Лёднік пайшоў варыць супрацьяддзе, загадаўшы нічога не распавядаць пані Саламеі. Нават лаяцца не стаў. Зробленае не адменіш, цяпер заставалася чакаць, калі прыйдзе бяда, і з якога боку.
Бяда надарацца не спяшалася. Вільня смуткавала па сваім ваяводзе. Пане Каханку, у прыпадку гора (а хто й казаў, каб здабыць сабе галасоў шляхты), хадзіў у касцёл, дзе распранаўся да поясу і прыдворных сваіх змушаў, і выкупляў у імя памяці бацькі свае і ягоныя грахі шчырым бічаваннем. Прычым усе павінны былі сцябаць адно аднаго. Пане Каханку, вядома, сцябаў усіх найбольш, яго ж асабліва не насмельваліся. А ён яшчэ і за нябожчыка Міхала Валадковіча ўдары раздаваў – каб душаньцы сябрука лягчэй на тым свеце было, а то чуткі пайшлі, быццам прывід Валадковіча пазірае часцяком з вокнаў Менскай ратушы, дзе й знайшоў суд і смерць, і да патрона свайго па начах з’яўляецца гэтак жа рэгулярна, як лёкай за лікёрам. Падчас такіх святых працэдур удзельнікі, вядома, падмацаваўшы дух чырвоным вінцом, вішчэлі, ускрыквалі, падбадзёрвалі адно аднаго, хто й лаяўся… Шум, тлум… Curavimus Babiloniam! (тлум Бабілонскі). У храм лепей не совацца… Добрыя хрысціяне крадма сплёўвалі ад пагарды. Зрабіць з таемства пакаяння такі балаган!
Аб’явіўся пан Міхал Багінскі, які адарваўся ад парчовага падолу расейскай імператрыцы дзеля барацьбы за віленскае ваяводства… Спыніўся ён не ў доме, дзе ягоная малодшая сястра прымала наіўнага кавалера. Непадалёк ад ратушы палац някепскі заняў, балі не сціхалі, шляхце штодзень скормлівалі, напэўна, добрага вала, і віна спойвалі ладную бочку… Нават прывезлі з Полацку бочачку неверагодна каштоўнага баторына – мёду, які айцы езуіты паставілі настойвацца ў год, калі быў закладзены ў Полацку каралём Стафанам Баторыем езуіцкі калегіюм. Бочка мёду вісела ў сутарэннях кляштара, падвешаная на жалезных ланцугах, мёд, вядома, даліваўся – бо за столькі гадоў яго б выжлуктавалі дарэшты. Але займець хоць збанок баторына дзеля важнай цырымоніі – гонар быў нечуваны… Вось тым каштоўным напоем і скаралі сэрцы шляхты ў доме Багінскіх. Сам пан не вельмі на пітво налягаў, казалі, зачыняўся ў пакоях у роспачы ад няшчаснага кахання да імператрыцы і гадзінамі граў на флейце ды арфе з удасканаленай ім самім педаллю… Затое жонка ягоная, былая Чартарыйская, у адчай не ўпадала, не стамлялася інтрыгаваць, у партыю Фаміліі людзей зводзіць. Пра сясцёр Багінскіх у горадзе не гаварылі.
Восень патроху ператваралася з залатой у брунатную, шэрую, вільготную, прапахлую дымам і цвіллю. Дрэвы аддавалі зямлі свае апошнія лісты-манеты, нібыта спадзяваліся выкупіць яшчэ адзін цёплы дзень. Пранціш старанна наведваў лекцыі, нават не хаваўся ад дадатковых заняткаў у патаемнай лабараторыі. Вось-вось – і атрымае дыплом магістра філасофіі і вольных навук! Засвоіў трывіюм – граматыку, рыторыку і логіку, і квадрывіюм – музыку, арыфметыку, геаметрыю і астраномію, што складалі сем мастацтваў. Можна пасля брацца і за вывучэнне ніжэйшых нібыта, але больш цікавых на погляд Пранціша прыродазнаўчых навук, якія ў айцоў-езуітаў пакуль не дужа шанаваліся. Хімія, фізіка, анатомія… Усім гэтым ён і цяпер займаўся пад кіраўніцтвам Лёдніка, і той запэўніваў, што другі дыплом Вырвіч пры жаданні атрымае хутка, і ў якой-небудзь цікавай краіне… Як сам Лёднік. І прыводзіў у прыклад магістра Марціна Пачобут-Адляніцкага, што выявіў незвычайныя здольнасці да астраноміі і едзе ў Пражскі універсітэт.
Конец ознакомительного фрагмента.