Авантуры студыёзуса Вырвіча - Рублеўская Людміла 7 стр.


Заступалася і яна за мяне, вядома. Намаўляла прыкласці нейкія намаганні, каб выкупіцца – але я не хацеў ні да каго звяртацца. Хоць, можа, які аднакурснік па Празе ці Лейпцыгу адгукнуўся б. Пані нават, не папярэдзіўшы, спрабавала таемна прадаць дзеля майго выкупу свае дыяментавыя завушніцы, але волі ў яе не нашмат больш, чым у слугі. Ліхвяр даклаў пану Агалінскаму пра свавольства жонкі – пабаяўся звадзіцца з пагрозным суседам. Была гнюсная сцэна, пані Галена, вядома, не прызналася, дзеля чаго ёй патрэбныя грошы, нешта выдумала… І ў маёнтку стала яшчэ горш. Бо Агалінскаму ўвялі ў вушы, што я – знаўца атрутаў і чорнай магіі, і магу яму адпомсціць. Чым больш ён мяне мучыў, тым больш мяне баяўся. І вось аднойчы, на пачатку красавіка, пан асабліва ўзлаваўся і загадаў кінуць неслухмянага раба ў халодную нанач. А якраз былі замаразкі, у маёй вязніцы снег не раставаў. І да раніцы я б не дажыў – у адных нагавіцах, збіты на горкі яблык… Пані Галена прыйшла да мяне, выкраўшы ключ. Аддала сваё футра… Вось тады і здарылася між намі… Грэх? Так, грэх. Можа быць, таму Гасподзь і не дае мне спадчынніка ад законнай жонкі. Можа быць… Але тае начы я ніколі не забудуся. Я раптам паверыў, што варта жыць і не здавацца. Вось і ўся гісторыя…

Пранціш перавёў дыханне… Што тут скажаш – лёсы чалавечыя не прастуюць, як гасцінцы. І адзінае выйсце тут – маўчанне. Лёднік ніколі не зможа забраць сабе свайго сына, пані Галена ніколі не выцісне з сэрца Лёдніка чароўную Саламею, а маленькага паніча чакае самая сумная прышласць, калі распаўсюдзяцца чуткі, што ён байструк. Ну а што чакае ў такім выпадку пані Галену… Усе праблемы са з’яўленнем і знікненнем васковай Пандоры бляклі перад простымі і жорсткімі чалавечымі стасункамі.

Але прафесар глядзеў на цьмяныя водбліскі на брукаванцы, і мімаволі ўсміхаўся – і Вырвіч ведаў, што ён успамінае маленькага чарнавалосага хлопчыка, які зараз салодка спіць у ложку за кітайскай шырмай.

Раздзел чацвёрты. Як Пранціш пазнаёміўся з доктарам дзі і сустрэўся з Паланэяй

Людзі вельмі любяць прыдумляць казкі пра вялікае і застрашлівае: цмокаў, волатаў, рыбаў Рэмораў ды ільдзяных Грымтурсаў, праваленыя пад зямлю ці на дно возера храмы альбо цэлыя гарады… А дробнасцяў, мізэрных сутнасцяў заўважаць не хочуць – хаця яны, можа, болей значныя ды небяспечныя для чалавечага існавання, чым волаты ды цмокі, якіх сумленны рыцар з дапамогай арханёла Міхаіла ды Прасвятой Багародзіцы з аднаго ўдару можа заваліць. Ёсць, праўда, малюпасенькія альраўны, якія жывуць у карэннях мандрагоры, але ж і тыя прымаюць абліччы вялізных застрашлівых пачвараў, іначай хто ж іх спалохаецца. А ў кожнай кропельцы вады схаваны цэлы сусвет – нездарма доктар Антоні ван Левенгук, які вынайшаў мікраскоп, ледзь не самлеў ад узрушэння, калі тую кроплю пабачыў у павелічэнні. Цэлы заапарк дзіўных істотаў – анімалькуляў – мітусіўся перад вачыма! А для чалавека мудрага і самае вялікае, і самае малое збудавана па адным узоры.

Доктар Лёднік прыпаў да акуляра нямецкага мікраскопа, але вывучаў ён не інфузорыі, а жалезны шпіндзялёчак, падобны да бліскучай кузуркі – той, што спрытны студыёзус Пранціш Вырвіч выкруціў з нутра лялькі-аўтамата. Студыёзус быў тут жа – разваліўся на канапе і рабіў выгляд, што рыхтуецца да заняткаў па рыторыцы. Але таўсценны том з прыкладамі красамоўства ўсіх часоў ды народаў валяўся карэньчыкам уверх, разгорнуты на выпадковым месцы. Якая рыторыка, пасля таго, як Лёднік цэлую гадзіну зацята ганяў свайго персанальнага вучня на занятках фехтаваннем, ледзь не па сценках скачучы… Пранціш здагадваўся, што гэткі шалёны рытм атрымаўся, бо доктару трэба было скінуць нервовае напружанне – ён заўсёды казаў, што найлепшы для гэтага сродак – фізічныя практыкаванні. Але ж доктар жалезны – вунь Пранціш, малады, ляжыць, а гэты вымыўся, пераапрануўся – ды за працу. Сядзіць вунь, спакойны такі, дэтальку пінцэтам паварочвае… А які ўжо спакой, калі вось-вось з Акадэміі выпруць – высокапастаўлены апякун памёр, у атачэнні ягонага спадчынніка поўна ворагаў ды зайздроснікаў, у рэктараце некаторыя даўно жыўцом бы блюзнера-доктара зжэрлі. Тут не да паблажлівасці – краіна на мяжы вайны. На расейскі трон села імператрыца Кацярына, былая прынцэса Сафія Ангальт – Цэрбская. Асоба амбітная, якая захоча і ліцвінскія землі кантраляваць. Падстава ёсць: тут жывуць адзінаверцы, якіх пераследуюць за праваслаўную веру. У правах абмяжоўваюць, храмы зачыняюць, гвалтам прымушаюць пераходзіць у вунію… Як не заступіцца? А каб заступіцца – ясна, трэба войскі ўводзіць. Таму на праваслаўных у Кароне глядзяць, як на патэнцыйных здрайцаў. Вось, братчыкаў са Свята-Духава манастыра зноў камянямі закідалі, і хто? Старшакурснікі роднай Віленскай акадэміі… Пранціш увязаўся быў з адным ваяром супраць схізматыкаў у бойку, за што зноў атрымаў спагнанне ад начальства… І Вырвіч зусім не быў пэўны, што ўдасца завершыць адукацыю ў гэтых мурах. А калі разгарацца ваенныя дзеянні, на якім баку давядзецца ваяваць – зноў невядома… Бо вось-вось і карона польская пачне разыгрывацца, як стопка талераў у косткі. Аўгуст Сас на ладан дыхае, сядзіць бязвылазна ў сваіх пакоях ды папяровых чалавечкаў выразае. З папяровымі, ясная рэч, лягчэй справіцца. Князь Міхал Багінскі цягаецца са сваім сябрам-супернікам Станіславам Панятоўскім за ўвагу расейскай імператрыцы – і за магчымасць у будучым стаць каралём. Радзівілы на сябе пышны кілім улады цягнуць… А што будзе з пасадай ваяводы віленскага – страшна ўявіць, бо Міхал Багінскі ў мінулым годзе ажаніўся з уплывовай пані, удавой канцлера надворнага Чартарыйскага Аляксандрай Чартарыйскай з Вішнявецкіх, скарыўшы сэрца пані ігрой на кларнеце ды флейце. А пані Аляксандра – асоба ў палітыцы спрактыкаваная. Аб’яднаўшыся са шматлікімі сёстрамі пана Міхала, стварыла цэлую палітычную ложу… Але ж і за Радзівіламі сіла! Праўда, з жонкай Пане Каханку не пашанцавала – асоба легкадумная, за мужам ні на поле бойкі, ні ў высылку не паедзе, затое ўлюбёная сястра Тэафілія здатная і на двубой, не горш Паланэі Багінскай. І каму справа ў гэтых мітрэнгах да нейкай лялькі?

– Не, толькі не гэта! – роспачны выкрык Лёдніка змусіў шкаляра ўздрыгнуць, хрэстаматыя па рыторыцы паляцела на падлогу, а пані Саламея ледзь не выпусціла паднос з кубкамі кавы, якія несла для стамлёных жняцоў разумовай нівы.

– Навошта я толькі паддаўся цікаўнасці… Зноў – на тыя ж граблі!… Не хачу мець нічога агульнага з падобным! – раз’юшаны прафесар мераў нервовымі крокамі кабінет. – Я столькі прыклаў намаганняў, каб адкараскацца ад усялякай магічнай амарокі, такую цану заплаціў – і вось!

– Ды што такое, Бутрым? Што ты там знайшоў? – пані Саламея паставіла паднос з кубкамі на стол і зазірнула ў мікраскоп. Паціснула плячыма… Яе зараз жа адсунуў ад акуляра Вырвіч. На дэтальцы бачыліся мікраскапічныя літары “VOO”.

Саламея і Пранціш неўразумела перазірнуліся і паглядзелі на знерваванага прафесара.

– І што гэта значыць? – папытаўся Вырвіч. – Ты трох літараў спалохаўся?

Лёднік злосна спыніўся.

– Што значыць? Што нячыстая сіла зноў спрабуе спіхнуць мяне ў тую дрыгву, адкуль я ледзве вылез! Гэта подпіс доктара Дзі!

Здзіўленае маўчанне слухачоў прафесара так расчаравала, што ён ледзь затрымаў крыўдныя словы.

Саламея падыйшла, паклала рукі на плечы знерваванаму мужу.

– Не злуйся, а растлумач! Ты з узростам робішся ўсё больш нецярплівы – табе здаецца, тое, што ты ведаеш, уцямна ўсім. Дарагі, нават арэхаў двух аднолькавых няма, а не тое што розумаў. Errare humanum est (Чалавеку ўласціва памыляцца).

Лёднік адвёў вочы, глыбока ўздыхнуў, па сваёй жа методыцы супакаення, якой вучыў Пранціша.

– Гэта той самы доктар Дзі, астролаг і алхімік, пасля прачытання трактату якога па электыўнай астралогіі “Іерагліфічная манада” я зусім з глузду з’ехаў, дакладней, даў нырца ў эзатэрычныя навукі… Дзі жыў у Англіі ў часы каралевы Лізаветы. Яшчэ студэнтам Кэмбрыджу ён зрабіў механічнага скарабея і выпусціў на сцэну студэнцкага тэатра. Народ, уцякаючы, у дзвярах падушыўся, Дзі з універсітэту выперлі. Ён вынайшаў шмат чаго іншага… Навігацыйныя прыборы, тэлескоп, бінокль, разлічыў, дзе мусіць быць Грынвіцкі мерыдыян… Шмат эксперыментаваў з крышталямі і люстэркамі… І гэта было б усё добра – каб не эксперыменты з духамі. Звязаўся з прайдзісветам і фальшываманетчыкам Эдвардам Келі, які прапанаваў доктару заняцца зносінамі з іншым светам, а ён, Келі, станецца пасрэднікам між Дзі і “анёламі”. Ну і заняліся… Калі верыць самому Дзі, духі зляталіся да яго, як мухі на мёд. Асабліва прапісаўся пры ім нейкі Урыель. Які не толькі паказваў доктару ў адмысловым люстэрку карцінкі будучыні, але і вучыў мове, на якой размаўляюць анёлы. Можаце сабе ўявіць, я чытаў гэтыя трактаты на “янохскай мове”, спрабаваў яе засвоіць… Прабач, Госпадзе…

Лёднік перахрысціўся і нарэшце сеў.

– А чаму ты вырашыў, што Пандору зрабіў доктар Дзі? – не зразумеў Пранціш.

– Таму што ён падпісваўся так – Voo. Ніхто не ведае, чаму. Я так думаю, доктару належыць толькі “сэрцавіна” аўтамата. Я заўважыў мікраскапічныя сляды попелу на дэтальцы – можна ўявіць, што калісьці падобную ляльку – не ведаю, у выглядзе каго яна была зробленая, можа, самога доктара Дзі альбо таго Урыеля – кінулі, як д’ябальскае стварэнне, у агонь. А потым нехта забраў, што ацалела ад агню, перахаваў… І ўжо ў наш час аўтамат аднавілі. І ён зноў малюе тое, што заклаў стваральнік. А калі ведаць ягоную асобу, то робіцца зразумелым, што таямніца можа быць дужа каштоўнай. Вядома, у скляпенні, намаляваным Пандорай, доктар Дзі мог займацца любошчамі з прыгожай дзеўкай, таму гэты пейзаж і захацеў увекавечыць. Там можа быць магіла ягонага сябра, ці месца для зносінаў з духамі… А можа хавацца адно з вынаходніцтваў Дзі.

– Тое люстэрка, што паказвала будучыню? – аж захлынуўся ад захаплення Пранціш.

– Тое люстэрка захоўваецца ў графаў Пітэрбора і ўяўляе з сябе добра адпаліраваны кавалак чорнага вугалю ў круглай аправе, з ручкай са слановай косткі, – скептычна патлумачыў Лёднік. – Ляжыць пад шклом, як рэдкасць, расказваюць пра яго цікаўным гасцям усялякія дзівосы, а духаў, ясная рэч, ніхто не бачыць. Каму ахвота вярэдзіць нячыстую сілу з-за дурной цікаўнасці. Мелася ў доктара яшчэ люстраная камера – для тых жа сустрэч з духамі, і я дакладна ведаю пару балаганаў у Еўропе, дзе падобныя камеры выкарыстоўваюць на кожным прадстаўленні. Быў пярсцёнак з берылам, які выклікаў відзежы… Дарэчы, яго, і яшчэ тое-сёе доктару нібыта прывезлі аж з Амерыкі, як свяшчэнныя прадметы ацтэкаў. А вось што асабіста мяне зацікавіла…

Лёднік палез у шафу з кнігамі, пакорпаўся, перакладаючы з месца на месца таміны, нарэшце выпараў маленькі томік ін-кварта з залатым абрэзам “Духоўныя дзённікі доктара Дзі”, пагартаў і зачытаў:

– “Няцяжка зрабіць люстэрка, якое моцай сонца, нават схаванага аблокамі, ператварае ў попел усе разнавіднасці каменя і металу. І я магу лёгка здабыць агню перамогу над жалезам”. Разумееце, тут нічога не гаворыцца ні пра духаў, ні наконт прадбачанняў, ні пра відзежы… Канкрэтная фізічная з’ява. Пераўтварэнне адной энергіі ў другую. Архімед тым самым займаўся, калі з дапамогай люстэркаў паліў рымскія караблі, што плылі скараць ягоныя родныя Сіракузы. І падыходзіць пад сэнс надпісу над уваходам! – голас доктара стаўся вінавата-няўпэўненым. – Калі б раптам выявілася, што Пандора дае ключ менавіта да гэтага вынаходніцтва, яго варта было б пашукаць.

– Фаўст, ты зноў захапляешся немагчымым! – напружана зазначыла Саламея. – Ніводзін агонь не можа ператварыць у попел камяні і метал!

– Калісьці сцвярджалі, што павозка сама па сабе ніколі не паедзе. А мы самі бачылі машыну Пфальцмана з вадзяным рухавіком, – упарта прагаварыў Лёднік. – Гадоў трыста таму ніхто не мог уявіць, што гадзіннік можа быць такім маленькім, што яго стануць насіць на шыі, што ткаць і прасці будуць станкі, што за акіянам адкрыюцца новыя землі, населеныя народам з даўняй культурай… Якісьці барон ці маркіз сядзеў у сваім замку і быў упэўнены, што ніякі кароль яго за каменнымі мурамі не дастане – але з’яўляюцца гарматы, і барон вымушаны рабіць свае землі часткай вялікай дзяржавы… У індыйскім эпасе ёсць апісанне “дроціка Індры” – смяротнай зброі ў выглядзе промня свету. Прамень выходзіў ад круглага адбівальніка, магчыма, люстэрка, і цэліўся па гуку. Можа быць, гэта і ёсць зброя доктара Дзі?

Пранціш уявіў, каб яму дастаўся такі вогненны меч – на што ні направіў ягоны прамень, спаліць, спапяліць. Ото славы здабыў бы з такой сілай!

А з другога боку – якая ж гэта слава, калі перамога здабываецца не смеласцю, не стратэгіяй, не ўмелым валоданнем зброяй – а проста таму, што табе ў рукі трапіла смяротная штуковіна, якой больш ні ў кога няма. Ты можаш быць слабым, баязлівым, сквапным, падлючым… Галоўнае, амбітным. Наставіў прамень, і перад табой гекатомба… Чым жа тут ганарыцца? Пранцішаў бацька нават агнястрэльнай зброяй пагарджаў, кажучы, што ад яе заняпад у Рэчы Паспалітай высакароднага мастацтва фехтавання…

Сумненні студыёзуса агучыла Саламея:

– Дапусцім, Бутрым, ты здабудзеш сакрэт люстэрка, ад якога спапяляецца жалеза. І каму ты яго аддасі, і што з гэтага будзе? Вайна, якой яшчэ не здаралася? Не з тысячамі, а з мільёнамі ахвяраў? Твая цікаўнасць вартая такога, Фаўст?

Лёднік сядзеў, абшчаперыўшы галаву. Загаварыў глуха:

– Вы проста не разумееце, як гэта вабіць… Усе гэтыя таемныя навукі… Бо не спазналі, на сваё шчасце, іх атруту, якую я піў поўнымі кубкамі. Як гэта… хвалюе, круціць галаву – новыя веды, новыя адкрыцці, недаступныя “звычайнаму” чалавеку… І як цяжка ўстрымацца, бачучы перад сабой чарговага малапісьменнага багатага хамуйлу, ад таго, каб збіць з яго фанабэрыю якойсьці просценькай дэманстрацыяй магіі… Вось уладар, пыхлівы, задаволены жыццём, які ўважае цябе за рабака. А табе зоркі паведамляюць пра ягоную вартую жалю будучыню, і ад цябе залежыць, ці не скіраваць пыхліўца да бездані… Гэтая сатанінская амарока дужа моцная – наконт усемагутнасці. Разумееш, што гэта амарока, толькі калі пачынаеш гінуць. Не, не хачу!

Лёднік рашуча ўстаў, падыйшоў да вакна, расчыніў шыбы і з усяе сілы шпурнуў у цемру хітры шпіндзялёк з трыма злавеснымі літарамі, а ўслед за ім, папярэдне пераламаўшы, адноўленую дэталь. Да канавы, бруднай і глыбокай, якраз, мусіць, дакінуў. У пакой уварвалася свежае восеньскае паветра разам з пахам дыму і тугі. Прафесар узяў абодва лісты з малюнкам Пандоры і кінуў іх у палаючы камін. Вырвіч ускочыў з месца з абураным ускрыкам, але было позна. Агонь круціў у жоўтых пальцах чорныя бясформныя камякі, якія рассыпаліся на вачах, успыхваючы сінімі пялёсткамі.

– Усё, – Лёднік з палёгкай уздыхнуў. – Выкінем жа з галавы клятую ляльку. Ну, палюбаваліся, пацікавіліся, механізм вывучылі. І дзякуй на гэтым.

Саламея падыйшла, пацалавала мужа ў шчаку.

– Амін.

Пранцішу было што сказаць насуперак, але ён змрочна прамаўчаў.

Наступныя дні былі такімі звычайнымі, што Вырвічу падавалася, быццам ён знаходзіцца ў цэнтры віхуры – вакол нешта круціцца, пралятаюць схопленыя стыхіяй прадметы, а тут, на маленькай пляцоўцы, зацішак… Але вельмі няпэўны і часовы. Пранцішу нават паслабілі хатні арышт – і пара візітаў у карчомку і адна сімпатычная бойка з падмайстрамі шаноўнага цэху залатароў настрой паднялі, як мае быць.

У чацвер пасля заняткаў Недалужны падляцеў да Пранціша з вырачанымі вачыма:

– Твой прафесар, ён што, чорныя месы служыць? Дзіцёнка нейкага на астранамічную вежу павалок!

Пранціш, вядома, паімчаў паназіраць і спрытна прыладаваўся разам з сябруком да шчыліны ў дзвярах на пятым паверсе абсерваторыі: паважны прафесар пасадзіў сабе на плечы малога паніча ў акуратным камзольчыку і носіць па памяшканні, малы рагоча і мацае цікавыя бліскучыя прадметы, якіх досыць у зорным кабінеце. Але што ў гэтым дзіўнага: да славутага лекара прывезлі на кансультацыю хворага нашчадка багатае сям’і, і той забаўляе капрызлівага пацыента.

А Вырвіч бачыў, што Лёднік аж млее ад замілавання і заходзіцца ад тугі, што гэты дзіцёнак з цёмнымі дапытлівымі вачанятамі назаўсёды застанецца для яго чужым.

А потым была яшчэ пані Саламея… Бо прафесар палічыў патрэбным пазнаёміць яе з малодшым Агалінскім. І Пранціш не сумняваўся, што пані гатовая аддаць усё на свеце, каб гэты хлопчык быў ейным сынам.

Юны паніч Алесь не хацеў сыходзіць ад цікавага дзюбаносага доктара і ўчыніў цэлы канцэрт, калі яго перадавалі на рукі няньцы і ўсаджвалі ў карэту. Толькі абяцанне Лёдніка, што наступны раз пакажа, як утвараецца вясёлка проста ў лабараторыі, супакоілі малечу. Гэтак жа, як і падораная кніжка з прыгожымі малюнкамі пра ўсе краіны свету – на малюнках хадзілі плямістыя жырафы з даўжэзнымі шыямі, уздымалі сякеркі патагонцы з пер’ямі ў доўгіх валасах, красаваліся вялізныя сланы з насамі, падобнымі да змей, каля японскага імператара стаялі слугі з агромністымі веерамі… Пан Алесь уткнуўся ў кніжку (усепаглынальная любоў да кніг была ў паніча, вядома, прадказальнай), і дазволіў адвезці сябе да маці.

Назад Дальше