Думаю, панства нічога не згубіць, калі дазволіць мне выканаць прысягу Гіпакрату.

Баўтрамей падняў вочы і сустрэўся позіркам з Якубам Шрэдэрам, які дагэтуль не прамовіў ні слова.

– Няхай ідзе… – ціха прамовіў стары, і Грос з Лапушынскім пакорліва нахілілі галовы. Гаспадар нават падняўся з-за стала:

– Пойдземце, доктар, я вас правяду.

Зняволеная жанчына, аднак, зусім не нагадвала скрадзеную прынцэсу. Яна была тоўстай, як дзяжа, з пукатымі вачыма і губастым ротам, і шарахнулася ад Лёдніка, які памкнуўся агледзець яе, як бы доктар быў нячыстай сілай. Праклёны і прыніжаныя просьбы чаргаваліся ў спадарыні зусім нелагічна. Наколькі можна было зразумець з яе няспыннай гутаркі, у якой перамешваліся словы некалькіх моў, карчмарка прасіла адпусціць яе да дзетачак і ўлюбёнага мужа, наракала, што грошай няма аддаць пазыку, тут жа кляла мужа, які тыя грошы не змог зарабіць, і даўно выраслых дзетачак, якія лынды б’юць, замест таго, как дапамагаць татусю і мамусі ў высакароднай карчмарскай справе, а таксама горача завярала, што вось-вось памрэ ад пакутаў… Праўда, Лёднік змушаны быў прызнаць, што жыццю палонніцы пакуль нічога не пагражала – голадам не марылі, ночы цёплыя, але папярэдзіў, што ў кабеты раматуз і нестрававанне.

Піць лекі, прапанаваныя худым дзюбаносым прыхаднем, карчмарка адмовілася з такімі крыкамі, быццам яе сабраліся труціць. Пан Лапушынскі з’едліва пасміхнуўся:

– Ну што, пан доктар, задаволілі сваю цікавасць? І варта было сюды цягнуцца з-за стала? На маім баку праўда, вашыя мосці. Майсей палову пазыкі прынёс, значыць, і другую знойдзе. Пасядзіць баба. Не разваліцца.

Пранцысь Вырвіч глядзеў на кабету, якая ў аксамітнай сукенцы колеру спелага каштану і каптуры з бялюткімі карункамі сядзела на сене, яму і шкада яе было, і раздражнялі крыкі.

– І колькі карчмар вам яшчэ вінен? – папытаўся Лёднік гаспадара.

– Пяцьдзесят дукатаў, – адказаў Лапушынскі. – І ні шэлега не саступлю. Не таму, што грошай шкада – а каб правучыць паскудніка Майсея. Каб другі раз махлярыць пабаяўся.

Пад прыніжаныя запэўніванні Майсеіхі наконт таго, што такіх грошай яны з мужам у руках ніколі не трымалі, панства вярнулася ў дом. Чорныя сосны паныла спявалі шаргатлівую калыханку, пад якую не тое што засынаць – паміраць не хочацца.

Уночы Вырвіч чуў, як Лёдніка клікалі да пана Шрэдэра, якому зноў сталася кепска – і куды валакуць такога скалечанага? Дый крыкі зняволенай карчмарыхі некалькі разоў будзілі. Баба мела сапраўды жалезнае горла, бо нават не ахрыпла ад гэткай напругі. А нараніцу, шэрую, як выцвілая на прыдарожным крыжы ануча, перш, чым сесці ў пададзеную проста да ганку карэту, у якую ўжо ўсадзілі таямнічага калеку, Лёднік працягнуў гаспадару цяжкі мяшэчак:

– Пяцьдзесят дукатаў, ваша мосць. Я забяру кабету.

Пранціш прытрымаў ягоную руку:

– Я ў долі… Напалам.

Доктар трохі падумаў і кіўнуў галавой.

Пан Лапушынскі вырачыў на гасцей заспаныя вочы:

– Запэўніваю вашых мосцяў, што ад ейнага мужа вы прыбытку не атрымаеце. Майсей скнарышча, якіх пашукаць. На пару з жонкай колькі з п’яных лішняга здзерлі…

Лёднік не адвёў вачэй.

– Бог усім суддзя. Прашу васпана адпусціць зняволеную.

Лапушынскі паціснуў плячыма і ўзяў мяшэчак.

– Толькі таму, што не хочацца крыўдзіць вашу мосць. Не мог і ўявіць, што Майсеіха можа займець рыцараў-заступнікаў. Але чаго на свеце не бывае… Пане Каханку вунь любіць таўсманых, каб за стан не абхапіць. А другі мой знаёмы мурынку ў Багінскіх выкупіў, якая ўмела на клавікордах граць, і так ужо закахаўся…

Былы алхімік на пацвельванні не адказаў, прамаўчаў і драгун… Майсеіха выбегла з хлява, смешна валюхаючыся, і нат не зірнула на сваіх выратаваўцаў—магчыма, пералякаўшыся ды накрычаўшыся, проста не цяміла, што і чаму адбываецца. Калі карчмарыха прабегла паміж мармуровымі Артэмідай і Мінервай, дваровы хлапчук залівіста свіснуў услед, і кабета прыпусціла яшчэ хутчэй, падабраўшы падол аксамітнай сукенкі, да якой прыліпла сена.

Пан Лапушынскі толькі крыва пасміхнуўся ўслед сваім гасцям: ён відавочна палічыў драгуна і доктара нейкімі дурнямі. Абыдзецца цыганскае вяселле без марцыпанаў. Калі ад’ехаліся ад Чорных соснаў, абагнаўшы карчмарыху, якая, каб прапусціць карэту як падалей, ламанулася ў прыдарожныя хмызы, Грос высунуўся з вакенца, абмерыў вачыма чорную постаць Лёдніка:

– Лепей бы васпан аддаў тыя грошы жабракам ля царквы. Гэтая баба нават дзякуй вам не сказала.

Доктар нат галавы не павярнуў, седзячы на кані.

– Такія справы робяцца не дзеля падзякі. У мяне была магчымасць сплаціць мой уласны доўг – і я гэта зрабіў. А рахункаваць будуць не тут…

Грос хмыкнуў і схаваўся ў карэце. Пранціш, які не адчуваў радасці ад змяншэння вагі свайго кашалька, таксама не вытрымаў, каб не выказацца:

– І ўсё-ткі, Бутрым, не разумею цябе. Кабета ж не памірала. Не ў яе з мужам пазычылі і не аддавалі – а яны вінаватыя! А баба якая паскудная… Чаму мы павінны былі выплочваць доўг карчмара?

Туман сцяліўся ў лагчынах, як быццам цэлая зграя зайцоў узялася варыць піва. Лёднік сумна глядзеў удалеч.

– Вядома, лягчэй ратаваць людзей, нам прыемных. Удзячных, прыгожых… Каб нас іншыя за гэта пахвалілі, каб усё выглядала разумна. А каму прыемны быў я, мурзаты, дзікі, непрыгожы хлапчук, які звык, што калі нехта побач уздымае руку, дык каб ударыць, а не прылашчыць? Таму й намагаўся паспець зрабіць гадасць сам. Першае, што я ўчыніў, калі патрапіў у дом да дзядзькі Лейбы, куды мяне прывёў ягоны сябар і мой выхавацель Іван Рэніч – пастараўся непрыкметна перамяшаць усе д’ябальскія парашкі. Як жа, я знаходзіўся ў доме іншаверца, ворага! А дзядзька Лейба толькі пасмяяўся, шчыра так, па-добраму, сказаў, што з мяне неадменна атрымаецца добры алхімік. І паказаў некалькі… эфектных узаемадзеянняў між рэчывамі. З маленькімі выбухамі.

Лёднік трохі памаўчаў, апусціўшы галаву, з навіслых шэрых хмараў пасыпаліся халодныя кроплі восеньскага дажджу, дробныя, як інфузорыі.

– Мне даводзілася лячыць людзей, якія былі ўпэўненыя, што я ім шкоджу. І калі мне, добра папацеўшы, удавалася паставіць такога на ногі, ён усё роўна лічыў, што паправіўся насуперак мне. Але, павер, калі б я дзеля выратавання такога чалавека рабіў менш намаганняў, чым дзеля ўдзячнага, я нічога не варты быў бы, як доктар… І як чалавек таксама. Я бачыў, як падчас пошасці звар’яцелы ад жаху натоўп разрывае на кавалкі лекараў, якія рызыкуюць жыццём, каб пошасць спыніць… Я тады ацалеў – і лекаваў зноў. І цяпер – мы маглі дапамагчы, і дапамаглі. Аб гэтым ніколі не варта шкадаваць.

А потым здарылася тое, дзеля чаго, падобна, доктара з драгунам і наймалі… Карэту перапыніў раз’езд расейцаў. Жаўнераў дзесяць на чале з афіцэрам – не так шмат, каб усё выглядала безнадзейным, але замнога, каб спадзявацца на лёгкую перамогу. Афіцэр патлумачыў, што згодна дамове імператрыцы і польскага караля яны маюць права адшукваць і вяртаць у Расію збеглых прыгонных і жаўнераў.

– Ці няма тут расійскіх падданых?

Афіцэр пільна вывучаў абліччы падарожных, так і цэлячыся зазірнуць у карэту, і нагадваў адмысловага сабаку гетмана Браніцкага, навучанага шукаць чорныя труфлі ў тутэйшых пушчах. Пан Зыгмунд Грос выйшаў на дарогу. Проста ў гразь, пад дождж. Вырвіч глядзеў і не пазнаваў уладнага, засяроджанага пана. Невыразнае аблічча таго проста ззяла радасцю, як ад сустрэчы з дарагімі гасцямі, постаць змізарнела, прыгорбілася… І голас не пазнаць: такі мяккі, трохі няўпэўнены – у галаву не магло прыйсці, што такім можна маніць. Грос з нізкім паклонам падаў афіцэру падарожную:

– Няхай пан не сумняецца – мы шчыра любім нашага новага караля, няхай яму дасць Бог здароўя на доўгія гады, гэта жа, як і яе імператарскай вялікасці, імператрыцы, мудрае праўленне якой з’яўляецца ўзорам для нас…

Цяпер Пранцысь быў упэўнены, што іхні спадарожнік сапраўды езуіт, і высокага палёту – гэтак дасканала перакідвацца з ваўкалака ў авечку… А пан Зыгмунд, жаласна распавёўшы пра пакуты бяскрыўднага старога пасажыра карэты і патрэбу ў наведванні святых месцаў, тыцнуў пальцам у прафесара:

– Вось, суправаджае нас сам доктар Баўтрамей Лёднік з Вільні, ён праваслаўны, наш адзінаверац, і блізкі сябар графа Разанцава. Пан доктар наведвае прыход парушанай Віленскай Свята-Духавай царквы, утрымлівае шпіталь пры ёй… А гэта ягоны вучань, пан Вырвіч, таксама бароніць дзядоўскую веру і нашыя святыя цэрквы, абернутыя гвалтам у ганебнае ўніяцтва.

Назад Дальше